Новыя пакліканні ў Францішканскі Ордэн Свецкіх

У суботу 27 студзеня чатыры асобы прынялі рашэнне распачаць перыяд уводзінаў (пастулат) у супольнасці свецкіх францішканаў у Маладзечне. Кожны з іх мае намер наследаваць Хрыста па прыкладу св. Францішка Асізскага. Падчас святой Імшы кандыдаты аднавілі свае абяцані святога хросту.
У гаміліі бр. Уладзіслаў Мінько, духоўны асістэнт мясцовай супольнасці ФОС, нагадаў пра тое, што кожны ахрышчаны пакліканы да таго, каб выракацца зла, вызнаваць веру ў Бога, выказваць Яму давер, аддаючы ў Яго рукі сябе і сваё жыццё, бо гэта з'яўляецца сутнасцю хросных абяцанняў. І таксама жыццё згодна з правілам Францішканскага Ордэна Свецкіх - гэта шлях аднаўлення, паглыблення хросту, распазнання і ўсведамлення праўды пра сябе, шлях навяртання. І на гэтым шляху чалавек не адзін, яго падтрымлівае супольнасць, але найперш яго вядзе і ўмацоўвае Божае слова.

У сённяшнім урыўку Евангелля ад Марка мы бачым моц Божага слова, калі Езус выганяе злога духа з апантанага. Слоў Езуса "Змоўкні і выйдзі з яго" (Мк 1, 25) аказалася дастаткова ў сітуацыі, у якой не дапамагалі шматлікія рытуалы і высілкі людзей. Людзі дзівіліся таксама таму, што Езус тлумачыў у сінагозе Божае слова не як кніжнікі, якія абапіраліся на тлумачэнні аўтарытэтных настаўнікаў, а "як той, хто мае ўладу" (Мк 1, 22), як той, хто сам напісаў. Бр. Уладзіслаў заўважыў, што і мы ў сваім жыцці шукаем Божай моцы ў розных абставінах нашага жыцця, асабліва тады, калі не ведаем, што рабіць. Варта ўспомніць, што Божае Слова, якое гучыць падчас св. Імшы, мае тую самую моц. Некаторыя ўжо з гэтай моцай сустрэліся, некаторыя яшчэ пераканаюцца ў гэтым.
Часта нам бывае складана прыняць у сваё жыццё тое, што кажа Бог. Узнікаюць страхі: "А што са мной будзе, калі я адмоўлюся ад, напрыклад, адносінаў без адказнасці, ад таго, каб красці на працы, ад іншых звыклых грахоў?". Але гэта словы злога, які прамаўляе ў нашым сэрцы. Гэтак жа, як і ў сённяшнім Евангеллі казаў злы дух апанаванага ім чалавека: "Што Табе да нас, Езус Назаранін? Ты прыйшоў загубіць нас?" (Мк 1, 24).
Душпастыр параўнаў жыццё чалавека з гульнёй, калі тата ставіць дзіцятка на край стала спіной да сябе і просіць упасці яму на рукі. І страшна, і цікава. Бог нас часта ставіць у падобныя сітуацыі, калі мы нібыта перастаем адчуваць глебу пад нагамі. Мы часта з-за граху не бачым падтрымкі Бога, Ягоных рук, а Ён кажа: "Не бойся, даверся Мне, Я цябе злаўлю і пранясу праз усё жыццё". Слова Езуса паказвае праўду, куды нам трэба ісці. Вызнаць веру ў Бога - не значыць проста прыняць інфармацыю, што Бог існуе. Гэта значыць даверыцца Яму, даць сябе правесці.
Бр. Уладзіслаў заахвоціў паразважаць над сваім жыццём, падумаць, у якой сітуацыі кожнаму з нас трэба сёння даверыцца Богу, ад якога граху адрачыся.
Супольнасць свецкіх францішканаў запрашае далучацца да разважанняў на Божым словам кожную сераду а 19-00.
Віншуем нашых новых братоў і сясцёр і абяцаем атуляць сваёй малітвай праз заступніцтва св. Францішка. Няхай Пан Бог благаслаўляе і вядзе па дарозе даверу Божай моцы, поўнай прыгод і адкрыццяў.
Тэкст: Кацярына Савянок
Фота: Кацярына Савянок, Казімір Гружэўскі