Святы Пасхальны Трыдуум
На працягу трох дзён, якія называюцца Святым Пасхальным Трыдуумам, Касцёл урачыста адзначаў найбольшую таямніцу нашага адкуплення. Згодна з даўняй жыдоўскай традыцыяй, дні лічаць ад змроку: ад вечара чацвярга да вечара пятніцы (1 дзень), ад вечара пятніцы да вечара суботы (2 дзень) ад вечара суботы да вечара нядзелі (3 дзень).
Пасхальны Трыдуум распачаўся з вечаровай Імшы Вячэры Пана у Вялікі Чацвер, калі асаблівым чынам з падзякай успаміналі ўстанаўленне сакрамэнтаў Эўхарыстыi i святарства. Цэлебрацыя распачалася прыгожым святочны перазвонам, але адразу з гэтага моманту музычныя iнструменты i званы змоўклi, каб загучаць толькi ў Святую пасхальную ноч. Гэта знак пачатку перажывання касцёлам мукi Збаўцы. Як знак таго, што да Вялiкай ночы не будзе цэлебравацца святой Iмшы, з алтара быў зняты абрус.
У Вялікую Пятніцу Касцёл успамінаў пакуты і смерць Езуса Хрыста на крыжы. У гэты дзень не цэлебравалася Святая Імша, а адбывалася набажэнства, якое мае назву літургія Мукі Пана. На пачатку Лiтургii святар цэлебрант у чырвонай адзежы моўчкi малiўся, лежучы крыжам перад алтаром. Пасля чытанняў, у якіх апісваліся мукі Езуса, і малітвы вернікаў святар урачыста зняў фіялетавую тканіну, якой быў агорнуты крыж з пятай нядзелі Вялікага посту. Пасля, у знак сваёй любові да Езуса і згоды ўзяць на сябе свой крыж і пайсці за Ім, кожны мог ушанаваць крыж паклонам. Пасля Камунii ўцелаўлёны ў Найсвяцейшых Дарах Езус быў перанесены ў сiмвалiчную грабнiцу, а на манстранцыю з Гостыяй была накiнута напаўпразрыстая белая тканiна на знак таго, што адразу пасля смерцi Езуса на крыжы таямнiца збаўлення яшчэ не была праяўлена цалкам.
Вялікая Субота – дзень цішыні. Касцёл прабываў каля гробу Пана, разважаючы пра Яго муку, смерць і сыходжанне ў адхлань.
А 23-00 распачалася Вялікая Вігілія Змёртвыхпаўстання Пана ў Вялікую Ноч. Яна пачалася з Літургіі святла, падчас якой адбылося благаслаўленне агню і пасхала, вялікай свечкі, якая сімвалізуе Езуса Хрыста. У працяглай Літургіі Слова Касцёл успамінаў пра цуды, ўчыненыя Богам дзеля збаўлення чалавецтва, пачынаючы ад стварэння свету. Першы раз ад пачатку Вялікага посту зноў прагучаў спеў "Аллелюя". Трэцяя частка Вігіліі — гэта Літургія Хросту, падчас якой была асвечана вада і ўсе вернікі аднавілі свае абяцанні хросту. Святую Імшу каранавала Эўхарыстычная Літургія - складанне ў постацях хлеба і віна ахвяры Цела і Крыві Езуса Хрыста. Пасля Святой Імшы адбылася рэзурэкцыйная працэсія.
Хрыстос уваскрос! Аллелюя!
Сапраўды ўваскрос! Аллелюя!
Больш фота тут: