Skip to main content

Пыха – каралева ўсіх грахоў. Разважанні пасля першай пятніцы

| Падзеі »

“Ці не маглі вы адну гадзіну пабыць са Мной?”
Мц 26:40

 pyha01

Час сам-насам з Богам – гэта сакрэт сапраўднай хрысціянскай сілы. Ніякая спешка не павінна яго адбіраць. Менавіта ў ціхіх, патаемных зносінах сэрца пакараецца, вера ажывае, а душа п'е з жывой крыніцы – каб потым быць здольнай напоіць іншых.

Кожную першую пятніцу месяца ў нашай парафіі святога Казіміра ёсць унікальная магчымасць быць на пакутным набажэнстве з Адарацыя, якой папярэднічае чытанне Слова Божага і навука. У гэтым годзе (бліжэйшыя сем месяцаў) мы будзем гаварыць пра сем галоўных грахоў. І ў гэты раз мы слухалі пропаведзь брата Сяргея Гусара пра каралеву ўсіх грахоў – пыху (гордыню).

Што такое Адарацыя?

Адарацыя – гэта малітва перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Кансэкраваная Гостыя выстаўляецца ў манстранцыі, і мы можам проста быць з Хрыстом: глядзець на Яго, дазваляць Яму глядзець на нас – у цішыні, без спешкі. Гэта не проста “пастаяць у касцёле” – гэта сустрэча з жывым Езусам, які прысутнічае ў Эўхарыстыі.

Езус сам сказаў: “Я – Хлеб жывы, які зышоў з неба” (Ян 6:35). І ў Гефсіманіі Ён прамовіў да вучняў словы, якія гучаць і да нас сёння: “Ці не маглі вы адну гадзіну пабыць са Мной?” (Мц 26:40). Адарацыя – гэта адказ на гэтае запрашэнне. Мы прыходзім, каб проста быць з Ім. Бо Ён сказаў: “Без Мяне не можаце рабіць нічога” (Ян 15:5), а мы хочам прыносіць плён.

У першыя стагоддзі хрысціянства Адарацыі па-за Імшой яшчэ не было. Эўхарыстычны хлеб захоўвалі для хворых і тых, хто не мог прыйсці на цэлебрацыю. З XI стагоддзя ў манастырах пачынаюць вылучаць асобнае месца для захавання Эўхарыстыі – табернакулюм. Людзі тады прымалі Камунію рэдка, і ўзнікла перакананне: глядзець на Гостыю – гэта таксама дар ласкі. У 1252 годзе з’явілася свята Божага Цела, а праз дванаццаць гадоў Папа Урбан IV яго пацвердзіў. У XX стагоддзі Папа Пій X палегчыў доступ да Камуніі, а Другі Ватыканскі Сабор падкрэсліў актыўны ўдзел вернікаў. Папа Бэнэдыкт XVI назваў рост Адарацыі ў свеце “Эўхарыстычнай вясной”.

Што гэта дае нам, вернікам? Перш за ўсё – магчымасць прабывання з Езусам. У спешцы мы губляем здольнасць чуць. Адарацыя – гэта запрашэнне спыніцца. Папа Францішак нават заклікаў “марнаваць час” перад табернакулюмам. Яна паглыбляе плёны Камуніі: падаўжае тое, што мы атрымалі ў Камуніі, сілкуе і ўзмацняе ласку. Адарацыя змяняе нас. Карла Акуціс сказаў: “Калі мы стаім перад сонцам – мы загараем. Калі стаім перад Езусам у Эўхарыстыі – становімся святымі”. Адарацыя дае мір і цішыню, якіх так не хапае…

Калі я ішла на чарговае пакутнае набажэнства, я зусім не ведала тэмы. І, магчыма, менавіта таму не чакала нічога асаблівага. Але ўжо падчас пропаведзі я адчула, што гэта датычыць мяне больш, чым мне хацелася б.

Брат Сяргей распавёў нам гісторыю Люцыфера – самага прыгожага анёла, які захацеў стаць роўным Богу. Я слухала і адчувала, што гэтая гісторыя выклікае ў мяне нешта няёмкае, таму што пачула: пыха можа выглядаць зусім не пачварна, яна можа быць ціхай, прыгожай, нават “справядлівай” – і гэта найбольш палохае.

 pyha02

Пыха – гэта не проста ўпэўненасць у сабе. Гэта калі чалавек адмаўляецца заставацца на сваім месцы ў Божым парадку. Святы Тамаш Аквінскі называў яе “коранем і каралевай усіх грахоў”. І падчас пропаведзі я зразумела, што пыха асляпляе. Мы перастаем бачыць рэальнасць і пачынаем верыць ва ўласны ідэальны вобраз.

Чатыры твары пыхі, пра якія казаў брат Сяргей, – гэта нібы люстэркі, у якія было няёмка глядзець:

1. “Гэта ўсё я, сваімі сіламі”: і мы забываем пра Бога.

2. “Бог даў мне гэта, бо я заслужыў”: і мы не бачым, што ўсё гэта –незаслужаная ласка.

3. “Я лепшы, чым ёсць насамрэч”: і мы носім ілжывую маску.

4. “Я вышэй за іншых, бо ў мяне ёсць таленты”: і мы глядзім на людзей звысоку.

І самае балючае: пыха – гэта маці іншых грахоў, яна нараджае прагнасць (хачу вылучацца), зайздрасць (не магу радавацца чужому поспеху), гнеў (крытыка – гэта абраза маёй “вялікасці”) і нават духоўную ляноту (не хачу мяняцца і прымаць праўду). Гэта не значыць, што кожны з нас вінаваты ва ўсім гэтым. Але гэта значыць, што пыха можа хавацца вельмі глыбока.

Але ёсць лекі! І гэта не самапрыніжэнне, а – пакора. Пакора – гэта праўда, прызнанне дабра, якое мы атрымалі ад Бога, з удзячнасцю. Гэта гатоўнасць прыняць свае межы і дазволіць Богу быць Богам.

 pyha03

Брат Сяргей даў нам пытанні для разважання. Адно з іх: “Ці выкарыстоўваю я свае здольнасці і статус, каб служыць бліжнім, ці каб узвышацца над імі?” І я зразумела, што гэтае пытанне я вазьму з сабой. Не як папрок, а як кірунак да свабоды.

Бо сапраўдная свабода – гэта не даказваць сваю важнасць, а проста быць любімай дачкой Божай. І гэтага дастаткова.
Наступная першая пятніца ўжо не за гарамі – не прапусціце. Гэта час, які мяняе сэрца. І я ведаю гэта з уласнага досведу.

Тэкст: Таццяна Шумель

Фота: Таццяна Шумель, Інтэрнэт