Skip to main content

Святы Пасхальны Трыдуум 28-31.03.2024

| Падзеі »

Свята Пасхі - гэта не толькі нядзеля Уваскрасення Пана. Няма Пасхі, Уваскрасення без Галгофы, мукі і смерці Езуса Хрыста.

На працягу трох дзён Касцёл святкуе тыя падзеі, якія ляглі ў аснову хрысціянскай веры. Гэта дні, праз якія Езус асаблівым чынам далучае нас да сваёй перамогі над смерцю. Тры асобныя дні ў гэты час, як і Святая Троіца, непадзельна з'яднаныя. Таму Літургія, якая распачынаецца ў Вялікі чацвер, не заканчваецца, малітва і сустрэча чалавека з Богам не спыняюцца ў момант выхаду з касцёла, але працягваюцца да часу Змертвыхпаўстання.

Любоў - вось што з'яўляецца ключом да разумення свята Пасхі. Любоў да рэшты, чыстая, ахвярная, якая не пакідае сабе нічога. Любоў, аб якой кожны марыць і яе шукае. Кожная частка Трыдуума па-свойму раскрывае гэтую таямніцу.

Вернемся на пачатак і прыгадаем сабе, як гэта было.

Вечар чацвярга нагадаў нам пра Апошнюю Вячэру Пана. Гэта ўспамін аб устанаўленні сакрамэнту Эўхарыстыі і, такім чынам, сакрамэнту святарства. Таму напачатку Імшы вернікі парафіі звярнуліся са словамі ўдзячнасці Богу і святарам за вялікія дары, праз якія кожны можа наблізіцца да паўнаты Божай любові.

У гаміліі бр. Уладзіслаў заўважыў, што кожны з нас хацеў бы з найбольшым плёнам перажыць Пасху. Для гэтага ён прапанаваў на працягу трох дзён, увайшоўшы ў цішыню, вельмі ўважліва шукаць прыгожыя, выразныя знакі, прыглядацца да кожнага гуку, слова, руху, каб праз іх глыбей распазнаць Бога, зразумець сэнс Пасхі і мэту нашага падарожжа з Хрыстом.   

І вось наблізіліся да першага знаку - абраду абмывання ног. Як Езус у цішыні сэрца і вуснаў, з любоўю абмываў ногі вучням, так і святар з пашанай да прыхаджан робіць гэты чын. Але што ён у сабе нясе, да чаго запрашае? У сваім жыцці мы шмат чакаем адзін ад аднаго: увагі, падтрымкі, любові. Але калі людзі, сітуацыі, жыццё не апраўдваюць нашых жаданняў, адчуваем фрустрацыю, расчаравенне. А Езус паказвае нам іншы шлях - шлях пакоры і служэння бліжнім, прыняцця і прабачэння таго, што крыўдзіць, прычыняе боль, забірае радасць. Гэта сапраўдны шлях да шчасця. Але для таго, каб мы былі здольныя па ім ісці і адчуваць яго слодыч, каб схіляцца над іншым чалавекам, нам патрэбна дамапога Езуса: трэба дазволіць Яму спачатку абмыць нашыя ногі. Бр. Уладзіслаў заахвоціў кожнага ўявіць сябе перад Езусам, які нахіліўся, мые і цалуе нашыя ногі, зазірнуць Яму ў вочы, адчуць і прыняць Яго любоў і прабачэнне, пачуць Яго словы: "Тое, што Мяне чакае заўтра і паслязаўтра - для цябе, каб ты мог жыць і любіць." 


А што б мы сказалі, што зрабілі б нашым самым блізкім, калі б сёння была наша апошняя вячэра з імі? Ці гатовы ў пакоры схіліцца, зрабіць нешта падобнае тым людзям, з якімі мне цяжэй, на знак прабачэння і прыняцца, на знак любові? Ці магу дазволіць камусьці абмыць ногі мне?

Уваход у цішыню - яшчэ адзін знак. У гэты дзень мы апошні раз чуем гучанне званоў, але яно адрозніваецца ад таго, да якога ужо прызвычаіліся. Яно больш гучнае, жвавае, бо павінна яшчэ раз абудзіць, прыгадаць, што святы час распачаўся. Адгэтуль і да часу Змёртвыхпаўстання Пана каталіцкі Касцёл трывае ў цішыні. Такія вялікія падзеі яе патрабуюць. Варта імкнуцца да міру і спакою ў гэтыя дні.

У канцы Літургіі Святыя Дары былі  перанесены ў даразахавальніцу пры вязніцы, дзе кожны, пры жаданні, меў магчымасць праз асабістую адарарацыю злучыць свае перажыванні з перажываннямі і пакутамі Хрыста.

Цэнтральным элементам Вялікай пятніцы з'яўляецца Крыж. Каб прыгадаць усе падзеі, накіраваць думкі і ўвайсці ў глыбіню ахвяры, вернікi сабраліся на набажэнства Крыжовага шляху. Разважаючы над усімі пакутамі, нявольна задаешся пытаннем: "Як Езус вытрымаў усе катаваннi?". І зноў жа, адказ грунтуецца на адным слове - любоў. Хіба мог Бог аб'явіць нам Сваю любоў больш пераканаўча, чым тады, калі дзеля нас дазволіў укрыжаваць Сябе ў асобе Сына? Тое, што Езус вытрываў, з'яўляецца доказам таго, што з любоўю ўсё лягчэй пры ўмове, што любоў будзе большая, чым цяжар. Тады яна падымае, дапамагае трываць да канца.

Пасля Крыжовага шляху распачалася Літургія Мукі Пана, якая мае свае асаблівасці.
Няма музыкі, усе трываюць у задуме. Няма знаку крыжа на пачатку, замест яго святар кладзецца крыжам на знак глыбокай адданасці і малітвы, якую ўзносіў Езус да Свайго Айца. Усё гэта мае сэнс, спрыяе таму, каб чалавек надалей быў гатовы заўважаць знакі, чытаць іх, перажываць сэрцам. Гэта добры час, каб задаць сабе пытанне: "Ці хачу я быць з Хрыстом?", а калі так, то: "Чаму?"

Звяртаючыся са словам да людзей, бр. Андрэй Багдановіч звярнуў увагу на чарговы важны сімвал - дрэва, матэрыял, з якога зроблены жыватворны Крыж. Вобраз дрэва мы не раз сустракаем на працягу гісторыі збаўлення чалавецтва, пачынаючы ад дрэва пазнання дабра і зла і дрэва жыцця ў райскім садзе, працягваючы драўнінай для складання ахвяраў усеспалення. Габрэі параўноўвалі дрэва з чалавекам, які таксама мае "карані", прыносіць "плады", мае здольнасць "прарасці нават праз асфальт". Але гэта пасільна толькі з дапамогай Хрыста.  Езус тое, што было знакам знявагі, ганьбы, праз Сваё ахвяраванне перамяняе. Адгэтуль Крыж з'яўляецца дрэвам перамогі і жыцця, прыгадвае чалавеку, што ён пакліканы да таго, каб дарыць жыццё, пераказваць яго. Нажаль, змагаючыся за свае жыццё, шчасце, часам не разумеем чаму не перамагаем. А менавіта таму, што наша свабодная воля і празмерная саманадзейнасць робяць усемагутнасць Бога нямоглай у адносінах да нас. Як дрэва прымае таго, хто гатовы даць Сябе забіць, так і нам трыба вучыцца прымаць дапамогу, калі яе прапануе Бог. Таму не толькі сёння, а ў кожны дзень свайго жыцця, варта задаваць сабе пытанне "Чаму мяне вучыць дрэва святога Крыжа?".

І вось, мы дайшлі да сэрца Літургіі - адарацыі Крыжа. Крыж, які на працягу доўгага часу быў заслонены, адкрываецца. Езус наглядны прыклад таго, што дабро не баіцца адкрытасці перед людзьмі. Ён запрашае кожнага паглядзець на Крыж не вачыма цела, якія бачаць у ім месца пакінутасці i смерці, а вачыма душы, перад якімі адкрываецца здольнасць бачыць трыумф любові. Смерць і грэх пераможаны! Таму, як Ён ў цішыні сэрца прыняў цярпенні і трываў ў Богу Айцу, так і мы, мелі магчымасць схіліцца каля яго, аддаць пашану.  
Хоць у гэты дзень няма Эўхарыстыі, верныя прынялі Цела Хрыста, каб яшчэ больш злучыцца з пакутуючым Езусам.

Пажадана, каб дзень Вялікай суботы быў часам цішыні, медытацыі, радаснага чакання. Але на справе з'яўляецца даволі шумным днём: у дамах ідуць апошнія падрыхтоўкі да Вялікадня, у капліцы адбываецца асвячэнне страваў на стол. Усё гэта можа забіраць на сябе шмат увагі. Аднак трэба памятаць, што праца, адносіны з людзьмі па-за касцёлам, малітва і адарацыя ля грабніцы - гэта адна прастора для сустрэчы з Богам.

Са свайго боку Касцёл робiць ўсё магчымае для стварэння умоў, каб хоць на час людзі спынілi рух спраў, думак. Каб стоячы пры грабніцы Пана, задалі сабе пытанні: "Чым яна ёсць для мяне? Месцам адзіноты, спусташэння, а часамі і непрыняцця рэчаіснасці, якая не адпавядае ўласным чаканням, уяўленням? Ці месцам для цішыні і пагружэння ў Божую любоў? Ці сапраўды яна з'яўляецца месцам чакання на радасную сустрэчу з Хрыстом?"

Пасхальная Вігілія распачалася з Літургіі Святла. Напачатку адбылося асвячэнне вогнішча, ад якога быў запалены пасхал і ўрачыста ўнесены ў ахінуты цемрай касцёл. У сімвале святла, якое асвятляе цемру, заключаецца сэнс Літургіі - у зло свету ўваходзіць Езус, які мае моц вярнуць да паўнаты жыцця. Таму варта знайсці ў сабе такую цемру і запрасіць Яго, дазволіць дзейнічаць.

Пасля адбылася Літургія Слова. Гэта не толькі апісанне шляху, які прайшоў гэты свет і чалавецтва. У ёй выразна бачны працягваючыся праз часы дыялог паміж Богам і Яго любімым тварэннем. Перад Евангеллем першы раз пасля Вялікага посту пад гук аргана ўвесь Касцёл гучна заспяваў доўгачаканае " Аллелюя!".

Падчас гаміліі бр. Ігар разам з дзецьмі прыгадаў, з якімі знакамі на працягу гэтага дня яны сустрэліся. Прапанаваў дзецям і дарослым задаць сабе пытанне: " А чаму мы не спім?" - і зазначыў, што мы, якія знаходзімся ў касцёле, святкуем Пасху не ў значэнні простага ўспаміну, але становімся саўдзельнікамі гэтай падзеі, сведкамі пераходу ад смерці да жыцця і перажываем час свайго асабістага пераходу ад цемры і няволі граху да свабоды і радасці новага жыцця ў Езусе Хрысце, асабліва падчас аднаўлення абяцанняў святога Хросту. У  Эўхарыстыі вернікі мелі магчымасць паяднацца з Езусам, пагрузіцца у глыбіню Яго ахвярнай любові.

Праз знішчэнне смерці і ўваскрасенне Бог спаўняе надзею чалавека на збаўленне, на вечнае жыццё ў любові і радасці, на вечнае шчасце  і, такім чынам, надае пачатак новаму жыццю. Таму пад радасныя гукі званоў і велікодных спеваў адноўленыя, апранутыя ў Хрыста (Гал. 3:27) вернікі вырушылі ў Рэзурэкцыйную працэсію, каб не захоўваць радасную вестку толькі для сябе, а абвяшчаць праўду свету: "Хрыстос сапраўды ўваскрос!"

Тэкст: Марыя Туровіч

Фота: Эрык Савянок