Skip to main content

Жупраны: дзень, калі сцены сталі Домам Божым

| Падзеі »

“Блізкі Гасподзь да ўсіх, хто кліча Яго,
да ўсіх, хто кліча Яго ў праўдзе”
Пс 144, 18.

 2026 08 29zuprany00 0

Кажуць, што не месца красіць чалавека, а чалавек – месца. Але што можа зрабіць адзін чалавек для храма? А што, калі ён не адзін? Калі побач тыя, хто думае таксама, хто верыць, хто гатовы ехаць куды заўгодна, проста каб быць разам? Гэтае пытанне асабліва востра гучыць, калі глядзіш на жупранскі касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла – помнік неаготыкі, які ўзвышаецца ў цэнтры вёскі ўжо 150 гадоў. Яго будавалі ў 1854-1875 гадах на сродкі графа Адама Гутэн-Чапскага і саміх парафіян. 12 кастрычніка 1875 года ў яшчэ недабудаванай святыні ўпершыню адбылася Імша. Але ўрачыстай кансэкрацыі – асвячэння храма і алтара – тады не адбылося. Як не было яе і ў наступныя дзесяцігоддзі, поўныя войнаў, пераследу Касцёла і складаных гістарычных выпрабаванняў.

Затое за апошні год касцёл у Жупранах проста не пазнаць! Столькі станоўчых зменаў адбылося з прызначэннем новага пробашча ксяндза Артура Ляшнеўскага SDB. Пры ім ажыло парафіяльнае жыццё, з’явіліся дзеці і моладзь, абнавіўся інтэр’ер храма. Рэстаўратары вярнулі сценам першапачатковы белы колер, які быў страчаны пад пластамі пазнейшых фарбаў. І вось – доўгачаканая кансэкрацыя, якую чакалі 150 гадоў!

 2026 08 29zuprany48

Але аб усім па парадку. Мы ехалі ў Жупраны з Маладзечна, калі сонца толькі пачынала прабівацца. Два аўтобусы, шмат аўтамабіляў – і кожны з нас ведаў: гэты дзень будзе асаблівым, бо кансэкрацыя касцёла святых апосталаў Пятра і Паўла – гэта не проста ўрачысты абрад. Гэта момант, калі звычайны будынак з цэглы і каменя перастае быць проста мурамі і становіцца Домам Божым. Момант, калі Бог прыходзіць, каб застацца там назаўсёды.

Ксёндз Артур Ляшнеўскі SDB для нас, маладзечанцаў, ужо даўно не чужы чалавек. Мы ведаем яго як святара, які не проста служыць Імшу, а жыве ёй. Ён не раз наведваў наш касцёл святога айца Піо, і кожны яго прыезд станавіўся падзеяй. Яго словы не забываліся, яны заставаліся ў сэрцы, прарасталі думкамі, змянялі нешта ў думках і справах. Калі некалькі тыдняў таму ён правёў Святыя Місіі ў Лебедзеве, многія з маладзечанцаў не маглі застацца ўбаку. Паехалі туды, каб слухаць, каб перажываць, каб змяняцца. І вось цяпер – Жупраны. Мы не маглі не прыехаць. Мы проста павінны былі быць побач!

 2026 08 29zuprany00 2

Увайшоўшы ў касцёл, стала зразумела: яго яшчэ не асвяцілі, але ён ужо быў поўны чакання. Гэта адчувалася ў паветры. У тым, як перагаворваліся людзі, як святары рыхтаваліся да службы, як Яго Эксцэленцыя біскуп Уладзімір Гуляй уваходзіў на прэзбітэрый. Ён яшчэ не сказаў ні слова, але ўжо нёс у сабе нешта такое, што супакойвала і адначасова настройвала на важнае. Я глядзела на сцены, на высокія вокны, на старыя і новыя лаўкі. Усё тут было такім жа, як і ў іншых касцёлах, але здавалася, што сёння кожная рыса, кожная драпіна на драўніне, кожны прамень святла маюць сэнс. Бо сёння гэты будынак перастае быць проста будынкам.

 2026 08 29zuprany01 1

Дзень кансэкрацыі – 29 жніўня 2026 года – стаў сапраўдным святам для парафіі і шматлікіх гасцей. Касцёл сабраў людзей не толькі з навакольных гарадоў і вёсак: прыехалі прадстаўнікі розных парафій, святары, браты і сёстры, вернікі. Усё пачалося з адарацыі падзякі і праслаўлення, якая настроіла ўсіх прысутных на ўрачысты лад. Потым супрацоўнікі Ашмянскага краязнаўчага музея імя Францішка Багушэвіча прапанавалі гістарычны экскурс: кожны мог даведацца пра мінулае святыні і выбітных асоб, звязаных з ёю – у тым ліку самога Багушэвіча, які знайшоў апошні спачын на касцёльных могілках.

Першым абрадам стала асвячэнне вады. Біскуп Уладзімір акрапіў ёю алтар, сцены, потым усіх прысутных. Я стаяла ў натоўпе, і калі халодныя кроплі кранулі твар, мне здалося, што разам з вадой змываецца ўсё тое, што назапашвалася доўгія тыдні. Неспакой, стомленасць, нявыказаныя словы – усё гэта знікла. Потым усе разам вернікі пачалі прамаўляць Літанію да ўсіх святых. Сотні галасоў зліваліся ў адзін вялікі гук. Я чула, як людзі вакол мяне вымаўляюць імёны святых – Маці Божая, анёлы, апосталы, мучанікі. І здавалася, што яны адгукаюцца. Што яны тут, з намі, у гэтых сценах, што мы не адны.

 2026 08 29zuprany08

І вось тады пачалося галоўнае. Найперш – пакладанне рэліквій. Сястра Лаўра Шукеловіч CSFN урачыста ўнесла іх у алтар. Сястра – ураджэнка гэтых мясцін, і яе пакліканне адбылося менавіта ў гэтым храме. У цішыні, якая запанавала ў касцёле, яна перадала рэліквіі благаславёных сясцёр-назарэтанак з Навагрудка, і іх умуравалі ў новы эўхарыстычны алтар. Я глядзела на гэта і думала пра гэтых жанчын. Яны загінулі падчас Другой сусветнай вайны, аддаўшы сваё жыццё за іншых. Яны не стаялі перад выбарам, яны проста зрабілі тое, што не маглі не зрабіць. Яны любілі Бога і свой народ больш, чым сябе. Цяпер яны назаўсёды ў гэтым алтары, і кожная святая Імша, якую тут будуць служыць, будзе ўзносіцца да Бога разам з іх заступніцтвам. Гэты момант нагадаў пра тое, што любоў не заўсёды гучыць гучна. Часам яна ціхая, але бязмежная.

Затым Уладыка прамовіў малітву кансэкрацыі. Словы былі ўрачыстыя, яны вымаўляліся па-латыні і па-беларуску. У гэты момант алтар і храм станавіліся святыняй назаўсёды. Гледзячы на біскупа, які стаяў перад алтаром, здавалася, што ён не проста вымаўляе словы, а запрашае Бога ўвайсці ў гэты дом. І Бог адгукаецца.
Надышоў самы таямнічы момант – намашчэнне. Біскуп Уладзімір урачыста выліў святое хрызма на алтар. Я бачыла, як алей расцякаецца па камені, як ён блішчыць у святле. Спачатку на цэнтр, потым на чатыры вуглы – у знак пяці ранаў Хрыста. Слова “Хрыстус” азначае “Намашчаны”. І калі алтар намасцілі, ён стаў сімвалам самога Збаўцы. Затым біскуп намасціў сцены касцёла ў тых месцах, дзе ўсталяваны крыжы і свечкі. Я глядзела на гэтыя сцены, якія толькі што сталі святымі, і думала: мы таксама камяні. Мы жывыя камяні гэтага храма. Праз хрышчэнне, праз веру, праз тое, што мы тут, сёння, разам. І кожны з нас нясе ў сабе часцінку гэтага асвячэння.

 2026 08 29zuprany16

Потым адбыўся абрад каджэння. Дым ладану падняўся да скляпенняў, запаўняючы ўсю прастору. Ён быў густы і духмяны, і здавалася, што разам з ім угару ўзлятаюць усе нашы малітвы, усе просьбы, усе падзякі. Пасля каджэння алтар упрыгожылі белым абрусам, свечкамі і кветкамі. А потым адбылося рассвятленне. Біскуп перадаў агонь ад пасхальнай свечкі, і запаліліся свечкі на алтары. Ад іх святло пачало распаўсюджвацца па касцёле, запальваючы адну свечку за адной. Цемра адступала, і кожны куток напоўніўся цяплом. І ў гэты момант загучалі званы. Іх звон паляцеў па ўсёй ваколіцы. Хрыстус – Святло свету – увайшоў у гэты дом.

 2026 08 29zuprany21
 2026 08 29zuprany27

А яшчэ ў гэты дзень адбыўся цуд! Божы цуд! Матылёк. Ён з’явіўся нечакана, нібы вырас са святла. Ён кружыў над алтаром, над рукамі біскупа, над рэліквіямі, сядзеў на руках і плячах святароў. Ён быў лёгкі і трапяткі, але трымаўся ўпэўнена, быццам ведаў, што робіць. Немагчыма было адвесці ад яго вачэй. І калі я агледзелася, убачыла, што не я адна – людзі пераглядаліся, шапталіся, паказвалі адзін аднаму. Матылёк кружыў, падымаўся да Укрыжаванага Езуса, апускаўся да алтара – і знік толькі тады, калі біскуп апошні раз пацалаваў алтар, і прагучала “Амэн”. Яго не стала. Што гэта было? Я не ведаю. Але ў той дзень я зразумела: Неба не маўчыць. Яно гаворыць з намі так, як мы можам зразумець. Праз людзей, праз прыроду, праз выпадковасці, праз тое, што здаецца дробяззю. Матылёк стаў знакам таго, што само Неба ў той дзень было побач…

 2026 08 29zuprany17

Калі абрад скончыўся, пачалася звычайная святая Імша. Але яна ўжо не была звычайнай – гэта была першая святая Імша на кансэкраваным алтары. Хрыстос увайшоў у гэты Дом, каб застацца тут назаўсёды. І гэта было самым галоўным.

 2026 08 29zuprany27

Біскуп Уладзімір звярнуўся да вернікаў з гаміліяй. Ён назваў гэты дзень гістарычным і падкрэсліў, што жупранскі касцёл для хрысціян – не проста твор мастацтва ці помнік архітэктуры, а жывы сведка з уласным голасам: “Гэтая святыня не нямая, як часта кажуць пра неадушаўлёныя прадметы, яна мае голас, бо з адлегласці мінулых стагоддзяў звяртаецца да нашых сэрцаў. Найперш яна кажа нам пра шматвяковую прысутнасць хрысціянства на нашых землях, а таксама пра бурлівую і цяжкую гісторыю нашай зямлі”. Іерарх нагадаў пра больш чым шасцісотгадовую каталіцкую прысутнасць у Жупранах, пра пакаленні парафіянаў, якія перадавалі веру нашчадкам. Духоўную спадчыну ён назваў не толькі вялікім дарам, але і абавязкам: “Наколькі ж гэтая спадчына абавязвае нас, каб мы не забыліся аб ёй, не змарнавалі, а памножылі і перадалі наступным пакаленням”. Біскуп адзначыў, што нягледзячы на ўсе павароты гісторыі, розныя цяжкасці і выпрабаванні, каталіцкая вера і вернасць Касцёлу вытрывалі ў сэрцах жыхароў Жупран.

Асобна біскуп падзякаваў святарам і парафіянам, якія дапамаглі не пакінуць гэты касцёл без душпастырскай апекі ў складаныя часы, узгадаўшы святароў суседніх парафій, якія прыязджалі ў Жупраны. Ён асабліва вылучыў прысутнага на ўрачыстасці кс. каноніка Юзафа Занеўскага SDB, які прыбыў у Жупраны ў 1981 годзе і за дзесяць гадоў дапамог аднавіць рэлігійнае жыццё ў самой парафіі і ў наваколлі, дзе былі зноў адкрыты пяць касцёлаў.
Вельмі красамоўнымі біскуп назваў знакі: успамін мучаніцтва Яна Хрысціцеля, які адзначаўся ў гэты дзень, і рэліквіі назарэтанак-мучаніц, змешчаныя ў адноўленым алтары. І пажадаў, каб прыклады мучанікаў мабілізавалі кожнага вызнаваць і практыкаваць веру з яшчэ большай руплівасцю, запалам і адданасцю. Ён нагадаў, што кожны з нас без выключэння пакліканы паглыбляць веру ў штодзённым жыцці: “Працавітыя рабочы ці селянін, сумленны чыноўнік, клапатлівая жанчына, якая апякуецца домам і сям’ёй, старанны вучань ці студэнт, кампетэнтны і чулы да чалавечых пакутаў урач, настаўнік, які стараецца перадаваць веды і выхоўваць добрых людзей, – усё гэта прыклады сведчання веры, якога Бог чакае ад кожнага”.

Пасля Імшы мы выйшлі на працэсію вакол касцёла. Мы неслі Езуса ў Гостыі, і Ён благаслаўляў гэтую зямлю, гэтых людзей, гэты дзень. Я глядзела на людзей, якія ішлі побач, і бачыла іх твары. Яны свяціліся. Не проста ўсмешкай, а якімсьці ўнутраным святлом, якое немагчыма падрабіць...

 2026 08 29zuprany43 2

Далей прагучала шмат слоў падзякі. Намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама Ганна Язель падкрэсліла, што жупранскі касцёл – гэта не проста помнік архітэктуры, а жывы сімвал веры і гісторыі ўсяго краю. Я слухала і думала, што яна мае рацыю, але гэта яшчэ нешта большае. Гэта месца, дзе можна сустрэць Бога.

 2026 08 29zuprany34

Асаблівым момантам стала перадача Пастырскага благаслаўлення ад Папы Рымскага Льва XIV. Біскуп уручыў яго ксяндзу Артуру і ўсім вернікам. Мы адчулі, што маленькі жупранскі касцёл злучаны з усім светам. Што нас бачаць, што нас падтрымліваюць, што мы не адны.

 2026 08 29zuprany36

Але самыя цёплыя словы былі сказаны ксяндзу Артуру біскупам Уладзімірам, прадстаўнікамі ўлады, парафіянамі. Вернікі дзякавалі яму не проста за арганізацыю і за працу. Яны дзякавалі яму за яго сэрца. За тое, што ён жыве разам з імі. За тое, што дзякуючы яму гэты касцёл стаў жывым. Я глядзела на людзей, якія гаварылі гэтыя словы, і разумела іх, бо такія моманты не здараюцца проста так. Яны нараджаюцца там, дзе ёсць сапраўдная любоў, дзе пастыр гатовы аддаць сябе для сваёй парафіі, і дзе парафія адказвае яму тым жа.

 2026 08 29zuprany43

Пасля ўрачыстай часткі свята працягвалася на вуліцы. Гучала музыка – канцэрт “150 год надзеі і веры” падрыхтавалі настаўнікі Ашмянскай школы мастацтваў. Працавалі фудкорты, дзіцячая пляцоўка, фотазоны. Людзі частаваліся, размаўлялі, смяяліся. Усё было такім простым, такім натуральным. І мне здавалася, што гэта і ёсць шчасце: не калі здараецца нешта вялікае, а калі ты адчуваеш, што ты ў сваім доме, што ты сярод сваіх.

 2026 08 29zuprany46
 2026 08 29zuprany47

Гэты дзень нагадаў, што вера – гэта не тэорыя, не кніжкі і не правілы. Гэта жыццё, гэта людзі, якія ідуць разам да аднаго святла. Гэта момант, калі ты адчуваеш: Бог – побач. І Ён не проста глядзіць на цябе з Неба, Ён прысутнічае ў тваім жыцці, у тваіх думках, у тваіх кроках. Бо «дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх» (Мц 18, 20). У той дзень у касцёле сабраліся сотні людзей. І Хрыстос быў з кожным.

Я дакладна ведаю: я вярнуся ў Жупраны. Не таму, што гэта прыгожы касцёл (хоць ён і сапраўды прыгожы). Я вярнуся туды, каб пабыць у той цішыні, якая там нарадзілася. Каб нагадаць сабе: Бог – побач. І калі я ўбачу матылька – дзе б гэта ні было – я ўспомню гэты дзень. І я буду ведаць, што гэта не выпадковасць. Такія сустрэчы не бываюць выпадковымі. А ксяндзу Артуру, які ўдыхнуў новае жыццё ў гэтую святыню, я хачу пажадаць, каб яго духоўная праца прыносіла такія ж багатыя плёны. Каб парафія расла і мацнела, каб дзіцячы смех чуўся ў араторыі, каб праекты з’яўляліся і развіваліся, а беларуская мова гучала ў сценах гэтага касцёла яшчэ доўга і натхнёна. Каб новыя пачынанні станавіліся традыцыяй і прыцягвалі людзей, якія шукаюць Бога і адзін аднаго. І каб праз яго служэнне яшчэ многія сэрцы адчулі: Госпад блізкі да ўсіх, хто кліча Яго ў праўдзе.

Яшчэ хачу звярнуцца да кожнага, хто быў у гэтай Святыні, і да тых, хто яшчэ прыйдзе ў гэты касцёл. Заўсёды памятайце, што вы – не выпадковыя наведвальнікі. Вы – жывыя камяні, якія трымаюць гэты Дом Божы. Кожная ваша шчырая малітва, кожны добры ўчынак, кожнае ціхае “дзякуй” Богу – гэта цэгла, якую вы ўкладваеце ў агульную сцяну. Без вас гэты храм будзе толькі прыгожым мурам. А з вамі ён будзе жыць, дыхаць, гаварыць з Небам і адгукацца на чалавечы боль.

Няхай кожны, хто прыйдзе сюды са стомленым сэрцам, знаходзіць супакой. Хто з сумненнямі – адчувае праўду. Хто адзінокі – сустракае брата ці сястру. Каб праз гады, калі вы зноў ступіце на гэты парог, вас сустракала не халодная архітэктура, а цяпло тых самых жывых камянёў, якія маліліся тут да вас і будуць маліцца пасля. Будзьце моцнымі, як гэтыя сцены. Будзьце жывымі, як агонь свечак, які сёння запаліўся ад пасхальнай свечкі. І помніце: кожны з вас – неабходны. Бо калі ў сцяне не хапае аднаго каменя, яна аслабее. Так і гэты касцёл моцны толькі тады, калі ў ім ёсць вы – верныя, шчырыя, розныя, але адзіныя ў галоўным.

Няхай Гасподзь благаслаўляе кожны ваш крок, які вядзе да гэтага алтара, і кожнае слова, якое вы ўзносіце да Яго. Бо Ён чуе тых, хто кліча Яго ад шчырага сэрца, і ніколі не пакідае без адказу тых, хто імкнецца да Яго ў праўдзе. Амэн.

Больш фота па спасылцы. 

Тэкст: Таццяна Шумель

Фота: Таццяна Шумель, Эрык Савянок