Skip to main content

У нядзелю 28 чэрвеня адбылася прыміцыйная Імша кс. Кірыла Арлёнка

| Падзеі »
 28 06 2026 prym Arlenak03

У нядзелю, 28 чэрвеня, за дзень да пілігрымкі ў Будслаў, а 10-й гадзіне сваю першую – прыміцыйную – Імшу ў роднай парафіі цэлебраваў кс. Кірыл Арлёнак, які 13 чэрвеня ў Таліне ў Катэдральным Саборы святых Пятра і Паўла прыняў сакрамэнт святарскага пасвячэння. Разам з ім у цэлебрацыі прынялі ўдзел бр. Уладзіслаў і святары а. Боско Маршнэр і а. Рауль Чэферыно Апарысіо, якія прывезлі групу пілігрымаў з Расіі. 

 28 06 2026 prym Arlenak24

Ва ўступным слове пробашч бр. Уладзіслаў прывітаў кс. Кірыла: “У дзень Пана, дзень перамогі над страхам і смерцю, мы можам быць сведкамі, як Божая ласка нястомна праліваецца ў жыцці людзей, жыцці гарадоў. І сёння маем вялікую радасць, што сын гэтай зямлі, кс. Кірыл, будзе цэлебраваць разам з парафіянамі сакрамэнт Эўхарыстыі. Кс. Кірыл з’яўляецца місіянерам. Ён скончыў семінарыю “Рэдэмпторыс Матэр”*  і цяпер прызначаны да дыяцэзіі ў Таліне, Эстонія. Мы славім Бога за тое, што робіць у тваім жыцці, за дар твайго паклікання”.

* “Рэдэмпторыс Матэр” (лац. Redemptoris Mater — «Маці Адкупіцеля») — гэта тып місіянерскіх дыяцэзіяльных вышэйшых духоўных семінарый, якія дзейнічаюць пад эгідай каталіцкага руху Неакатэхуменальны шлях і рыхтуюць святароў, гатовых накіравацца на місію ў любую кропку свету.

 28 06 2026 prym Arlenak10

Падчас гаміліі кс. Кірыл звярнуў увагу, што ў Бібліі паўтараецца ўвесь час тая самая гісторыя: Пан Бог выбірае якога-небудзь чалавека, абяцае яму штосьці абсалютна немагчымае і кажа: “Не бойся. Я з табой.”

Усе мы баімся, нават калі хтосьці і выглядае ўпэўненым у сабе. Усе мы поўныя страху. Хвароба, старасць, беднасць, адзінота або канкрэтныя людзі – нашыя крыжы, якіх не зносім, ад якіх з-за страху ўвесь час стараемся ўцячы. Але для нас ёсць добрая вестка: Бог прыйшоў, каб вызваліць кожнага з нас з гэтага страху, у якім жывем.

 28 06 2026 prym Arlenak18

Згодна з кнігай Быцця, Адам і Ева, упершыню адчулі страх тады, калі засумняваліся ў Богу. Сумненне ў Божай любові і ёсць корань страху. Услед за прабацькамі ці не трапляе і кожны з нас у пастку д’ябла, які кажа: “Ёсць толькі адно тлумачэнне тваіх няшчасцяў: Бог цябе пакінуў, Ён цябе не любіць”? Можа я ўяўляю сабе Бога ўвесь час як суддзю, які толькі і пільнуе, ці не ўпаду, каб адразу пакараць? Можа я думаю, што павінен нешта Богу даць – скласці ахвяру? Той вобраз Бога, які маю, - ці ён праўдзівы? Ці не падказвае мне яго д’ябал?

А Езус кажа: “Я прыйшоў не судзіць свет, а збавіць” (Ян 12, 47) І Яго вялікім прагненнем было прыняць крыжовую смерць: “…як жа Я тамлюся, пакуль гэта не споўніцца!” (Лк 12, 50). Езус ішоў на крыж абсалютна свядома і добраахвотна, бо ведаў, што Яго крыжовая смерць — адзіны шлях да перамогі над грахом і збаўлення ўсяго чалавецтва, кожнага з нас. Бог – гэта абсалютная любоў. Ён любіць нас не толькі тады, калі мы робім усё, як трэба, а любіць такімі, якімі мы ёсць - цалкам, з ўсімі нашымі грахамі, з ўсім, чаго мы саромеемся. Нават тады, калі мы не каемся. Ніхто з людзей не можа так нас любіць: у чалавечай любові заўсёды ёсць межы, а ў Божай любові іх не існуе.

Нашыя ўласныя крыжы, людзі і сітуацыі, якіх не зносім, – гэта тое, што Бог дазволіў у нашым жыцці, каб мы маглі перажыць досвед, які быў у Езуса Хрыста. Насамрэч, наша сапраўдная патрэба – не ў тым, каб усё змяніць у жыцці, каб не балець, каб грошай хапала, каб памяняць людзей, але ў тым, каб перажыць бясплатную любоў Бога на тым месцы і ў той сітуацыі, дзе Бог нас паставіў, і быць шчаслівымі, быць задаволенымі.

 28 06 2026 prym Arlenak15

Падцвярджаючы гэтыя словы, кс. Кірыл падзяліўся ўласным досведам крыжа ў сваім жыцці, з якога нарадзілася яго пакліканне:Першым праўдзівым цярпеннем, якое даў мне Пан, была смерць майго бацькі. Ён памёр, калі мне было 10 гадоў. Хто мне адкажа, чаму ў іншых дзяцей ёсць таты, а ў мяне няма? Дзе справядлівасць? З такімі думкамі я жыў. Дзесьці ў 18 гадоў нарабіў я "дзялоў". Калі я прыйшоў у касцёл (перш за ўсё праз тыя нэакатэхуменальныя супольнасці, якія тут ёсць), мне было сказана: “А ты не ведаеш, Кірыл, што насамрэч Бог - твой Айцец, і Ён хоча мець з табой адносіны як айцец з сынам. І Ён нават больш для цябе айцец, чым твой кроўны бацька”. Гэтыя словы былі для мяне, як меч. Але Пан Бог дазволіў у маім жыцці цярпенне, якое я цяпер магу хваліць. Бо праз яго я ўбачыў бацькоўства Бога Айца можа больш, чым іншыя. І цяпер я ксёндз не таму, што марыў аб гэтым, і не таму, што я нейкі надзвычайны чалавек. Хто мяне ведае, можа нават падумаць, што тут штосьці не так, што гэта не магчыма. Я табе абяцаю ў імя Касцёла, што Бог усё добра зрабіў у тваім жыцці. Тыя рэчы, якіх ты баішся, ненавідзіш і не можаш прабачыць – гэта самыя галоўныя рэчы ў тваім жыцці. Ты гэтага можаш не бачыш, але калі будзеш прасіць, Дух Святы пакажа. Ведай, што цябе такога Бог любіць. Твой крыж – гэта найлепшае, што здарылася ў тваім жыцці, бо праз гэта ты можаш прывязацца да Бога, гэта адзіны спосаб”.

 28 06 2026 prym Arlenak27

Напрыканцы літургіі да новага святара са словамі падтрымкі звярнуўся а. Рауль: “У нас у Расіі ўсё менш і менш маладых людзей, якія гатовы ўсё пакінуць, каб ісці за Хрыстом. Баяцца. І яны маюць рацыю, бо гэта не так проста. Але я памятаю, што мне сказалі на маю прыміцыю: “Святар – гэта чалавек келіха”. Усё тваё жыццё павінна быць прысвечана толькі келіху Хрыста. Ты павінен паспяваць напівацца гэтым келіхам. Святар можа хацець быць укрыжаваным з Хрыстом толькі калі ён ужо піў гэты келіх да канца, да апошняй кроплі. Пакуль ты не здольны прымаць гэты келіх да канца  -ты не будзеш гатовы да ўкрыжавання, да самаахвярнасці, не будзеш прыгатаваны быць пралітым дзеля людзей, дзеля душаў, якім Госпад цябе просіць дапамагаць".

 28 06 2026 prym Arlenak30

"Быць чалавекам келіха, - заўважыў а. Рауль, - таксама азначае знаходзіцца ўнутры келіха і разам з віном аддавацца Богу, каб быць Яго Крывёй, каб сілкаваць Касцёл. Нажаль, гэта не так проста. З сваіх 59 гадоў 34 гады спрабую быць у гэтым келіху, але не атрымліваецца, бо складана і страшна аддавацца на волю Таго, Каго ты не разумееш. У цябе многа разоў у жыцці будуць сітуацыі, калі ты Бога разумець не будзеш. А Бога разумець і не трэба. Толькі прымаць. І для нас гэта страшна: прымаць тое, што не вядома, і не разумець навошта… Дарагі брат, я табе жадаю, каб ты заўсёды піў гэты келіх, і толькі гэты. Не келіхі ідэалогій, якія прапаноўвае свет. Каб не свет напаўняў тваю душу, але Хрыстос. Няхай бласлаўляе цябе Пан Бог і дапамагае табе быць пралітым, як і Сам Ён быў праліты дзеля нашага збаўлення”.

Потым прадстаўнікі нэакатэхуменальных супольнасцяў нашай парфіі ад імя ўсіх парафіянаў павіншавалі кс. Кірыла: “Любімы наш брат Кірыл, Бог паказаў, як немагчымае зрабіць магчымым, і ў гэтым уся поўня Яго любові да цябе. Жадаем табе добрага шляху з Духам Святым, а мы заўсёды на сувязі праз малітву”.

 28 06 2026 prym Arlenak31 1

Вялікая пакута слухаць віншаванні, калі ты яшчэ нічога не паспеў зрабіць, - з усмешкай заўважыў  кс. Кірыл. - Як раз трапна, што на абразку-памятцы з пасвячэння зроблена выява Езуса на асле пры ўваходзе ў Ерузалем. Кажуць, што калі Езуса гучна віталі і пляскалі ў далоні, як і вы цяпер, то асёл думаў, што гэтыя апладысменты ў яго гонар. Больш менш і я сябе зараз так адчуваю, як той асёл. Але ўдзячны вам усім”.

 28 06 2026 prym Arlenak14
 28 06 2026 prym Arlenak51

Пасля Імшы кс. Кірыл удзяліў прыміцыйнае блаславенне родным, святарам, кансэкраваным асобам і ўсім жадаючым.

 28 06 2026 prym Arlenak33
 28 06 2026 prym Arlenak37
 28 06 2026 prym Arlenak43
 28 06 2026 prym Arlenak44
 28 06 2026 prym Arlenak47

Дзякуем Пану Богу за такую вялікую ласку для нашай парафіі – дар паклікання. Няхай не толькі малітва родных і нэакатэхуменальнай супольнасці, але і ўсёй парафіі будзе падтрымкай для кс. Кірыла.

Тэкст, фота: Кацярына Савянок