Распачаўся новы навучальны год

"Усё мае свой час, і свая пара кожнай справе пад небам" (Эклезіяст 3, 1). Хацеў бы хто ці не, адпачынак скончыўся і надышла пара памнажаць веды і дасягаць новыя вяршыні ў розных сферах дзейнасці. У нядзелю на дзіцячай Імшы перамены былі асабліва заўважальныя. Касцёл зноў быў поўны дзяцей. Сёння яны былі асабліва ўрачыста апранутыя, некаторыя ў поўнай школьнай экіпіроўцы.

Брат Сяргей заахвоціў паразважаць над урыўкам з нядзельнага Евангелля, дзе Пётр спрабаваў адгаварыць Хрыста ад крыжа, шкадуючы Яго. За што ў адказ пачуў вострыя словы: "Адыдзі ад Мяне, сатана. Ты для Мяне спакуса, бо думаеш не пра тое, што Божае, але пра тое, што чалавечае!" (Мц 16, 23). Крыўднае слова "сатана" з грэцкай мовы перакладаецца як "той, хто супраціўляецца", або "той, хто спакушае". Брат простымі словамі тлумачыў дзецям, што такое спакуса: "Гэта тое, што падабаецца, чаго хочацца, але нельга, бо яно будзе шкодным. Напрыклад, спакусай было б жаданне есці смачныя чыпсы на сняданне, абед і вячэру, бо пачне балець жывот. Або калі вы прыйдзеце са школы, а ўнутраны голас вам скажа: "Не рабі хатняе заданне, яно цяжкое. Ты стаміўся, пасядзі ў Тік-токе". Гэта спакуса, бо калі паслухаеце гэты голас, то якія адзнакі у вас будуць у канцы чвэрці?" Святар заўважыў, што дзеці паводзяць сябе як Пётр, які лічыў, што ведае больш, чым Езус-Бог - яны не слухаюць бацькоў. "Я вас вельмі прашу, дзеці, калі да вас прыйдуць спакуслівыя думкі, падумайце: "Я не ведаю ўсяго, а мае бацькі ведаюць, варта іх паслухаць". Вашыя бацькі, падобна як Езус, маюць вялікую свядомасць, як вас накіроўваць". Канешне, не так лёгка сказаць спакусе "не". "Але ў гэтым змаганні, - запэўніў бр. Сяргей, - вы не застаецеся адны. У вас побач заўсёды ёсць Сябар, які мае моц большую, чым усе супергероі, якіх вы ведаеце".

Потым, звярнуўшыся да бацькоў, пробашч прыгадаў словы ап. Паўла: "... аддайце вашыя целы на ахвяру жывую, святую, прыемную Богу — на разумнае служэнне вашае" (Рым 12, 1). Ён заўважыў, што слова "ахвяра" па-лацінску гучыць як hostia ("хостыя") - эўхарыстычны хлеб. І гэта вельмі сугучна з заданнем бацькоў быць для сваіх дзяцей жывой хостыяй: карміць, даваць свой час, дзяліцца ведамі і верай. "Напаўняйцеся Богам, каб мець сілы ахвяраваць сваё жыццё", - заахвоціў святар.

Пасля эўхарыстычнай літургіі бр. Сяргей блаславіў дзяцей, бацькоў, настаўнікаў і катэхетаў на новы навучальны год і акрапіў асвячонай вадой. Дзеці ціснуліся шчыльней і хваляваліся, што іх не заўважыць бр. Сяргей і тады на іх дзённікі і іншыя школьныя прылады не трапяць жаданыя кроплі. Канешне, гэта можа падацца смешным, але радасна, што дзеці маюць такое прагненне распачаць новы навучальны год з Божага блаславення.

Пасля Імшы малодшыя парафіяне (і не толькі) паспяшылі да падрыхтаваных валанцёрамі парафіяльнага Карытас пачастункаў.


А калі наеліся аладкаў і іншай смакаты, весела танчылі і ўдзельнічалі ў забавах, якія падрыхтавала францішканская моладзь.

Хлопцаў было не адарваць ад футбола.

А каля капліцы на гульнявой пляцоўцы ад Карытас гулялі цэлымі сем'ямі. Дарэчы, некаторыя гульнявыя заданні былі вельмі складанымі! Не ведаю, ці ўдалося каму-небудзь трапіць мячыкам ў невялікую адтуліну з надпісам "100", а конікам "даскакаць" на фінішу... Але было вельмі весела. Выглядала на тое, што і нашыя старэйшыя праз гэтыя забавы памаладзелі. Дзякуем усім арганізатарам і ўдзельнікам свята за магчымасць пабыць разам.
Тэкст: Кацярына Савянок
Фота: Эрык Савянок
Паглядзець расклад катэхезаў (для дзяцей і дарослых) у парафіі можна тут.