Skip to main content

Загадай мне ісці да Цябе па вадзе

 

Езус свядомы слабасці сваіх вучняў, таму, каб цудоўнае размнажэнне хлеба не прывяло вучняў да спакусы трыўмфальнага разумення Валадарства Божага, загадвае вучням сесці ў човен і пераплысці на другі бераг. Апостал Ян падцвярджае гэта кажучы, што людзі хацелі супраць Яго волі выбраць каралём (пар Ян 6, 14-15).

З натоўпам людзей Езус паступае інакш чым вучні: яны перад цудоўным размнажэннем хлеба хочуць адправіць натоўп, а пасля цуду ўжо імкнуцца затрымаць, Езус наадварот, затрымлівае і даючы тое, што патрабуюць адпраўляе людзей.

Стары Запавет шмат мае ў сабе апісанняў цудаў, але па паверхні вады толькі Бог мог хадзіць. Езус ідучы па паверхні вады і супакойваючы буру пацвярджае сваё Божае паходжанне. Робіць тое, што толькі можа рабіць Бог (Hi 9, 8; 38, 8.16).

Прысутнасць Езуса і супакойваючыя словы рассейваюць боязь вучняў. Выражэнне “эго эймі” нагадвае прысутнасць Бога ў народзе выбраным у часах якія апісвае кніга Выхаду.

Пётр мае жаданне больш упэўніцца, што гэта Езус і просіць знак (загадай мне ісці да цябе па вадзе). На загад “прыйдзі” Пётр гатовы рызыкаваць і слухаючыся Езуса здольны рабіць тое самае, што і Езус. Пакуль Пётр глядзеў на Езуса, ішоў, а калі засяродзіўся на сваёй боязі да стыхіі пачаў тануць. “Пане ратуй мяне”, у гэтым воклічы можам пачуць сапраўднае Імя Езуса - Бог збаўляе. Імя, праз якое мы атрымліваем збаўленне (пар. Дз 2, 21; 4, 12). Пётр не застаецца адзін са сваёй слабасцю, бо Езус сам выцягвае да яго руку і ратуе ад смерці. Бачым тут малую веру Пётра, якой не хапае падчас вялікіх пробаў.

Спакой, які ахоплівае прысутных вучняў прыходзіць пасля досведу звязанага з хростам, дзе ёсць слуханне Бога, падарожжа па вадзе, зыход на дно, заклік Імя Езуса і ўратаванне.

Урывак сённяшняга Евангелля заканчваецца вызнаннем веры “Ты сапраўды Сын Божы”, гучыць яно ўжо пасля таго як вучні пераканаліся, што Езус з’яўляецца кімсьці большым, ад прарока Ёны, бо мае божую ўладу над сіламі натуры.

бр. Юрый Краўчанка 

 

 

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

1 Вал 19, 9а. 11–13а

Стань на гары перад абліччам Пана

Чытанне Першай кнігі Валадарстваў.

У тыя дні:

Калі Ілля прыйшоў да Божай гары Горэб, ён увайшоў у пячору. І скіраваў Пан да яго слова, кажучы: Выйдзі і стань на гары перад абліччам Пана, і вось пройдзе Пан, і будзе перад Ім вецер вялікі і моцны, які разрывае горы і крышыць скалы, але не ў ветры Пан. А пасля ветру будзе землятрус, але не ў землятрусе Пан. Пасля землятрусу будзе агонь, але не ў агні Пан. Пасля ж агню — шум ціхага ветру.

Пачуўшы гэта, Ілля прыкрыў твар свой плашчом, выйшаў з пячоры і стаў пры ўваходзе да яе.

Гэта слова Божае.

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

Рым 9, 1–5

Я хацеў бы сам быць адлучаным ад Хрыста замест братоў маіх

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.

Браты:

Я кажу праўду ў Хрысце, не ілгу, і пацвярджае сумленне маё ў Духу Святым, што смутак мой вялікі і няспынна пакутуе сэрца маё. Бо я хацеў бы сам быць адлучаным ад Хрыста замест братоў маіх, родных мне паводле цела, ізраільцянаў, якім належыць усынаўленне, і хвала, і запаветы, і ўстанаўленне законаў, і Божае служэнне, і абяцанні. Да іх належаць айцы, і з іх паводле цела Хрыстус, Бог над усімі, благаслаўлёны навекі, амэн.

Гэта слова Божае.

 

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 14, 22–33

Загадай мне ісці да Цябе па вадзе

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

Калі натоўп быў накормлены, Езус адразу ж загадаў вучням сваім сесці ў човен і пераплысці на другі бок перад Ім, пакуль Ён адпусціць народ. Адпусціўшы народ, Ён падняўся на гару памаліцца ў самоце. Калі настаў вечар, заставаўся там адзін.

Тым часам човен ужо адплыў шмат стадыяў ад берага. І кідалі яго хвалі, бо вецер быў супраціўны. У чацвёртую ж варту ночы Езус пайшоў да іх, ідучы па моры. А вучні, убачыўшы, як Ён ідзе па моры, спалохаліся і казалі: Гэта прывід. I ад страху закрычалі. Але Езус адразу загаварыў з імі і сказаў: Будзьце адважнымі, гэта Я, не бойцеся.

Пётр сказаў Яму ў адказ: Пане, калі гэта Ты, загадай мне ісці да Цябе па вадзе. Ён жа сказаў: Ідзі. Выйшаўшы з чоўна, Пётр пачаў ісці па вадзе і падышоў да Езуса. Але, убачыўшы моцны вецер, спалохаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў: Пане, ратуй мяне! Езус адразу ж працягнуў руку, схапіў яго і сказаў яму: Малаверны, чаму засумняваўся ты? Калі ўвайшлі яны ў човен, вецер сціх. А тыя, хто быў у чоўне, пакланіліся Яму і сказалі: Ты сапраўды Сын Божы!

Гэта слова Пана.

 

 Паводле Catholic.by

 

 

Свята Перамянення Пана, Год А (6 жніўня)  

XVII Звычайная нядзеля, Год А (30 ліпеня)

ХVI Звычайная нядзеля, Год А (23 ліпеня)  

 

 

 

 

  • Праглядаў: 1988