Skip to main content

Дзеці нашай парафіі ўдзельнічалі ў сустрэчы ў Будславе

| Падзеі »
2024 06 02 Budslau 01

1 чэрвеня, у Сусветны дзень дзіцяці, у Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай праходзіла агульнабеларуская сустрэча дзяцей.
У мерапрыемстве, якое адбывалася па ініцыятыве Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, узялі ўдзел каля паўтары тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак з усіх дыяцэзій Беларусі, у тым ліку і з нашай парафіі святога Казіміра. Многія з іх нядаўна прынялі Першую святую Камунію і прыехалі ў Будслаў у прыгожых белых строях. 

2024 06 02 Budslau 04

Будслаў сустрэў яркім сонейкам і гарачынёй. Падчас святой Імшы, якая цэлебравалася пад адкрытам небам, некаторыя нават хаваліся ад промняў пад парасонамі. Але сярод Эўхарыстыі нечакана найшла туча і паліў моцны дождж! Многія прамоклі наскрозь, але на дзіва гэта не сапсавала настрой.  "Крапіце, нябёсы, з вышыняў" (Іс. 45,8) Здавалася, быццам гэты дождж абмывае і аднаўляе не толькі зямлю, але і сэрцы.

2024 06 02 Budslau 05

Адну з галоўных прычын, па якіх адбываюцца такія сустрэчы, агучыў падчас гаміліі біскуп Алег Буткевіч. Ён заўважыў, што ў класе дзяцей-католікаў можа быць 1-2, а тут дзеці маюць магчымасць убачыць і зразумець: "Нас многа, і мы разам". Разам для таго, каб будаваць новы свет на падмурку веры. Нездарма дэвізам сустрэчы былі абраны словы: "Вось, Я раблю ўсё новае" (Ап. 21, 5) 

На заканчэнне сустрэчы перад адмысловым абразом, напісаным у часы Другой сусветнай вайны, адзінаццацігадовая дзяўчынка Мілана з мінскай парафіі святога Андрэя, апостала, і святога Леапольда Багдана Мандзіча ад імя ўсіх дзяцей прачытала Літаню да Найсвяцейшага Сэрца Езуса, ушанаванню якога ў Касцёле асаблівым чынам прысвечаны месяц чэрвень.

2024 06 02 Budslau 07

Пасля арцыбіскуп Станеўскі чытаў Акт прысвячэння, словы якога за арцыпастырам паўстаралі дзеці, іх бацькі, душпастыры і ўсе ўдзельнікі сустрэчы ў Будславе: «О Найсвяцейшае Сэрца Езуса, прашу, учыні маё сэрца валадарствам Тваёй любові», – прамаўлялі тысячы вуснаў малых і дарослых вернікаў, даручаючы Хрысту сваю будучыню, сучаснасць і сваю душу на ўсю вечнасць. Акт прысвячэння завяршыўся малітоўным заклікам-просьбаю: «Найсвяцейшае Сэрца Езуса, прыйдзі Валадарства Тваё праз Беззаганнае Сэрца Марыі! Амэн».

Шчыра дзякуем бр. Ігару і с. Кацярыне за магчымасць быць разам на гэтай сустрэчы ў Будславе.

Тэкст: Таццяна Шумель, Кацярына Савянок

Фота: бр. Ігар Колзун, Эрык Савянок, catholic.by