Любі Пана Бога твайго і любі бліжняга твайго, як самога сябе
Пытанне, якое прагучала з вуснаў фарысея і кніжніка, нягледзячы на кантэкст, з’яўляецца вельмі важным. Адказам на пытанне ёсць запаведзь любові. Яна адлюстроўвае найбольшае з людскіх жаданняў. Праз выкананне гэтай запаведзі становімся падобнымі да Бога. Найлепей гэты шлях нам паказаў Езус. Наследуючы Яму, маем шлях цяжкі, але бяспечны.
Перадусім, можам у Евангеллі бачыць, як Езус жыў, любячы свайго Айца больш за ўсё на зямлі. Любоў праявілася падчас мукі, калі маліўся: Ойча Мой, калі гэта магчыма, няхай абміне гэты келіх Мяне. Аднак, не як Я хачу, але як Ты. Любоў да Бога такую меў, што дазволіў, каб прыбілі да крыжа яго рукі і ногі.
Евангеліст Марк кажа, што аддаў сваё жыццё за многіх (14,24). У Евангеллі паводле Лукі пачуем словы Езуса падчас малітвы: Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць (23,34). У гэтых двух апошніх прыкладах бачым Яго любоў да бліжняга.
Ідучы шляхам любові, патрабуем найперш дасведчыць Божай любові да нас саміх, тады становімся здольныя да любові другога чалавека, і гэта любоў ахвярная. Такое жыццё магчыма толькі ў лучнасці з Езусам.
бр. Юрый Краўчанка
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Калі пакрыўдзіце ўдаву і сірату, распаліцца гнеў Мой
Чытанне кнiгi Зыходу.
Так кажа Пан:
Чужаземца не ўціскайце і не прыгнятайце яго, бо вы самі былі чужаземцамі ў зямлі егіпецкай.
Ніводнай удавы і сіраты не крыўдзіце. Калі пакрыўдзіце іх, то Я, калі будуць заклікаць Мяне, пачую іхні крык; і распаліцца гнеў Мой, і заб’ю вас мячом, і будуць жоны вашыя ўдовамі, а сыны вашыя — сіротамі.
Калі пазычыш грошы народу Майму, беднаму, які ёсць з табою, не будзь для яго як ліхвяр; не вымагай ад яго працэнтаў.
Калі возьмеш у заклад плашч бліжняга свайго, да захаду сонца аддай яго, бо гэта адзінае ягонае ўбранне, гэта вопратка для цела ягонага. На чым ён яшчэ будзе спаць? І станецца, калі ён будзе заклікаць Мяне, Я пачую яго, бо Я міласэрны.
Гэта слова Божае.
ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ
Вы, пакінуўшы ідалаў, звярнуліся да Бога, каб служыць Яму і чакаць Сына Ягонага
Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Тэсаланiкiйцаў.
Браты:
Вы ведаеце, якімі сталі мы ў вас дзеля вас. I вы пачалі наследаваць нас і Пана, прыняўшы слова ў вялікім уціску з радасцю Духа Святога, так што сталіся вы ўзорам для ўсіх вернікаў у Македоніі і Ахаі.
Дзякуючы вам прагучала слова Пана не толькі ў Македоніі і Ахаі, але і ў кожным месцы распаўсюджвалася ваша вера ў Бога, так што нам няма патрэбы нешта казаць. Самі яны пра нас сведчаць, якім быў наш прыход да вас і як вы, пакінуўшы ідалаў, звярнуліся да Бога, каб служыць жывому і праўдзіваму Богу і чакаць з нябёсаў Сына Ягонага, якога Ён уваскрасіў з мёртвых, — Езуса, які выбаўляе нас ад надыходзячага гневу.
Гэта слова Божае.
ЕВАНГЕЛЛЕ
Любі Пана Бога твайго і любі бліжняга твайго, як самога сябе
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Калі фарысеі пачулі, што Езус прымусіў замоўкнуць садукеяў, сабраліся разам. І адзін з іх, кніжнік, выпрабоўваючы Яго, спытаўся: Настаўнік, якая запаведзь найбольшая ў Законе?
Езус сказаў яму: Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім. Гэта найбольшая і першая запаведзь. Другая ж — падобная да яе: Любі бліжняга твайго, як самога сябе. На гэтых дзвюх запаведзях грунтуецца ўвесь Закон і Прарокі.
Гэта слова Пана.
Папярэднія каментары можна прагледзець тут: Каментары
- Праглядаў: 1763