З Днём нараджэння, парафіяльны хор!
Цяпер складана ўявіць сабе ўрачыстыя святыя Імшы ў нашым касцёле без узнёслага, зладжанага спеву парафіяльнага хору, які дапамагае заглыбіцца ў перажыванне літургічных момантаў, падказвае сэрцу патрэбныя словы падзякі і праслаўлення. А калісьці было іначай...
Прапануем вашай увазе інтэрв'ю з кіраўніком нашага парафіяльнага хору Дамінікай Гулевіч. Мы запыталіся ў яе пра розныя цікавыя моманты, пачынаючы ад моманту стварэння калектыву.
- Дамініка, напэўна Вы памятаеце, як і калі быў створаны хор. Хто быў ініцыятарам? Ці ёсць у хору пэўны дзень народзінаў?
- Парафіяльны хор быў створаны ў 2013 годзе па ініцыятыве айца пробашча Арыюша Малыскі. Пачалося ўсё з запрашэння жадаючых прыняць удзел у спевах праслаўлення. Першыя рэпетыцыі праводзіў сам бр.Арыюш. У хуткім часе ініцыятыву пераняла я. Будучы арганісткай у касцеле, разам з с.Крыспінай мы выбралі прыгожыя творы на Святы Пасхльны Трыдуум. Так усё і пачалося. Мы запрасілі студэнтаў з музыкальнага каледжа, якія папоўнілі рады мужчынскіх партый хору.
І першыя спевы прагучалі на Свята Пасхі ў 2013 годзе (29.03 – 31.03), як раз у тыя ж дні, на якія і сёлета прыпадае Пасхальны Трыдуум. Такім чынам, можна лічыць, што ў гэтыя дні хор і нарадзіўся. Гэта значыць, што хору ў гэтым годзе спаўняецца 11 год.
- Ці ёсць у парафіяльнага хору імя? Ці ёсць касцюмы або якія-небудзь знакі адметнасці і прыналежнасці: значкі, хусткі, г.д.?
- Імя так і не прыдумалі. Падабаецца мне, калі мы называемся проста “парафіяльны хор”. Пару гадоў назад для хора былі пашыты касцюмы – накідкі з вышыўкай Тау. Але яны так і не “прыжыліся”. Вельмі рэдка можам іх апранаць: падчас працэсій ці вялікіх урачыстасцяў.
Выступ хору ў касцёле св. Францішка, в. Копішча (Новая Баравая, Мінск),
- Колькі было ўдзельнікаў напачатку? Ці застаўся хтосьці да гэтага часу? Колькі цяпер чалавек у калектыве?
- Пачынала нас спяваць каля 20-25 чалавек. І не толькі спяваць. Сярод спевакоў былі і музыкі, якія гралі на трубе, скрыпцы, флейце, джамбеі. Сумяшчалі спеў з ігрой – многафункцыянальныя людзі.=))
Як казала раней, пачыналі мы разам са студэнтамі з музыкальнага каледжа. Зараз, канешне ж, склад хору змяніўся. Студэнты пераехалі ў іншыя гарады, шмат людзей таксама пакінулі парафію. І на сённяшні дзень маем больш-менш пастаянны састаў – каля 10-12 чалавек: сапрана - 4 чалавекі, альт – 3 чалавекі, бас – 4 чалавекі.
- Ці ўсе удзельнікі прафесіянальныя спевакі-музыканты?
- На сённяшні дзень ўдзельнікамі хору з’яўляюцца добраахвотнікі рознага ўзросту: і маладыя, і старэйшыя, навучэнцы і студэнты (прыязжаюць только на вялікія святы – Божае нараджэнне і Пасху), працоўныя і бізнесмэны. І толькі 3 чалавекі маюць музычную адукацыю. Астатнія – вельмі добра спраўляюцца з вывучэннем новых спеваў, а менавіта – сваіх партый.
- Якія існуюць крытэрыі адбора, каму можна да вас далучыцца? Ці ёсць якая-небудзь працэдура далучэння?
- Галоўны крытэрый – жаданне праслаўляць Бога спевам, ну і канешне ж, музычны слух. Заўсёды можна знайсці Дамініку ў касцеле, падыйсці, пакінуць нумар тэлефона і быць запрошаным на рэпетыцыю. Пачынаць будзе не проста, бо ўжо вялікі рэпертуар маем за плячыма. Але ж, усё паступова вывучваецца. Не трэба баяцца. Буду вельмі рада, калі наш хор будзе ўсё больш і больш павялічвацца.
- Як часта бываюць і як доўга трываюць рэпетыцыі?
- Раней рэпетыцыі адбываліся кожную пятніцу а 19.00 і трывалі паўтары – дзве гадзіны. Але апошнім часам па розных прычынах нашы рэпетыцыі праходзяць не так часта. Да Пасхі, напрыклад, пачынаем рыхтавацца ад Вялікага Посту. Бо, як я лічу, гэта самая прыгожая літургія Касцёла. Хочацца, каб усё было на ўзроўні.
- Пра ўзаемаадносіны троху. У творчых калектывах бывае канкурэнцыя, зайздрасць. Ці бывае такое, і як гэта перажываецца? (Пытанне на засыпку).
- Праўду кажучы, не назірала паміж харыстамі канкурэнцыі і зайздрасці. Збоку гледзячы, здаецца, што ўсе адзін аднаго любяць=) Усе мы сябруем.
- Якія самыя значныя падзеі былі ў жыцці хора? (спеў у Будславе, гастролі, г.д.)
- Спеў у Будславе – хм, не ведаю, ці гэта ёсць значная падзея для хора і харыстаў?! Канешне, з захапленнем і гонарам падыйшлі да гэтай справы. Але, усё ж, на першым плане праслаўленне Госпада. І толькі Яму хвала за ўсе таленты і магчымасці. Не хочацца хваліцца ні сабой, ні людзьмі.
“Гастролі”... Таксама бывала, але не так часта. Праўду кажучы, не люблю я гэткіх выступленняў. Здаецца, што калі хор парафіяльны, то хай сабе на хвалу Божую спявае і праслаўляе Бога ў сваёй парафіі.
Удзел у Вялікай навэнне падрыхтоўкі да юбілею 25-годдзя з часу каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай, Будслаў, 6.05.2023.
Удзел у калядным фестывалі "Раство з капуцынамі 2023", касцёл св. Францішка, в. Копішча (Новая Баравая, Мінск).
- Ці ёсць творы, якія пакуль не пад сілу? Якія мары, перспектывы?
- О, такіх твораў шмат. Канкрэтна кажучы… да літургіі Вялікай пятніцы ёсць вельмі-вельмі прыгожыя спевы, але мы не можам іх “пацягнуць”, не хапае прафесіяналізму. Тут адзіны варыянт – вучыць усё на памяць, усю партытуру, якая складаецца з 7 лістоў.
І, канешне ж, Муку Пана хацелася б калі небудзь заспяваць. Зноў жа – праблема ў недастатковай колькасці мужчын і мужчынскіх галасоў у нашым хоры. Ёсць такая праблемка, нажаль.
Але веру, што ў Бога няма нічога немагчымага. І можа праз год будзем спяваць і "Кірые", і "Муку Пана".
- Якая любімая песня калектыву? Якая любімая песня Дамінікі?
- Нам усім вельмі падабаецца спеў “Гасанна Сыну Давіда”, а таксама ўсе спевы, якія спяваем падчас Трыдуума Пасхальнага.
Любімая песня Дамінікі - гэта любы спеў, але ад сэрца!
- Дамініка, чым займаецеся акрамя хору?
- “Наш пострел везде поспел” – так характарызуе мяне калектыў "Sacris", у якім працую. Я працую, дарэчы тут, у касцёле, а яшчэ і ў швейным цэху. Па адукацыі я – піяніст. І колькі год вучылася музыцы, столькі і спявала, але спявала толькі ў касцёле. Зараз калі збіраемся з сябрамі у караоке, то з усялякімі намаганнямі і просьбамі з іх боку, каб заспяваць песню, амаль ніколі не згаджаюся. Кажу, што магу спяваць толькі у касцёле.
Дзякую Богу за гэты вялізны Дар, якім надзяліў мяне. І вельмі радуюся, што магу гэтым дарам служыць Богу, людзям і касцёлу.
Дзякуем Дамініцы і кожнаму спеваку парафіяльнага хору за іх адданае служэнне і віншуем з 11-годдзем! Няхай Пан Бог і надалей натхняе, падтрымлівае, памнажае колькасць удзельнікаў і адорвае шматлікімі ласкамі з усёй Яго шчодрасцю.
Пытанні задавала: Кацярына савянок
Фота: Эрык Савянок, Ірына Фаміна, асабісты архіў Дамінікі Гулевіч