Парафіяльная ўрачыстасць у гонар св. а. Піо

У сераду, 23 верасня, у тытульнае свята нашага касцёла маліцца праз заступніцтва св. а. Піо падчас ўрачыстай святой Імшы а 18-00 да нас завіталі капуцыны бр. Павел Кузьміч з Мінску, бр. Андрэй Букштан са Смалявічаў, бр. Андрэй Квяцінскі з Варонежа, а таксама сталы ўдзельнік парафіяльных урачыстасцяў (па словах бр. Андрэя Жылевіча - амаль што брат) кс. Павел Шылак з Краснага. Св. Імшу ўзначаліў бр. Павел, які ўпершыню пасля вяртання з Італіі ўдзельнічаў у літургіі ў нашай святыні.

Бр. Андрэй Букштан скіраваў да прысутных словы гаміліі, якую ён распачаў з разважання над паняццем святасці. Святар нагадаў, што святыя – гэта тыя, хто імкнуўся пазнаць Хрыста: “…ўсё лічу стратаю дзеля перавагі пазнання Езуса Хрыста, майго Пана. Дзеля Яго я ўсё страціў і лічу смеццем, каб набыць Хрыста” (Філ 3, 8). Па сведчаннях святых, якія мелі містычнае бачанне Неба, святасць - гэта стан найбольшага шчасця ад сузірання Божага аблічча. Святасць не належыць выключна да пэўных стагоддзяў. Магчымасць для яе ёсць пастаянна.
Айцец Піо - прыклад святога 20 ст. Як і кожны святы, гэты капуцын меў свой асаблівы шлях да святасці. На працягу 50 гадоў а. Піо штодня цярпеў боль стыгматаў, пры гэтым шмат гадзін праводзіў у канфесіянале. Яму таксама прыйшлося вытрымліваць шматлікія праверкі і недавер з боку Касцёла. Немагчыма было б несці гэты крыж без сапраўднай любові. Св. а Піо бачыў сэрцы людзей, і сваіх сабратоў таксама, і любіў іх.

Святыя сапраўды выклікаюць захапленне. Але Касцёл успамінае ў літургіі гэтых людзей не толькі для таго, каб праслаўляць у іх Бога. Мы маем цудоўную магчымасць прасіць іх заступніцтва, бо яны неаднойчы змагаліся са сваімі слабасцямі, праз усё жыццё вучыліся слухаць Бога, пачынаць наноў, прабачаць сабе і бліжняму. Дастаткова ўспомніць Пятра з яго досведам уласнага падзення – здрады, якая дапамагла яму ўбачыць сваю слабасць і пасля дасведчыць Божай любові і прабачэння, і нават атрымаць ключы ад Божага валадарства.
Бр. Андрэй звярнуў увагу, што ў словах Езуса: “Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне?”- самае важнае слова – “Мяне”. Хрыстос быццам пытаецца: “Ты любіш Мяне ці той вобраз Мяне, які табе больш падабаецца, больш выгодны?”. Гэтак Ён задае пытанне кожнаму з нас: “Ты любіш свой вобраз ідэальнай жонкі ці сваю жонку з яе праблемамі і недасканаласцямі; ідэальнага мужа ці мужа, якога маеш; ідэальнага брата ці таго, кім ён ёсць насамрэч; ідэальны вобраз сябе ці сябе рэальнага?" Калі шчыра прыгледзецца, то становіцца відавочна, што мы не ўмеем любіць. Хочам, каб усе адпавядалі ідэальным вобразам, якія маем, і расчароўваемся ў сваіх чаканнях. Цяжка перажываем, калі хто-небудзь нешта не па-нашаму зробіць, не змаўчыць або не так скажа, не спытаецца дазволу.

“А. Піо – “круты” хрысціянскіх часоў, - адзначыў брат. - У нас уяўленне, што “крутыя” – гэта тыя, якія ўсяго дасягнулі самі. “Круты” хрысціянін – гэта той, праз каго Бог чагосці дасягнуў, нягледзячы на слабасці і абмежаванні асобы. Быць “крутым” – гэта значыць даць сябе выкарыстаць Богу, даць сябе перамяніць Яго любоўю”. Святы капуцын праўдзіва быў інструментам у руках Бога. Ён ведаў, што тыя здольнасці, якія меў, цуды, якія адбываліся, - гэта не яго заслуга, але Божае дзеянне.

А. Піо – вялікі святы і наш духоўны брат, які можа выпрошваць для нас патрэбныя ласкі. Святар заўважыў, што многія вернікі схільныя да таго, каб сарціраваць святых па іх “функцыях”, напрыклад св. Антоній – ад згубленых рэчаў, св. Рох – ад хваробаў, г.д. І некаторыя нават пытаюцца: “А ад чаго св. а. Піо?” Брат падкрэсліў, што усе святыя – універсальныя. У св. Антонія, напрыклад, можна прасіць заступніцтва і дапамогі ў адшуканні згубленай веры…
Гэтае свята – магчымасць зрабіць рахунак сумлення і прасіць, каб а. Піо дапагаў нам вучыцца любіць, не ўцякаць ад цяжкасцяў крыжа, не аддаваць час сацсеткам, а шукаць Божага аблічча і давяраць Божай любові. Няхай гэтая любоў перамяняе нас.
Тэкст: Кацярына Савянок
Фота: Эрык Савянок