Skip to main content

Адпустовая ўрачыстасць у Хоўхлаве

| Падзеі »
 2026 09 13hohl01

У нядзелю 13 верасня зноў нашыя парафіяне узыходзілі па прыгожа прыбранай мясцовымі вернікамі дарожцы да драўлянай святыні з урачыста белымі калонамі - хоўхлаўскага касцёла Найсвяцейшага Імя Марыі, каб удзельнічаць у святочнай Імшы. Для многіх маладзечанцаў гэтае месца ўжо некалькі гадоў адчуваецца як “сваё”. Тыя, хто прымаў удзел у аднаўленні будынка касцёла і ўпарадкаванні падскляпенняў, пакінулі тут часцінку свайго сэрца. Таму з хваляваннем штогод адведваюць Найсвяцейшую Панну і не абмінаюць малітвай тых, хто спачывае ў капліцы-пахавальні.

 2026 09 13hohl28

У гэтым годзе радасць сустрэчы і сумеснай малітвы з вернікамі раздзяліў бр. Аляксандр Астраушка, які цэлебраваў урачыстую святую Імшу. У гаміліі ён гэтае ціхае месца - невялікую вёсачку - параўнаў з Назарэтам. Спакой, які атуляе чалавека у гэтай святыні - гэта спакой дому Святой Сям’і. Марыя ў цішыні свайго дома адкрывала, што ўсё, што Яна мае, ўвесь гэты свет створаны для Яе.

«…і выбраў нас у Ім перад стварэннем свету…” (Эф 1, 4)

Марыя ва ўсім, што нас атачае, - спеве птушак, сонечным святле, водары кветак - умела ўбачыць неабмежаваную любоў Бога і Яго жаданне ёй падзяліцца, таму ў адказ хацела цалкам прысвяціць сябе Створцу. Нельга сказаць, што ў Святой Сям’і не было праблем. Дзіця нарадзілася ў стайні, потым вымушаны былі ўцякаць ад пераследу, потым крыжовая смерць Езуса. Але Яна ў кожнай сітуацыі, ва ўсіх цяжкасцях, трымала позірк на Хрысце. Яна жыла па прынцыпу “вось тут Ён - і гэтага дастаткова”. Марыя бачыла ў Ім тое, што Ёй трэба, усё, што Ёй трэба. Яна распазнала свой скарб.

 2026 09 13hohl07

У адрозненні ад Марыі, мы найчасцей заўважаем тое, чаго нам не хапае, і забываем аб тым, што ужо маем. Часам нашыя людзі кажуць, што не могуць сабе дазволіць на час спакою. Але тое, за чым гонімся, ці сапраўды вартае тых высілкаў? Многія старэйшыя людзі сутыкнуліся з сітуацыяй, калі ўкладалі шмат часу, грошай, сіл у будоўлю вялікага дома, а цяпер жывуць у ім адны. Насамрэч, можа дастаткова чагосьці малога? Варта знаходзіць час, каб прыйсці туды, дзе Ён, каб знайсці гэтую пярліну, гэты скарб – Божую Прысутнасць, Божую любоў – і адкрыць сваю тоеснасць, зразумець, што сапраўды мае значэнне, а што проста марна забірае час, сродкі і здароўе.

Чалавек, які напоўнены Богам -крыніцай жыцця, менш заўважае, што яму нечага не хапае. Калі чалавек верыць у свае сілы менш, чым у Божую дапамогу, то нават у сваіх хваробах і невялікім дастатку будзе мець спакой і радасць у душы.

 2026 09 13hohl05

Такія месцы, як касцёл у Хоўхлаве, нам патрэбны, каб тут праз рукі Панны Марыі прыносіць Богу свае інтэнцыі, напаўняцца спакоем. Марыя як у сваім жыцці, так і на вобразе ў алтары касцёла паказвае на Хрыста. Яе пастава цела і позірк выказваюць у Ёй клапатлівую маці, якая ўглядаецца ў прысутных у святыні сваіх дзяцей: “Ці ўсё ў цябе добра? Ці не здарылася штосьці дрэннае?” Калі даўжэй затрымацца на Яе твары, сэрца пачынае з даверам адкрываць тое, што ў ім сабралася. Яе вялікая выява напаўняе свядомасцю, што ты сапраўды Яе маленькае дзіця і можаш разлічваць на суцяшэнне. Тут цябе чакае цішыня і спакой Сям’і.

 2026 09 13hohl39

 

 

Тэкст: Кацярына Савянок

Фота, відэа: Эрык Савянок