У малым ты быў верны, увайдзі ў радасць гаспадара твайго
Тэкст Евангелля патрабуе каб мы яго актуалізіравалі да свайго жыцця. Таму таланты якія атрымалі слугі ў Евангеллі, можам разумець як здольнасці каб прыносіць карысць сабе і бліжняму (Ян Златавусны).
Кожны чалавек на зямлі атрымаў ад Бога якісьці талант. Адны атрымалі больш, хтосьці менш.
З гэтага ўзнікае абавязак памнажаць атрыманыя таланты, бо ў выніку памнажэння атрымаюць вечнае збаўленне. Прыйдзе час адказнасці за атрыманыя таланты і будзем адказваць як і за згубу іх, так і за занядбанні ў памнажэнні.
Суд і ўзнагарода чакае ўсіх. Не хопіць самых пабожных слоў калі не будуць яны падмацаваныя спаўненнем Божай волі.
бр. Юрый Краўчанка
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Прып 31, 10–13, 19–20, 30–31
Ахвотна працуе рукамі сваімі
Чытанне кнігі Прыпавесцяў Саламона.
Жанчыну дасканалую хто ж знойдзе?
Цана яе большая, чым перлаў.
Давярае ёй сэрца мужа яе,
і ён не застанецца без прыбытку.
Яна адплочвае яму дабром, а не злом,
ва ўсе дні ягонага жыцця.
Яна шукае воўну і лён
і ахвотна працуе рукамі сваімі.
Рукі свае працягвае да прáсніцы,
і пальцы яе трымаюць верацяно.
Далонь сваю працягвае ўбогаму
і руку сваю падае няшчаснаму.
Прывабнасць — гэта зман, а прыгажосць — гэта марнасць,
жанчына, якая баіцца Пана, годная пахвалы.
Аддавайце ёй паводле працы рук яе,
няхай хваляць ў брамах чыны яе.
Гэта слова Божае.
ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ
1 Тэс 5, 1–6
Каб дзень Пана не застаў вас, як злодзей
Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Тэсаланікійцаў.
Пра часы і пэўную пару няма патрэбы пісаць вам, браты, бо вы самі дакладна ведаеце, што дзень Пана прыйдзе, як злодзей уначы.
Калі будуць гаварыць: Мір і бяспека, — тады пагібель неспадзяваная прыйдзе да іх, быццам мукі да парадзіхі, і яны не ўцякуць. Вы ж, браты, не ў цемры, каб дзень застаў вас, як злодзей; бо ўсе вы сыны святла і сыны дня. Мы не належым ні да ночы, ні да цемры.
Дык не будзем жа спаць, як астатнія, але чувайма і будзьма цвярозымі.
Гэта слова Божае.
ЕВАНГЕЛЛЕ
У малым ты быў верны, увайдзі ў радасць гаспадара твайго
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Езус расказаў сваім вучням гэтую прыпавесць:
Пэўны чалавек, ад’язджаючы, паклікаў слуг сваіх і даручыў ім маёмасць сваю. Аднаму даў пяць талантаў, другому — два, іншаму — адзін, кожнаму паводле ўласных магчымасцяў, і ад’ехаў.
Па доўгім часе прыходзіць гаспадар слугаў гэтых і патрабуе ад іх рахунку.
Той, які атрымаў пяць талантаў, падышоў і прынёс яшчэ пяць талантаў і кажа: Гаспадар, пяць талантаў ты даў мне; вось яшчэ пяць талантаў я зарабіў на іх. Гаспадар ягоны сказаў яму: Добра, слуга добры і верны, у малым ты быў верны: над многім цябе пастаўлю. Увайдзі ў радасць гаспадара твайго.
Гэта слова Пана.
Папярэднія каментары можна прагледзець тут: Каментары
- Праглядаў: 1783