Урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста 16.06.2022
16 чэрвеня наша парафія ў лучнасці з усім Святым касцёлам адзначыла свята Божага Цела і Крыві, якое у народзе часам называюць святам “Чатырох алтароў”. Гэта рухомае свята і адзначаецца яно ў чацвер (бо Езус устанавіў Сакрамант Эўхарыстыі менавіта ў гэты дзень тыдня), пасля урачыстасці Найсвяцейшай Тройцы.
Урачыстую імшу цэлебраваў ксёнз-пробашч нашай парафіі а. Ігар Колзун. Шмат вернікаў прыйшло пасля працы да святыні, каб злучыцца ў супольнай малітве. Айцец Уладзіслаў падкрысліў падчас гаміліі важнасць у гэты дзень яшчэ раз засяродзіцца на Таямніцы Эўхарыстыі і пераасэнсаваць важнасць лучнасці з Хрыстом у Святой камуніі. Самая годная манстранцыя для Найсвятейшага Сакраманта – гэта чыстае сэрца чалавека.
Пасля Святой імшы традыцыйна адбылася працэсія вакол касцёла, якую пдарыхтавалі нашыя сёстры. Дарэчы, першыя звесткі пра працэсію з чатырма алтарамі паходзяць з Германіі, з Кёльна, і адносяцца да ХIV ст. У працэсіях, падчас якіх святар выносіць Найсвяцейшыя Дары з касцёла, хрысціяне даюць публічнае сведчанне сваёй веры і пабожнасці ў адносінах да Найсвяцейшага Сакрамэнту. Дзяўчаты, апранутыя як анёлы, кідалі пялёсткі кветак перад манстранцыяй з Найсвяцейшымі Дарамі. Спеў хору разносіўся навокал і прыцягваў увагу жыхароў гораду.
Упрыгожанне 4 алтароў аб’яднала розные суполкі нашай парафіі. Шмат людзей унесла свой уклад у тое, каб свята было сапраўды ўрачыстым. Напрыканцы ўсе вернікі спявалі старадаўні гімн “Te Deum”. “…Пану веру, дык не буду асаромлены навекі”.
Тэкст: Людміла Губко
Фота: Эрык Савянок