Святкаванне 800-годдзя пераходу св. Францішка да вечнасці

У год святога Францішка браты капуцыны вырашылі правесці асаблівую падрыхтоўку перад святам іх заснавальніка. На працягу двух дзён для парафіі праводзіў рэкалекцыі канцлер Курыі Пінскай дыяцэзіі, рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску, магістр тэалогіі і філасофіі кс. Андрэй Рылка. А праз увесь суботні дзень можна было патрываць перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, паслухаць разважанні, падрыхтаваныя Францішканскім ордэнам свецкіх і францішканскай моладдзю.

На гэты час асаблівым месцам у нашым касцёле стала імправізаваная каплічка Сан-Дам’яна, якую збудавалі Рыцары св. Францішка разам з бр. Сяргеем Гусарам. На маленькім алтары ляжала Евангелле, адкрытае менавіта на тых вершах, якія для Францішка сталі вырашальнымі: “Не бярыце з сабою ні золата, ні срэбра, ні медзі ў паясы вашыя, ні торбы на дарогу, ні дзвюх кашуль, ні абутку, ні кія. Бо працаўнік варты сваёй ежы” (Мц 10, 9–10). А над алтаром быў змешчаны крыж – копія таго, з якога св. Францішак некалі пачуў заклік Хрыста: “Ідзі і адбудуй Мой касцёл”. На працягу шэрагу дзён у гэтай каплічцы можна было ўкленчыць, сцішыцца і паспрабаваць адчуць сябе Францішкам сённяшняга дня.

Вечарам 3 кастрычніка шматлікія вернікі сабраліся ў святыні, каб удзельнічаць у св. Імшы і адмысловым набажэнстве “Транзітус” (з лац. “пераход”) і дзякаваць Богу за дар св. Францішка ў 800-ю гадавіну яго пераходу з зямнога жыцця ў жыццё вечнае. Да святкавання далучыліся святары суседніх парафій: дэкан Маладзечанскі ксёндз прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, кс. Андрэй Фёдараў, кс. Павел Шылак, кс. Юрый Быкаў. Святочную Імшу ў вігілію ўспаміну св. Францішка цэлебраваў рэкалекцыяніст кс. Андрэй Рылка.

У сваіх прамовах святар асаблівую увагу звярнуў на веліч паслання св. Францішка, якое не перастае узрушваць і перамяняць сэрцы на працягу 8 стагоддзяў. Кс. Андрэй запрасіў паглядзець на жыццё святога Францішка як на кнігу, якая распавядае аб тым, як Бог вядзе чалавека па шляху навяртання, як мяняе яго сэрца. Бо ўсё пачынаецца з перамены сэрца: памірае чалавек цялесны, а нараджаецца чалавек уваскрэслы, чалавек духоўны. Тады мы пачынаем інакш глядзець на сябе, на іншага, на Бога. Кс. Андрэй узгадаў некалькі найважнейшых крокаў, якія трэба зрабіць чалавеку, каб адбылася такая перамена, і якія чытаюцца ў кнізе жыцця святога.


Спачатку, як кожны чалавек, Францішак меў уласныя планы на сваё жыццё: маючы багацце, ён хацеў перайсці з мяшчан у шляхту. Гэта было б магчыма, калі б ён удзельнічаў у вайне і атрымаў перамогу. Апынуўшыся на вайне і потым трапіўшы ў палон, ён убачыў пакуты людзей, жорсткасць і бессэнсоўнасць таго, што адбывалася. Ён зразумеў, што яго мэта не вартая таго, каб аддаць дзеля яе сваё жыццё. Ён пачаў задаваць сабе глыбокія пытанні пра сэнс жыцця. Калі мы не ўцякаем ад гэтых пытанняў, то робім першы крок.

Аднойчы ў малітве Францішак пачуў голас: “Каму хочаш служыць: Пану ці слузе? Калі Пану, то навошта пакідаеш Пана дзеля слугі?” Гэты выбар - другі крок. Кожны з нас павінен адказаць сабе на гэтае пытанне. Больш за тое, каб ісці наперад, трэба яго задаваць сабе штодня.
Калі чалавек выбірае Бога, Божы шлях, то спачатку адчувае сябе вельмі добра, жыве на ўздыме, адчувае смак малітвы і напоўненасць. Гэта перыяд “кветачак і падарункаў”, якім Пан Бог хоча заахвоціць да таго непараўнальна большага, што Ён нам прыгатаваў. Для тых святых, якім было дадзена ўбачыць крышачку больш, чым бачым мы, свет станавіўся такім нямілым, што яны прагна чакалі смерці, каб трапіць у Неба. “А мы на зямлі часта трымаемся за крупінкі шчасця, баючыся, што можа большага не знойдзем, што можа большага і няма, - заўважыў кс. Андрэй. - Каб мы не згубіліся сярод крышачак і не згубілі вечнае жыццё, трэба сабе нагадваць, што мы вечныя. І наша вечнасць залежыць ад нашага старта - маленькага зямнога жыцця”.

А далей, на наступным кроку, Бог быццам кажа: “Каб было куды складаць Божыя падарункі, спачатку трэба табе пачысціць усе “кішэні”. Бо яны поўныя бруду, напоўненыя абы чым, што знайшоў па дарозе”. Калі чалавек дае дазвол: “Божа, мне страшна, але давай, вычышчай”, - Бог пачынае вялікае ачышчэнне жыцця: адсякае грэх, залежнасці, нездаровыя прывязанасці – вызваляе ад усяго “павуціння”, якім дэманы імкнуліся чалавека аплесці. Гэта складаны і балючы досвед. І вельмі важна ў гэты час давяраць Богу.

Францішак спачатку баяўся даверыцца Богу на 100%. У яго жыцці, як і ў жыцці кожнага з нас, былі свае страхі. Найбольш ён баяўся пракажоных. Аднойчы ён сустрэў хворага на праказу чалавека і, адчуўшы натхненне, змог пераламіць свае страхі і пацалаваў таго, хто быў усімі адкінуты. Святар заўважыў, што “ў той момант Францішак, як ён сам потым казаў, нарадзіўся наноў, стаў тым братам Францішкам, якога ўсе ведаем, за якога сёння дзякуем і якога просім, каб праз яго заступніцтва Бог даў нам духа братэрства, каб мы не праходзілі міма іншага чалавека, асабліва такога чалавека, які сам сябе саромеецца, які лічыць, што ўжо асуджаны і не будзе прабачаны”. Францішак ішоў да такіх людзей і казаў: “Вы найбольш умілаваныя Богам. Да вас ідзе Езус. І вы – Езус. Бо Езус прыйшоў не да здаровых, а да хворых, каб быць церпячым з вамі”.
У жыцці кожнага з нас ёсць або будзе свой момант сустрэчы са сваім пракажоным - самым вялікім страхам, болем, сорамам.

На наступным кроку Бог дапамагае чалавеку вызваліцца ад уласных уяўленняў, планаў, мараў. Ачысціць розум і даверыцца Богу бывае больш складана, чым пакінуць фізічныя залежнасці. Напрыканцы Бог вызваляе ад самага складанага – ад людзей, асабліва ад самых блізкіх, якія становяцца паміж чалавекам і Богам. Трэба дзякаваць за людзей, якія вядуць да Бога. Але часам людзі ставяць перад выбарам паміж Богам і дзіцём, мужам, жонкай, бацькамі. У гэтым выпадку найлепшым адказам блізкаму чалавеку будуць словы: “Я выбіраю Бога, таму што цябе люблю. Я выбіраю Бога і цябе”. У жыцці Францішка быў выбар паміж бацькам, які не разумеў паклікання сына, і служэннем Богу.

Далей быў момант, калі Францішак пытаўся ў Бога, ці ягонае пакліканне – проста быць сярод убогіх і клапаціцца пра іх. Ён адчувае, што Бог мае глыбейшае заданне для яго, але не разумее і праходзіць праз чаканне. Ён дазваляе Богу вырашаць, калі прыйдзе адпаведны час.
Ёсць людзі, якія пакідаюць шлях веры, бо ім здаецца, што нічога не змяняецца. “З кім павядзешся, ад таго і набярэшся, - нагадаў кс. Андрэй. - Калі “павядзешся” з Богам, Ён Сам будзе цябе змяняць, часта незаўважальна”.

Праз некаторы час Францішку адкрылася, што яго наступны крок – дапамагчы знайсці Бога гэтым хворым, прыніжаным людзям, вярнуць ім годнасць, якую згубілі.
Кс. Андрэй падкрэсліў, што адно з пасланняў Францішка ў тым, што ўсё мае сэнс і вартасць не само ў сабе, а ў Богу: “Вера не для веры, малітва не для малітвы, любоў да бліжняга не для любові да бліжняга. Усё, што нас сустракае ў жыцці, што маем, настолькі мае цану і вартасць, наколькі там ёсць Бога”.
Нашая штодзённасць – гэта нашая кніга, па якой мы можам, зазіраючы ў мінулае, убачыць, наколькі моцна Бог дзейнічае ў свеце, ў нашым жыцці і ў нашым сэрцы. Можам таксама заўважыць, што ў Пана Бога заўсёды былі і ёсць адпаведныя час, месца і асобы. Не трэба баяцца, трэба давяраць. Усё ў руках Бога.

Каб зразумець, наступнае вялікае пасланне, якое кіруе да нас Францішак, трэба зазірнуць у гісторыю. Хрысціянству было амаль 12 стагоддзяў, калі нарадзіўся святы. Некаторыя вернікі ў тыя часы настолькі захапіліся веліччу Бога і гэтак моцна ўсведамлялі сваю нікчэмнасць і нявартасць, што гадамі не пускалі саміх сябе да Святой Камуніі. На IV Латэранскім саборы, на пасяджэнне якога трапіў і Францішак, Касцёл падкрэсліў, што гэта памылковы шлях. Бог прыходзіць да нас у Святой Камуніі як дар, каб мы прымалі. Мы самі па сабе ніколі не будзем годнымі гэтага дару. І наша годнасць – таксама дар. Менавіта тады была прынята пастанова, якая дагэтуль абавязвае верніка прынамсі (мінімум) 1 раз у год прыступаць да споведзі.
На фоне тагачаснай пабожнасці, калі чалавек, усведамляючы сваю нягоднасць, уцякаў ад Бога, казаў, што матэрыяльны свет – гэта зло, Бог натхняе Францішка, які кажа, што прырода – гэта Божы дар, што кожны чалавек – гэта Божы дар, што няма дрэнных людзей, але ёсць людзі, якія зламаліся. І яны патрабуюць падтрымкі. “Бог даў мне…” - словы, якія часта паўтараў святы. Яго пасланне ў тым, каб мы на ўсё, што маем у жыцці, глядзелі як на дар Бога. Нават тое, што можа здавацца ў жыцці пракляццем, няўдачай, Бог здольны ператварыць у блаславенне.

Праз Францішка, які стаў увасабленнем убогасці, мы можам прыняць яшчэ адно велічнае пасланне: Бог стварыў нас не для беднасці і хваробы, а для таго, каб мы былі шчаслівыя, каб былі ўбогія - багатыя ў Бога. Яму належаць словы: “Бог мой – і ўсё маё”.
Бл. Ганарат Казмінскі, духоўны сын св. Францішка, вучыў: “Трэба быць убогім на малітве, убогім перад Богам, бо ўбогі ўсё мае. Хто мае Бога, той мае ўсё”.
“Францішак запрашае нас не баяцца таго, што нас на зямлі прыніжае, што можа вельмі моцна надламаць, - заахвоціў кс. Андрэй. - Не баяцца таго, чаго не разумеем і не ведаем: ні ўчарашняга дня, ні цяперашняга, ні будучага. Давяраць. Калі мы ўбогія - багатыя духам даверу, - то ідзі і занясі таму, хто не мае. Побач з намі людзі, магчыма знешне багатыя і здаровыя, унутры могуць адчуваць сябе вельмі няшчаснымі, пракажонымі. Бо не хапае найважнейшага – не хапае любові. Гэта наша найвялікшая ўбогасць, ад якой вельмі часта хочам пазбавіцца, імкнемся заспакоіць гэтую патрэбу рознымі спосабамі. Але “неспакойнае сэрца чалавека, пакуль не спачне ў Богу”, як казаў св. Аўгусцін. Няхай кожны крыж, які носім на сабе або недзе бачым, нам нагадвае пра любоў той Асобы, якая толькі і можа наталіць гэтае нашае прагненне”.

Кожны прысутны на літургіі, вядома, пачуў штосьці сваё, асабістае, што датычыць яго жыцця, але няхай у нашых сэрцах таксама застануцца словы, якімі кс. Андрэй завяршыў свае разважанні: “Будзь Францішкам там, дзе ты ёсць. Настолькі, наколькі сёння можаш. Будзь братам, асабліва для тых, хто заблукаў. Калі не ведаеш, з чаго пачаць, пачні дзейнічаць згодна са словамі святога: спачатку рабі неабходнае, потым магчымае, а потым убачыш, што робіш немагчымае”.
Тэкст: Кацярына Савянок
Фота: Эрык Савянок