Skip to main content

Свята Ахвяравання Пана: гісторыя і традыцыі

| Падзеі »

 

“Калі мінулі дні іх ачышчэння паводле Закону Майсея, бацькі Езуса прынеслі Яго ў Ерузалем, каб прадставіць перад Панам, як напісана ў Законе Пана, што кожнае першароднае дзіця мужчынскага полу павінна быць прысвечана Пану; каб прынесці ў ахвяру, як сказана ў Законе Пана, пару туркавак або двух галубкоў” (Лк 2, 22–24).

2 лютага Каталіцкі Касцёл адзначае свята Ахвяравання Пана і Сусветны дзень кансэкраванага жыцця. У гэты дзень у касцёлах запальваюцца сотні агеньчыкаў свечак, якія традыцыйна бласлаўляюцца на Грамніцы. Прапануем узнавіць у памяці гісторыю свята, а таксама даведацца, навошта асвячаць грамнічныя свечкі і як імі карыстацца.

Гэтае свята, вядомае яшчэ з хрысціянскай старажытнасці, заўсёды мела падвойны характар, бо яно адначасова з’яўляецца і святам Пана, і адным з найбольш папулярных марыйных святаў. Ва ўсходняй традыцыі яно называецца “Стрэчаннем”, бо ў дзень, калі Марыя з Юзафам прынеслі Дзіцятка Езуса ў святыню, Месія ўпершыню сустракаецца са сваім народам. Згодна з апавяданнем евангелістаў, першымі людзьмі, якія сустрэлі Пана, пазнаўшы ў маленькім Дзіцятку самога Хрыста, былі прарок Сімяон і старая ўдава па імені Ганна, якая няспынна прабывала ў святыні. Сімяон, які ўзяў на рукі шасцітыднёвага Езуса (бо згодна з Законам Майсея ачышчэнне жанчыны пасля нараджэння дзіцяці працягвалася 40 дзён), назваў Яго “святлом для асвятлення язычнікаў і хвалой Ізраэля”. Як Марыя занесла тады Езуса ў святыню, так і прыносіць Яго сёння нам. I менавіта аб гэтым павінна нагадваць ззянне грамніцы.

Свечка – сімвал Хрыста, які прынёс святло вечнай Праўды ўсім народам, а на Грамніцы свечка таксама сімвалізуе Марыю, пакорную слугу Пана, поўную ласкі, у душы якой заўсёды гарэла святло веры, надзеі і любові.

Гэтыя свечкі людзі рыхтавалі самі загадзя. Тыя, хто трымаў пчол, самі выплаўлялі самыя вялікія свечкі, у каго іх не было – куплялі жоўты воск у краме або ў знаёмых пчаляроў. Грамнічную свечку кожны гаспадар рыхтаваў самастойна.

У цяперашні час кола людзей, якія трымаюць пчол, звузілася, большасць насельніцтва пражывае ў гарадах, таму сакрэты прыгатавання свечак у дамашніх умовах ведаюць не ўсе. У такім выпадку іх купляюць у дзень свята ў храме. Старыя людзі не раз расказвалі нам пра тое, што замест некалі адной вялікай свечкі, якой хапала на цэлы год, зараз купляюць тры самыя вялікія свечкі, перавязваюць іх “васьмёркай” (старадаўнім знакам вечнасці, бясконцасці) і так захоўваюць на працягу года.

З аповедаў старэйшага пакалення мы і цяпер не раз можам пачуць гісторыі аб тым, як раней людзі адыходзілі з гэтага свету. Калі адчувалі, што паволі заканчваецца іх час на зямлі, баяліся адысці без святла, якое асацыявалася з бяспекай і цёплай апекай Марыі. Тады блізкія падавалі паміраючым людзям характэрную свечку, якая пахла пчоламі. Тыя спакойна закрывалі вочы і адыходзілі ў іншы свет. Верылі, што Маці Божая Грамнічная дапамагае прайсці праз чорны тунэль страхаў і вядзе прама да Хрыста.

Сёння ў дамах рэдка ўжо ёсць па-сапраўднаму зробленая грамніца, якая ззяе натуральным воскам, аздоблена галінкамі, пацеркамі і льном. Не ставім мы яе і ў акне для абароны ад маланак (ды і няма ўжо саламяных, лёгкіх на загаранне стрэх). A яшчэ стагоддзе таму ў свята Ахвяравання Пана гаспадары вярталіся ў свае дамы з касцёла з дрыжачымі рукамі. Яны верылі, што калі грамнічная свечка па дарозе згасне, хтосьці з сям’і, верагодна, памрэ на працягу бліжэйшага года. Затым яны “куродымілі” на дошцы столі знак крыжа і абыходзілі з грамніцай усю маёмасць, укленчваючы на кожным парозе. Усё для таго, каб зло не мела ўваходу ў дом.

Маці Божая Грамнічная павінна была аберагаць ад зла, якое ўяўлялася ў вобразе ваўкоў. Менавіта таму Марыя з’яўляецца на абразах і ў літаратуры ў суправаджэнні іх зграі. Ёсць таксама легенда, якая апавядае, што Маці Божая абараніла цэлую вёску ад небяспечных ваўкоў, адпужваючы іх якраз полымем васковай свечкі.

Цяпер мы глядзім на звычаі нашых продкаў, прыжмурыўшы вочы, i задумваемся: ці патрэбна нам яшчэ для чагосьці грамніца? А можа, яна проста ляжыць у шафе і прыпамінае нам пра дзядуль і бабуль?..

Сёння гэтая свечка павінна быць найперш знакам, які нагадвае пра Бога, і таму – у свеце, у якім гэтых знакаў усё менш, па-ранейшаму нам патрэбная. Яе полымя з’яўляецца добрым лекам ад людскіх страхаў, клопатаў i няшчасцяў. Не таму, што мае магічнае дзеянне, якое “адпужвае ваўкоў і маланкі”, а таму, што паказвае: Бог пастаянна побач.

Давайце часцей запальваць грамніцы. Запальвайце іх у нашых дамах, калі ўспыхваюць “буры”, сваркі, калі ледзяны град знішчае пасевы ўзаемнага кахання, калі ўспыхвае полымя зайздрасці, калі ўзнікае пагроза ад патопу прагнасці. Няхай грамнічныя свечкі будуць не толькі адной з рэчаў, якія проста захоўваюцца ў нашым доме: запальвайце іх таксама, калі хто-небудзь з дамачадцаў цяжка хворы, калі яго абрабавалі, напалі, падманулі, зняважылі, пакінулі... Адновім звычай даваць яе ў рукі паміраючым, якія пакідаюць гэты свет...

Упэўнены, што заўтра, пасля заканчэння святой Імшы, кожны з прысутных панясе дадому не толькі свечку, але і веру ў больш шчаслівую долю, спадзяванне на паляпшэнне дабрабыту, надзею на тое, што яго род будзе доўжыцца. Хай яно так і будзе!

Тэкст: Таццяна Шумель