Ці вы ведаеце гэта пра Маці Божую Будслаўскую?
Некаторыя з нас шмат разоў наведвалі Нацыянальны санктуарый у Будславе. Але наколькі добра мы ведаем саму святыню і цудатворны абраз? Прапаную прыгледзецца да гэтага святога месца і ўбачыць яго іншымі вачыма.
Гісторыя касцёла ў Будславе
У 1504 г. манахі бернардынцы * з Вільні атрымалі ў падарунак ад вялікага князя літоўскага і польскага караля Аляксандра Ягелона (малодшага брата Святога Казіміра) прыкладна 300 га лесу для нарыхтоўкі дроў на ацяпленне Віленскага кляштара. Манахі прыбылі сюды, каб сплаўляць лес у Вільню па р.Сервач. Іх было ў розны час ад 2 да 4 чалавек. Жылі ў невялікіх пабудовах-будах * * і мелі маленькую капліцу для літургіі. (Таму да сярэдзіны 18 ст. гэтае месца і паселішча, якое ўзнікла потым, называлася Буда).
________
* Бернардынцы - Ордэн братоў меншых OFM, францішкане абсерванты - адна з трох галін нароўні з капуцынамі і канвентуаламі, на якія падзяліліся францішкане ў пачатку 14 ст.
**"Бу́да" ад слав. "будоваць" – будаваць.

Герб бернардынцаў (як і ўсіх францішканаў) на фасадзе сучаснага касцёла ў Будславе.
Праз 84 гады, у 1588 г., зімой (па адной з версій) у небе над капліцай манахі ўбачылі ў незвычайным ззянні, як у сонца, вобраз Багародзіцы. З'яўленне паўтаралася некалькі разоў. Панна Марыя перадала пасланне: “Тут хвалу нашага Бога і майго Сына, і маё заступніцтва заўсёды будзеце мець. Гэтае месца я выбрала сабе як надзейны прытулак грэшным людзям”.
Праз 3 гады (1589-1591 гг.) быў пабудаваны першы драўляны касцёл у гонар наведвання Марыяй Лізаветы. Вакол касцёла пачалі сяліцца людзі.

Малюнак на тытульнай старонцы рукапіснай хронікі кляштара бернардынцаў у Будславе. 1769 г.
У 1613 г. касцёлу быў падораны абраз Маці Божай, які мы называем Будслаўскай (у тыя часы - Будскай).
У 1633-1643 гг.быў пабудаваны мураваны касцёл пад тым жа тытулам. Асноўную суму ахвяраваў магнат Януш Кішка - ваявода полацкі, пазней вялікі гетман. Значны ўклад унёс Мікалай Ісакоўскі-літоўскі лоўчы*. Верагодна, гэта быў невялікі будынак, прамавугольны ў плане, з аднанефнай структурай, з барокавым франтонам на фасадзе, увянчаным высокім крыжам.
_____
* Ваявода-начальнік войска і мясцовай адміністрацыйнай адзінкі; вялікі гетман літоўскі – галоўнакамандуючы узброеных сіл ВКЛ; лоўчы – арганізатар палявання ў вялікіх князёў.
У галоўным алтары быў размешчаны абраз Маці Божай Будслаўскай, які ўжо праславіўся цудамі.

Драўляны алтар Пятра Грамеля
Праз сто гадоў, у 1732 г., кароль Аўгуст III надаў Будславу ("слаўнай Буде") статус мястэчка. Пры манастыры была пачатковая школа (2 класа), музычная і духоўная школы, бальніца для бедных. Ёсць звесткі, што ў 17 ст. у свята Унебаўзяцця Дзевы Марыі прыходзілі пілігрымы з-пад Полацка, Браслава, Віцебска, Мінска, Ашмянаў, не толькі рыма-каталікі, але і ўніяты.
У 1767-1783 гг. быў пабудаваны вялікі касцёл пад іншым тытулам - Ушэсця Прасвятой Багародзіцы. Стары касцёл быў захаваны ў будынку новага ў якасці бакавой капліцы св. Барбары, у ёй і зараз ёсць драўляны разны алтар 1649 года, а цудатворны абраз Божай Маці перанесены ў новы галоўны алтар храма.
У выніку падзелу Рэчы Паспалітай Будслаў увайшоў у склад Расійскай імперыі. У 1858 г.кляштар быў зачынены па рашэнні ўладаў, а касцёл стаў парафіяльным.
З 1939 г. касцёл быў зачынены савецкай уладай, святары прыязджалі рэдка. У 1941 годзе пры адступленні савецкія войскі мелі намер падарваць храм. Аднак мясцовыя жыхары сабраліся ля храма і правялі ноч перад вызначаным для выбуху часам (1 ліпеня) у малітве і просьбах да цудатворнага абраза. Назаўтра войскі пакінулі Будслаў, а касцёл застаўся некранутым.

З 1990 г.у Беларусі пачалося адраджэнне рэлігійнага жыцця.
У 1992 г. упершыню афіцыйна прыйшлі паломнікі: 45 пешых пілігрымак з 70 мясцовасцяў, у тым ліку і з Маладзечна.
У 1994 г. святыня атрымала тытул Малой базілікі*.
_____
* Гэта вышэйшы тытул, які каталіцкі храм можа мець на тэрыторыі Беларусі. У такіх касцёлах (усяго іх у Беларусі 4) можна атрымаць поўную індульгенцыю (адпуст) падчас сакрамэнту споведзі.
2 ліпеня 1996 Божая Маці Будслаўская абвешчана заступніцай Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
У 1996 г. У Будслаў зноў вярнуліся бернардынцы (да 2018 г.).
У 1998 годзе абраз быў каранаваны папскімі каронамі.

У 2016 г.Будслаўскі фэст уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, а ў 2018 г. - у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ЮНЕСКА.
У 2021 г. базіліка перажыла пажар.
Гісторыя абраза Маці Божай Будслаўскай
У 1598 г. гэты абраз быў падораны ў Рыме Папам Кліментам VIII Менскаму ваяводзе Яну Пацу, калі той перайшоў з кальвінізму ў каталіцтва. Пасля яго смерці ў 1610 г. абраз перайшоў яго капелану Ісааку Салакаю, які неўзабаве стаў вікарыем у Даўгінава і перавёз туды з Вільні абраз. Па адной з версій, браты Будскага манастыра пазналі ў абразе вобраз, у якім ім з'явілася Багародзіца ў 1588 г. Пачуўшы гэтую гісторыю і даведаўшыся пра жаданне манахаў здабыць абраз, Ісаак ахвяраваў яго ў Буду. У 1613 г. у Вялікі чацвер абраз на двух белых конях перавезлі да бернардынцаў. Сам Ісаак стаў манахам бернардынцам і да канца жыцця жыў у Будзе.

Абраз праславіўся шматлікімі цудамі. У 1635 г. ён быў перанесены ў галоўны алтар.
Падчас руска-польскай вайны 1654-1665 Будслаўская Багародзіца вымушана гасцявала ў Сакулцы пад Беластокам.
Дзякуючы ахвяраванням людзей, якія яны складалі ў знак павагі і падзякі, да 1783 г. абраз здабыў той выгляд, які мае цяпер: з срэбнымі рызамі, рамай, каронамі.

Абраз перажыў рэстаўрацыі: 1990-1991 і 2021-2022.
2 ліпеня 1998 г. на сваё 400-годдзе ён быў каранаваны папскімі каронамі.
Цуды
Абраз праславілася мноствам цудаў, сярод якіх ўваскрашэнне памерлых, аздараўлення ад хвароб і раненняў (галаўнога болю, эпілепсіі, пухлін, хвароб ног, нематы, слепаты, хвароб скуры, бяздзетнасці, інш.), вырашэння складаных сітуацый. Апісаны выпадкі пераходу з кальвінізму ў каталіцтва вядомых асоб. Пра самыя раннія 42 цуды напісана ў кнізе "Задыяк на зямлі " гвардыяна будскага манастыра Э. Зелеевіча, 1650 г.
Цуды здараліся пасля пасвячэння сябе ці кагосьці Маці Божай Будслаўскай, пасля пілігрымкі (або зароку прыйсці) да абраза, пасля прынясення дару (або зароку яго прынесці).
Ёсць выпадкі, калі адзін і той жа чалавек атрымліваў вылячэнне некалькі разоў на працягу жыцця. Былі выпадкі аздараўлення праваслаўных.
Даўнія сведчанні былі напісаныя на паперы і прылепленыя на сцены драўлянага касцёла, таму многія былі згубленыя, калі разбіралі будынак. Пазнейшыя запісы, магчыма, зніклі пры закрыцці манастыра ў 19 ст. альбо ў савецкі час. Пасля адкрыцця храма ў 90-я гады былі заведзены новыя кнігі. Цуды здараюцца і ў наш час.
Першы з захаваных у апісаннях цуд адносіцца да 1617 г. па малітвах да Маці Божай Будслаўскай вярнуўся зрок 5-гадоваму Язафату Тышкевічу. У выніку хваробы ён аслеп і год не бачыў. Пераступіўшы парог касцёла, адразу стаў відушчы. Ён застаўся ў манастыры як жывы сведка цуду, потым стаў вядомым ксяндзом кармелітам.
Варвара Дзягінянка з-за хваробы памерла. Яе спадарыня папрасіла святароў маліцца і сама 3 дні амаль бесперапынна малілася перад абразом у Буде, просячы вярнуць жыццё і здароўе служанцы. На чацвёрты дзень яна ажыла і стала здаровай (1638 г.).
Ганна, падданая Януша Кішкі, пайшла ў нядзелю па грыбы. Там з'явілася ёй Багародзіца, сказаўшы: "Чаму вы ў свята працуеце і гэтым абражаеце Майго Сына?" Дзяўчына не магла гаварыць 3 дні, пакуль бацькі не прывялі яе ў будскі касцёл. Убачыўшы абраз, яна ўсклікнула: "Вось гэтая спадарыня мне ў лесе з'явілася і сказала сюды, да абраза, прыйсці" (1644 г.).
У касцёле захаваліся ўнікальныя насценныя роспісы 18 ст. у міжнафавых арках – 16 сюжэтных сцэн пра цуды.

Пра сам абраз
Абраз напісаны алеем на палатне. Палатно мае памеры 72х65 см, нацягнута на дошку. Першапачаткова абраз не быў "абцяжараны" срэбнымі ўпрыгожваннямі і вотамі: яны з'явіліся пазней у розныя часы.

Воты (ахвярныя дары)
Срэбныя рызы датуюцца 1632-1633 гг. Ювелірныя ўпрыгожванні на іх, зробленыя ў 1580-1610 гг., магчыма, пахлдзяць з пасагу каралевы Рэчы Паспалітай Канстанцыі Аўстрыйскай.
Карона Езуса з'явілася ў 1632 - 1633 г. Ротмістр гетмана Яна Кішкі, Ян Вроньский, быў паранены і трапіў у маскоўскі палон у 1632 г. Ён змог шчасліва вярнуцца дадому пасля таго, як быў прысвечаны цудоўнаму абразу і абяцаў падарыць 10 чырвоных злотых (залатых дукатаў) на карону для немаўляці Езуса.
Карону Багародзіца атрымала ў 1649 г.
Срэбная рама-верагодна 1668 г. - ахвяра стольніка Ашмянскага Аляксандра Казіміра Слізеня і яго другой жонкі Алены. Яго сын ад першай жонкі быў народжаны мёртвым, але быў прысвечаны Панне Марыі Будслаўскай і ажыў.
Фон, німбы і прамяні абраз атрымаў у 1750-1783 гг.
Сімвалізм іканаграфіі
Іканаграфія належыць да тыпу "Адзігітрыя" (Путеводительница), але ў больш свабоднай трактоўцы, у духу італьянскага Рэнесансу. Слова "Адзігітрыя" паходзіць ад грэцкага Οδηγήτρια і перакладаецца, як "Тая, якая паказвае шлях".
Маці Божая і Немаўля Хрыстос малююцца франтальна або ў павароце ¾. Іх звернутыя да гледача абліччы не датыкаюцца. Левая рука Багародзіцы трымае Хрыста, а правая паднятая ў малітоўным жэсце на ўзроўні грудзей. Галава Маці можа быць трохі нахіленая, тым самым далікатна накіроўваючы ўвагу таго, хто глядзіць, да Бога Сына.

Цікава, што іканапісны вобраз Багародзіцы тыпу "Адзігітрыя", паводле падання, упершыню быў напісаны евангелістам Лукой.
Вобраз Маці Божай на абразе без срэбных рыз
Адзенне
Маці Божая паказана па пояс, у чырвонай туніцы, белым галаўным уборы і цёмна-зялёным мафорыі з карункавым капелюшом. Мафорый (грэц. μαφόριον — "наплечнік") - наплечны плат, верхняе адзенне ў краінах Блізкага Усходу.
Аблічча
Твар некалькі даўгаваты, мае правільныя рысы: вялікія вочы, класічны прамой нос; бровы дугападобныя, умерана цёмныя; вусны характарызуюцца чысцінёй колеру і мяккасцю контуру.
Адкрыты да святла правы бок асобы, прапісаны мякка, у той час як левы паглынаецца ценем. Аднак гэта не пазбаўляе Багародзіцу пяшчоты, яснай і ўзнёслай прыгажосці. Далікатная, але ў той жа час лёгка улоўная ўсмешка выпраменьвае любоў, якая сыходзіць на кожнага.
Падоўжаны характар і накіраванасць левай рукі Багародзіцы, спалучэнне святла і ценяў, нахіл галавы накіроўваюць нас да Яе Сына як да дзейснай крыніцы ласкі: "Я ёсць шлях, і праўда, і жыццё" (Ян 14, 6).

Падчас рэстаўрацыі 2021 г.
Вобраз Хрыста на абразе без срэбных рыз
Атачэнне
Фон лаканічны, высветлены, што таксама прыкоўвае ўвагу да саміх постацям. Цёплыя вохрыстыя німбы служаць аб'яднаўчым элементам паміж партрэтамі Багародзіцы і Сына.
Адзенне
На немаўляці светлы хітон і цёмна-жоўты плашч.
Аблічча
Хрыстос спачывае на левай руцэ Багародзіцы. Яго пастава вольная. Твар прыгожы, з тонкімі рысамі. Погляд накіраваны на таго, хто глядзіць. На вуснах прасочваецца ледзь улоўная ўсмешка.
Пальцы правай рукі складзены для здзяйснення знаку крыжа: Хрыстос бласлаўляе Багародзіцу, а разам з ёй і вернікаў. Пры двуперстным складанні вялікі палец, мезенец і безназоўны палец складваюцца разам, сімвалізуючы тры Асобы Бога - Айца, Сына і Святога Духа, злучаныя ў Святую Тройцу. Два пальцы, сярэдні і паказальны, застаюцца выпрастанымі і злучанымі паміж сабой, што сімвалізуе дзве прыроды Хрыста - боскую і чалавечую.

У левай руцэ Езус трымае плод граната.
Гранат у хрысціянстве. Сімвалічнае значэнне
Чырвоны колер сімвалізуе кроў Хрыста, яго ахвяру на крыжы.

Сам плод - сімвал:
- - урадлівасці, новага жыцця (у габрэйскай традыцыі);
- - любові паміж Хрыстом і Яго Касцёлам (у Песні Песняй Саламона)
- - хрысціянскай супольнасці.
Шматлікае насенне (зярняткі) сімвалізуе:
- багацце Божай мудрасці;
- закон (запаведзі, дадзеныя Майсею на гары Сінай);
- багацце Божых блаславенняў;
- багацце жыцця, якое прыходзіць разам з адкупленнем;
- супольнасць вернікаў.
Лупіна, насенне, сок сімвалічна паказваюць адзінства Святой Тройцы: Айца, Сына, Святога Духа.
Непрыкметнасць вонкавага выгляду і ўнутраная прыгажосць граната сімвалічна паказваюць, што сапраўдная каштоўнасць зыходзіць з нашых унутраных якасцяў, а не з вонкавага выгляду.
Сярэбраныя рызы
Сярэбраныя рызы Будслаўскай Багародзіцы зроблены з асобных пласцін, складзеных паміж сабой, нібы мазаіка.
Большая частка паверхні пакінута срэбнай, акрамя пазалочаных зморшчын адзення: тунікі Багародзіцы і гіматыя Хрыста.
Усе пазалочаныя элементы сярэбраных упрыгожванняў Маці Божай Будслаўскай зроблены па тэхналогіі XVII-XVIII стст. — залачэннем "праз агонь": на паверхню металу накладвалася амальгама (сумесь адной часткі ртуці і васьмі частак высакароднага золата), потым ртуць з дапамогай агню выпарвалася, а золата амаль на малекулярным узроўні счаплялася з металічнай асновай.
Асаблівасці рыз
- Зморшчыны: ідучы за вызначаным малюнкам, майстар біў па чаканцы - і на металічнай аснове заставаўся графічны адбітак.
- Карункі на мафорыі: знешні край мафорыя апраўлены карункамі, зробленымі з асобных элементаў метадам ліцця, пазней вызалачаных.

Кветкавы арнамент
Амаль па ўсёй паверхні покрыва свабодна раскіданыя брошкі-кветкі (зробленыя праз ліццё ў невялікім плоскім рэльефе).
Па малюнку вылучаныя два ўзоры кветак: у Багародзіцы - стылізаваны званочак або орлік / аквілегія; у Хрыста - шыпшына або ружа.
Для разнастайнасці кожны ўзор адліты ў люстраным выглядзе.
Прывескі, панталікі
Срэбнае сукенка Багародзіцы мае аздабленне ювелірнымі вырабамі (заўважана падабенства з каштоўнымі брошкамі з золата, эмалі і камянёў), усяго 10 адзінак: 7 авальных S-падобных і 3 нібы шматгранныя гузікі.
Самі панталікі зроблены з золата і распісаны эмаллю: белай, чорнай, нябесна-блакітнай, празрыста-ультрамарынавай.
Знятыя з рыз, ювелірныя накладкі паасобку складаюцца ў ланцужок, дзе кожная мае вушка для мацавання. Ёсць меркаванне, што гэта было адзінае ўпрыгожванне перыяду позняга Рэнесансу, якое фіксавалася на жаночай вопратцы і першапачаткова было часткай пасагу каралевы Рэчы Паспалітай Канстанцыі Аўстрыйскай. Ланцужок раз'ядналі і кожнае звяно-брошку ахвяравалі паасобку на рызу.

Кароны Хрыста і Маці Божай
Карона з'яўляецца сімвалам царскай годнасці. З пункту гледжання геральдыкі будслаўскія кароны зроблены па ўзор кароны "манархічнага" прускага тыпу.

Кароны, якія вянчаюць Маці Божую і Хрыста, адрозніваюцца і па часе стварэння, і па якасці металу. Карона Хрыста зроблена раней і з срэбра высокага гатунку. Карона Божай Маці - гэта "капіраванне" кароны Хрыста і выканана з срэбра з даданнем медзі.
Карона Хрыста мае дасканалыя прапорцыі, выглядае ажурнай і лёгкай. Бачныя пяць зубцоў: тры павялічаныя крыжападобныя з завіткамі, два ў выглядзе кветак лілеі з трыма пялёсткамі. Карона️ з вонкавага боку вызалачана з дапамогай ртутнай амальгамы (лат. amalgama, «сплаў» — вадкія або цвёрдыя сплавы ртуці з іншымі металамі, часцей за ўсё сустракаюцца злучэнні срэбра). Пяць дуг і ніжні абруч ўпрыгожаны камянямі, сярод якіх ізумруды, рубіны, гранаты, каляровае шкло. Па вонкавым краі ў срэбры выбітыя "зярняткі".
Верх️ каралеўскага "яблыка" увенчаны крыжам з срэбра. Асновай крыжа служыць сярэбраная пласціна класічнага лацінскага крыжа, на якім зафіксавана сярэбраная фігурка распяцця (выканана метадам ліцця). Перш, чым трапіць у карону, крыж мог належаць асобе з вышэйшых іерархаў Царквы.

Карона Марыі мае свае асаблівасці. Найперш, гэта больш масіўныя прапорцыі як па памерах, так і па суадносінах аб'ёмаў абруча з зубцамі і дугамі, якія аднолькавыя, што надае кароне грувасткасці.
Па краях (зверху і знізу) абруч акружаны паясамі-вянкамі расліннага арнаменту (адбітак лаўровых лісцікаў). Паміж вянкамі (у сярэдняй частцы) абруч мае аздабленне каштоўнымі камянямі. Над абручом-шырокі пояс, на паверхні якога прыкметны злёгку улоўны рэльеф арнаменту. Паміж дугамі ў невялікай перспектыве — - чатыры стылізаваных кветкі лілей з трыма тычынкамі на канцах. Шырокая ажурная паверхня ўпрыгожана камянямі: пяць камянёў пароды яспіс (выкладка ў форме крыжа), за імі - вялікі квадратны каст (металічнае гняздо для камянёў) з рубінавым шклом. Ад ажурнага пояса да каралеўскага "яблыка" ідуць пяць дуг, упрыгожаных срэбнымі зярняткамі, якія памяншаюцца ў перспектыўным скарачэнні (ужыты метад ліцця). Карона ўвянчаная крыжам па тыпу лацінскага крыжа, зробленага метадам ліцця з бронзы і вызалачанага ртутнай амальгамай. Крыж мог быць ахвяраваны жонкай аднаго з ахвярадаўцаў будслаўскага кляштара сярэдзіны XVII ст.

Сярэбраная рама
Арнаментыка і прыёмы, выкарыстаныя для аздаблення, адрозніваюцца ад вырабу карон і кыз. У аздабленні відавочны ўплыў Паўночнага Адраджэння. Рама️ складзена з двух рэгістраў: ніжняга (складаецца з чатырох частак і нахілены пад вуглом да іконы) і верхняга (акружае раму па краі, у два разы больш вузкі, чым ніжні, і упрыгожаны асобнымі срэбнымі накладкамі-разеткамі).
Углы️ кутоў рамы верхняга рэгістра ўпрыгожваюць галоўкі херувімаў.
Аднолькавыя кампазіцыі ніжняй і верхняй часткі: цэнтр трымае галоўка херувіма, у бакі ад яе адыходзяць крылы, пёркі якіх ператвараюцца ў завіткі арнаменту арабескі, характэрнага для позняга Паўночнага Адраджэння.

На бакавых частках ніжняга рэгістра рамы паміж завіткамі арнаменту змешчаны фігуры святых:
- справа-Святы Казімір (у княжацкай кароне, у руках сімвалы веры (Укрыжаванне) і цноты (лілея);
- злева-святая Алена (у імператарскай кароне, з жыватворным крыжам, які яна знайшла на Святой Зямлі).
Па баках кампазіцыі размешчаны карнізы, упрыгожаныя раслінным хвалепадобным арнаментам.
Зоркі
Першапачаткова на палатне зорак не было. У перыяд 1668-1750 гг. дванаццаць 8-канчатковых зорак размяшчаліся вакол усёй фігуры Багародзіцы, па 6 справа і злева. Зорка мацавалася цэнтральнай шпількай, якая праходзіць скрозь палатно ў драўляную аснову. Уявіць сабе, як гэта выглядала, можна па копіі, якая была зроблена ў 1738 г. і, верагодна, знаходзілася ў Глыбоцкім Кармеліцкім касцёле (цяпер у музеі).
"Вялікі знак з’явіўся на небе: жанчына, апранутая ў сонца, і месяц пад яе нагамі, а над яе галавою вянок з дванаццаці зорак" (Адкр. 12:1—2).
У вобразе жонкі бачаць і вобраз Касцёла, і вобраз Панны Марыі. Зоркі сімвалізуюць дванаццаць плямёнаў Новага Ізраіля (апосталаў і сукупнасць хрысціянскіх народаў).

Фон, німбы, прамяні
У другой палове 18 ст., калі будаваўся вялікі храм, магчыма, было вырашана, што абраз, невялікі па памеры, павінен прыцягваць увагу ззяннем. Тады ён і атрымаў сярэбраны пазалочаны фон і німбы з прамянямі вакол лікаў.
Німбы прыўзняты чаканкай над асноўным фонам, прамяні мацуюцца па-над німбам і размешчаны ў парадку: 3 прамых, адзін хвалісты (палымяны). Так у сярэднія вякі было прынята адлюстроўваць ззянне - у стылі "палымянай готыкі".

Німб і ззянне Хрыста сімвалізуюць Яго славу як Таго, хто ёсць Святло свету, Сонца праўды. Ззянне Марыі ўвасабляе словы: "...жанчына, апранутая ў сонца" (Адкр 12, 1).
Каранаванне абраза
Каранаванне абраза - знак падзякі, асаблівага шанавання і прызнання яго цудатворнасці. У адказ на просьбу духавенства Беларусі Папа Ян Павел II даў дазвол ад яго імя і яго ўладай ускласці каштоўныя кароны на абраз Маці Божай Будслаўскай, якая праславілася за 400 гадоў шматлікімі цудамі і заступалася за наш народ.
Брэвэ аб каранацыі было дадзена ў Рыме 7 чэрвеня 1995 г., а ўжо ў год яе 400-годдзя 2 ліпеня 1998 абраз быў каранаваны кардыналам Казімірам Свёнткам. Ён усклаў на абраз кароны 17 ст.

Будслаўская базіліка атрымала тытул Нацыянальнага санктуарыя, а 2 ліпеня аб'яўлена святам у гонар Дзевы Марыі Будслаўскай для ўсіх касцёлаў Беларусі.
Тэкст складзены Савянок Кацярынай і Туровіч Марыяй на падставе кнігі "Апякунка Беларусі" выдавецтва "Про Хрысто" і адкрытых крыніцаў інтэрнэт.