Біскуп Ю. Касабуцкі ўдзяліў сакрамэнт Канфірмацыі
Ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога 50 вернікаў нашай парафіі прынялі сакрамэнт Канфірмацыі з рук біскупа Юрыя Касабуцкага.
"Ніхто не можа сказаць «Езус — Пан», калі не будзе ў Духу Святым. Розныя ёсць дары, але той самы Дух; розныя служэнні, але Пан адзін і той самы; розныя дзеянні, але той самы Бог, які робіць ўсё ва ўсіх. Але кожнаму даецца праяўленне Духа на карысць" . Кар 12, 3b–7. 12–13
Дзень Пяцідзесятніцы з'яўляецца днём нараджэння Касцёла як супольнасці братоў і сясцёр у Хрысце, гатовых з радасцю абвяшчаць Евангелле па ўсім свеце. Менавіта тады, калі вучні, якія бачылі ўваскрослага Хрыста, у страху сядзелі за замкнёнымі дзвярыма, да іх прыходзіць абяцаны Дух Суцяшыцель, што напаўняе сэрцы любоўю і мужнасцю, дае сілы "сказаць, што Езус - Пан" і дзяліцца радасцю з бліжнімі.
Сапраўды сімвалічным ёсць тое, што менавіта ў гэтае свята, у дзень нараджэння Касцёла, нашыя парафіяне прынялі сакрамэнт Канфірмацыі, сакрамэнт, які ўмацоўвае ласку хросту, сакрамэнт, падчас якога вернікі, якія дасягнулі свядомага ўзросту, пацвярдзілі свой цвёрды і шчыры намер ісці за Хрыстом, наследуючы Яго ў штодзённым жыцці.
"О Святло шчаслівае, ў сэрцаў глыб ўніклівае,
Тваіх верных напаўняй.
Без Твайго дыхання што ж сярод стварэння?
Пустата і небыццё" . (Секвенцыя)
Распачалася ўрачыстасць ўваходам працэсіі пад святочны спеў гімну да Духа Святога. Кандыдаты да сакрамэнту Канфірмацыі ўпрыгожылі святую Імшу спевам псальму і чытаннем урыўкаў са Святога Пісання і малітвы верных. Падчас гаміліі біскуп Юрый звярнуў увагу на разнастайнасць дароў і плёнаў Духа Святога, а таксама на іх важнасць і неабходнасць у жыцці хрысціяніна: "Місія хрысціяніна - быць сведкам Хрыста сёння, у сваім асяроддзі, на сваім месцы. ... Дух Святы Сам у адпаведны момант зробіць, што мы можам стаць гэтымі сведкамі, бо атрымліваем Яго дары". Ён падкрэсліў, што "Дух Святы дае дары дзеля дабра, але ад нас залежыць, ці захочам іх прыняць".
"Вера без учынкаў мёртвая" (Як 2, 17), але Дух Жыццядаўца здольны ўмацаваць таго, хто адкрые Яму сваё сэрца. Цэнтральным момантам Літургіі стала аднаўленне абяцанняў хросту і ўдзяленне сакрамэнту Канфірмацыі праз намашчэнне кандыдатаў хрызмам і ўскладанне рук біскупа.
"Дай Тваім жа верным, Божай ласкі пэўным,
сем Тваіх святых дароў.
Дай заслугу мужнасці, вытрываласць у вернасці,
дай і радасць вечную". (Секвенцыя)
Ад усяго сэрца віншуем усіх, хто ў гэты святочны дзень атрымаў Духа Святога, і зычым не хаваць атрыманыя ад Бога дары, а развіваць іх на хвалу Божую!
Тэкст: Ганна-Марыя Гараніна.
Фота: Эрык Савянок