Skip to main content

Шлях да сябе і Будслава. Дзённік маёй пілігрымкі

| Падзеі »

Таму будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны.

Мц 5, 48.

Гэтымі словамі святы Францішак натхняў сваіх братоў ісці да святасці праз штодзённыя крокі. І менавіта ягоным шляхам – праз беднасць, братэрства, навяртанне і смерць – мы крочылі ў гэтым годзе, бо наша пілігрымка была прысвечана 800-годдзю нараджэння святога Францішка для неба.

 

Гэта была мая трэцяя пілігрымка. Але калі я атрымала бэйдж з нумарам 33, у мяне сціснулася сэрца. Незвычайнае адчуванне прабегла па целе: гэты шлях будзе асаблівым. А калі я даведалася, што гэта менавіта 33-я пілігрымка з Маладзечна ў Будслаў, я зразумела – лічбы не хлусяць. Гэта будзе нешта большае, чым простая дарога. Гэта будзе сустрэча. Сустрэча з Богам. Сустрэча з сабой. Сустрэча з тымі, хто стане сям’ёй.

Вырашыла ісці не адразу. За дзень да старту я вагалася: ці змагу? а раптам не вытрымаю? Але перастала слухаць страхі – і пайшла. Бо ведала: калі не зараз, то калі?

Пачатак. Імша ў Маладзечне.

Усё пачалося раніцай 29 чэрвеня ў Маладзечне. Касцёл быў поўны тых, хто вырашыў пакінуць штодзённасць дзеля дарогі. Святая Імша, якую ўзначаліў кусташ брат Алег Шэнда OFMCap, сабрала нас разам перад доўгім шляхам. Голас святара гучаў урачыста і цёпла, як благаслаўленне і адначасова напамін: мы ідзем не проста пешшу – мы ідзем да Маці, якая чакае нас у Будславе.

 
 Mol Budsl 2026 03

Я стаяла ў касцёле і глядзела вакол. У вачах пілігрымаў было не толькі хваляванне, але і цвёрдая рашучасць. Хтосьці трымаў у руках разгорнутыя спеўнікі, хтосьці перабіраў ружанец, хтосьці маўкліва глядзеў на алтар. А пасля Імшы, калі мы выйшлі на паркоўку, нас чакала яшчэ адна сустрэча – з тымі, хто праводзіў нас у дарогу. Родныя, сябры, парафіяне. Яны абдымалі нас, усміхаліся, хавалі слёзы. У іх позірках былі і перажыванне, і гонар, і любоў. Мы ўсе адчувалі, як іх цяпло перадаецца нам, каб мы неслі яго праз усе пяць дзён.

“З Маладзечна да Будслаўскай святыні мы крочым разам, каб сэрцы не астылі…” – гэтыя словы сталі маім дэвізам. Я паўтарала іх пра сябе, калі рабіла першы крок. І ведала: яны будуць са мной да канца.

 Mol Budsl 2026 05

Дзень 1. Выпрабаванне дарогай.

Першы дзень быў самым складаным. Мы разлічвалі на знаёмства і пасвячэнне, але шлях у 28 кіламетраў і анамальная спёка ўнеслі свае карэктывы. Паветра дрыжэла, асфальт плавіўся пад нагамі, а сілы канчаліся значна хутчэй, чым мы чакалі. Я ішла і адчувала, як кожны крок даецца ўсё цяжэй. Евангельскае пытанне “А ты кім лічыш Мяне?” гучала ў галаве разам з ударамі сэрца. Але прырода, быццам у суцяшэнне, раскрывалася перад намі: зялёныя ўзгоркі, блакітнае неба, якое здавалася яшчэ вышэйшым ад гарачыні. І хоць мы не паспелі зрабіць усё запланаванае, гэты дзень стаў для нас урокам цярпення і даверу. Мы вучыліся прымаць абставіны такімі, якія яны ёсць, і несці сваю стому без наракання.

 Mol Budsl 2026 06

І дзесьці пад Вязынню, калі ногі гудзелі, а думкі блыталіся, я зразумела: вера – гэта не гучныя словы. Гэта ціхае “так”, якое нараджаецца ў глыбіні, калі застаешся з Богам адзін на адзін.

Дзень 2. Пасвячэнне, знаёмства і сустрэча з Крыжом.

Раніца ў Вязыні пачалася з канферэнцыі, якую правёў айцец Боско Маршнэр. Яна была прысвечана тэме беднасці – галоўнай тэме гэтага дня. Ён гаварыў так проста і так глыбока, што кожнае слова трапляла ў сэрца. Тэма беднасці, якой мы прысвяцілі гэты дзень, перастала быць тэорыяй – яна стала жыццём. А потым была дарога, а на прывале – праца ў групах, падчас якой мы, нарэшце, пазнаёміліся. Мы, зусім незнаёмыя людзі, пачыналі адкрывацца адзін перад адным. Хто я? Чаму я тут? Чаго я шукаю? Гэтыя пытанні дапамагалі нам убачыць адзін у адным не проста спадарожнікаў, а братоў і сясцёр у дарозе.

 Mol Budsl 2026 30

Святая Імша ў Ільі, якую правёў брат Аляксандр Астраушка. Гэта быў урачысты момант, калі кожны з нас даверыў свой шлях Богу. Мы стаялі ў касцёле, стомленыя, але поўныя надзеі, і адчувалі, як нешта мяняецца ўнутры. Быццам мы не проста ідзем – нас вядуць. Брат Аляксандр нагадваў, што бура ў нашым жыцці – не прычына для роспачы, бо Езус заўсёды ў чоўне (Мц 8, 23-27). Нават калі здаецца, што Ён спіць, Ягонае слова супакойвае ўсе хвалі.

 Mol Budsl 2026 21
 Mol Budsl 2026 20
 Mol Budsl 2026 22

А пасля Святой Імшы адбылося самае важнае – пасвячэнне пілігрымаў. Урачыста, радасна і кранальна – такія словы прыходзяць, калі ўспамінаецца гэтая добрая традыцыя.

 Mol Budsl 2026 29

На працягу дня, нягледзячы на цудоўную атмасферу раніцы, у душы ўзнікла бура. Вялікая, сапраўдная бура, як у Евангеллі. Я несла ў сабе трывогі, пытанні, страхі. Човен майго жыцця хістаўся і, здавалася, вось-вось перакуліцца.

 Mol Budsl 2026 32 3

А вечарам у Старынках на цудоўным полі ля конефермы адбылася Адарацыя Крыжа, якую правёў айцец Рауль Апарычыа. Гэта было неверагоднае месца – прастора, поўная цішыні і свабоды. Мы стаялі пад адкрытым небам, глядзелі на Крыж.

 Mol Budsl 2026 38

Словы айца Рауля ішлі проста з сэрца, краналі да глыбіні душы і знаходзілі адказ у кожным з нас. Цішыня была такой глыбокай, што чулася, як б'юцца сэрцы. Пілігрымы глядзелі на Крыж і адчувалі, як змываецца ўсё лішняе. Трывогі, страхі, пытанні – усё гэта раставала ў цішыні. Гэта быў адзін з самых моцных момантаў усёй пілігрымкі. Многія з прысутных плакалі: не ад болю, ад палёгкі.

 Mol Budsl 2026 36

Да вечара бура ў душы сціхла. Цішыня прыйшла не адразу, але прыйшла. І разам з ёй – усведамленне, што Бог і Маці Божая ідуць побач. Многія з нас адчувалі гэта.

Дзень 3. Братэрства – дар ад Бога.

Трэці дзень быў пра тых, хто ідзе побач. Пра братоў і сясцёр, якіх мы не выбіралі, але якія сталі нам роднымі.

Дзень пачаўся з дарогі, якая на гэты раз праходзіла непрыкметна. Мы і не заўважылі, як апынуліся на святой Імшы ў касцёле ў Сцешыцах, якую правёў брат Андрэй Квяцінскі. Яго словы былі простыя і такія патрэбныя менавіта ў гэты момант. Брат Андрэй гаварыў пра вызваленне – як Езус выганяе з нас нашых “дэманаў”, якія трымаюць нас у няволі, каб мы маглі вярнуцца да сапраўднага жыцця (Мц 8, 28-34). Бог ніколі не пакідае нас нават у самыя цяжкія хвіліны. І я паверыла. Па-сапраўднаму паверыла.

 Mol Budsl 2026 44
 Mol Budsl 2026 41

А потым – праца ў групах. Мы разважалі над словамі святога Францішка пра ідэальнага брата. Чыталі пра тое, як адзін брат меў веру Бернарда, другі – прастату Льва, трэці – ветлівасць Анжэла... І кожны з нас узгадваў свайго чалавека, на якога хацеў бы быць падобным, каго лічыць сваім ідэалам.

 Mol Budsl 2026 43

Я не доўга думала. Перада мной паўсталі твары тых, хто калісьці быў для мяне прыкладам. І я зразумела, што ідэальны брат – гэта Езус Хрыстус. Але ёсць у мяне і звычайныя сябры, якія падобны да Яго. Я не сумнявалася пра каго я распавяду!

А яшчэ варта памятаць, што кожны чалавек, які ідзе побач, – гэта магчымасць пражыць яшчэ адно жыццё, па-іншаму, багацей. Усіх людзей, якіх мы сустракаем на сваім жыццёвым шляху, дае Бог. І я павінна вымагаць ад сябе, каб быць добрым братам для іншага, а не крыжам.

Увечары ў Даўгінаве жыццё кіпела. Спачатку быў футбольны матч – вясёлы, шумны, поўны дзіцячага задора ды яшчэ з двума прафесійнымі футбалістамі. А каментатар чаго варты?! Адно задавальненне! А потым – творчы вечар, дзе кожны мог паказаць свой талент. Гэта была радасць. Сапраўдная радасць братэрства.

 Mol Budsl 2026 97

Дзень 4. Смерць як пераход.

Раніца ў Даўгінаве пачалася са святой Імшы ў касцёле святога Станіслава, якую правёў брат Ігар Колзун. Яго гамілія не пакінула нікога абыякавым. Ён гаварыў так моцна, так пераканаўча, што кожнае слова адгукалася ў душы. Я слухала і адчувала, як усё ўнутры пераварочваецца. Было адчуванне, што ён чытае мае думкі, ведае мае сумневы і дае адказы.

 Mol Budsl 2026 48

Тэма гэтага дня – смерць. Але не як канец, а як пераход у новае жыццё. Гэта быў дзень, калі мы ўсведамлялі: каб нешта новае нарадзілася, старое павінна памерці. На прывале мы працавалі ў “пакоях” – малых групах з рознымі тэмамі: “Размова пры каве” (бр. Сяргей Гусар), “Пустыня” (бр. Уладзіслаў Мінько), “Смехатэрапія” (Алег Шумель), “Гульні і забавы” (Эмілія Дасюкевіч), “Заходзіш адзін - выходзіш ўдваіх” (Сяргей і Таццяна Дасюкевічы), “Сведчанні” (Алена Каралькова), “Творчая майстэрня” (Кацярына Савянок). І я стала аніматарам аднаго з іх.

Я выбрала “7 таямніц Будслава” – і павяла людзей у гэта захапляльнае падарожжа праз гісторыю. Расказвала пра тое, як ікона Маці Божай патрапіла сюды з Рыма праз Вільню, пра гранат на ёй – сімвал вечнага жыцця і Святой Тройцы. Мы разам разглядалі некаторыя з 42 апісаных цудаў з кнігі “Задыяк на зямлі”, даведаліся, што назва Будслаў паходзіць ад першых паселішчаў-будаў. А яшчэ – пра ўнікальны драўляны алтар Пятра Грамеля з фігурамі 20 святых і пра падмуркі 1643 года. Я глядзела ў вочы людзям, якія слухалі мяне, і бачыла, як запальваюцца іх позіркі, і адчувала, як гісторыя ажывае. Будслаў перастаў быць проста назвай на карце. Ён стаў жывой гісторыяй, якую я мела гонар перадаваць іншым.

Евангелле гэтага дня – сустрэча Марыі і Лізаветы (Лк 1, 39-56). Я ішла і думала пра тое, як доўга шукала шчасце не там. У рэчах, у чужым прызнанні, у словах іншых. А яно было так блізка! І тады “ўзварухнулася” нешта ўнутры мяне. Радасць. Ціхая, светлая, якая не залежыць ад абставін.

Увечары каля вогнішча ў Бярозаўцы гучалі размовы, спевы, дзяленні. Людзі вярталіся з такімі тварамі, быццам кранулі нешта святое. Яны абдымаліся, дзяліліся самым схаваным. Гэтая атмасфера лунала вакол.

 Mol Budsl 2026 52
 Mol Budsl 2026 57

Людзі, якія сталі сям’ёй.

Менавіта на чацвёрты дзень я асабліва востра адчула, хто ідзе побач. Гэта былі не проста спадарожнікі – яны сталі маёй сям’ёй. Браты-францішкане і сёстры розных манаскіх ордэнаў ішлі з намі кожны дзень. Яны гаварылі цёплыя словы, калі сілы канчаліся, усміхаліся так шчыра, што хацелася плакаць ад удзячнасці. Яны неслі нашу стому разам з намі.

 Mol Budsl 2026 08

А яшчэ была рубрыка “Брацюшка і матушка адказвае”. Падчас яе браты і сёстры адказвалі на важныя і часам вельмі няпростыя пытанні, якія хвалявалі нас. Яны гаварылі пра веру, пра адносіны, пра тое, як знаходзіць Бога ў штодзённасці. Іх адказы былі такімі простымі і адначасова такімі глыбокімі, што траплялі проста ў сэрца. Яны не баяліся складаных тэм, не ўхіляліся ад адказаў. І гэта дапамагала нам разбірацца ў сабе, у сваіх сумневах, у сваіх пошуках.

А праца ў групах – гэта было нешта неверагоднае. Мы, зусім незнаёмыя людзі, адкрывалі адзін аднаму душы. Дзяліліся тым, што хавалі гадамі. Гэта было страшна. І адначасова так лёгка! Нашай групай кіраваў брат Сяргей Гусар. Яго спакой і ціхая сіла дзейнічалі невымоўна. Ён слухаў так, як быццам кожнае слова было самым важным у свеце. Дзякуючы яму я змагла паглядзець на сябе інакш, убачыць сябе не праз прызму крыўдаў, а праз прызму любові.

Дзень 5. Крок у Будслаў.

Апошні рывок. Бярозаўка – Будслаў. Гара прабачэнняў і падзякі. Слоў няма – толькі эмоцыі. Мы ішлі, а ў маёй галаве круціліся словы ў песні: “Марыя лунае над Белай зямлёй, Каб сэрцы людзей атуліў супакой, Каб душы для Бога раскрылі яны І шчырую веру ў руках паняслі...”. Я ішла і ўсведамляла, што гэта не проста шлях. Гэта навяртанне. Беднасць. Братэрства. Смерць. І ўсё гэта вядзе да ўваскрасення.

 Mol Budsl 2026 76

Уваход у Будслаў – гэта было свята. Сэрца калацілася так моцна, што здавалася, вось-вось выскачыць з грудзей. Перад намі стаялі тыя, хто чакаў нас увесь гэты час: кусташ ксёндз Аляксей Раманчук і біскуп Юрый Касабуцкі. Я ўбачыла яго – і ў мяне сціснула горла. Ён вітаў кожную групу асабіста, і я адчула сябе не проста адной з многіх. Я адчула сябе дачкой, якую чакалі, якую любяць, якую бачаць…

 Mol Budsl 2026 99 6

Увайшоўшы ў Святыню, мы пакланіліся Маці Божай. Кожны – са сваім болем і радасцю. І я адчула, што Яна чуе. Бачыць. Прымае. Гэта было не проста пакланенне – гэта было вяртанне дадому.

 Mol Budsl 2026 96

А потым была Імша для пілігрымаў, і словы біскупа Аляксандра Яшэўскага: “Ніколі не бойцеся гэтага выкліку – пайсці за Хрыстом”. Я стаяла і ў вачах былі слёзы: я зрабіла гэта.

 Mol Budsl 2026 67

Але самае ўрачыстае адбылося ноччу. Працэсія са свечкамі. Людзі ішлі з запаленымі агеньчыкамі ў руках – тысячы свечак, якія плылі да святыні, асвятлялі цемру і сэрцы. Гэта было неверагодна прыгожа і духоўна. Кожны агонь быў абяцаннем, малітвай, надзеяй. Маці Божая. Яна тут. Яна сустракае кожнага, хто да Яе прыходзіць.

Імшу апоўначы ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Маліліся за мір і благаслаўленне для Бацькаўшчыны, каб сэрца Беларусі – Будслаў – “працавала без арытмій і пампавала толькі жыццядайную Божую кроў веры і святасці”…

Людзі, якія зрабілі гэты шлях магчымым.

Доўгі і адначасова вельмі кароткі шлях мы прайшлі. Хачу ад імя ўсіх нашых пілігрымаў сказаць асаблівыя словы падзякі кіраўніку нашай пілігрымкі – брату Уладзіславу Мінько, пробашчу нашай парафіі святога Казіміра ў Маладзечне. Гэта дзякуючы яго цярплівасці, мудрасці і адданасці мы прайшлі гэты шлях. Ён нёс адказнасць за кожнага з нас, сустракаў цяжкасці з верай і спакоем, дапамагаў нам не збівацца з дарогі не толькі фізічнай, але і духоўнай. Яго словы, яго малітва, яго прыклад былі для нас падтрымкай. Дзякуй, брат Уладзіслаў, за твой дар быць з намі!

 Mol Budsl 2026 90

А яшчэ незлічоная колькасць людзей зрабіла гэты шлях магчымым, і многія з іх заставаліся ў цені. Работнікі на кухні – яны ўставалі, калі мы яшчэ спалі, каб накарміць нас пасля доўгай дарогі, і іх цёплыя стравы вярталі нам сілы. Вадзіцелі фуры, буса і аўтамабіляў – яны везлі рэчы і тых, хто ўжо не мог ісці, і гэта было выратаваннем для самых стомленых. Музычная група сваімі песнямі суправаджала нас увесь час, і калі здавалася, што сілы вось-вось скончацца, іх спевы ажыўлялі нас. З малітоўнай групай мы маліліся разам, і яны неслі нас перад Богам, калі нашыя словы заканчваліся. Хлопцы-парадкавыя бераглі нас на праезнай частцы і глядзелі, каб ніхто не пацярпеў. Вялікі гераізм паказалі матулечкі, якія выйшлі разам са сваімі маленькімі дзеткамі, – яны неслі іх, трымалі за рукі і самі не здаваліся. А пажылыя людзі – яны ішлі, нягледзячы на боль і гады, і сталі для нас жывым напамінам, што вернасць Богу не мае ўзросту. Усе яны розныя, але кожны з іх быў неабходны. Дзякуючы ім мы былі разам, мы былі ў бяспецы, мы былі акружаныя клопатам і любоўю. Яны сталі тым нябачным каркасам, на якім трымалася ўся наша пілігрымка.

 Mol Budsl 2026 99
 Mol Budsl 2026 45 1
 Mol Budsl 2026 99 4

“Унутры мяне Рай...” – я сапраўды гэта адчула, калі спявала гэтую песню. Рай быў унутры ўвесь гэты час. Не ў Будславе. Не ў касцёле. У маім сэрцы.

Тры пілігрымкі. 33-і нумар. 33-я пілігрымка з Маладзечна ў Будслаў. Пяць дзён. 125 кіламетраў. Тэмы навяртання, беднасці, братэрства, смерці – і ўсё гэта вяло нас да ўваскрасення, бо менавіта ў гэтым годзе мы ўшаноўваем 800-годдзе пераходу святога Францішка ў вечнасць. Яго жыццё – гэта шлях да свабоды, любові і сапраўднага шчасця. І я прайшла гэты шлях разам з ім.

Я вярнулася дадому. Але самае галоўнае – я вярнулася да сябе. Рай не трэба шукаць. Ён ужо ёсць. Унутры. І нумар 33 назаўсёды застанецца ў маім сэрцы як знак таго, што ўсё ў гэтым жыцці мае сэнс. Нават лічбы. Нават выпадковыя, на першы погляд, супадзенні. Бо выпадковасцей не бывае. Ёсць толькі Божы план, які раскрываецца праз нашы крокі. “Бо Мае намеры – не вашы намеры, і вашы дарогі – не Мае дарогі, – кажа Госпад (Ісая 55, 8).

Многія з нас на гэтым шляху адчувалі дзеянне Бога і Святой Матулечкі. Яны праз рэчы, праз людзей, праз абставіны давалі адказы на пытанні, якія хвалявалі нас. Гэта было такім ясным і нечаканым, што хацелася плакаць ад удзячнасці. Мы вучыліся бачыць знакі, верыць, што нас вядуць. І гэта была самая вялікая ласка гэтай пілігрымкі.

 Mol Budsl 2026 61

А яшчэ на гэтай дарозе Маці Божая і Святы Дух падштурхнулі мяне да адной цікавай ідэі. Яна нарадзілася неспадзявана, быццам ціхі шэпт у сэрцы. І менавіта тут, на 33-й пілігрымцы з Маладзечна ў Будслаў, пад маім асабістым нумарам 33, я зразумела: гэта невыпадкова. Калі Бог дае ідэю, Ён дае і сілы. Я не ведаю, калі яна здзейсніцца. Але я ведаю: яна будзе. Бо гэта не проста мая ідэя. Гэта Ягоны план.

Сэрца маё, заззяй!

 

Усе канферэнцыі можна паслухаць тут.

Тэкст: Таццяна Шумель

Фота: Эрык Савянок, Надзея Мажуць, Алена Каралькова, Валянцін, а. Рауль і іншыя пілігрымы

Больш фота:

Эрыка Савянка

А. Рауля і Валянціна

 

 

ПІЛІГРЫМКА Ў ТВАРАХ

Станіслаў Сацкевіч. 28 гадоў. Ружаны - Менск.

 Mol Budsl 2026 04 1

"У Будслаў ішоў упершыню (пілігрымка не першая, але вылучаецца з усіх).
Самы першы і апошні дні былі для мяне крыху цяжкімі. Бо ў першы дзень была спека, а ў апошні - раніцай трэба было трымаць хуткі тэмп. Але ў цэлым было добра, без мазалёў!
Мяне ўразіла надвор’е😅, навакольная прыгажосць і галоўнае - людзі. З кім не сутыкнешся - адчуваеш цеплыню, шчырасць і дабрыню сэрца. Асобная падзяка братам і сёстрам за дзяленне мудрасцю, вопытам і добрым настроем.
У гэтай пілігрымцы я адчуў вялікую ЛЮБОЎ і блізкасць Пана.
Дзякуючы таму, што мяне запрасілі дапамагчы з моладзевай пастановай, я яшчэ больш адкрыў для сябе Езуса.
Нават, калі нас кусалі камары і казалася мне, што мы не паспеем усё зрабіць - Бог заўсёды дапамагае - усё атрымалася!
Мяне вельмі ўразіла сцэна, калі Францішак абдымаў пракажоннага і на яго пытанне: чаму ён [Францішак] не адыходзіць, будучы святы адказаў: “Бо ў табе я бачу чалавека… Я бачу ў табе пакутуючага Хрыста”.
Гэта так моцна! З аднаго боку проста, а з іншага - вялікая ласка. У штодзённым рытме жыцця забываюся пра тое, што мы ўсе дзеці Пана. І ў кожным знаходзіцца Ён.
Таксама крануў момант, калі мы прабачалі і дзякавалі адзін аднаму ў апошні дзень. Заўсёды люблю дзякаваць людзям, але тут таксама дзякавалі мне. Неверагодна! Бо больш успамінаю што я дрэннага зрабіў, а тут людзі прыгадалі столькі добрага пра мяне. І я бачыў у гэтых момантах Езуса, які любіць мяне праз такі жэст.
Пішу гэты тэкст амаль праз тыдзень, а нейкая лёгкаць, стаўленне да жыцця, словы людзей - грэюць душу і сэрца.
Дзякуй усім! Дзякуй Богу, а таксама нашай Маці, што апякуецца, моліцца за нас, за мяне!"

 

Юлія, родам з Ружанаў, цяпер жыве ў Менску.

 Mol Budsl 2026 98 1

"Пешшу ў Будслаў ішла ўпершыню, раней удзельнічала ў роварнай пілігрымцы. Марыла пайсці вельмі даўно, жадала падзякаваць Богу праз Марыю за дар навяртання, за шматлікія ласкі ў маім жыцці. Шлях быў нялёгкі, але дзякуючы цудоўнай братэрскай атмасферы і, перш за ўсё, людзям, якія ішлі побач, ісці было не так складана.
Вельмі адкрытыя людзі, прыгожыя краявіды, палі з валошкамі, статныя коні, мілагучныя спевы падзякі і праслаўлення, мудрыя канферэнцыі на тэму «сястры-смерці», сумесная малітва, смачны пасілак, вялізныя, але доўгачаканыя чэргі ў душ, начлег у намётах, канцэрт талентаў у фуры (такое і ўявіць было цяжка), цудоўны спеў «Купалінка» ад братоў пад гітару, усмешкі людзей, якіх мы сустракалі на сваім шляху, насычаная моладзевая праграма пра жыццё і смерць Св. Францішка, велічная Будслаўская святыня — успамін аб усім гэтым сагравае сэрца і дорыць супакой. І Бог прамаўляе: «Ты не адна ў гэтым шляху да Вечнасці».
Вельмі адбіўся ў памяці момант, калі, убачыўшы наш натоўп, матацыкліст на скрыжаванні ўкленчыў.
Таксама падчас пілігрымкі ўразіў момант, калі праходзілі праз двор, дзе людзі аплаквалі смерць свайго блізкага, — гэта акурат перакрыжоўвалася з тэмай сёлетніх разважанняў. Прыпомніліся словы: «Хвала Табе, Пане мой, за сястру нашу цялесную смерць, ад якой ніводзін жывы чалавек не ўцячэ. Благаслаўлёныя тыя, каго смерць знойдзе ў Тваёй святой волі, бо другая смерць ім не зробіць ніякай шкоды».
Вельмі ўдзячна братам-капуцынам і ўсім арганізатарам за магчымасць крочыць разам да Маці Божай і набліжацца праз гэта да нашага Нябеснага Айца!"

 

 Mol Budsl 2026 99 2

Марго, Бабруйск, вучыцца ў Польшчы.

"У пілігрымцы з Маладзечна іду другі раз. Ідзецца складана. Думаю, гэта залежыць ад інтэнцыі: чым яна сур'ёзней, тым складаней ісці. У гэтай пілігрымцы я добра адчула, што Госпад заўсёды памятае. Не важна, дзе я і што раблю, Бог побач і заўсёды пра мяне памятае. Нават калі я думаю, што пра мяне ўсе забылі, то Ён ніколі не забудзе". 

Ангеліна, родам з Докшыц, але ў пілігрымку прыехала з-за мяжы.

"Дзякую Богу за гэтую магчымасць быць тут, бо патрэбна было, каб шмат абставінаў склалася. Ідзецца вельмі складана, бо ніколі ў мяне не было столькі мазалёў. Ідзеш праз боль і слёзы, бо разумееш, што гэта таго варта. Мне вельмі падабаюцца людзі. Яны проста неверагодныя! Калі мы разважалі Божае слова, я ўбачыла, што ў кожнага з іх ёсць якасць, не настолькі выражаная ў іншых, і я разумею, што Бог невыпадкова кожнага з іх паклікаў сюды, каб разам мы ішлі да Маці".

Валянцін, родам з Нікарагуа, ужо некалькі гадоў жыве ў Расіі, Таганрог.

"Это моя первая пилигримка. В моей стране никогда не ходил в пилигримку. Там они короткие и смысл у них не в том, чтобы приближаться к Богу, а чтобы расслабляться и кайфовать. Тут мы тоже кайфуем, но с Богом. Мне это нравится. Надеюсь, что это не последняя моя пилигримка. Как я оказался в России? Появилась возможность приехать учиться. В Латинской Америке эту часть света практически не знают, там мало славян. То, что можем узнать из интернета, не всегда правда. Я подумал, что жизнь в России даст мне возможность узнать правду. Еще и дополнительное образование и язык. Я буду гордиться, если буду "разумець" белорусский язык, хотелось бы почаще сюда приезжать. Мне здесь нравится. Сколько языков знаю? Мой родной, испанский, потом ещё русский, немецкий, английский, итальянский, немного французский. Сейчас учу нидерландский, потому что он смешной. По образованию я программист. Люблю фотографировать, но этим не зарабатываю"..

 

Людміла Губко, Маладзечна, настаўніца нямецкай мовы, шматдзетная мама.

 Mol Budsl 2026 53

"Ён святы, Пан Бог магутны, які прымае і любіць нас такімі, якія мы ёсць. Аднак часам так складана прыйсці са сваімі недасканаласцямі і просьбамі. Да Матулі ж дзеці бягуць у любой сітуацыі: падзяліцца сваёй радасцю і паскардзіцца, папрасіць дапамогі або падтрымкі. Так і мы, Божыя дзеці, з’ядналіся і адправіліся ў шлях да Маці Божай. Для мяне гэта пілігрымка мела асабліва шмат цудаў. Пачынаючы ад збораў, заканчваючы вяртаннем дадому. Было шмат таго, чаго я не чакала. Ўсё прасякнута Божай любоўю! Разважанні аб братэрстве мелі не толькі тэорыю але і практыку. Сапраўды ўдзячна людзям, якія былі побач і дапамагалі з каляскай. Сустракаемся кожны год у пілігрымцы, як сапраўдныя браты, хоць з многімі не кантактуем у штодзённым жыцці".