Skip to main content

Чатыры алтары: благаслаўленне ці фэншуй?

| Падзеі »
30 05 2024BTela034

Для людзей, якія будуюць сваё жыццё па фэншую, лічба 4 – вельмі жахлівая. А што для нас, каталікоў, азначаюць чатыры прыгожыя алтары, якія сёння, 30 мая, велічна ўзвышаюцца вакол касцёла святога айца Піо ў Маладзечне па аднаму на кожны бок свету? Алтары, узведзенныя рукамі руплівых вернікаў з нашай парафіі, нібыта нагадваюць нам словы Святога Пісання: “І рака выцякала з Эдэна для абваднення раю, якая адтуль раздяляецца на чатыры ракі” (Быц 2,10). Ці не з’яўляецца Эўхарыстыя, у якой нам пакінуў Сябе Езус Хрыстус, гэтай ракой? Хто, як не Ён, абмывае нашыя скалечаныя душы кожны раз на алтары падчас Святой Імшы сваёй каштоўнай Крывёю, наталяе і ажыўляе? Хто, як не Ён, умацоўвае нас Сабою?

Сёння Пан Бог працягвае справу, распачатую падчас Апошняй вячэры. Прыклад служэння бліжняму, які Езус даў праз устанаўленне Эўхарыстыі і абмыццё ног сваім вучням, Ён прадаўжае на чатырох алтарах, выходзячы насустрач сучаснаму свету. Сёння Ён паказвае нам, што Святой Імшой нічога не заканчваецца, а, наадварот, толькі распачынаецца. Сёння Ён благаслаўляе і рассылае вернікаў на поўнач і поўдзень, захад і ўсход, каб неслі радасць усяму Божаму люду.

30 05 2024BTela013
30 05 2024BTela012

Шмат вернікаў і сёлета прыйшло на святкаванне ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста ў касцёл святога Піо. Але, напэўна, не ўсе людзі ведаюць ці не задумваюцца аб тым, што падчас Святой Камуніі наша кроў злучаецца з Крывёю Езуса, а клеткі нашага цела з клеткамі Цела Збаўцы. Адбываецца нібыта шокавая тэрапія, калі дыханне жыцця ўздымаецца да ста адсоткаў. Прыгожым сведчаннем на гэты конт падзялілася наша парафіянка Юлія (прозвішча засталося за кадрам). Яна распавяла, што падчас яднання з Езусам у Эўхарыстыі, пульс, які адлічвае гадзіннік на руцэ, кожны раз падымаецца вышэй нормы.

Ужо на працягу не аднаго стагоддзя па ўсёй зямлі адбываюцца Эўхарыстычныя цуды, калі хлеб і віно, ператвораныя ў Цела і Кроў Езуса Хрыста, становяцца сапраўднымі крывёю і клеткамі цела чалавека. Калі Вам цікава даведацца пра гэта больш падрабязна, запрашаем наведаць сайт благаслаўлённага Карла Акуціса http://www.miracolieucaristici.org/, на якім можна прачытаць пра гісторыю кожнага цуда, якіх ужо больш за 100.

sokulka

Эўхарыстычны цуд у Сакулцы (Польшча), 2008 год

Сёлетняя ўрачыстаць была асаблівая і знакавая для нашай парафіі, бо яшчэ адзін чалавек стаў шчаслівым, паяднаўшыся ўпершыню з Езусам Эўхарыстычным. Дарагая Арына, жадаем табе моцнага прагнення жывога Бога і Яго любячай прысутнасці праз усё жыццё! А ўсім вернікам нашай парафіі, і не толькі, жадаем, “каб радасць вашая была поўнай” (Ян 15, 11).

Тэкст: Алена Каралькова

Фота: Эрык Савянок