«Святасць — гэта радасць!»: як у нашай парафіі прайшоў баль усіх святых для дзяцей
Ва ўрачыстасць Усіх Святых, якую перажывалі ў нядзелю 1 лістапада, самай адметнай была св. Імша а 12:00, на якую сабраліся ці не ўсе святыя ўсіх часоў: дзеці, якіх пасля Імшы чакаў Баль усіх святых, былі апрануты ў касцюмы. Шматлікія анёлы, святыя францішкане, законныя сёстры напоўнілі касцёл, ствараючы вобраз Раю.
Падчас гаміліі бр. Сяргей выключыў у касцёле святло. Адзінае, што засталося бачным - гэта табернакулюм і ліхтарык, якім брат высвечваў твары людзей з цемры: "Бог - Крыніца святла і жыцця - шукае кожнага з нас, каб вывесці з цемры нашага граху да Свайго святла. Святыя - гэта тыя, хто згадзіўся і прыняў Яго святло, агонь Яго любові". Брат заўважыў, што ліхтарык патухне і не зможа дзяліцца святлом, калі не будзе зараджацца. Падчас хросту кожны з нас стаў такім Божым ліхтарыкам, але атрыманае святло не зможам надоўга захаваць у сабе і ім дзяліцца, калі не будзем яго аднаўляць, калі не будзем прыходзіць сюды "зараджацца" ад Крыніцы святла - Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Святыя - гэта тыя, хто імкнуўся быць зараджаным Божым ліхтарыкам.
Пасля Імшы жыхары Неба накіраваліся на Баль у капліцу, якая чарговы раз напоўнілася дзіцячым смехам, музыкай і сапраўдным святочным ажыўленнем. Сёлета дзень Усіх Святых ператварыўся для моладзі і наймалодшых парафіянаў у захапляльнае падарожжа, поўнае адкрыццяў, гульняў і духоўнай радасці.
Месца сустрэчы са святымі
На адзін дзень капліца стала месцам сустрэчы з вялікімі заступнікамі. Каго толькі нельга было сустрэць сярод удзельнікаў! Дзеці прыйшлі ў яркіх касцюмах святых Францішка, Антонія, айца Піо, Разаліі, Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Юзафа, Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса, сястры Фаўстыны, анёлаў і іншых.
На дзве гадзіны дзяцей чакала незабыўная прыгода: яны сталі паломнікамі, а прастора капліцы стала для іх сапраўднай сцежкай адкрыццяў.
Напачатку дзеці мелі магчымасць крыху пазнаёміцца адзін з адным цікавым спосабам: задавалі пытанні пра інтарэсы, шукалі таго, у каго ёсць хатняя жывёла, хто любіць марозіва з такім жа смакам, як і сам. Па завяршэнні гэтага анкетавання кожны атрымаў картку ўдзельніка — «Нябесны пашпарт».

Квэст для «нябесных пілігрымаў»
Каб прайсці шлях да канца, дзеці аб’ядналіся ў каманды. На кожным этапе іх сустракаў "супрацоўнік нябеснага кантролю» (аніматар), які меў для ўдзельнікаў важную думку і заданне. Выканаўшы яго, каманда атрымлівала запаветную пячатку ў свой «пашпарт» — своеасаблівы дазвол рухацца далей.
5 захапляльных станцый:
1. «Сцяжынка паломніка» — каманднае праходжанне лабірынта і трапы, дзе важна было працаваць у камандзе і рухацца ў адным тэмпе.

2. «Мова без слоў» — гульня на ўважлівасць, у якой дзеці вучыліся перадаваць паведамленне без гукаў, малюючы слова пальцам на спіне суседа.

3. «Усё складаецца» — супольнае складванне пазла, якое перадавала галоўнае Божае пасланне пра тое, як Бог кожнага любіць.
4. «Місія: кадр» — вясёлая фотапаляванне, падчас якога трэба было знайсці загадкавы прадмет або асобу і зрабіць агульны здымак.
5. «Нябесная пошта» — самая кранальная станцыя. Удзельнікі пісалі добрыя пажаданні і кампліменты для выпадкова выбранага сябра, падпісваючыся імем таго святога, у касцюме якога былі (напрыклад: «Жадаю табе радасці і моцнай веры! Твой заступнік св. Антоній»).

Скарбы, танцы і супольнае святкаванне
Кульмінацыяй квэсту стаў пошук сапраўднага скарбу. Дзеці навучыліся карыстацца мапай і супольнымі намаганнямі знайшлі схаваныя пачастункі.
Яскравым завяршэннем свята сталі сумесныя танцы, атрыманне асабістых пасланняў ад таемных нябесных заступнікаў і частаванне за агульным святочным сталом.
Гэты дзень падарыў дзецям не толькі незабыўныя эмоцыі, але і важную праўду: быць святым — гэта не сумна, а вельмі радасна, і кожны з нас можа рабіць добрыя справы штодня!
Дзякуем бр. Сяргею, с. Яне, моладзі і ўсім, хто дапамагаў ствараць свята.
Тэкст: Марыя Туровіч
Фота: Марыя Туровіч, Ганна Шота
Відэа здымалі Мацвей Рудкевіч, Станіслаў Трыпуцька і Цімафей Станкевіч, мантаж Марыі Гулецкай.