Skip to main content

Паломніцтва сэрца: дзённік адной дарогі

| Падзеі »

Шчаслівыя чыстыя сэрцам,
бо яны Бога ўбачаць.

Мц 5:8

 28 10 2026Asiz00

У верасні 2026 года вернікі парафіі святога Казіміра ў Маладзечне адправіліся ў пілігрымку, якая стала не проста падарожжам па знакамітых мясцінах Еўропы, а сапраўдным паломніцтвам сэрца. Шлях вёў праз Кракаў, Вену, Ла Верну, Перуджу, Асізі, Рым, Ватыкан, Падую, Удзіне і Кальварыю-Зэбжыдоўскую. Гэта быў час, калі Бог прамаўляў у цішыні храмаў, у словах святароў, у сустрэчах з людзьмі і нават у позірку на старажытныя камяні.

 

Дзень першы. 17.09.2026, чацвер. Маладзечна

Ужо вечарэла. Ля парафіі святога Казіміра ў Маладзечне паціху збіраліся тыя, хто прыйшоў нас праводзіць: родныя, сябры, святары, браты і сёстры.

Было цёпла не толькі ад надвор’я, а ад слоў, позіркаў, абдымкаў. Хтосьці ўсміхаўся, хтосьці хаваў слёзы. Хтосьці проста моцна трымаў за руку. Усё разам, як гэта і бывае, калі чалавек адпраўляецца ў дарогу, якую доўга чакаў, выношваў у сэрцы, прасіў у Бога.

Перад намі – Кракаў, Асізі, Рым, Ватыкан, Падуя... Гэтыя назвы ўжо даўно жылі ў нас у думках, планах і малітвах. І вось мы нарэшце крануліся ў шлях да святога Францішка і святой Клары, да святога Карла Акуціса.

Брат Андрэй Жылевіч сказаў нам шмат цёплых слоў. Яго голас быў спакойны, а вочы – добрыя. Ён нагадаў, што гэта не звычайная паездка, а паломніцтва сэрца. Што важна не толькі даехаць, але і не прапусціць тую сустрэчу, да якой Бог нас кліча.

“Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць” (Мц 5:8). Няхай гэта будзе нашай малітвай і дэвізам у дарозе.

Дзякуй усім, хто быў з намі ў тую хвіліну. І дзякуй Богу, што вядзе.

 28 10 2026Asizi01

 

Дзень другі. 18.09.2026, пятніца. Кракаў – Лагеўнікі

Дзень пачаўся з ціхага ўнутранага пытання: “Пане, што Ты хочаш паказаць мне сёння?” І адказ прыйшоў шчодра, як можа прыходзіць толькі міласэрнасць. “Міласэрнасць і праўда спаткаюцца паміж сабою, справядлівасць і мір пацалуюцца” (Пс 84:11). Гэтыя словы сталі для мяне ключом да другога дня паломніцтва.

 28 10 2026Asizi02

Санктуарый Божай Міласэрнасці ў Кракаве-Лагеўніках. Гэта не проста месца на карце, а прастора, дзе неба становіцца бліжэй. Святая Фаўстына, яе шлях, яе давер да Езуса – усё гэта раптам перастала быць далёкай гісторыяй і стала амаль адчувальным. “Шчаслівыя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць” (Мц 5:7). Тут гэтыя словы гучаць як запрашэнне.

 28 10 2026Asizi03
 28 10 2026Asizi04

Імша ў італьянскай капліцы святой Фаўстыны. Беларуская мова тут гучыць, упэўнена, не вельмі часта, таму гэта было вельмі кранальна. Пропаведзь брата Уладзіслава была глыбокая і цёплая, без лішніх слоў, але з той простай шчырасцю, якая адкрывае сэрца хутчэй за любыя складаныя развагі. “Пачуй, Госпадзі, праўду маю, уваж малітву маю” (Пс 17:1). Брат Улад звярнуў увагу, што гэта словы чалавека, які шукае Бога не здалёк, а тварам да твару, і спадзяецца не на сябе, а на Яго прысутнасць. Ён казаў, што і мы часам стаім перад Богам з пустымі рукамі, не маючы што сказаць, і менавіта тады Бог прыходзіць насустрач і насычае нас Сабой. І я зразумела: мне не трэба прыходзіць да Бога з гатовымі словамі і з упэўненасцю, што я ўсё правільна раблю. Дастаткова проста стаяць перад Ім такой, якая я ёсць, з пустымі рукамі, з маімі страхамі, з маёй слабасцю. І менавіта тады Ён прыходзіць. Не таму што я заслужыла, а таму што Ён добры. У гэтым для мяне – самая вялікая радасць і самы вялікі спакой: Бог не патрабуе ад мяне быць моцнай, Ён просіць толькі быць адкрытай. І ў нейкі момант стала ясна: “Не бойся, толькі вер” (Мк 5:36). Не бойся сваёй немачы, не бойся дарогі, не бойся давяраць – бо там, дзе чалавек перастае трымацца за свае страхі, Бог пачынае дзейнічаць асабліва блізка.

 28 10 2026Asizi05

А потым прыйшло і знаёмства з гісторыяй Санктуарыя Божай Міласэрнасці – і сустрэча з сястрой Аленай, ураджэнкай Беларусі, якая родам з Пінска. Гэта было як мост паміж домам і святыняй, паміж мінулым і сучасным, і ў гэтым мосце адчувалася нешта вельмі простае і вельмі важнае. Бог часта піша Свае гісторыі праз людзей, і я зноў гэта ўбачыла: сястра Алена стала для мяне ціхім сведчаннем таго, што міласэрнасць не ведае межаў і не пытаецца, адкуль ты прыйшоў.

 28 10 2026Asizi06

Я зноў у маёй святой Фаўстыны… Я зноў яе бачу і адчуваю! Эмоцыі былі такімі моцнымі, што часам не хапала слоў, і заставалася толькі стаяць, глядзець, дыхаць і дзякаваць. “Прыйдзіце да Мяне ўсе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас” (Мц 11:28). У Лагеўніках гэтыя словы Езуса гучаць асабліва рэальна, быццам Ён гаворыць іх проста табе, тут і цяпер.

 28 10 2026Asizi07

А ўвечары быў іншы Кракаў: жывы, цёплы, поўны агнёў і крокаў. Вавель, гісторыя польскіх каралёў, старыя сцены, якія памятаюць стагоддзі. Мы гулялі, слухалі, убіралі ў сябе. І, вядома, трдзельнік і марожанае – маленькія радасці, якія таксама ад Бога. “Пакаштуйце і ўбачце, які добры Бог, Шчаслівы чалавек, што спадзяецца на Яго” (Пс 33:9). Часам Ён гаворыць не толькі ў цішыні храма, але і ў смеху, у салодкім смаку, у вячэрнім паветры, якое пахне гісторыяй і жыццём.

 28 10 2026Asizi08

Учарашні дзень быў падарункам. Не таму што ўсё было ідэальна, а таму што ўсё было сапраўдным. І ў канцы дня ўва мне зноў і зноў гучала: “Езу, давяраю Табе!” Не як формула, а як дыханне. Слава Табе, Госпадзі, за 18 верасня 2026 года. За Кракаў, за Лагеўнікі, за святую Фаўстыну, за брата Уладзіслава і брата Ігара, за сястру Алену і сястру Яну, за Вавель, за людзей і за цішыню.

Езу, давяраю Табе!

 

Дзень трэці. 19.09.2026, субота. Кракаў – Вена

Што мы ведаем пра Вену? Мабыць, кожны назаве вальс, оперу, каву і палацы. Але сёння яна адкрылася нам па-іншаму: праз музыку, праз кампазітараў, якія тут жылі, праз цішыню старых храмаў, праз простыя чалавечыя радасці, якія не заўсёды заўважаеш у звычайным жыцці.

 28 10 2026Asizi09
 28 10 2026Asizi10

Мы пачалі з пешаходнай экскурсіі. Ішлі па вуліцах, слухалі гісторыі пра Моцарта, Бетховена, Штрауса, Шуберта. І раптам яны перасталі быць проста партрэтамі з падручніка, сталі людзьмі са сваімі звычкамі, характарамі, лёсамі. Горад нібы прашаптаў нам нешта важнае, нешта такое, што не запісваецца ў кнігах, але застаецца ў сэрцы.

 28 10 2026Asizi11

Пасля эккурсіі на пайшлі на святую Імшу ў Капуцынеркірхэ. Знешне гэты касцёл вельмі сціплы, нават непрыкметны. Але пад ім знаходзіцца Імператарская крыпта Габсбургаў. Касцёл асвяцілі ў 1632 годзе, і з часам там знайшлі спачын амаль 150 чалавек з дынастыі, у тым ліку Марыя Тэрэзія. Стаіш і разумееш: гісторыя тут не ў вітрынах, а пад нагамі. “Пакаленне адыходзіць і пакаленне прыходзіць, а зямля трывае вечна” (Экл 1:4).

Імша была ціхая, глыбокая. Брат Ігар у пропаведзі звярнуў увагу на словы прыпавесці пра сейбіта. “Насенне – гэта Божае слова, а зямля – наша сэрца”. І ён спытаў нас проста: а якая зямля ў мяне? “Ці не камяністая, дзе вера без глыбіні? Ці не зарослая цернем клопатаў, якія заглушаюць слова?” Колькі ж нам яшчэ трэба пазнаць, каб узрастаць у сваёй веры… А далей брат Ігар звярнуў увагу на словы апостала Паўла: “Тое, што ты сееш, не ажыве, калі не памрэ” (1 Кар 15:36). Ён нагадаў, што мы пасеяны ў слабасці, а ўваскрэснем у славе, і што ў гэтым зерні ўжо скрыта абяцанне новага жыцця.

 28 10 2026Asizi12

У цішыні гэтай крыпты стала зразумела: Бог гаворыць не толькі ў велічных храмах, але і ў простых словах, якія мы чуем кожны дзень, трэба толькі мець вушы, каб чуць, і сэрца, каб прыняць. “Хваліце Бога ў святыні Яго” (Пс 150:1).

Мы спусціліся ў крыпту. Вось дзе перапляліся разам жыццё і смерць… Мы ўбачылі пахаванне Марко з Авіана. Кава капучына звязана з яго іменем: брат Марко папрасіў падсаладзіць горкую турэцкую каву малаком. Вось так, праз простыя рэчы, таксама пішацца гісторыя, і часам яна гучыць цікавей за любыя хронікі.

 28 10 2026Asizi13

А потым – самае асабістае. Сёння дзень нараджэння маёй дачушкі. І не проста дзень нараджэння, а юбілей. Яна была побач, і яе віншавалі і святары, і нашы сябры, і пілігрымы. Было так цёпла, так шчыра… Слёзы шчасця былі на вачах. Няхай Бог благаславіць яе на шмат-шмат гадоў, няхай вядзе Сваімі дарогамі, бароніць і радуе. “Вось спадчына ад Госпада – дзеці” (Пс 127:3).

А яшчэ пазней мы наведалі і іншыя святыні. Францішканскі касцёл: сціплы, светлы, поўны простай духоўнасці. Касцёл святога Арханёла Міхала: там асаблівая, светлая цішыня. І, вядома, велічны сабор святога Стэфана, які захапляе сваёй прыгажосцю і гісторыяй.

А завяршыўся дзень вячарняй Венай. Агні, музыка, ціхія крокі па бруку. Горад, які дыхае гісторыяй і марамі. Дзень – поўны радасці. Сапраўды поўны. І я дзякую Богу за кожную яго хвіліну: за музыку, за сустрэчы, за цішыню, за каву, за слёзы радасці і за людзей побач.

Няхай гэты дзень застанецца ў сэрцы ціхай песняй.

Езу, давяраю Табе!

 

Дзень чацвёрты. 20.09.2026, нядзеля. Вена – Ла Верна – Перуджа

Пасля святочнай Вены нас чакаў доўгі начны пераезд. Дарога была няпростая, але ўсе цяжкасці проста зніклі, калі мы пачалі набліжацца да месца, куды так імкнуліся. Да Ла Верны.

Калі аўтобус пачаў падымацца па серпантыне, стала не па сабе. Віражы, вузкая дарога, стромкія схілы і стрэчныя аўтамабілі… Некаторыя перанеслі гэты шлях з цяжкасцю. Але тое, што адкрылася ўверсе, варта было ўсяго. Тут панавала такая цішыня, што здаецца, быццам час спыніўся.

Пад’ехаўшы, мы адразу накіраваліся на святую Імшу. Імша ў Ла Верне – гэтага, нават, не было ў нашых марах... Падчас Імшы брат Ігар сказаў нам словы з кнігі прарока Ісаі: “Бо думкі Мае – гэта ня думкі вашыя, і шляхі вашыя – гэта не шляхі Мае, кажа Госпад” (Іс 55:8). Гэтая цытата прагучала тут асабліва моцна. Мы прыйшлі сюды са сваімі планамі, а Бог падрыхтаваў нам нешта большае. Ціхае, глыбокае, сапраўднае.

 28 10 2026Asizi14

Калі на зямлі ёсць казка, то гэта менавіта тут. Гэтае месца здаецца нерэальным. Можа, таму што тут маліўся святы Францішак, і само паветра напоўнена малітвай. Менавіта на гэтай гары, у верасні 1224 года, ён атрымаў стыгматы – раны Хрыстовыя. Два гады да сваёй смерці ён перажыў тут нешта невымоўнае. Гэта не проста гісторыя, гэта жывое сведчанне. Адыходзіць з гэтага месца зусім не хацелася…

 28 10 2026Asizi15

Пасля гэтай горнай цішыні нас чакаў пераезд у Перуджу. Горад сустрэў нас цёплым вечарам і агнямі на старых вуліцах. Мы доўга гулялі па гістарычным цэнтры: вузкія вулачкі, старая плошча, пах кавы і свежай выпечкі. А потым была незвычайная вячэра. Мы сядзелі ў рэстаране на свежым паветры, елі мясцовыя стравы, смяяліся, дзяліліся ўражаннямі. Было так цёпла і па-сапраўднаму, што не хацелася сыходзіць.

А пасля – начная прагулка. Горад паціху засынаў, а мы ішлі па бруку, слухалі цішыню і проста былі разам. Такія дні не забываюцца. Яны застаюцца ў сэрцы назаўсёды.

 28 10 2026Asizi16

Езу, давяраю Табе!

 

Дзень пяты. 21.09.2026, панядзелак. Перуджа – Асізі

Раніцай мы выправіліся ў Асізі. Усе былі бадзёрыя, бо наперадзе чакаў горад, пра які мы шмат чыталі, марылі, уяўлялі. І вось ён перад намі!

Я не магу знайсці слоў, каб перадаць тое, што адчула, калі мы ўвайшлі ў Асізі. Здавалася, што мы перанесліся ў Сярэднявечча. Вузкія вулачкі, старыя камяні будынкаў і дарогі, цішыня… Усё тут дыхае гісторыяй. І ўсё ж такі гэта не музей, а жывое месца, дзе жывуць людзі, дзе гучыць малітва.

Брат Улад правёў для нас цікавую экскурсію. Ён паказаў нам самыя яркія мясціны горада: месцы, дзе нарадзіўся святы Францішак, дзе быў закрыты бацькам, дзе адрокся ад багацця… Мы ўбачылі базіліку святой Клары, першай паслядоўніцы Францішка, заснавальніцы ордэна кларысак. Яна пакінула ўсё, каб жыць у беднасці і малітве. Яе мошчы спачываюць у гэтай базіліцы. Глядзіш на яе і разумееш, што святасць не мае ўзросту. Гэта цуд!

 28 10 2026Asizi17
 28 10 2026Asizi17

Святая Імша прайшла ў храме пад прыгожай назвай – Санта-Марыя-Маджорэ. Гэта было нешта неверагоднае: мы ўбачылі святога Карла Акуціса. Карла нарадзіўся ў 1991 годзе, памёр у 2006 ад лейкеміі. Ён быў звычайным падлеткам, але меў незвычайную любоў да Эўхарыстыі. Яго словы: “Эўхарыстыя – гэта аўтастрада, якая вядзе на Неба” – яркі прыклад таго, якія каштоўнасці варта мець у жыцці сучаснаму чалавеку. Яго цела знаходзіцца ў гэтым храме. Я глядзела на яго твар, і мне здавалася, што ён вось-вось адкрые вочы і ўстане. Што ён проста спіць. Уражанні вельмі моцныя. І тады я падумала пра яго маму – Антонію. Яна часта прыходзіць сюды да свайго сына. Я не магу ўявіць, што адчувае сэрца маці, калі яна стаіць перад гэтым саркафагам?..

 28 10 2026Asizi18
 28 10 2026Asizi18 3

Падчас пропаведзі брат Ігар сказаў, што Бог не шукае ідэальных, не чакае, пакуль мы станем лепшымі. Ён прыходзіць да нас такіх, якія мы ёсць, і кліча нас проста за Сабой. Ён нагадаў, што наша годнасць у тым, да чаго Бог нас кліча; што адзінства – гэта ўменне прыняць іншага з любоўю і цярплівасцю; што самае моцнае сведчанне – гэта жыццё. І яшчэ ён сказаў, што кожны з нас пакліканы – не таму што мы добрыя, а таму што Ён добры, і што адзінае, што ад нас патрабуецца, – гэта ўстаць і пайсці. Гэтыя словы былі як ціхі агонь: сагравалі знутры і вялі далей.

Потым мы адправіліся да базілікі Святога Францішка, дзе спачываюць яго мошчы. Гэта вялікі храм, але ў ім пануе цішыня. Я стаяла і думала: вось чалавек, які змяніў свет. Ён не быў багатым ці ўладным, але ён меў веру. І гэтая вера дайшла да нас праз стагоддзі. “Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць” (Мц 5:8).

 28 10 2026Asizi19
 28 10 2026Asizi21

Пасля неверагодных перажыванняў мы ўсёй паломніцкай кампаніяй пайшлі ў кафэ. Замовілі розныя стравы, каштавалі мясцовыя прысмакі. Было весела і смачна. А потым быў вольны час: хтосьці пайшоў у крамы, хтосьці ў ціхія храмы, хтосьці проста сядзеў на плошчы і глядзеў на людзей. Мне ж хацелася ўдыхнуць паветра гэтага неверагоднага месца, запомніць тут кожны куток.

І, вядома, у гэты дзень мы наведалі касцёл Сан-Дам’яна. Там знаходзіцца той самы крыж, ад якога Езус прамовіў да Францішка: “Ідзі і аднаві Мой дом”. Гэта было пачаткам яго шляху. Мы стаялі перад крыжам і маліліся. Словы проста не патрэбныя. Брат Ігар распавёў нам цікавую гісторыю крыжа і ўсе яго знакі і сімвалы – пазнавальна і кранальна.

 28 10 2026Asizi21

Але Сан-Дам’яна – гэта не толькі крыж і Францішак. Гэта месца, дзе жыла, малілася, верыла і памерла святая Клара. Яна прыйшла сюды зусім маладой, пакінула ўсё дзеля Хрыста і засталася тут да канца. Яе келля, яе ціхія дні і ночы, яе поўная адданасць Богу – усё гэта адчуваецца тут і зараз. Я стаяла і думала: вось тут яна стаяла на каленях; вось тут яна плакала і малілася; вось тут яна чэрпала сілы, каб жыць у беднасці і любові… Мурашкі па скуры, слёзы на вачах. Гэта не проста гісторыя – гэта жывая рэальнасць, якая дагэтуль захоўвае яе ціхі подых.

 28 10 2026Asizi22

А завяршыўся наш неверагодны дзень цудоўнай вячэрай і прагулкай па вячэрняй Перуджы. Горад загараўся агнямі, старажытныя вулачкі станавіліся яшчэ больш таямнічымі. Мы ішлі па бруку, слухалі цішыню і проста былі шчаслівыя. Было так цёпла, так па-сапраўднаму, што не хацелася, каб гэты дзень заканчваўся. Я дзякую Богу за гэты дзень. За Асізі, за святую Клару, за Карла Акуціса, за Францішка, за цішыню Сан-Дам’яна, за смачную ежу, за вольны час, за вячэрнюю Перуджу.

Пане, учыні мяне прыладаю Свайго спакою!

 

Дзень шосты. 22.09.2026, аўторак. Асізі

Другі дзень у Асізі. І зноў раніца пачалася з ціхай радасці, што мы тут.

Спачатку мы пайшлі ў базіліку Святой Марыі Анёльскай. Унутры яе – Парцыюнкула, тая самая маленькая каплічка! Яна такая малая, што здаецца, быццам яе можна абняць. Менавіта тут Францішак пачуў сваё пакліканне, тут аднаўляў дом Божы, тут прыняў святую Клару. Тут жа, побач, ён і памёр. Стаіш і разумееш: вялікія справы пачынаюцца з малога. З ціхага “так” Богу.

 28 10 2026Asizi23

Потым была святая Імша ў Рываторта. Гэта месца, дзе Францішак і яго першыя браты жылі ў беднай хатцы. Там яны маліліся, працавалі, дзяліліся адзін з адным хлебам. Проста, бедна, але з вялікай любоўю. Падчас Імшы было так спакойна, што хацелася проста маўчаць і дзякаваць.

 28 10 2026Asizi24
 28 10 2026Asizi25
 28 10 2026Asizi26

А далей пад’ём у Асізі. Сёння ў кожнага быў вольны час. Можна было пайсці ў храмы, паспытаць мясцовую ежу, проста пагуляць па вузенькіх вулачках. А мне захацелася іншага: спакойна і ўдумліва прайсці па мясцінах святой Клары, Францішка і Карла. Не спяшацца, не фатаграфаваць усё запар. Проста быць. Даверыцца гэтаму гораду і Таму, Хто вядзе мяне па ім.

Эмоцыі проста перапаўняюць, таму хочацца сказаць асобна пра тых святых, чые мошчы захоўвае Асізі.

Асізі – горад, дзе Неба дакранаецца зямлі. Ёсць месцы, якія немагчыма зразумець розумам. Іх можна толькі адчуць сэрцам. Асізі – адно з такіх. Тут паветра насычана цішынёй, малітвай і прысутнасцю тых, хто ўжо бачыць Бога тварам у твар.

 28 10 2026Asizi27

Сёння хочацца схіліць галаву перад трыма вялікімі постацямі. Тры эпохі, тры шляхі, але адно каханне – Езус.

Святы Францішак Асізскі. Яго мошчы спачываюць у крыпце Базілікі Святога Францішка, якая была пабудавана спецыяльна для іх захавання. Ён абраў месца па-за гарадскімі сценамі, на “Узгорку пекла”, дзе паміралі злачынцы. Ён хацеў быць побач з тымі, каго свет адкінуў. У 2026 годзе мы адзначаем 800-годдзе з дня яго смерці. Упершыню за 800 гадоў яго мошчы былі выстаўлены для публічнага пакланення на цэлы месяц. Сотні тысяч паломнікаў прыйшлі, каб дакрануцца да таямніцы. Яго словы пра мір і братэрства гучаць сёння мацней, чым калі-небудзь.

Святая Клара Асізская – першая паслядоўніца Францішка і заснавальніца Ордэна бедных кларысак. Яе мошчы спачываюць у базіліцы Санта-К’яра ў Асізі, куды іх перанеслі ў 1260 годзе. Яна паказала, што святасць – не ў знешніх справах, а ў поўным даверы Богу. “Любіць Хрыста ўсім сэрцам” – гэта яе шлях.

 28 10 2026Asizi28

Святы Карло Акуціс – падлетак з Мілана, які памёр у 15 гадоў. Яго мошчы знаходзяцца ў царкве Санта-Марыя-Маджорэ, у Свяцілішчы Адрачэння. Ён любіў відэагульні і праграмаванне, але на першым месцы ў яго быў Езус. Стварыў сайт пра эўхарыстычныя цуды і стаў “інфлюенсерам Бога”, “кіберапосталам”. У кастрычніку 2026 года спаўняецца 20 гадоў з дня яго смерці. Яго кароткае жыццё – доказ таго, што святасць не мае ўзросту.

 28 10 2026Asizi29

Што аб’ядноўвае гэтых трох? Любоў да Эўхарыстыі. Прастата. Мужнасць. І вялікі давер Богу. Асізі – гэта не музей, гэта жывое сведчанне таго, што святасць магчымая для кожнага з нас, тут і цяпер. Я дзякую Богу за гэты другі дзень у Асізі. За Парцыюнкулу, за Рываторта, за цішыню, за вольны час, за сустрэчы з тымі, хто жыў тут да нас. І за тое, што ў маім сэрцы цяпер трохі больш спакою і даверу.

Пане, учыні мяне прыладаю Свайго спакою!

 

Дзень сёмы. 23.09.2026, серада. Перуджа – Рым – Ватыкан

Раніца пачалася з выезду з Перуджы. Мы спяшаліся ў Рым. Разам з нашымі братамі – Уладзіславам Мінько і Ігарам Колзунам – мы маліліся ў дарозе і дзяліліся чаканнямі. Дарога была доўгая, але ніхто не стамляўся, бо ўсе разумелі, што наперадзе Вечны горад.

І вось мы на плошчы святога Пятра. Я так марыла яшчэ раз убачыць гэтае месца, звязанае са святым апосталам Пятром, што калі нарэшце ступіла сюды, у мяне перахапіла дыханне ад хвалявання і ўдзячнасці. Здавалася, што сам Пётр тут, побач, і я ледзь стрымлівала слёзы радасці. Тут дыхаецца па-іншаму. Каланада, як абдымкі, цішыня, якая ахутвае нават пры вялікай колькасці людзей… Увайшлі ў сабор. Разглядвалі шэдэўры, слухалі гісторыі. Потым спусціліся ў гроты. Там пахаваны 23 з 265 памерлых рымскіх пап. У 2005 годзе там быў пахаваны Ян Павел II. Стаіш у цішыні і адчуваеш, што гісторыя тут не ў кнігах, а пад нагамі. Верыцца ў такое з цяжкасцю…

 28 10 2026Asizi30
 28 10 2026Asizi31
 28 10 2026Asizi32

Пасля мы накіраваліся ў храм Святой Сям’і – і гэта было не проста наведванне яшчэ адной святыні, а нешта асаблівае, бо мы трапілі туды па спецыяльным запрашэнні. Мы праходзілі праз швейцарскую гвардыю – тых маўклівых вартавых у незвычайных жоўта-чырвона-сініх мундзірах, якія ўжо больш за пяць стагоддзяў стаяць на варце Папы. Гэта самае маленькае войска ў свеце, і яго вернасць перадаецца з пакалення ў пакаленне з 1506 года. Мы прайшлі праз тыя брамы, якія для звычайнага чалавека застаюцца закрытымі, і паступова адчуванне таго, што мы ўваходзім у нешта вялікае і таямнічае, рабілася ўсё мацнейшым. Гэта было месца, куды не заходзіць выпадковы чалавек, і ад гэтага кожны крок здаваўся ўрачыстым, а сама Імша – яшчэ больш блізкай і дарагой. Святую Імшу цэлебраваў ксёндз Раман Суша (дарэчы, упершыню ён гэта рабіў тут на родай беларускай мове!) – наш зямляк, беларускі святар, які сёння жыве і працуе ў Рыме. Ён нарадзіўся ў Кіеве ў беларускай каталіцкай сям’і, дзяцінства правёў у Вілейцы, а святарскае пасвячэнне прыняў у Мінску. Сёння ён выкладае ў Папскім універсітэце Святога Банавентуры і займаецца даследаваннямі ў галіне сацыяльнага вучэння Касцёла. Ведаць, што менавіта ён цэлебраваў гэтую Імшу ў такім месцы, было асабліва хвалююча.

 28 10 2026Asizi33
 28 10 2026Asizi34

Побач былі нашы браты Уладзіслаў і Ігар. Было так спакойна і ўрачыста, што не хацелася, каб гэтая Імша заканчвалася. Здавалася, што ў гэтым ціхім храме, сярод старажытных муроў і пад аховай швейцарскай гвардыі, мы стаялі не проста перад алтаром, а перад самым сэрцам Касцёла, і Бог быў да нас асабліва блізка. І ў гэтай блізкасці адчувалася нешта такое простае і такое вялікае, што нельга перадаць словамі – можна толькі зноў і зноў паўтараць: дзякуй Табе, Пане, за гэты момант.

 28 10 2026Asizi35

А далей – экскурсія па Рыме з цудоўным экскурсаводам Вольгай, якая з’яўляецца ўраджэнкай Беларусі. І тут горад проста захліснуў нас сваімі гісторыямі.

Замак Анёла – спачатку маўзалей імператара Адрыяна, пазней крэпасць, а цяпер музей. Мы даведаліся, што па легендзе ў 590 годзе папе Грыгорыю Вялікаму з’явіўся арханёл Міхаіл, і з таго часу на вяршыні стаіць яго бронзавая фігура. Мост пра Тыбр, па якім мы ішлі, памятае шматлікія пакаленні паломнікаў. Колькі ж людзей тут прайшло за стагоддзі?..

Плошча Навона – жывое сэрца горада. Фантан Чатырох рэк працы Берніні ўразіў сваёй магутнасцю. Мы доўга разглядвалі фігуры, якія сімвалізуюць Ніл, Дунай, Ганг і Рыа-дэ-ла-Плата. Было ў гэтым нешта грандыёзнае і адначасова вельмі чалавечае.

Пантэон – старажытны храм, які стаў царквой. Тут пахаваны Рафаэль. У галаве круцілася думка: вось чалавек, які стварыў такую прыгажосць, а сам спачывае ў гэтай ціхай цемры. Святасць і мастацтва побач.

 28 10 2026Asizi36

Базіліка Святых Апосталаў, дзе спачыў Мікеланджэла. Менавіта тут знаходзілася яго першае месца пахавання, перш чым цела мастака пазней перавезлі ў Фларэнцыю. Гэта месца, дзе разумееш, што вялікія людзі таксама былі смяротнымі. Але тое, што яны пакінулі, жыве дагэтуль.

Фантан Трэві. Кожны дзень сюды кідаюць каля 3000 еўра, якія ідуць на дабрачыннасць. Хто ведае, можа, яшчэ вернемся…

Палац Эмануіла, форум, стары Рым, калоны Актавіяна і Траяна… Гэта проста не ўкладваецца ў галаве. І, вядома, Калізей. Ён уразіў сваімі памерамі. 50 метраў у вышыню, 188 метраў у даўжыню. Як шмат прачытана і прагледжана, але як шмат пытанняў круціцца ў галаве. Колькі ж чалавечых лёсаў тут прайшло, колькі болю і слёз…

 28 10 2026Asizi37
 28 10 2026Asizi38

Дарога да гатэля была няпростая. Блукалі, шукалі, стамляліся. Але ўсе складанасці – гэта таксама частка падарожжа. І ў іх Бог мае свае планы. Мы дабраліся, засяліліся, і ўсё было добра. І нават стома была прыемнай, такой, бывае, калі дзень быў поўны сэнсу.

Я дзякую Богу за гэты дзень. За Рым, за Ватыкан, за цішыню гротаў, за шэдэўры, за гісторыю, за стому і за тое, што ўсё атрымалася. За ксяндза Рамана, і за нашых братоў Уладзіслава і Ігара, чыя прысутнасць рабіла гэты дзень яшчэ бліжэйшым і цяплейшым.
Пане, учыні мяне прыладаю Свайго спакою!

Дзень восьмы. 24.09.2026, чацвер. Рым

Мне падаецца, што ў гэтым горадзе камяні ўмеюць маліцца.

Я даўно заўважыла: калі дзень пачынаецца з Імшы, ён ідзе інакш. Спакайней, глыбей, праўдзівей. Так было і сёння. Мы пачалі з касцёла капуцынаў на Віа Венета – Santa Maria della Concezione dei Cappuccini. Тут была Імша, якую ўзначаліў брат Уладзіслаў, а казанне прамовіў брат Ігар. Ён звярнуў нашу ўвагу на словы з кнігі Эклезіяста: “Марнасць над марнасцямі, усё – марнасць” (Экл 1:2). Ён гаварыў пра тое, што чалавек можа многа працаваць, многа збіраць, многа планаваць, будаваць дом, садзіць сад, пакідаць пасля сябе след, але ўсё гэта не ўтрымае яго назаўсёды, бо пакаленні прыходзяць і адыходзяць, а зямля стаіць вечна. І ў гэтым няма роспачы, а ёсць ціхае, глыбокае запрашэнне: не стаў сваю надзею на тое, што мінае. Бо ўсё, што мы трымаем у руках, – гэта пясок, які выслізвае паміж пальцамі, і толькі тое, што мы аддаём Богу, застаецца назаўсёды.

 28 10 2026Asizi39
 28 10 2026Asizi40

Слухаць нашых святароў – асаблівая радасць, бо ў іх словах чуецца нешта сваё, блізкае. Яны гаварылі проста і глыбока, і ў гэтай простасці столькі сілы. Але менавіта таму, што словы брата Ігара пра марнасць усяго зямнога так глыбока запалі ў сэрца, наступны крок быў не выпадковым, нас чакала тое, што пацвердзіла гэтыя словы не тэорыяй, а самой рэальнасцю.

Мы накіраваліся ў музей капуцынаў і крыпту – месца, пра якое можна сказаць: Memento mori. І калі мы спусціліся туды, яно ўразіла да глыбіні душы: крыпта ўпрыгожана касцьмі амаль 4000 манахаў-капуцынаў, якія спачываюць тут з XVI-XIX стагоддзяў. Тут па-асабліваму разумееш словы: “Што вы ёсць цяпер – былі і мы; што мы ёсць цяпер – будзеце і вы”. І гэта было глыбока, бо пасля слоў, якія гучалі ў храме, гэтая крыпта стала іх працягам: усё, за што мы трымаемся, – гэта толькі на імгненне, і толькі тое, што мы аддаём Богу, застаецца назаўсёды.

 28 10 2026Asizi41

Потым мы пайшлі ў Санта-Марыя-Маджорэ – адну з чатырох вялікіх базілік Рыма. Тут захоўваюцца рэліквіі ясляў Хрыста: пяць невялікіх драўляных дошчачак, якія ў VII стагоддзі перадаў у Рым іерусалімскі патрыярх Сафроній. “Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі” (Лк 2:14).

 28 10 2026Asizi42

Далей – базіліка Святога Альфонса Марыя дэ Лігуоры. Тут знаходзіцца арыгінальная ікона Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Гэта адна з самых шанаваных ікон у свеце. Глядзець на яе і адчуваць, як Маці трымае Дзіця, а Дзіця трымаецца за Яе руку. Проста і глыбока. Гэта цуд! Адарваць вочы немагчыма…

 28 10 2026Asizi43

Потым была архібазіліка Сан-Джавані-ін-Латэрана – «маці і галава ўсіх цэркваў свету”. Яна была заснавана ў IV стагоддзі імператарам Канстанцінам. Побач знаходзіцца Святая лесвіца – 28 мармуровых прыступак, па якіх, па паданні, узыходзіў Езус у прэторыі Понція Пілата. Імператрыца Алена прывезла яе ў Рым у 326 годзе. Паломнікі ўзыходзяць па ёй толькі на каленях. Храм зачароўвае…

А завяршаўся дзень базілікай Святога Паўла за мурамі – адной з самых вялікіх цэркваў Рыма. Тут, пад папскім алтаром, спачываюць мошчы апостала Паўла. Навуковыя даследаванні пацвердзілі, што гэта сапраўды яго парэшткі. Вось чалавек, які спачатку гнаў хрысціян, а потым стаў самым вялікім місіянерам. “Закон жа прыйшоў пасля, так што злачынствы памнажаліся; а дзе памножыўся грэх, там празмерна памножылася ласка…” (Рым 5:20).

 28 10 2026Asizi44

У гэты дзень у нас быў і вольны час, які кожны мог скарыстаць па сваім жаданні. А ўвечары адбылася цудоўная сустрэча на апошняй станцыі рымскага метро – Anagnina. Там сабраліся ўсе, хто ехаў сюды з розных месцаў. Было так радасна бачыць радасныя твары і дзяліцца ўражаннямі. А потым усе разам мы селі ў аўтобус. Вадзіцель з радасцю падказваў нам прыпынкі, усміхаўся, і мы адчулі сябе як дома. А ў канцы мы ўсе разам падзякавалі яму на італьянскай мове: “Grazie!” Гэта было так неверагодна!

Сённяшні дзень быў як ружанец з храмаў. Адна святыня пераходзіла ў другую, і кожная пакідала ў сэрцы свой след. След, які застанецца назаўсёды. Дзень быў поўны. Але стома была светлай, такой, калі сэрца перапаўняецца тым, што нельга ўтрымаць. Я дзякую Богу за гэты дзень. За Рым, за яго святыні, за цішыню, за сустрэчы, за людзей побач.

Пане, учыні мяне прыладаю Свайго спакою!

Дзень дзявяты. 25.09.2026, пятніца. Рым – Падуя – Удзіне

Гэты дзень быў днём дарогі. Практычна цалкам мы правялі яго ў аўтобусе: ад Рыма на поўнач, да Падуі і далей, да Удзіне. Але нават доўгая дарога можа стаць цікавай, калі ведаеш, што наперадзе чакае нешта важнае.

Падуя сустрэла нас спакойна і ціха. Гэта горад, які не крычыць пра сябе, але ў ім адчуваецца нейкая асаблівая глыбіня і супакой. Мы выйшлі на цэнтральную плошчу Прата-дэла-Вале, дзе знаходзіцца базіліка Санта-Джустына – велічны храм, будаўніцтва якога пачалося ў XVI стагоддзі. Тут спачываюць мошчы святой Юстыны, святога Лукі Евангеліста і святога Прасдокіма. Гэта адно з самых вялікіх і ўрачыстых месцаў Падуі, якое ўражвае сваёй веліччу і цішынёй.

Але самае галоўнае для мяне ў Падуі – гэта санктуарый святога Леапольда Мандзіча. Я хацела вярнуцца сюды з моманту мінулагодняй пілігрымкі. Гэта месца, дзе адпачываеш і целам, і душой. Тут не хочацца спяшацца, не хочацца нікуды ісці. І я бачыла, што многія нашы пілігрымы таксама перажывалі тут неверагодныя пачуцці і эмоцыі. Гэта месца сапраўды асаблівае…

 28 10 2026Asizi45

Хто ж такі святы Леапольд Мандзіч? Звычайны хлопчык Багдан, які нарадзіўся ў 1866 годзе ў Далмацыі, а большую частку свайго жыцця правёў у падуанскім кляштары капуцынаў. Ён быў невялікага росту (усяго 135 см), фізічна слабы, але меў вельмі моцную душу. Больш за 30 гадоў ён правёў у маленькай спавядальні, якая была памерам усяго два на тры метры. Ён спавядаў па 12-14 гадзін у дзень. Яго называлі “святым спавядальні” і “апосталам еднасці хрысціян”. Падчас Імшы ў гэтым месцы я адчула, што сапраўдная святасць – гэта не вялікія ўчынкі, а вялікая любоў у маленькіх штодзённых справах. Я яшчэ тут, але ўжо зноў хачу сюды вярнуцца…

 28 10 2026Asizi46
 28 10 2026Asizi47

Пасля мы накіраваліся да базілікі святога Антонія Падуанскага – адной з самых вялікіх святыняў Італіі. Гэты храм пачалі будаваць ужо ў 1232 годзе, праз год пасля смерці святога. Тут спачываюць мошчы святога Антонія. Але самая вядомая рэліквія – гэта яго язык, які застаўся нятленным пасля смерці. Язык захоўваецца ў спецыяльным рэлікварыі ў Капэле рэліквій, і яго могуць убачыць тысячы паломнікаў з усяго свету. Убачылі яго і мы! Гэта так неверагодна! Ты разумееш, што словы, якія чалавек прамаўляў з любоўю, могуць жыць стагоддзямі. Гэта цуд!

 28 10 2026Asizi48

А цуды, якія здзяйсняў святы Антоній, працягваюцца і ў наш час. Многія мае сябры пераканаліся ў гэтым адразу. Я не буду расказваць падрабязнасці, але я ўбачыла іх адразу пасля наведвання храма. Гэта рэальнасць, якую можа перажыць кожны.

Падуанскі ўніверсітэт і Францыск Скарына. І яшчэ крышку пра Падую. Гэта яшчэ і горад навукі. Тут знаходзіцца Падуанскі ўніверсітэт, заснаваны ў 1222 годзе. Гэта адзін з самых старажытных універсітэтаў Еўропы. У ім вучыліся і выкладалі такія людзі, як Галілеа Галілей, Мікалай Капернік… І тут жа, у 1512 годзе, ступень доктара медыцыны атрымаў наш зямляк – Францыск Скарына. Ён прыехаў у Падую ўжо з навуковай ступенню, якую атрымаў у Кракаве, і пасля двух дзён дыспутаў з вучонымі яму было прысвоена званне доктара медыцынскіх навук. У актавых запісах універсітэта гаворыцца, што ён “праявіў сябе настолькі пахвальна і цудоўна падчас строгага выпрабавання, што атрымаў аднадушнае адабрэнне ўсіх прысутных вучоных”.

Ведаць, што наш чалавек быў тут, у гэтых старажытных мурах, і пакінуў свой след, – гэта асаблівае пачуццё. Я вельмі-вельмі рада сустрэчы з неверагоднымі святымі гэтага горада. Падуя назаўсёды застанецца ў маім сэрцы!

А потым мы паехалі далей да Удзіне. Дарога была доўгая, але ўсе былі разам, і гэта рабіла яе лягчэйшай. Я дзякую Богу за гэты дзень. За Падую, за святога Леапольда, за святога Антонія, за Францыска Скарыну, за людзей побач і за дарогі, якія вядуць да новых сустрэч.
Усё мае свой адпаведны час, свой час мае кожная справа пад небам.

Дзень дзясяты. 26.09.2026, субота. Удзіне – Кальварыя-Зэбжыдоўская

Ад самага пачатку дзень быў вельмі радасным, бо мы святкавалі дзень нараджэння нашага брата Ігара. Мы віншавалі яго, спявалі, гаварылі цёплыя словы. Няхай Бог благаславіць цябе, дарагі брат Ігар, на шмат-шмат гадоў! Няхай дае табе сілы, радасці, спакою і моцнай веры. Мы ўдзячныя Богу за тваё сэрца, за тваё слова, за тваю прысутнасць побач. Хай кожны твой дзень будзе поўны сэнсу і любові, а Маці Божая заўсёды атуляе цябе сваім плашчом.

 28 10 2026Asizi49
 28 10 2026Asizi50

Гэты дзень быў днём дарогі. Практычна цалкам мы правялі ў аўтобусе. Але нават доўгая дарога можа стаць цікавай, калі ведаеш, што наперадзе чакае нешта важнае. Мы пакідалі Удзіне з ціхім удзячным сэрцам і ехалі ў бок Кальварыі-Зэбжыдоўскай – месца, якое было для нас незнаёмым. І гэта нават хвалявала. Па дарозе мы перасеклі чатыры дзяржавы: Італію, Аўстрыю, Чэхію і спыніліся ў Польшчы.

Доўгая дарога – гэта час для роздуму, для малітвы, для размоў, для цішыні. Мы маліліся разам, дзяліліся ўражаннямі, успаміналі тыя дні, што ўжо прайшлі. Хтосьці глядзеў у акно і думаў пра сваё, хтосьці чытаў, хтосьці проста драмаў пад мерны гул дарогі. У нас была магчымасць паглядзець фільм “Два папы”. Гэта гісторыя пра дыялог, пра міласэрнасць, пра розныя шляхі да Бога. Глядзець яго разам было асабліва: мы нібы яшчэ бліжэй адчулі адзін аднаго і тую праўду, што Бог вядзе кожнага сваёй дарогай. А яшчэ мы паглядзелі фільм “Дон Боско”. Гэты фільм пра святога Яна Боско, італьянскага святара XIX стагоддзя, які прысвяціў сябе выхаванню бедных хлопчыкаў і стаў заснавальнікам салезіянскага ордэна.

Позна вечарам мы прыехалі, нарэшце, у Кальварыю-Зэбжыдоўскую. Гэта найстаражытнейшая і найбуйнейшая кальварыя ў Польшчы, другі пасля Яснай Гары санктуарый краіны. Яе гісторыя пачынаецца ў 1600 годзе, калі кракаўскі ваявода Мікалай Зэбжыдоўскі заснаваў тут капліцу Укрыжавання. Ён стварыў гэтае месца як сімвалічную копію Іерусаліма, каб вернікі маглі прайсці шлях Хрыстовых пакут. Сёння гэта ўнікальны ландшафтны комплекс, які ўнесены ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Тут знаходзяцца дарожкі кальварыйскія: шлях даўжынёй больш за 6 кіламетраў, які ўключае 42 капліцы, упісаныя ў прыродны ландшафт. Яны ўзнаўляюць шлях Езуса ад арышту да ўкрыжавання, а таксама шляхі Маці Божай.

Завяршыўся наш дзень позняй вячэрняй святой Імшой. Адчуванні – неверагодныя. Пасля доўгай дарогі, пасля ўсіх размоў і роздумаў мы стаялі перад Богам у цішыні гэтага святога месца. Стомленасць адышла, засталося толькі спакойнае, глыбокае адчуванне Божай прысутнасці. Як быццам Бог сказаў: “Вось Я. Вы тут. І гэта добра”.

 28 10 2026Asizi51

Дзень быў доўгі, але светлы. І я дзякую Богу за гэты дзень. За брата Ігара, за яго свята, за брата Улада, за ўсіх, хто быў побач, за малітву, за фільмы, за дарогу, за гэтую познюю Імшу і за тое, што Ён вядзе нас далей.

Рабіце дабро, пакуль маеце час.

 

Дзень адзінаццаты. 27.09.2026, нядзеля. Кальварыя-Зэбжыдоўская – Беларусь

Раніца пачалася з чагосьці незвычайнага. Мы пайшлі да месца, дзе знаходзіцца ікона Маці Божай Кальварыйскай. Гэта не зусім звычайная ікона: з 1641 года яна славіцца сваімі цудамі. Людзі прыязджаюць да яе з розных куткоў свету, просяць заступніцтва, дзякуюць за ласкі.

 28 10 2026Asizi52
 28 10 2026Asizi53

Потым была Імша ў адной са шматлікіх капліц на тэрыторыі кальварыі. І ў гэты дзень Евангелле, якое я мела гонар прачытаць, прагучала асабліва моцна: “Нічога не рабіце дзеля разладу ці дзеля пустой пахвальбы, але ў пакоры лічыце адзін аднаго вышэйшым за сябе. Не клапаціцеся кожны толькі пра сваё, але і пра іншых” (Флп 2:4-5). Гэтыя словы нібы падсумоўвалі ўсё, што мы перажылі за гэтыя дні. Мы вучыліся быць разам, дапамагаць, саступаць, любіць. І гэта было сапраўднае паломніцтва. Паломніцтва не па краінах і гарадах, а па глыбінях уласнага сэрца.

 28 10 2026Asizi54

Пасля Імшы мы зрабілі супольнае фота. Проста каб запомніць гэты момант. Тыя, хто быў побач, сталі за гэтыя дні бліжэйшымі. Мы ўсміхаліся, абдымаліся, дзякавалі адзін аднаму. Было цёпла і трохі сумна, бо прыйшоў час развітвацца з гэтым месцам. Але ў сэрцы засталіся ўспаміны, якія не знікнуць.

 28 10 2026Asizi55

А потым была дарога. Мы едзем дадому! Мы ехалі праз польскія гарады і вёсачкі, і з кожным кіламетрам набліжаліся да роднай Беларусі. За акном мяняліся краявіды, а ўнутры многіх з нас ішла ціхая работа – пераасэнсаванне ўсяго, што было. У дарозе мы паглядзелі фільм “Рай пад нагамі маці”. Гэта гісторыя пра 35-гадовага Адзіля з Кыргызстана, чалавека з асаблівасцямі развіцця, які адправіўся ў пешае паломніцтва ў Меку, каб выпрасіць у Бога рай для сваёй старэнькай маці.

Гэты фільм пра самаахвярнасць, стойкасць і неверагодную сілу веры. Ён вучыць нас любові і павазе да бацькоў, дабрыні да кожнага чалавека, які сустракаецца на шляху, і таму, што сапраўдны рай – гэта не месца, а стан душы, якая ўмее аддаваць сябе іншым. Гэты фільм быў як люстэрка для ўсяго нашага паломніцтва.

Мы вярталіся іншымі. Не таму што ўбачылі шмат цікавага, а таму што нешта змянілася ўнутры. Хтосьці стаў больш спакойным, хтосьці – больш даверлівым да Бога, хтосьці знайшоў адказы на свае пытанні, а хтосьці – проста навучыўся быць удзячным. І гэта самае каштоўнае, што мы вязём з сабой. Не сувеніры і пакупкі, а той ціхі плён Святога Духа, які будзе расці ў нас і далей.

Кожны з нас возьме з гэтай пілігрымкі нешта сваё. Але агульнае – гэта любоў, якая стала мацнейшай. Мы вучыліся быць побач, падтрымліваць, прабачаць, радавацца. І цяпер, вяртаючыся дадому, мы можам несці гэтае святло іншым. Расці духоўна – значыць не заставацца на месцы, а ісці далей, да Бога і да людзей. І мы будзем ісці.

Дзякуй Табе, Божа, за гэтыя дні. За ўсе дарогі, сустрэчы, Імшы, цішыню, за кожнага чалавека побач. За тое, што Ты вёў нас і вядзеш далей. “Няхай вашыя думкі будуць такімі, як у Хрысце Езусе” (Флп 2:5).

Сапраўднае паломніцтва не заканчваецца з вяртаннем дадому, яно працягваецца ў кожным добрым учынку.

Езу, давяраю Табе!

Тэкст, фота: Таццяна Шумель