Радасная сустрэча пад небам Купалы: як Назарэтанскія сем’і наведалі Радашковічы
“Радуйцеся заўсёды ў Госпадзе;
і зноў кажу: радуйцеся”
Флп 4, 4.

8 лістапада мы, супольнасць Назарэтанскіх сем’яў з парафіі Святога Казіміра ў Маладзечне на чале з братам Андрэем Жылевічам, наведалі парафіяльны касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Радашковічах. Пад небам гэтага старажытнага мястэчка, дзе ў 1882 годзе быў ахрышчаны Янка Луцэвіч – будучы народны паэт Янка Купала, мы сабраліся разам. Гэта была не проста экскурсія ці пазнавальная паездка, а сапраўднае паломніцтва, якое аб’яднала малітву, гісторыю і жывое слова.

З самага пачатку мы адчулі сябе тут сапраўднымі гасцямі. Нас вельмі цёпла і шчыра прывітаў пробашч парафіі, ксёндз канонік Юрый Быкаў. Яго словы і ўвага стварылі тую асаблівую атмасферу радасці і братэрства, якая панавала ў храме ўвесь час нашага знаходжання тут.
Наш дзень распачаўся з удзелу ў святой Імшы. У супольнай малітве мы ўзносілі да Бога свае просьбы і падзякі. Агульная Эўхарыстыя стала тым цэнтрам, вакол якога будавалася ўсё далейшае жыццё гэтага дня.
Сапраўдным і вельмі кранальным знакам Божай ласкі для ўсіх нас стаў хрост маленькага Міхаіла-Генрыха. Мы сталі сведкамі таямніцы нараджэння новага жыцця ў Хрысце. Гэта было неверагодна сімвалічна: бачыць, як немаўля прымае святую веру ў старажытных сценах, дзе некалі хрысцілі самога Янку Купалу – гэта нагадала ўсім нам, што Касцёл жывы, а спадчына продкаў не перарываецца.

Калі адгучалі словы Евангелля, гамілію прамовіў брат Андрэй Жылевіч. Яго словы сталі жывым тлумачэннем Божага слова для сабраных у храме. Слова гэтага дня было прысвечана пошуку мудрасці, прагі Бога і гатоўнасці да сустрэчы з Хрыстом. Але асаблівую ўвагу брат Андрэй надаў прыпавесці пра паннаў.
“Прыпавесць распавядае пра дзесяць дзяўчат, якія выйшлі насустрач жаніху, – гаварыў брат Андрэй. – Усе яны мелі светачы, усе чакалі, усе задрамалі, калі жаніх спазняўся. Розніца паміж мудрымі і неразумнымі была толькі ў адным: мудрыя ўзялі з сабой алей”.
Брат Андрэй звярнуў увагу на глыбокі сэнс гэтай алегорыі, адзначыўшы, што алей – гэта не проста добрыя ўчынкі ці ласка. Ён сказаў: “Алей – гэта тое, што падтрымлівае полымя нават тады, калі ніхто не бачыць і не ацэньвае. Гэта ўнутраная падрыхтоўка, якая не залежыць ад знешніх абставінаў. Гэта наша вера”.
Засяродзіўся святар і на тым, што ўсе дзесяць паннаў заснулі: “Евангелле не патрабуе ад нас, каб мы ніколі не стамляліся або не драмалі. Яно патрабуе, каб мы былі гатовыя прачнуцца і выйсці насустрач”.
Ён падкрэсліў, што розніца паміж мудрымі і неразумнымі не ў тым, што адны чувалі, а другія спалі, а ў тым, што адны былі падрыхтаваныя да нечаканага. Словы “Не ведаю вас”, якія жаніх кажа неразумным паннам, па словах брата, гучаць жорстка, але яны падкрэсліваюць сур’ёзнасць сітуацыі. Ён нагадаў: “Сустрэча з Хрыстом – гэта не фармальнасць. Недастаткова проста знаходзіцца ў ліку тых, хто чакае. Патрэбна асабістая гатоўнасць”.
Робячы выснову, брат Андрэй адзначыў: “Алей у светачах мудрых паннаў – гэта і ёсць мудрасць: здольнасць жыць так, каб кожны дзень быў падрыхтоўкай да сустрэчы з Богам. Гэта чуласць і ўважлівасць да Божай прысутнасці ў штодзённасці”.
У канцы сваёй гаміліі брат Андрэй паставіў перад кожным з нас вельмі асабістае пытанне: “Ці маю я алей у сваіх светачах? Ці маё жыццё – гэта не проста чаканне, а актыўная падрыхтоўка? І, магчыма, самае галоўнае: ці прагну я Бога так, што Яго міласэрнасць становіцца для мяне каштоўнейшай за само жыццё?”
Гэтыя разважанні пра алей у светачах сталі своеасаблівым уступам да знаёмства з мясцовай гісторыяй. Бо калі паглядзець на лёс гэтай святыні, то ўбачыш, што вернікі мінулых стагоддзяў таксама неслі свой “алей” веры праз выпрабаванні. Пасля Імшы і гаміліі мы даведаліся шмат цікавага пра гісторыю Радашковічаў і парафіі Найсвяцейшай Тройцы. Гэтая гісторыя – сапраўдны скарб духоўнай спадчыны, які пачынаецца яшчэ ў 1447 годзе. Менавіта тады віленскі кашталян Пётр Сенька Гедыгольдавіч з жонкай Багумілай заснавалі тут першы драўляны касцёл.
Мы даведаліся, што Радашковічы былі не проста мястэчкам, а каралеўскім горадам. У XVI стагоддзі яны належалі каралеве Боне Сфорцы, а пазней – вядомым магнатам Глябовічам, Агінскім, Масальскім і Радзівілам. У 1569 годзе горад атрымаў магдэбургскае права – права на самакіраванне, а ў 1549 годзе Радашковічы ўпершыню былі названы горадам.
Асаблівую ўвагу прыцягнуў герб Радашковіч. У 1792 годзе кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі пацвердзіў магдэбургскае права і даў гораду герб з рэлігійным сюжэтам – выявай святога Стэфана, архідыякана і першамучаніка. Святы Стэфан прапаведаў Евангелле і стаў першым пакутнікам у гісторыі Касцёла: яго забілі камянямі за веру. Выкарыстанне такіх рэлігійных сюжэтаў у геральдыцы нашай краіны – вельмі рэдкая з’ява.
Даведаліся мы і пра тое, што святыня перажыла тры жыцці: першае – драўлянае, згарэла ў пажары; другое – барочная святыня XVIII стагоддзя, знішчаная маланкай у 1853 годзе; і трэцяе – сучасны мураваны касцёл, узведзены ў 1859 годзе, які стаіць і сёння. Асабліва кранальным стаў той факт, што менавіта ў гэтым касцёле 12 ліпеня 1882 года быў ахрышчаны Янка Купала.

Пасля таго, як мы даведаліся гісторыю святыні, нас чакаў яшчэ адзін сюрпрыз. Мы не спяшаліся сыходзіць, і арганістка Алена Рудакова ласкава прапанавала нам падняцца на хоры і пабачыць, як уладкаваны арган знутры. Арган тут сапраўды незвычайны! Ён займае чацвёртае месца па велічыні сярод каталіцкіх храмаў Беларусі (пасля Мінска, Гродна і Пінска). Мы з захапленнем разглядалі яго складаны механізм, а затым яшчэ раз паслухалі яго магутнае і чароўнае гучанне. Гэта было незабыўна! На памяць пра гэтую цёплую сустрэчу мы зрабілі супольнае фота пад скляпеннямі святыні.

Цэнтральным момантам сустрэчы стала размова з пробашчам парафіі, ксяндзом канонікам Юрыем Быкавым. Святар з вялікай любоўю распавёў пра адраджэнне і рэстаўрацыйныя работы ў святыні.
Ксёндз Юрый падкрэсліў важнасць захавання традыцый, якія аб’ядноўваюць пакаленні вернікаў. Ён расказаў, што сёння парафія жыве актыўным жыццём: тут праводзяцца Імшы, ладзяцца сустрэчы, а вернікі заўсёды гатовыя прыйсці адзін аднаму на дапамогу, бяручы на сябе арганізацыйныя і будаўнічыя клопаты.
Святар падзякаваў нам за тое, што мы знайшлі час і прыехалі, падкрэсліўшы, што такія сустрэчы яднаюць Касцёл і ўмацоўваюць веру. Ксёндз Юрый пажадаў нам, каб кожны з нас заўсёды адчуваў Божую прысутнасць і падтрымку ў сваім жыцці, а таксама запрасіў прыязджаць у Радашковічы зноў – цяпер ужо як добрых знаёмых, якія сталі часткай гісторыі гэтай святыні.
Пасля насычанай праграмы ў касцёле мы адправіліся на прыроду. Наш шлях ляжаў да гідралагічнага помніка прыроды рэспубліканскага значэння «Родники “Святыя крыніцы”». Тут нас сустрэла незвычайная цішыня, якая бывае толькі ў лесе. Паветра было свежым і вільготным, а зямля пад нагамі здавалася мяккай і жывой. Мы ўбачылі, як з-пад зямлі прабіваюцца шматлікія маленькія крынічкі: яны ўтвараюць сапраўдную балотную багну каля вяршыні пагорка (такі прыродны феномен яшчэ называюць крэнаполем).

Гэта было настолькі ўтульна і спакойна, што не хацелася нікуды спяшацца. Мы проста стаялі і ўглядаліся ў гэтую чыстую ваду, якая быццам нараджалася на нашых вачах. Тэрыторыя тут ахоўваецца дзяржавай, і гэта цалкам зразумела: такую першародную прыгажосць проста немагчыма не берагчы. Гэтыя хвіліны на прыродзе сталі цудоўным завяршэннем нашага дня: яны дапамаглі ўсвядоміць усю глыбіню і спакой Божай прысутнасці, пра якую мы чулі ў касцёле.
Наведванне касцёла ў Радашковічах, цудоўны хрост, магчымасць пабачыць арган на хорах, супольны абед, размовы і адпачынак ля святых крыніц – усё гэта сапраўдны падарунак Бога. Нават прырода радавалася нашай сустрэчы: сонейка так упрыгожыла гэты дзень! Такія хвіліны – дарагога каштуюць.
Варта адзначыць, што менавіта такое супольнае правядзенне часу па-сапраўднаму збліжае нас. У штодзённай мітусні мы часта не маем магчымасці проста пабыць разам, пагаварыць па душах ці памаліцца побач. Але калі мы выходзім за межы звычайных спраў і адпраўляемся ў такую вандроўку, мы вучымся бачыць адзін у адным не проста знаёмых, а братоў і сясцёр у Хрысце. Супольная дарога, агульная малітва, убачаная прыгажосць і нават простыя размовы падчас абеду ствараюць небачаныя сувязі, якія застаюцца ў сэрцы надоўга. Мы лепш разумеем адзін аднаго, вучымся падтрымліваць і давяраць. Менавіта ў такія моманты мы адчуваем сябе сапраўднай сям’ёй – не толькі па назве, але і па духу.

Гэты дзень стаў жывым увасабленнем слоў Янкі Купалы, якія так добра ведаюць тутэйшыя вернікі:
“Я буду маліцца і сэрцам, і думамі,
Распетаю буду маліцца душой,
Каб чорныя долі з мяцеліцаў шумамі
Ўжо больш не шалелі над роднай зямлёй…”
Мы шчыра дзякуем вернікам парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Радашковічах і ксяндзу каноніку Юрыю за цёплы прыём. Ад усяго сэрца дзякуем нашаму паважанаму брату Андрэю Жылевічу, які клапоціцца пра захаванне нашай гісторыі і заўсёды падтрымлівае нас у вандроўках па Святынях. Дзякуючы яму кожная паездка становіцца сапраўднай духоўнай прыгодай, дзе мінулае ажывае, а вера ўмацоўваецца.
Няхай жа гэты шлях – шлях веры, памяці і сустрэч – і надалей вядзе людзей да Бога, да сустрэчы адзін з адным і да захавання той святой спадчыны, якая была ўзведзена вераю нашых продкаў!
Тэкст: Таццяна Шумель
Фота: Таццяна Шумель і ўдзельнікі паломніцтва