Skip to main content

Урачыстасць у гонар св. Казіміра 4.03.2024

| Падзеі »

 

У панядзелак 4 сакавіка наша парафія, як і штогод, адзначыла свае імяніны. Нягледзячы на працоўны дзень, увечары касцёл быў поўны людзей. Адпустовую святую Імшу а 18-00 з нагоды ўрачысцасці святога Казіміра, апекуна нашай парафіі, узначаліў Яго Эксцэленцыя біскуп Юрый Касабуцкі.

Разам з ім аддаць пашану св. Казіміру прыбылі ксёндз-пралат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, дэкан Маладзечанскі, а таксама паважаныя святары з розных парафій дэканату і з-за яго межаў.

Вернікі ад імя ўсёй парафіі выказалі падзяку іерарху за прынятае запрашэнне і прывіталі земляка як “свайго маладзечанскага” біскупа, якому заўсёды рады.

У гаміліі бп. Юрый падкрэсліў, што ўспамін любога святога - гэта не проста ўзгадванне яго аўтабіяграфічных звестак, хоць і гэта таксама важна. Успамін святога  мае падвойнае значэнне: па-першае, гэта наша малітва з просьбай аб яго заступніцтве, па-другое, гэта яго прыклад наследвання Хрыста.

Дакладных звестак пра св. Казіміра не так і шмат, бо за 540 год з дня яго смерці штосьці не захавалася, а штосьці і дадалося. Але яго выхаваннем займаліся найлепшыя гісторыкі і летапісцы таго часу, якія занатоўвалі розныя адметныя падзеі і асаблівасці жыцця і характару Казіміра. На падставе гэтых запісаў можна сцвярджаць, што каралевіч атрымаў вельмі добрую адукацыю; валодаў лацінскай, нямецкай і венгерскай мовамі. У 15 год яму даверылі ўзначаліць вайсковы паход у Венгрыю. Вядома, што ён дапамагаў бацьку кіраваць дзяржавай.

У маладым узросце (25 год) каралевіч моцна захварэў - праўдападобна, на туберкулёз. Апошні перыяд жыцця ён правёў у Гродне ў так званым Старым замку.

Захаваліся звесткі пра асабістае жыццё Казіміра ў гэты пераяд. Пост, малітва і міласціна былі яго неад'емнай часткай. І гэта дадавала клопату яго сям’і.

Напрыклад, калі выходзіў на шпацыр, то браў мяшочак з залатымі манетамі, каб раздаваць жабракам, якія чакалі яго на вуліцы. Імаверна, Казіміра маглі папярэджваць прыкладна так: “Ды не раздавай ты ім грошы, невядома як яны імі карыстаюцца”. Але ў сваім стаўленні да людзей ён кіраваўся словамі апостала Паўла: “Любіце адзін аднаго братняю любоўю” (Рым 12:11) і спяшаўся на дапамогу патрабуючым. Казімір разумеў, што на адну гэтую манету бядняк мог пражыць працяглы час.

Біскуп падкрэсліў: бывала ў жыцці святога і так, як у Евангеллі ад Лукі 10:29-37 ў прытчы аб добрым самараніне, калі Казімір даваў грошы, каб людзі ўзялі хворага чалавека да сябе, даглядзелі і потым далі справаздачу.

Яго Эксцэленцыя звярнуў увагу на моцную веру і пабожнасць Казіміра, а таксама радасць ад сустрэчы з Богам. Недалёка ад Старога замка, прыкладна ў 10 хвілінах хады, знаходзіўся касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі, таксама вядомы як Фара Вітаўта. Паводле статуту касцёла вызначаная сям’я ключнікаў мела абавязак адчыняць касцёл а шостай гадзіне раніцы, за гадзіну да Імшы. І калі прыходзілі адчыняць дзверы, часта бянтэжыліся, бо на ганку ўжо кленчыў каралевіч.

Казімір уставаў вельмі рана, і першае, што яму хацелася зрабіць – гэта сустрэцца з Богам. Ніхто нават не ведаў, а якой гадзіне раніцай каралевіч уставаў, бо ён вельмі ціха выходзіў, не жадаючы нікому ствараць клопату. Ішоў ён адзін, без світы, таму гэта было яшчэ адной прычынай перажыванняў родных.

Таксама варта наследвання тое, як св. Казіміра пражываў сваю хваробу: калі ўжо не мог сам прыходзіць да касцёла, прасіў капелана, каб штодня ўдзяляў яму Св. Камунію. Ён прагнуў сустракацца з Богам.

Глыбокая вера, пабожнасць, любоў да Бога, чуласць, адкрытасць на іншага чалавека і любоў да яго – гэта той шлях, якім усе мы, і свецкія вернікі, і духавенства, запрошаны ісці за Хрыстом па прыкладу святога каралевіча, “каб … ішлі і прыносілі плён” (Ян 15:16). 

Кожны з нас пакліканы прыносіць плён добрых учынкаў, добрага сэрца, веры. Як расліна, якая, кіруючыся на сонца, паступова ўзрастае і дае плён,  так і мы ўсё жыццё павінны кіраваць да Бога, да Божага валадарства.

“Пан Бог кожнаму падрыхтаваў там месца, – запэўніў Яго Эксцэленцыя. - А зоймем мы яго ці не – залежыць ад нас, якія штодня робім свой выбар”.

Бп. Юрый запрасіў кожнага задаць сабе пытанні: “Ці маё жыццё вядзе мяне да Божага валадарства? Сёння на яго накіраваны мае ўчынкі ці не? Калі не, то што можна зрабіць у маім сэрцы і абставінах, каб змяніць кірунак?”

Яго Эксцэленцыя адзначыў: “Мы самі па сабе слабыя людзі, але разам з дапамогай Божай і святых можам многае. Мы ўсе, і свецкія, і святары,  сабраліся на ўрачыстасць св. Казіміра, апекуна парафіі, з надзеяй, што ён "замовіць слоўца" за нас, выпрасіць у Пана Бога для кожнага з нас патрэбныя ласкі”.

Напрыканцы бп. Юрый звярнуўся з віншаваннямі да ўсіх, хто носіць імя Казімір або Казіміра, і склаў свае пажаданні.

Ужо стала традыцыйнай падзяка біскупа парафіяльнаму хору і міністрантам парафіі за руплівае служэнне. А кожны з прысутных, у сваю чаргу, напэўна,  ў сваім сэрцы і малітвах дзякаваў Яго Эксцэленцыі.

Тэкст: Кацярына Савянок, Цімафей Савянок

Фота: Эрык Савянок