Трэнінг "ВЕРА+РОЗУМ=ГАРМОНІЯ" 9 ліпеня 2022

9 ліпеня скарбонка добрых спраў парафіяльнай суполкі «Caritas» папоўнілася яшчэ адной справай, а менавіта, ў гэты дзень прайшоў трэнінг «Вера + Розум = Гармонія», які правёў кандыдат сацыялагічных навук, дацэнт Уладзімір Глушакоў.
Уладзімір з’яўляецца нашым парафіянінам і валанцёрам парафіяльнай суполкі «Caritas» у нашым касцёле. (Валанцёр – гэта той, хто працуе бескарысна для дабрабыту бліжняга.)
Перад пачаткам трэнінга мне давялося пагутарыць з Уладзімірам Яўгенавічам. І вось што я даведалася.
Ідэя трэнінга ўзнікла 9 год назад. Да майго суразмоўцы звярнуўся адзін веруючы чалавек, які атрымаў грант і хацеў патраціць яго на карысць людзям. Назва трэнінга нарадзілася ўжо праз 2 дні. Мэтай стала духоўнае ўмацаванне і падтрымка людзей з розным узроўнем разумення веры. Фундаментам з’яўляецца тое, што чалавек атрымаў ад Бога 2 дары: веру і розум. Верай, якая даецца чалавеку дарма, мы павінны дзяліцца. А розум дае нам магчымасць паглыбляць нашу веру і пазнаваць Бога.
На пытанне, якія чаканні у лектара ад трэнінга, ён адказаў, што калі трэнінг будзе карысны для 1 – 2 чалавек, то яго праца не была марнай і папярэдзіў мяне, што трэнінг будзе для удзельнікаў дастаткова складаным, бо неабходна будзе ўключыць як свой розум, так і сваё сэрца.
На сустрэчы ў касцёле сабралася каля 50 чалавек. Малодшаму удзельніку было 12 год.
Напачатку я паспрабавала даведацца ў зацікаўленых людзей пра іх чаканні і пачула розныя адказы, якія можна абагульніць наступным чынам. Большасцю кіравала цікаўнасць, патрэба ў пытаннях для духоўных разважанняў і імкненне да самапазнання і самаразвіцця. Пры апытанні пасля трох часоў сумесных пошукаў праўды, удзельнікі адказвалі, што засталіся задаволенымі, праца была цікавай і дынамічнай, інфармацыя – актуальнай і карыснай.
Трэнінг праходзіў у форме дыялогу, і ўжо праз некалькі хвілін пасля пачатку ўсталявалася атмасфера даверу. Усе тэарытычныя часткі падмацоўваліся павучальнымі прыкладамі з жыцця і Бібліі, даваліся канкрэтныя тэхнікі для развіцця увагі і памяці.
Скачаць Практыкаванні ў фармаце PDF
Сумесна было вырашана, што неабходны працяг, каб больш поўна ахапіць дадзеную тэму.
Пасля сустрэчы Уладзімір прызнаўся, што адчувае прыемную стомленасць і задавальненне, бо змог перадаць тое, што запланаваў. А ўдзячнасць удзельнікаў пабуджае працаваць далей!
Тэкст: Людміла Губко
Фота: Ірына Фаміна, Вікторыя Гулецкая