21 кастрычніка адбыўся Ружанцовы кангрэс у Магілёве
6 прадстаўнікоў з нашай парафіі прынялі ўдзел у Ружанцовым Канрэсе, які адбыўся ў катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава ў Магілёве.
Ніхто з удзельнікаў не пашкадаваў, што паехаў! Была вельмі насычаная праграма: шмат канфірэнцый на тэму ружанца, гарбата, супольны абед, асабліва спадабаўся канцэрт на заканчэнне дня. Дзякуем Богу за такую магчымасць падзяліцца сваёй верай і любоў'ю да Марыі!
Галоўнай мэтай кангрэсу было абуджэнне большай любові да малітвы Ружанца.
Арганізатарамі кангрэсу выступілі айцы дамінікане з Магілёва. Да ўдзелу былі запрошаны святары, кансэкраваныя асобы, прадстаўнікі груп «Жывога Ружанца» з усіх дыяцэзій і ўсе тыя, хто пажадаў «нанова запалаць апостальскай руплівасцю і стаць евангелізатарамі — найперш праз уласнае навяртанне і малітву, а таксама праз заахвочванне іншых да гэтай незвычайнай малітвы».
Кангрэс распачаўся раніцай. З дакладам «Развіццё ружанцовай малітвы і актуальнасць вучэння папы Льва XIII у яго дванаццаці ружанцовых энцыкліках» выступіў а. доктар Анджэй Белят ОР. Пасля прагучаў даклад а. Рамана Шульца ОР пад назвай «Важныя аспекты апостальскага ліста Яна Паўла ІІ Rosarium Virginis Mariae у перспектыве 5 умоваў малітвы на ружанцы».
Прысутныя мелі магчымасць задаць дакладчыкам пытанні.
Потым адбылася малітва Ружанца і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту.
Пасля абеду да сабраных звярнулася з дакладам «Ружанцовая малітва і справы Міласэрнасці ў жыцці благаслаўлёнага Барталамея Лонга, дамініканскага тэрцыярыя» Юлія Шэдзько Ops. Быў прадстаўлены таксама даклад с. Марыі Емяльянчык ОР «Значэнне і неабходнасць ружанцовай малітвы, паказаныя ў фацімскіх аб’яўленнях». Зноў прагучалі пытанні да выступоўцаў.
Пасля невялікага перапынку настаў час для сведчанняў, вершаў, увазе прысутных былі прадстаўлены новыя музычныя творы і песні на ружанцовую тэматыку.
Кангрэс завяршыўся святой Імшой, якую ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Іерарх падзякаваў біскупу Аляксандру Яшэўскаму SDB, біскупскаму вікарыю для Магілёва і Магілёўскай вобласці, і айцам дамініканам за арганізацыю гэтага кангрэса, які, па словах Мітрапаліта, «будзе спрыяць далейшаму развіццю ружанцовай малітвы, якая, праз праслаўленне Марыі, вядзе нас да Езуса».
Больш даведацца пра Ружанцовы кангрэс можна на сайце catholic.by