Адвэнтавыя рэкалекцыі з бр. Віталем Бандаронкам OFMCap 15-17.12.2023
"Я Пан Бог твой, які вучыць цябе таму, што карыснае."
(Іс 48:17)
На працягу трох дзён, 15-17 снежня, нашыя парафіяне мелі магчымасць заглыбіцца ў Божае слова і разважаць над істотнымі праўдамі жыцця падчас рэкалекцый, якія ў гэтым годзе праводзіў бр. Віталь Бандаронак OFMCap.
У першы дзень рэкалекцый бр. Віталь запрасіў задумацца над тым, на чым палягае нашае існаванне, што ёсць фундаментам нашага жыцця.
Жыццё мае ў сабе шмат пачаткаў. З аднаго боку, фундаментальны пачатак існавання сусвету, чалавецтва, пачатак граху (Кніга Быцця, або Кніга Пачаткаў). З другога боку, распачацце новых этапаў чалавечага жыцця: нараджэнне, пачатак вучобы ў школе, пачатак сямейнага жыцця. Таксама пачатак новага літургічнага года, пачатак дня, г.д. Кожны крок, кожная сітуацыя можа стаць пачаткам і патрабуе выбару. На што чалавеку абапірацца, каб гэты выбар быў правільны?
У першым чытанні з кнігі прарока Ісаі, 48 раздзел, мы знаходзім ізраэльскі народ у вавілонскім палоне, калі Ізраэль праходзіць сур'ёзныя выпрабаванні, таму што адкінуў Бога і ўвайшоў у грэх ідалапаклонства. Бог спрабаваў навярнуць іх на добры шлях, кажучы праз прарока: "Я Пан Бог твой, які вучыць цябе таму, што карыснае …. О, калі б ты слухаў запаведзі Мае! Тады мір твой быў бы, як рака, і праўда твая — як хвалі марскія" (Іс 48:17-18).
Бог - першапачатак усяго - ведае, што ёсць карыснае, і Бог вучыць.
Бог вучыць таксама і нас, хоча быць з намі ва ўсім нашым жыцці. Ён ведае, што карыснае для цябе, твайго сужэнства, тваіх дзяцей, працы. Але праблема ў тым, што нам хочацца быць самадастатковымі, складана скарыцца, стаць у праўдзе, прызнаць, што на кожным кроку, ва ўсіх сітуацыях нам патрэбны Бог, складана дазволіць Богу быць для нас святлом.
Бр. Віталь распавёў адну гісторыю са свайго дзяцінства, калі яму трэба было штосьці прынесці з падвала. Адна лямпачка там перагарэла, аднак ведаючы ўклад падвала і тое, што далей будзе яшчэ адна, ён, не ўзяўшы ліхтара, навобмацак пайшоў далей. Шукаючы выключальнік, дакрануўся да таго месца, дзе ён заўсёды быў, але яго на сваім месцы не аказалася, былі толькі голыя правады… Вядома, атрымаў удар токам.
Падобнае часта бывае і ў жыцці. Чалавек прызвычайваецца да сваіх абставінаў, рытму жыцця, шэрагу спраў. Жыве, звыкла выконваючы тое, што яму ўжо вядома, ідзе так па жыцці, навобмацак, блукаючы ў цемры, не шукаючы Божага святла. Не заўсёды тыя рашэнні, што прымаюцца ўсляпую, для яго бываюць добрымі, карыснымі - і ў якісьці момант ён аказваецца выбітым са звыклага жыцця нейкім выпрабаваннем, напрыклад, хваробай. У такія перыяды чалавек можа адчуць прагу святла. Гэты голас у сабе, гэтае прагненне не варта заглушаць.
Адвэнт - кантрэтнае запрашэнне Бога кожнаму з нас да святла, каб на нашым этапе жыцця паказаць выйсце, наталіць голад, даць новы пачатак.
На другі дзень айцец-рэкалекцыяніст засяродзіўся на тэме паслухмянасці Богу.
Згодна з пп. 142, 143 Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, Бог звяртаецца да людзей як да сяброў і запрашае да зносін з Сабой. Станоўчым адказам чалавека на гэта запрашэнне ёсць вера. Бог, які ёсць Праўда, гарантуе, што тое, што Ён адкрывае чалавеку, не можа быць нічым, як толькі праўдай. Чалавек паслухмяны ў веры, калі па сваім свабодным жаданні давярае сябе Богу, падпарадкоўвае Яму свой розум і волю.
Бр. Віталь звярнуў увагу на тое, што многія людзі не лічаць патрэбным паглыбляць свае веды адносна Божай праўды, адносяцца да духоўнай сферы жыцця павярхоўна, абыякава. Але цяжка быць паслухмяным Богу, калі ты не ведаеш, у чым жа трэба быць паслухмяным, не навучаны праўдам веры, не перакананы ў іх.
Вера патрабуе развіцця, фармацыі. Шлях веры - гэта шлях няспыннага вучэння, на якім нашым настаўнікам з'яўляецца Бог.
Каб жыць верай, трэба выкарыстоўваць розум і волю. Як і ў любым вучэнні, любой сферы жыцця. Напрыклад, спартовец, каб узрастаць прафесійна, павінен разумна арганізаваць адпаведным чынам сваё жыццё (знаходзіцца ў адпаведным асяроддзі, наладзіць рэжым харчавання, трэніровак, г.д.), а таксама мець волю, каб гэтага прытрымлівацца. І канешне, слухаць трэнера.
Падобна і з верай. Каб у ёй узрастаць, пажадана з дзяцінства знаходзіцца ў адпаведным асяроддзі, вучыцца пазнаваць Божую волю, праўды веры. Трэба вучыцца падключаць розум і волю, каб пражываць розныя сітуацыі, здарэнні ў жыцці не павярхоўна, не абыякава, але паглыбляцца, разумець, чаму я менавіта так пражываю сваё жыццё. Трэба задаваць пытанні сабе і Богу: ці адпавядае мой лад жыцця або мой крок, які я хачу зрабіць, Божай волі? Ці я паслухмяны Богу, яго запаведзям?
Але ніколі не позна распачаць фармацыю. Апосталы таксама праходзілі сваё фармаванне, ужо будучы дарослымі, самастойнымі, з сфармаваным культурным і рэлігійным кодам. Езус перамяняў іх, вучыў правільна думаць, правільна глядзець на Бога, на жыццё, на сябе, на іншых людзей. Ім было цяжка ўспрымаць словы Хрыста, але яны трывалі, праяўлялі паслухмянасць, адкрывалі Хрыста, жылі гэтым.
У першых супольнасцях хрысціян Хрост удзяляўся пасля доўгай падрыхтоўкі, калі катэхумен (кандыдат) пазнаваў асобу Хрыста, Яго вучэнне і адпаведна перамяняў сваё жыццё, каб яно было годным хрысціяніна.
У многіх сучасных сем’ях няма практыкавання веры, перадавання веры. Многія бацькі не чуваюць над тым, каб дзеці хадзілі на катэхезу, атрымлівалі веды ў духоўнай сферы, адкрывалі шлях веры. Так расстаўлены прыярытэты, што на гэта няма часу. Але калі чалавек выключае з веры розум і волю, ён становіцца рэлігійным і не мае свядомай веры.
Неабходна адкрываць важнасць гэтай фармацыі ў сучасным свеце, дзе пануе філасофія постмадэрнізму, якая сцвярджае, што няма адзінай універсальнай праўды - у кожнага свая праўда (плюралізм), няма вышэйшай мэты жыцця чалавека - у цэнтр ставяцца мімалётныя жаданні, прыемнасці, пераважае спажывецкае стаўленне не толькі да рэчаў, але і да чалавека, асабліва, калі ён перашкаджае камфортнаму, прыемнаму існаванню. Такі падыход да жыцця супярэчыць праўдам, якія аб’явіў Бог. Мой розум і мая воля патрэбны, каб я меў здаровую веру, каб меў здаровыя перакананні, правільны жыццёвы светапогляд, каб мог правільна фармаваць сваю веру, каб мог граматна падзяліцца верай і сваімі ведамі з іншымі. У гэтым ёсць нашае хрысціянскае пакліканне.
У трэці дзень рэкалекцый бр. Віталь закрануў тэму слухання, разважаў над тым, што перашкаджае нам пачуць Божае слова, чаму мы застаемся да яго “глухаватымі”.
Мы можам быць навучаны, што ёсць адзіны Бог і няма іншага, што Ён вучыць нас таму, што для нас лепшае. Мы можам ведаць, што важна паглыбляць, развіваць сваю веру, дазваляць Божаму святлу ўваходзіць у жыццё і самому трываць у гэтым святле. Але нам складана выйсці з самадастатковасці, пачуць і адчуць, што нам патрэбны Бог.
Бр. Віталь звярнуў увагу на тое, што грэцкае слова φως (“фос”) – “святло” – мае таксама значэнне “акно”. Акно дазваляе святлу трапіць у памяшканне. Вобразна кажучы, мы завешваем акно свайго сэрца, каб схавацца ад Божага святла. Што з’яўляецца той шторай? Гэта можа быць страх, недавер, грэх.
Ва ўрыўку Евангелля на гэты дзень (Ян 1, 6–8. 19–28) Касцёл дае нам прыклад чалавека, які ўмеў слухаць і не баяўся пачуць: Ян Хрысціцель. Гэты чалавек умеў стаць перад сабой і перад Богам у праўдзе, у пакоры. Яго не цікавіла слава. Ён усведамляў сябе інструментам у руках Божых. Ён проста шукаў, як найлепш выканаць Божую волю.
Бр. Віталь таксама звярнуў увагу на цара Саламона, які спадабаўся Богу тым, што папрасіў для сябе мудрае сэрца, гэта значыць (у перакладзе з габрэйскага) сэрца, якое ўмее слухаць.
У сучасным свеце празмернай колькасці інфармацыі мы прызвычаіліся слухаць павярхоўна, і дзесьці гэта адбіваецца і на адносінах з Богам, калі мы рассейваем слых і не інтэнсіўна ўваходзім у слуханне Божага слова ў касцёле. Каб мець мудрае сэрца, важна навучыцца ўслухоўвацца ў Божае слова, у сваё сэрца і абставіны, а таксама ў сэрца іншага чалавека, які гэтага патрабуе.
Сваёй здольнасцю слухаць мы можам быць апорай і святлом для іншага чалавека.
Падчас Адвэнту мы маем магчымасць чарговы раз услухацца ў стаенку, дзе ўзяло пачатак Жыццё і Збаўленне, каб пачуць, як адгукаецца ў нашым сэрцы любоў Бога.
Бр. Віталь пажадаў адвагі, каб пачаць рабіць крокі, пераадолець страх пераменаў, дазволіць Духу Святому дзейнічаць.
Тэкст: Кацярына Савянок
Фота: Таццяна Шумель, Вадзім Каралькоў