О жанчына, вялікая вера твая!
Езус адыходзіць у бок Тыра і Сідона, дзе большая частка насельніцтва была язычніцкая. Адбылося гэта пасля дыскусіі з фарысеямі і вучонымі з Ерузалема, якія абураліся на вучняў Езуса, што не шануюць традыцыі старэйшых (Мц 15,1-20). Нарастае праз гэта дыстанцыя паміж настаўнікам з Назарэта і афіцыйнымі прадстаўнікамі Ізраэля.
Далей адбываецца сустрэча Езуса, які адыходзіць ад людзей, зацвярдзелых рэлігійна, і жанчыны, якая ідзе з краіны цемры і смерці. Канаанцы жылі ў гэтай зямлі да прыхода Ізраэля з зямлі егіпецкай. Не жылі яны ў міры між сабой, былі чужымі культурна і рэлігійна. Жанчына сімвалізуе мір язычніцкі, які шукае збаўлення ў Езусе з Назарэта.
Словы, якія гучаць з вуснаў жанчыны, падобныя да слоў двух сляпых (Мц 9,27), крычаў таксама і натоўп у святыні (пар. 21,9.15). У просьбе канаанкі бачна не роспач, але выраз веры. Жанчына называе Езуса Панам і Сынам Давіда. Евангеліст Мацвей 19 разоў карыстаецца ў евангеллі тэрмінам Пан (гр. кіріос) і заўсёды ў кантэксце веры. “Сын Давіда” - таксама тытул месіі, карыстаюцца ім у Евангеллі людзі простыя і нешчаслівыя (9,27; 12,23; 20,30н; 21,9). Канаанка просіць міласэрнасці для сябе, а пазней кажа пра сваё цярпенне: мая дачка цяжка апантаная злым духам. Цішыня ў рэакцыі Езуса на просьбу жанчыны тлумачыцца Ім, калі звяртаецца да сваіх вучняў. З болем у сэрцы перажывае, бо ўласны народ Яго не прымае, адначасова ведае, што яшчэ не настаў час місіі для іншых народаў. Евангелле па ўсёй зямлі будуць абвяшаць Яго вучні.
Нягледзячы на маўчанне Езуса і неахвоту вучняў, жанчына аддае Яму паклон. На суровы адказ Езуса жанчына адказвае пакорнымі словамі. Не націскае на выкананне яе просьбы, разумее першынства Ізраэльскага народа і гатова пакорна чакаць на дар паводле веры.
Пасля некалькіх негатыўных адказаў Езус падкрэслівае веру канаанкі. У пацвярджэнне, што просьба жанчыны была выслухана, евангеліст кажа аб аздараўленні яе дачкі.
У словах вучняў можам бачыць і просьбу аб прыхільнасці да яе (15,23б), і пасля ўваскрасення Хрыста пачуюць яны заклік да місіі аж да межаў зямлі, каб збаўленне мелі ўсе людзі. Касцёл, які заснаваў Езус, не мае ніводных межаў этнічных, ёсць ён для ўсіх народаў.
бр. Юрый Краўчанка
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Сыноў чужаземцаў узвяду на гару Маю святую
Чытанне кнігі прарока Ісаі.
Так кажа Пан:
Захоўвайце правасуддзе і чыніце справядлівасць,
бо хутка прыйдзе збаўленне Маё
і аб’явіцца справядлівасць Мая.
Сыноў чужаземцаў, якія далучыліся да Пана,
каб служыць Яму і любіць імя Пана,
каб быць Яго слугамі,
усіх, хто захоўвае суботу, каб не ганьбіць яе, і тых,
хто моцна трымаецца Майго запавету,
узвяду на гару Маю святую
і ўсцешу іх у Маім доме малітвы.
Усеспаленні іхнія і ахвяры
будуць даспадобы Мне на ахвярніку Маім,
бо дом Мой будзе названы
домам малітвы для ўсіх народаў.
Гэта слова Божае.
ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ
Дары і пакліканне Божае нязменныя
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.
Браты:
Я кажу вам, язычнікам: як Апостал язычнікаў я праслаўляю служэнне сваё, каб абудзіць руплівасць сярод сваіх суродзічаў і каб давесці да збаўлення некаторых з іх. Бо калі адкідванне іх — гэта прымірэнне для свету, то што ж тады іх прыняцце, калі не паўстанне да жыцця з памерлых?
Дары і пакліканне Божае нязменныя. Як і вы некалі былі непаслухмяныя Богу, а цяпер памілаваны праз непаслухмянасць іхнюю, гэтак і яны цяпер непаслухмяныя, каб праз змілаванне над вамі і самі яны памілаваныя былі. Таму што Бог замкнуў усіх у непаслухмянасць, каб усіх памілаваць.
Гэта слова Божае.
ЕВАНГЕЛЛЕ
О жанчына, вялікая вера твая!
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Езус выйшаў і скіраваўся ў землі Тыра і Сідона. I вось жанчына з Ханаана выйшла з тых ваколіц і пачала крычаць: Змілуйся нада мною, Пане, Сыне Давіда! Мая дачка цяжка апантаная злым духам.
Але Езус не адказаў ёй ні слова. Тады вучні Ягоныя падышлі і прасілі Яго: Адпусці яе, бо яна крычыць услед за намі. Ён сказаў у адказ: Я пасланы толькі да загінуўшых авечак з дому Ізраэля.
Яна ж падышла, пакланілася Яму і сказала: Пане, дапамажы мне. Ён сказаў у адказ: Нягожа забраць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам. Яна сказала: Так, Пане, але і шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іхніх. Тады Езус сказаў ёй у адказ: О жанчына, вялікая вера твая! Няхай станецца табе, як жадаеш. I з гэтага моманту яе дачка стала здаровай.
Гэта слова Пана.
Паводле Catholic.by
XIX Звычайная нядзеля, Год А (13 жніўня)
Свята Перамянення Пана, Год А (6 жніўня)
XVII Звычайная нядзеля, Год А (30 ліпеня)
ХVI Звычайная нядзеля, Год А (23 ліпеня)
- Праглядаў: 1915