Новыя пастулянты ў Францішканскім Ордэне Свецкіх 3.04.2024
Велікодная актава - гэта найлепшы час зрабіць новы крок у сваім духоўным жыцці.
Напэўна, гэтак разважылі Дзіма і Рыма, маладая сямейная пара, калі вырашылі ўступіць у пастулат Францішканскага Ордэна Свецкіх, каб даверыць свой жыццёвы шлях і шлях узрастання ў веры апецы св. Францішка. Прыгожы ўрачысты абрад, які ўключаў аднаўленне абяцанняў святога Хросту, быў здзейснены духоўным асістэнтам мясцовай супольнасці ФОС бр. Уладзіславам Мінько OFMCap падчас Нешпараў у сераду 3 красавіка. Мэта перыяду ўводзінаў (пастулату) — гэта набыццё лепшых здольнасцей пазнання прынцыпаў духоўнага жыцця праз адпаведную фармацыю, каб усцяж спрабавать будаваць у сабе хрысціянскую дасканаласць і дапамагаць Касцёлу, беручыся за выконванне апостальскіх заданняў. Для сужонкаў-хрысціян галоўным заданнем з’яўляецца стварэнне хатняга касцёла, хрысціянскага асяроддзя ў сваёй сям’і, для выканання асаблівай місіі – нараджэння грамадзян Неба. Таму вельмі хораша, калі абодва сужонка выказваюць жаданне паглыбляць сваё хрысціянскае жыццё, каб сваёй жывой і дзейснай верай, сваёй узаемнай любоўю, адданым служэннем адзін аднаму быць прыкладам найперш для сваіх дзяцей (і тым найлепей спрыяць іх катэхізацыі), а праз гэта таксама быць сведкамі Хрыста ў свеце.
Дзякуем Пану Богу за новыя пакліканні ў ФОС. Няхай з дапамогай св. Францішка і ўсіх братоў і сясцёр супольнасці для новых пастулянтаў адкрыюцца новыя гарызонты для узрастання на ніве Божага служэння.
Тэкст: Кацярына Савянок
Фота: Кацярына Савянок, бр. Павел Кузьміч OFMCap