Skip to main content

Вернікі нашай парафіі наведалі урачыстасць кансэкрацыіі касцёла св. Валянціна ў Смалявічах

| Падзеі »
 22 08 2026smaliav07

У суботу 22 жніўня група нашых парафіянаў, хто сваім ходам, а хто аўтобусам, наведалі капуцынскую святыню ў Смалявічах, каб удзельнічаць ва ўрачыстай святой Імшы з нагоды 30-годдзя парафіі, падчас якой касцёл быў асвечаны - аддадзены на выключнае служэнне Богу. Некаторыя былі тут упершыню.

 22 08 2026smaliav10

Прыгожая і ўтульная, але невялічкая святыня не змагла змясціць усіх вернікаў, і мясцовых, і гасцей. Добра, што надвор’е было спрыяльнае – ні моцнага верту, ні дажджу не было, хоць сіноптыкі і абяцалі.

Але гэта цяпер маліліся, каб вецер не сапсаваў свята. А быў час, калі за моцны віхур мясцовыя католікі Пану Богу дзякавалі. Гэтую гісторыю, як і некаторыя іншыя факты, звязаныя з паўстаннем парафіі і касцёла, распавёў бр. Анатоль Ярошка, які служыў тут з часоў заснавання парафіі.

 22 08 2026smaliav19

Пачалося ўсё з прапановы кс. Уладзіслава Завальнюка узвесці тут святыню, паколькі месца малітвы для католікаў у Смалявічах не было, і вернікі наведвалі касцёлы ў Красным і ў Мінску. Першая дзяржаўная рэгістрацыя парафіі адбылася 29 красавіка 1996 года. Першая св. Імша цэлебравалася ў Вербную нядзелю. Збіраліся на Імшу па дамах вернікаў і на могілках.

 22 08 2026smaliav01

Спачатку прыязджалі розныя святары. А 16 чэрвеня 1997 года з рук кардынала Казіміра Свёнтка, мітрапаліта Мінска-магілёўскага, дэкрэт на абслугоўванне парафіі ў Смалявічах атрымаў бр. Анатоль. Мясцовай каталіцкай супольнасці выдзелілі зямлю ў цэнтральным скверы, дзе раслі векавыя дубы і хвоі. Некалі гэта была тэрыторыя маёнтка шляхецкага роду Ваньковічаў, а менавіта стары панскі парк. Спілаваць дрэвы было амаль немагчыма і вельмі дорага: каб падрыхтаваць пляцоўку пад касцёл, трэба было заплаціць за кожнае спілаванае дрэва і забяспечыць кампенсацыйныя пасадкі. Але ў гэтай справе як раз і дапамог моцны буран, які ў 1997 годзе наляцеў на горад і акуратна вырваў з коранем і паваліў менавіта тыя дрэвы, што заміналі будучаму падмурку, не закрануўшы суседнія дамы. Вернікі і бр. Анатоль палічылі гэта відавочным Божым знакам.

На тэрыторыі будоўлі святыні з'явіўся вагончык, у якім цэлебраваліся святыя Імшы. Ад гэтага часу вернікаў станавілася штораз больш.

 22 08 2026smaliav02
 22 08 2026smaliav04

Сама будоўля распачалася ў 2000 годзе. А ўжо 19 мая 2001 года дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Кірыл Клімовіч здзейсніў урачысты акт асвячэння падмурка. Праект касцёла распрацоўваўся ў майстэрні архітэктара Уладзіміра Даніленкі, які, дарэчы, проектаваў і Дом культуры ў Маладзечне. Па задумцы архітэктара касцёл мусіў выглядаць, як паменшаная копія касцёла св. Роха на Залатой Горцы.

На працягу 30 гадоў пастырскую апеку ў парафіі здзяйснялі браты Анатоль Ярошка, Віктар Барысевіч, Юрый Катовіч, Андрэй Квяцінскі, Сяргей Мацюшонак, цяперашні пробашч Андрэй Букштан. За гэты час паўстаў будынак святыні, з’явіліся вітражы, стацыі крыжовага шляху, арган. У апошні год касцёл быў адрамантаваны дзякуючы замежнай дапамозе Аўстрыйскай дыяцэзіі, а таксама намаганням мясцовых вернікаў, якія рупліва клапоцяцца пра прыгажосць гэтага месца.

Многія радасныя падзеі адбыліся ў гэтай святыні. Сярод іх святарскія пасвячэнні добра вядомых нам братоў Алега Шэнды, Андрэя Квяцінскага (2008 г.) і маладзечанца Аляксандра Астраушкі (2019 г.).

У 2009 годзе заняла сваё месца  на вялікім 6-тонным валуне побач з касцёлам бронзавая фігура святого Валянціна – дыпломная праца выпускніка Акадэміі мастацтваў Яраслава Філіповіча.

 22 08 2026smaliav08

Закаханыя і сем’і прыязджаюць сюды, каб прасіць заступніцтва св. Валянціна, апекуна ў сардэчных справах. Як вядома, св. Валянцін - рымскі лекар і хрысціянскі біскуп - жыў у трэцім стагоддзі, у часы, калі ў Рымскай імперыі хрысціян пераследавалі. Да таго ж, паводле падання, імператар Клаўдзій II лічыў, што сям'я перашкаджае салдатам адважна змагацца, і забараняў ім жаніцца. А Валянцін, рызыкуючы жыццём, таемна хрысціў і вянчаў жыхароў горада, сярод якіх было нямала салдат. Таму, калі пра гэта стала вядома імператару-язычніку, той загадаў пакараць біскупа смерцю, што і было споўнена 14 лютага 270 года. У нашыя няпростыя часы, калі сужэнствы перажываюць крызісы і распадаюцца, заступніцтва гэтага святога ўсцяж актуальна. Напэўна, таму і ў гэты святочны дзень вакол было шмат пілігрымаў, якія прыехалі сем’ямі. Паўсюль чуліся дзіцячыя галасы. Дарэчы, у хрысціянскай традыцыі св. Валянцін таксама з'яўляецца заступнікам цяжка хворых людзей, асабліва тых, хто пакутуе на эпілепсію. Менавіта таму ў Смалявіцкім касцёле парафіяльны фэст 14 лютага — гэта асаблівы час, калі вернікі моляцца таксама за здароўе сваіх родных, блізкіх і аб суцяшэнні ўсіх, хто сутыкнуўся з цяжкімі хваробамі.

 22 08 2026smaliav79

І вось настаў чарговы гістарычны для парафіі момант: а 12-й гадзіне вернікі сабраліся каля ўваходу ў святыню, каб прывітаць арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, галоўнага цэлебранта ўрачыстасці, і ўручыць яму ключы ад святыні на знак таго, што ён як мітрапаліт з’яўляеца яе гаспадаром.

 22 08 2026smaliav05
 22 08 2026smaliav06

Потым распачалася св. Імша, на якой прысутнічала шматлікае духавенства: браты капуцыны на чале з кусташам Алегам Шэндам і святары суседніх парафій.

 22 08 2026smaliav14

Увайшоўшы ў святыню, можна было ўбачыць некаторыя асаблівыя знакі літургіі: алтар не быў засцелены абрусам, а святло не было запалена.

Напачатку Яго Эксцэленцыя акрапіў усіх прысутных асвячонай вадой на ўспамін хросту, каб Дух Святы ачысціў жывую святыню, якой з’яўляюцца вернікі. Потым адбыўся абрад асвячэння будынка касцёла. Пасля адмысловай малітвы былі намашчаны алеем хрызма алтар і 4 крыжы на сценах святыні.

 22 08 2026smaliav21
 22 08 2026smaliav20

"Спашлі паўнату Свайго бласлаўлення на гэты касцёл і алтар, каб яны заўсёды былі святым месцам і сталом, падрыхтаваным для прысення Хрыстовай Ахвяры. Няхай крыніца ласк змывае тут людскія правіны, каб Твае дзеці, Ойча, памерлыя для граху, нараджаліся нанова для Божага жыцця. Няхай узносіцца тут прыемная Табе ахвяра хвалы, а голас людзей, злучаны са спевам анёлаў, няхай гучыць у няспыннай малітве за збаўленне свету. Няхай убогія сустрэнуць тут міласэрнасць, прыгнечаныя – сапраўдную свабоду, а ўсе людзі апрануцца ў годнасць Тваіх дзяцей".

Затым на алтары быў спалены ладан як сімвал таго, што Ахвяра Хрыста, якая праз сакрамэнты становіцца тут прысутнай, узносіцца да Бога, як прыемны водар. Духмяны дым таксама з’яўляецца знакам малітвы верных. Перадусім акаджваецца Божы народ, бо ён ёсць жывой святыняй, у якой кожны верны ўтварае духоўны алтар.

 22 08 2026smaliav92

Нарэшце алтар быў засцелены абрусам. Гэты стол збірае вакол сябе святароў і вернікаў, якія хоць і выконваюць розныя функцыі, але разам здзяйсняюць успамін смерці і уваскрасення Хрыста і спажываюць Вячэру Пана.

 22 08 2026smaliav94
 22 08 2026smaliav97

І як сімвал таго, што Езус Хрыстус ёсць сапраўднае Святло, бляскам якога распраменьваецца Касцёл і асвятляецца ўвесь свет, было ўключана асвятленне касцёла і запалены свечы на алтары.

Падчас казання Яго Эксцэленцыя заўважыў, што кожны з нас, і духоўныя, і свецкія асобы, у роўнай ступені адказны за тое, каб гэтае сапраўднае святло убачылі нашыя браты і сёстры, якія не наведваюць святыню. Ён заахвоціў шчыра імкнуцца так глыбока перажываць еднасць з Хрыстом, каб людзі, якіх сустракаем па-за касцёлам, праз нашыя сведчанні і жыццё запальваліся жаданнем сюды прыйсці і таксама перажыць дотык Божай любові. Бо далёка не ўсе католікі, якія належаць да парафіі, сабраліся ў святыні нават у гэты гістарычны для парафіі дзень. А колькі збіраецца на фэст у нацыянальным санктуарыі ў Будславе? Усяго каля 10-25 тысяч з 1 мільёна нашых суайчыннікаў, якія лічаць сябе католікамі…

 22 08 2026smaliav82

Арцыбіскуп заахвоціў кожнага зазірнуць у сваё сэрца і ацаніць, ці дастаткова высілкаў і часу мы прыкладаем для таго, каб лепш пазнаваць Хрыста і Яго вучэнне, ці сустракаемся з Ім праз малітву, чытанне Евангелля, удзел у катэхезах, нядзельных Імшах, ці імкнемся падтрымліваць гэтым агенчык сваёй веры. Пастыр заўважыў, што кожны чалавек, які сапраўды мае жывую веру і ўсур’ёз ставіцца да духоўнага жыцця, будзе імкнуцца зноў і зноў вяртацца ў парафіяльную сям’ю і ў гэты дом Божы, дзе ўсё пачалося: дзе быў удзелены хрост, адбылася першая споведзь, удзелена першая Камунія, узяты шлюб, – каб і далей трываць у адзінстве з Богам, шукаць у Яго парады, напаўняцца Яго спакоем і любоўю. У яго сэрцы натуральным чынам узбуджаецца і жаданне падтрымліваць гэтую святыню, рабіць яе штораз больш прыгожай.

 22 08 2026smaliav16

Трэба адзначыць, што ў Смалявічах ёсць такія шчырыя і адданыя людзі, якія праз увесь перыяд існавання парафіі і святыні ўкладаюць сюды шмат сваіх высілкаў і часу. Пасля літургічнай часткі на прыкасцёльнай тэрыторыі Яго Эксцэленцыя ўручыў пергамент з Апостальскім (Папскім) благаслаўленнем і падзячную грамату шматлікім вернікам парафіі, якія актыўна ўдзельнічаюць у жыцці касцёльнай супольнасці.

 22 08 2026smaliav88

Пасля афіцыйнай часткі ўсе былі запрошаны пачаставацца рознай смакатой, якую з любоўю падрыхтавалі мясцовыя вернікі. Гэта быў добры час размоваў і сустрэч з тымі, з кім даўно не бачыліся. Дзяцей чакала гульнявая пляцоўка ад Caritas і вясёлыя забавы з аніматарамі, а дарослыя маглі паўдзельнічаць у віктарыне на тэму гісторыі парафіі, а таксама разгледзець фотаздымкі асноўных момантаў жыцця парафіі і знайсці там знаёмыя твары.

 22 08 2026smaliav11

Дзякуем братам і вернікам парафіі святога Валянціна за цудоўную нагоду і прыгожае свята. Няхай Святло-Хрыстус ў вашай супольнасці ззяе для кожнага з вас і для ўсіх пілігрымаў, якія завітваюць на гэтае святло.

Тэкст: Кацярына Савянок

Фота: Эрык Савянок, а таксама з парафіяльнага архіва

Відэа: Эрык Савянок

Фота ў лепшай якасці па спасылцы.