Skip to main content

Маладзечанскі дэканат у Будславе 13.01.2024

| Падзеі »

Чарговая сустрэча ў межах Года падзякі Маці Божай і падрыхтоўкі да прысвячэння Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і ўсяго Касцёла на Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса прайшла ў суботу 13 студзеня ў Будславе. Яе правядзенне было даручана маладзечанскаму дэканату.

Маці Божая вітала святароў і вернікаў з парафій у Маладзечне, Радашковічах, Красным, Лебедзеве, Палачанах і Беразінскім на чале з ксяндзом-пралатам Эдмундам Даўгіловічам-Навіцкім, дзеканам Маладзечанскага дэканата, грэміяльным канонікам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

У Будслаў вернікі дабіраліся арганізавана, аўтобусам, таму мелі цудоўную магчымасць узносіць хвалу і падзяку Пану Богу спевам і малітвай яшчэ ў дарозе.

Перад распачаццем асноўных набажэнстваў кс. Эдмунд разам з прыбыўшымі вернікамі  наведаў на будслаўскіх могілках магілу кс. Францішка Грынкевіча, які раней служыў у Будславе, і памаліўся за спакой яго душы.

 

Далей сустрэча праходзіла ў Нацыянальным санктуарыі. Пасля ружанцовай малітвы, якую правёў кс. Сяргей Бараўнёў, распачалася канцэлебраваная святая Імша з удзелам кс. Дзмитрыя Дубовика, бр. Ігара Колзуна OFMCap, бр. Уладзіслава Мінько OFMCap, кс. Паўла Шылака, кс. Уладзіміра Русака, кс. Сяргея Бараўнёва, якую ўзначаліў Дзекан Маладзечанскі ксёндз Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі.

 

Гамілію прамовіў кс. Уладзімір Русак, пробашч парафіі ў Лебедзеве. Ён засяродзіўся на тэме шостай Божай запаведзі.

Святар на падставе свайго душпастырскага вопыту заўважыў, што пра шостае прыказанне "не чужалож", як ні дзіўна, добра памятае  кожны, але разам з тым яно вызывае найбольш крытыкі, спрэчак і дыскусій. Часта кажуць, што касцёл перашкаджае развіццю асобы і грамадства, што ён не сучасны, бо не дазваляе разводзіцца. Але пры гэтым забываюць, што не Касцёл устанавіў запаведзі, а Бог. І не нам іх адмяняць. Заданне касцёла – захаваць гэты скарб і верна пераказваць. Пан Бог устанавіў, што сужэнства – непарыўны саюз аднаго мужчыны і адной жанчыны, хоць дакладна ведаў, што гэта будзе выклікаць цяжкасці.

Святар узгадаў словы Эдварда Станека, які ў сваёй кнізе «З клопатам пра сумленне» піша, што, парушаючы шостую запаведзь, чалавек абкрадае свайго сужонка, прычым крадзецца самае каштоўнае – любоў.

“Развод – гэта просты шлях да чужалоства” – падкрэсліў кс. Уладзімір.

“Чаму так складана бывае чалавеку прыняць гэтую запаведзь? Таму што ён лічыць сужэнства, свае адносіны да другога чалавека, пошук асабістага шчасця сваёй выключна асабістай справай. Якая можа быць да гэтага справа Касцёлу?! Тым часам, у планах Бога сужэнства мае таксама грамадскае вымярэнне.” – заўважыў кс. Уладзімір. – “Муж і жонка злучаюцца ў сям’ю, быццам цагліны. З сем’яў ствараецца грамадства, падобна як з цэглы будуецца будынак.  Калі цагліны будуць адставаць адна ад адной, то сцены з цягам часу слабнуць. Калі цагліны складаць адно да адной без цэментуючага раствору, то пры першым моцным выпрабаванні будынак разваліцца. Ніводнае грамадства не зможа будаваць гмах свайго агульнага жыцця з незамацаваных цаглінаў, дазваляючы, каб кожная цагліна займала сваё ўласнае месца так, як ёй падабаецца, і тады, калі ёй падабаецца. У гэтым выпадку няма надзеі, што такая супольнасць будзе мець трывалую будучыню. Таму ад сужонкаў патрабуецца грамадская адказнасць.”

Па статыстыцы, у Беларусі распадаецца два з трох сужэнстваў. Відавочна, што трэба не патрабаваць ад Касцёла права на развод, а шукаць дапамогі, аздараўлення  існуючай сітуацыі дзеля дабра як асобных людзей, так і ўсяго грамадства.

Святар разгледзеў частыя прычыны, па якіх сужонкі не змаглі захаваць кахання і разыходзіліся.

Адна з прычын разводу ў тым, што чалавек не можа адкрыць сваё сэрца сужонку, не можа знайсці паразуменне, пачынае пазбягаць адносінаў, уцякае ў працу, камп’ютарныя гульні, сацсеткі, алкаголь, наркотыкі і іншае. Прычынай могуць быць перажытыя знявагі і прыніжэнне з боку сужонка, асабліва на вачах у дзяцей, калі не ўмеюць падтрымаць добрым словам, а толькі заўважаюць прычыны для крытыкі: “Ну чаму ён/яна такі/такая?! Колькі так можна жыць?!” Святар моцна падкрэсліў, што вельмі важна хваліць, асабліва жанчынам - сваіх мужчын, дзякаваць ім нават за дробязь.

Другая з прычын – працоўная міграцыя, калі сужонак вымушаны на доўгі час пакідаць сям’ю.

Вядома, хрысціяне стараюцца не грашыць. Што ж рабіць, каб сужонкі не парушалі шостае прыказанне і маглі заставацца вернымі адзін аднаму і захаваць каханне?

Найперш, трываць у еднасці з Богам, ускладаць спадзяванне не толькі на сябе, але  шукаць Божай волі адносна свайго выбару, выбіраць у спадарожнікі жыцця чалавека, які любіць Бога. Таксама памятаць, што заданнем сужэнства не з’яўляюцца высілкі (у многім марныя) у тым, каб перарабіць адзін другога пад свой ідэал, да чаго імкнуцца многія маладыя людзі, асабліва на пачатку сумеснага жыцця. Сапраўднае заданне сужэнства - дапамагчы сужонку развівацца згодна з Божым планам для яго.

Здольны чалавек да сужэнскай вернасці або не - у многім залежыць ад прыклада старэйшых пакаленняў у сям’і. Кс. Уладзімір прывёў словы, якія любіць паўтараць кс. Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, аб тым, што “выхаванне дзіцяці пачынаецца за 18 год да нараджэння яго бацькоў”. Відавочна, што для таго, каб у сям’і маглі навучыць будучых сужонкаў шукаць шляхоў да згоды, адкрываць сваё сэрца і цікавіцца тым, што ў сэрцы другога, дбаць не толькі пра свае правы, але пра каханне, то найперш самі бацькі павінны ўмець гэта рабіць. Таксама, у бацькоў ёсць 18 год, каб навучыць дзіця будаваць адносіны. Далей яны не маюць права “лезці” у сем’і сваіх дзяцей, каб павучаць, бо гэта можа шкодзіць маладой сям’і, асабліва калі бацькі пачынаюць вінаваціць ў нядбайнасці жонку або мужа свайго дарослага дзіцяці.

Кс. Уладзімір падкрэсліў, што не варта кідаць камянямі ў тых, хто не здолеў захаваць вернасць шостай запаведзі. Мы не маем права іх судзіць.  Іх будзе судзіць той Бог, які не баіцца сесці за стол з грэшнікам. Сесці за стол не для таго, каб сказаць, што ўсё ў парадку, а для таго, каб кожны чалавек праз сваю слабасць мог да Яго прыйсці. Пан Бог шукае шляхі, каб вывесці кожнага з няволі граху.

Душпастыр заахвоціў да малітвы за нашыя сем’і, каб кожны імкнуўся будаваць узаемаадносіны ў духу любові, каб праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі мы здолелі жыць у вернасці і ўзаемнай любові, каб маглі неаднойчы пачуць адзін ад аднаго словы: “Я цябе люблю і хачу быць з табой аж да смерці.”

Пасля святой Імшы кусташ санктуарыя кс. Дзмітрый Дубовік распавёў гісторыю абраза Найсвяцейшага Сэрца Езуса, які знаходзіцца ў святыні. Гэты абраз быў намаляваны з парады тагачаснага будслаўскага пробашча кс. Станіслава Жука ў 1942 годзе для жыхароў вёскі Васілеўшчына, якая знаходзіцца  недалёка ад Будслава. Жыхары вёскі штотыдзень перадавалі абраз з хаты ў хату, каб маліцца за сваіх родных, якіх забралі ў войска. І так склалася, што пасля вайны з усёй вёскі толькі адзін чалавек не вярнуўся дадому, прапаў без вестак. Абраз чакае рэстаўрацыі.

Напрыканцы перад цудатворным абразом Маці Божай памаліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці, давяраючы нашыя сем’і Божаму провіду праз рукі Марыі.

Нягледзячы на мароз у святыні, атмасфера сапраўды была ўтульнай ад блізкасці Маці Божай і прысутнасці людзей, якія ў сваёй большасці ўжо добра адзін аднаго ведаюць. Ад імя ўсіх удзельнікаў хочацца скласці падзяку ксяндзу дзекану і ўсім прысутным святарам.

Тэкст і фота: Кацярына Савянок