Skip to main content

ЗВАНЫ ПРАДОЎЖЫЛІ СВАЁ БЫЦЦЁ….

| Падзеі »


Усклікайце Пану, уся зямля,
радуйцеся, спявайце і грайце.

Пс. 97:4

8 снежня ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў касцёле святога Піо ў Маладзечне ўпершыню загучалі доўгачаканыя званы. Літургію благаслаўлення званоў распачала ўрачыстая працэсія святароў на чале з дапаможным біскупам  Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыем Касабуцкім.

Званы цесна злучаны з жыццём Божага народа. Іх звон вызначае час малітвы, збірае народ на літургію, нагадвае пра важныя падзеі, якія напаўняюць радасцю альбо болем Касцёл ці паасобных вернікаў. Няхай пабожны ўдзел у сённяшнім абрадзе зробіць нас уважлівымі да звону гэтых званоў. Колькі разоў яго пачуем, будзем памятаць, што мы – адна сям’я, якая павінна збірацца разам на знак свайго яднання ў Хрысце”, – звярнуўся іерарх на пачатку абраду асвячэння да прысутных.

Пад велічны звон адбыўся ўваход у святыню. Касцёл святога Піо пачаў будавацца ў 2003 годзе. Доўгіх двадцаць гадоў агульнымі намаганнямі братоў капуцынаў, парафіянаў і іншых людзей узрастала і дабудоўваецца яшчэ і ў цяперашні час святыня. Больш чым за дзесяць гадоў таму збіраліся ахвяраванні, каб набыць званы. “І менавіта сёння мы змаглі пачуць “новы голас” нашага касцёла. Голас званоў, якія будуць абвяшчаць Божую Хвалу і запрашаць да малітвы”, – прамовіў брат Андрэй Жылевіч OFMCap, распавядаючы пра гісторыю званоў. Ён скіраваў словы падзякі да біскупа за радасць дару асвячэння званоў і за супольную малітву за парафію, а таксама да ўсіх вернікаў, дзякуючы якім у нашай святыні загучалі званы. Асаблівая ўдзячнасць прагучала ў адрас Андрэя Чыжэўскага, Паўла Сташкевіча, Івана Рогача і Таццяны Шумель.

У сваю чаргу, парафіяне шчыра павіншавалі ўладыку з двадцать сёмай гадавінай прэзбітэрскага пасвячэння і запрасілі раздзяліць разам гэты радасны і гістарычны момант жыцця.

Ва ўрачыстасць Беззаганай Дзевы Марыі, разважаючы над урыўкам з Евангелля, іерарх падкрэсліў, што Касцёл у гэты дзень асаблівым чынам моліцца за нашы сем’і: каб палюбілі і прынялі кожнае зачатае жыццё, бо ў момант зачацця ва ўлонні мамы чалавек становіцца ўжо чалавекам.

У прамове да вернікаў біскуп Юрый Касабуцкі  закрануў гістарычны аспект існавання званоў.“Гук царквы заўсёды прысутнічаў у гісторыі”, – адзначыў уладыка пад час гаміліі. Ён дадаў, што гук трубы, на голас якой людзі збіраліся на малітву, іграў вельмі важную ролю ў рэлігійным значэнні ў жыцці старажытных габрэяў. Ён выкарыстоўваўся на пачатку штодзённай малітвы. У першыя вякі хрысціянства не было званоў з-за ганенняў. Пазней, пасля Міланскага эдыкту на пачатку чацвертага стагоддзя, хрысціяне атрымалі вольнасць. Пачалі будаваць першыя святыні. Спатрэбіліся званы, каб людзі ведалі, калі цэлебруецца Імша. А пазней увялі таксама, што людзі, якія не маглі ўдзельнічаць ў Імшы, ведалі, калі ёсць цантральная частка Імшы – кансэкрацыя. Званы, перш за ўсё, маюць рэлігійны характар і збіраюць на малітву.

У Маладзечне гэтыя званы будуць таксама абвяшчаць людзям час малітвы, заклікаць людзей да малітвы. А можа голас гэтых званоў, як язык звана, які стукаецца аб яго, дастукаецца да чыйгосьці сэрца”,– падкрэсліў іерарх.

Напрыканцы пробашч парафіі брат Ігар Колзун OFMCap выказаў словы ўдзячнасці Богу Ўсемагутнаму і Найсяцейшай Панне Марыі за ласку, што ўсе маглі сёння быць разам і маліцца. А таксама падзякаваў уладыку Юрыю Касабуцкаму і ўсім тым, хто спрычыніўся да свята.

***
Званы выраблены ў 1977 годзе.
Прывезены сёлета ў жніўні  з нямецкага горада Кіль.
“На вялікі жаль, вера слабне і нават знікае. Еўропа ўжо больш не з’яўляецца хрысціянскай, а постхрысціянскай. Мы нясём адказнасць за перадачу веры іншым людзям”, – адзначыў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч у слове, скіраваным на Адвэнт бягучага года да вернікаў нашай краіны.

***

Такім чынам, урачыстасць Беззаганай Дзевы Марыі для парафіі святога Казіміра ў гэтым годзе адзначана радаснай падзеяй – ёсць надзея, што прыгожае гучанне званоў, якое распачалося менавіта ў Адвэнт, дапаможа аздаравіць шматлікія сэрцы Адамаў і Еў.

Звіняць званы. Як б’ецца моцна сэрца
Пад велічны, прыгожы звон.
Дзе радуюцца разам і зямля, і неба -
Там Пану Богу аддаюць паклон.

У зімні час ва ўрачыстасць Беззаганнай Дзевы
Прадоўжылі званы сваё быццё.
Хай нагадаюць нам надзею нашай веры
І абуджаюць кожны раз жыццё.

Тэкст: Алена Каралькова

Фота: Эрык Савянок