Сустрэча ўдзельнікаў апостальскага руху "Маргарытка" нашай парафіі
У суботу 4 мая ўпершыню ў нашым касцёле адбылася сустрэча ўдзельнікаў апостальскага руху "Маргарытка" нашай парафіі з архідыяцэзіяльным мадэратарам гэтага руху кс. Паўлам Эйсмантам.
Сутнасцю руху "Маргарытка" з'яўляецца малітва за святара або кансэкраваную асобу (законнага брата, сястру). Сем чалавек добраахвотна прымаюць на сябе абавязак маліцца за вызначаную духоўную асобу прызначанай для гэтага малітвай кожны ў свой дзень тыдня на працягу ўсяго свайго жыцця. Такая маленькая супольнасць з 7 чалавек, якая называецца "Маргарыткай", імкнецца такім чынам духоўна падтрымаць святара або кансэкраваную асобу, атуляючы штодзеннай малітвай. Падрабязныя правілы ўдзелу ў руху і форму малітвы можна знайсці ў раздзеле Рухі і супольнасці - Маргарытка на нашым сайце.
У нашай парафіі існуе не менш 32 "Маргарытак", складзеных як за нашых братоў-капуцынаў, так і за іншых святароў, і нават за біскупаў. Некаторыя "Маргарыткі" трываюць ужо не адзін дзясятак гадоў. Многія ўдзельнікі моляцца больш, чым за аднаго святара, а некаторыя ўзялі пад сваю малітоўную апеку аж 14 духоўных асобаў.
Сустрэча распачалася св. Імшой, пасля якой была магчымасць пазнаёміцца, задаць кс. Паўлу свае пытанні, а таксама даведацца пра магчымасці для духоўнага ўзрастання ўдзельнікаў руху "Маргарытка", якія створаны ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Мадэратар руху распавёў, што кожную трэцюю суботу месяца ў касцёле св.Антонія ў Мінску (мікрараён Малінаўка) адбываюцца спатканні, на якіх ёсць магчымасць паслухаць духоўную канферэнцыю. Бліжэйшае спатканне - 9 мая. Таксама для ўдзельнікаў руху праводзяцца рэкалекцыі. У гэтым годзе яны адбудуцца ў Мядзелі ў чэрвені. Падрабязную інфармацыю можна знайсці на афіцыйнай старонцы руху ў Інстаграм.
Заданнем свецкіх людзей з’яўляецца малітва за святароў, любоў і шанаванне сакрамэнту святарства. Гэтае заданне можна прыгожа выканаць, далучыўшыся да руху "Маргарытка", пасвячаючы сваю малітву, сваё цярпенне за святароў, ахвяруючы ім дар дня праз усё сваё жыццё. Верым, што міласэрны Пан Бог выкарыстае кожную малітву за святароў і дазволіць удзельнічаць у абмене духоўным дабром паміж «сямёркай» маргарыткі і яе святаром.
Для таго, каб далучыць сваю маргарытку, новую або яшчэ не зафіксаваную у спісе маргарытак парафіі, можна звяртацца да сп. Чэславы +375292621754
Тэкст: Кацярына Савянок
Фота: бр. Андрэй Жылевіч