Майстэрня Sacris vestibus адзначыла 10-гадовы юбілей
Для супрацоўнікаў майстэрні Sacris vestibus (з лат.: "святыя шаты") першы дзень мая адзначыўся не толькі незвычайна ясным і цёплым надвор'ем, не толькі магчымасцю адпачыць. У гэты дзень калектыў святкаваў свой першы юбілей. Роўна 10 год таму, у 2014 годзе, пад апекай Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў была заснавана адзіная ў Беларусі і першая на постсавецкай прасторы майстэрня па пашыве літургічнага адзення для Каталіцкага Касцёла.
Кваліфікаваныя спецыялісты па пашыве, мадэляванню і вышыўцы адзення ўмела ствараюць усё, што патрэбна для літургіі: літургічнае адзенне (арнаты, капы, стулы, альбы, комжы, сутаны), тэкстыльныя вырабы, прызначаныя для святочнай або паўсядзённай літургічнай дзейнасці (абрусы для алтара і літургічную бялізну), тэкстыльнае аздабленне для святыні на любую ўрачыстасць (накідкі на амвоны, сігнатуркі, харугвы і г.д.), адзенне для хрысціянскіх супольнасцяў (касцюмы для парафіяльных хораў, пілігрымак і інш.), іконы, сурвэткі, кашулькі для хросту, рубашкі для святароў.
У майстэрні ёсць шэраг гатовых вырабаў, якія адразу можна набыць для святара, парафіі або сямейнай урачыстасці. Але дзяўчаты ахвотна бяруцца і за распрацоўку новых вырабаў па індывідуальнай замове: з вобразам апекуна касцёла, святога заступніка, з беларускімі матывамі ва ўзорах. Канешне, часам прыходзіцца асабліва "папацець", калі замаўляюць такі складаны выраб, як, напрыклад, біскупская мітра, або такі незвычайны, творчы, нават крыху пацешны выраб, як балдахін, перароблены з парасона. Але задавальненне ў вачах кліента і пачуццё дачынення да велічнай Божай справы аднаўляюць сілы і натхняюць. Ды і што можа быць лепш, чым працаваць у касцёле?! Разам з усім калектывам пачынаць працу з малітвы і, закончыўшы працоўны дзень, пайсці да святыні, каб праславіць Бога за ўсё - гэта сапраўдны скарб.
Вельмі цешыць, што для нашых беларускіх касцёлаў майстэрня робіць столькі прыгожага: і абрусы на алтарах, і арнаты на святарах. Праца калектыву і яе ўнёсак у жыццё і функцыянаванне Каталіцкага Касцёла ў Беларусі нават былі адзначаны арцыбіскупам і ўхвалены Ганаровай граматай.
Шчыра дзякуем дзяўчатам за адданую, творчую працу. Віншуем з юбілеем і жадаем трываць у Божай ласцы і далей натхнёна ствараць прыгажосць!
Тэкст: Дамініка Гулевіч, Кацярына Савянок
Фота: з архіву Sacris vestibus