У нядзелю адбылося устанаўленне новага пробашча бр. Сяргея Гусара

У нядзелю, 9 жніўня, шматлікія вернікі сабраліся ў нашай святыні, каб прывітаць новапрызначанага пробашча бр. Сяргея Гусара і падзякаваць за служэнне бр. Уладзіславу Мінько, які рупліва выконваў гэты абавязак, а цяпер распачне служэнне ў парафіі св. Францішка ў в.Копішча (Мінск, раён Новая Баравая).

У святой Імшы а 10:00 прыняў удзел дэлегат біскупа - дзекан маладзечанскага дэканату ксёндз-прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, які ад імя біскупа і згодна з кананічным правам Каталіцкага Касцёла перад распачаццем св. Імшы здзейсніў урачысты абрад устанаўлення новага пробашча. Звяртаючыся да бр. Сяргея, кс. Эдмунд абвясціў: “Даручаю табе абавязкі пробашча парафіі св. Казіміра і ўрачыста аб’яўляю, што ты атрымліваеш у гэтай парафіі ўладу, якой надзяляе пробашча права рыма-каталіцкага Касцёла. Аддаю табе ў апеку духоўнае дабро вернікаў, нагадваючы, што калісьці ты будзеш за іх адказваць на судзе Божым. Таму імкніся служыць ім так, каб ты мог з чыстым сумленнем стаць перад Богам”.
Бр. Сяргей выказаў згоду прыняць гэты абавязак: “Спадзеючыся на Божую дапамогу і падтрымку ўсіх парафіянаў, хачу служыць гэтай супольнасці дзеля павелічэння хвалы Божай і дзеля збаўлення людзей, асабліва тых, хто жыве ў межах даручанай мне сёння парафіі”.
Потым кс. Эдмунд звярнуўся да прысутных вернікаў: “Ці гатовы вы дзеля збаўлення ўсіх супрацоўнічаць са сваім душпастырам, даючы сведчанне пра Хрыста ўчынкамі і словамі?” Гэта быў момант усвядоміць уласную адказнасць за парафіяльную супольнасць і даць станоўчы адказ: “Гатовы”. Кс. Эдмунд заўважыў, што сама па сабе прысутнасць шматлікіх вернікаў і міністрантаў ужо падцвярджае гэта і “з’яўляецца знакам супрацоўніцтва з новым пробашчам у будаванні Божага Валадарства ў гэтай парафіі”.

Далей, трымаючы руку на Святым Евангеллі, бр. Сяргей прачытаў вызнанне веры і склаў прысягу, у якой абяцаў вернасць вучэнню Каталіцкага Касцёла ў ажыццяўленні душпастырскіх абавязкаў.
Прагучаў гімн да Духа Святога, ўзнёслымі словамі якога уся супольнасць прасіла аб патрэбных новаму пробашчу дарах.
Пасля абраду ўсталявання новага пробашча кс. Эдмунд ад імя біскупа, а таксама ад імя святароў і кансэкраваных асобаў павіншаваў бр. Сяргея з новым прызначэннем і перадаў слова вернікам парафіі - тым, хто найбліжэй да пробашча, хто будзе яго падтрымліваць, “як Маісея - яго найбліжэйшыя, калі трымалі яго ўзнятыя падчас малітвы рукі, каб перавага ў бітве была на баку габрэйскага войска”.

Прадстаўнікі ад супольнасці вернікаў парафіі прывіталі новага пробашча, запэўніўшы ў падтрымцы – словам, справай і малітвай, а таксама выказалі шчырыя і сардэчныя словы ўдзячнасці бр. Уладзіславу за яго не такое працяглае, але вельмі сапраўднае, руплівае, поўнае адданасці і любові служэнне, якое прынесла шматлікія бачныя плёны: “Дзякуем Богу за такі вялікі дар для нас. Вашае сяброўства – гэта прыклад таго, як чалавек павінен любіць, ахвяраваць, дапамагаць і ведаць сэрца кожнага чалавека. Таксама дзякуй за Ваш тонкі гумар, усмешку і падтрымку”.

Брату Уладу, майму генералу.
Пяць год мы разам з Вамі
З верай, малітвай ідзём.
У суполках з братамі, сябрамі
Паводле Пісання жывём.
Дзяцей у капусце шукалі –
Мяне Вы знайшлі ў парніку.
Свой белы бус аддавалі
І ў Хоўхлаве потым казалі,
Што як сваяку.
Хораша разам з Вамі
(Бо вера – гэта ўчынкі)
Нават хадзіць кругамі
У Будслаў падчас пілігрымкі.
Парафію Вы абнавілі.
Слова Вашае мае рацыю.
Каюся, што сёлета ў Віліі
Падмачыў сваю рэпутацыю…
Ведаем: будзем сябрамі,
Тут прагучыць Ваш выступ.
Вы назаўсёды з намі –
І тады, як станеце біскуп.
Божага Вам бласлаўлення,
У добры шлях, у добры час!
Здароўя Вам і натхнення.
Мы вельмі любім Вас.
Дарагі брат Улад!
З Вамі – і ў футзал, і ў фінал.
Заўсёды Ваш я салдат,
Мой пробашч і мой генерал.
Алег Шумель

Бр. Андрэй Жылевіч, гвардыян братэрскай супольнасці, пасля прывітання новага пробашча падзякаваў ксяндзу прэлату за прысутнасць, мудрае айцоўскае слова і пачуццё гумару і, абапіраючыся на словы Евангелля з нядзельнай літургіі, звярнуўся да братоў, якія распачынаюць новую паслугу: “Калі Езус выходзіць па бушуючым моры насустрач вучням, Пётр кідаецца ў мора, каб ісці па вадзе, потым палохаецца і пачынае тануць. Менавіта ў гэты момант Езус працягвае яму руку і кажа: “Не бойся”. Хачу пажадаць бр. Сяргею і бр. Уладзіславу сапраўднага даверу Богу, бо Ён заўсёды гатовы працягнуць руку. І нашая братэрская супольнасць, і супольнасць парафіяльная таксама гатовы падтрымаць”.

Потым распачалася св. Імша, якую ўзначаліў бр. Сяргей як новы пробашч. Напрыканцы літургіі пасля таго, як упершыню прачытаў парафіяльныя аб'явы, ён скіраваў словы падзякі ўсім прысутным святарам і вернікам, а асабліва бр. Уладзіславу: “Я прыйшоў сюды дыяканам, і мы многае рабілі разам – ў парафіі, для Францішканскага ордэна свецкіх, для рэкалекцый, пілігрымкі. Ты мяне навучаў, накіроўваў, падтрымліваў. Я табе асабіста вельмі ўдзячны за тваё шчырае сэрца, поўнае любові да людзей”.

Апошнім узяў слова брат Уладзіслаў. І гэта быў вельмі кранальны момант. Ён прызнаўся, што гэтым разам яму выказаць падзяку больш складана, чым амаль 5 гадоў таму, калі ён у нашай парафіі прыняў святарскае пасвячэнне: “Тады маё сэрца было маленькае, а цяпер яго напоўнілі вы. Я тут атрымаў усё тое, аб чым марыў, жадаючы стаць святаром. Многае мы разам перажылі ў такой цеплыні, любові. Вельмі прашу такую падтрымку аказаць бр. Сяргею, які таксама з вялікай любоўю распачынае гэтую паслугу. Напэўна, за гэта трэба дзякаваць усім святарам, якія тут працавалі, бо такі давер да нас, святароў, выхоўваецца пакаленнямі. Хачу перапрасіць за свае памылкі. Гэтую Імшу я ахвяраваў за ўсіх тых, каму не даў дастаткова увагі. Няхай Пан Бог гэты недахоп запоўніць.
Я хацеў бы яшчэ сказаць вам і бр. Сяргею такую думку. Што такое парафія? Не сакрэт, што наша парафія жывая, многае адбываецца. Але калі ў часы выпрабаванняў і асабістых трагедый людзі знаходзяць адзін у аднаго падтрымку, калі мы разам плачам на чыіхсьці могілках, наведваем хворых, адзін другому ўсміхаемся – гэта парафія. І жадаю вам гэтага не страціць. Умілаванне Божага Слова, катэхізацыя, мара, каб у нашай парафіі была вечная адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, сустрэчы ў розных супольнасцях – я думаю, што гэта тое, за што варта трымацца. Гэта смак нашай парафіі.
Бр. Сяргею я таксама вельмі ўдзячны за гэты час супрацоўніцтва, прыгожага шалёнага святарскага досведа разам. Я таксама ад цябе, брат, многаму навучыўся. Столькі крэатыву! Я б сам не дадумаўся да многіх рэчаў. А пажадаю табе, каб ты ніколі не меў думкі, што ў парафіі ўсё ў парадку, каб заўсёды меў святы неспакой, што нешта яшчэ трэба зрабіць. Няхай Пан Бог цябе падтрымлівае. І любоў, якая пераліваецца з гэтых чароўных людзей, хай цябе суправаджае.
А напрыканцы скажу, што дзякуючы вам я зразумеў, што сапраўды варта быць святаром, і што гэта мая дарога. Вельмі моцна вас буду чакаць, але пры ўмове, што заўсёды ТУТ на вас можна будзе разлічваць. Дзякуй, што вы ёсць. Вельмі люблю вас”.

Я ніколі не чула такіх працяглых і шчырых воплескаў. Узнёслая радасць скрозь боль развітання. Людзі ўклалі ў іх усю сваю любоў, падзяку, блаславенне і надзею. Надзею на тое, што айцоўскае сэрца не забывае сваіх дзяцей, што для абдымкаў малітвы няма межаў і што Мінск недалёка.
Дзякуем Пану Богу за гэты вялікі скарб – нашых святароў, за іх жаданне быць побач з кожным з нас, за тое, што праз іх вялікія сэрцы мы можам больш усвядоміць глыбіню любові Бога і веліч Яго Сэрца, якое змяшчае ўсіх.
Тэкст: Кацярына Савянок
Фота: Эрык Савянок
Фота ў добрай якасці па спасылцы.