Skip to main content

Адпустовая ўрачыстасць Нараджэння св. Яна Хрысціцеля адбылася ў Гарадку

| Падзеі »
 ERC 3154

На Святую Імшу на месцы былога касцёла Яна Хрысціцеля ў мястэчку Гарадок Маладзечанскага раёна ў нядзелю, 21 чэрвеня, сабраліся маладзечанскія і мясцовыя парафіяне. Імшу ўзначаліў брат Ян Садоўскі, OFMCap. Ён і брат-капуцын Андрэй Багдановіч, які дапамагаў у арганізацыі ўрачыстасці, былі на гэтым святым месцы ўпершыню.

 ERC 3221

Падчас гаміліі брат Ян узгадаў гісторыю, якую расказвала адна манахіня, што рыхтавала да хросту мужчыну-бізнэсмена. Яна вучыла яго маліцца і ў пэўны момант спыталася, як у яго справы з гэтым. Той адказаў, што маліўся адзін раз і прадставіў Богу ўсе важныя для сябе справы. Манахіня здзівілася, чаму мужчына маліўся толькі раз. А ён адказаў, што Бог такі самы заняты, як ён, і зможа заняцца яго справамі, калі ў Яго дойдзе чарга.

Брат Ян патлумачыў, што Бог зусім не такі – Ён займаецца кожнай справай чалавека, нават самай дробнай. І прысвячае ўвагу кожнаму чалавеку кожную хвіліну, а не клапоціцца толькі агулам пра ўсіх, як бывае, калі дзяржава клапоціцца пра народ, дырэктар – пра калектыў прадпрыемства ці пробашч - пра ўсю парафію. У Бога няма такіх абмежаванняў, і для Яго няма няважных справаў. Ён клапоціцца, будуе адносіны, любіць, перажывае, думае – у дачыненні да кожнага з нас асабіста.

У Евангеллі на дзень урачыстасці неаднаразова гучаў заклік Хрыста: “Не бойцеся”. Па словах брата Яна, ён датычыць усіх няпростых момантаў і цяжкасцяў у нашым жыцці. Бог кажа: “Не бойцеся, бо Я ўва ўсім гэтым з вамі, для Мяне гэта не дробязь. Тая праблема, з якой ты зараз змагаешся, яна важная. І Я хачу з табой ува ўсім гэтым быць”.

 ERC 3227

Як сказаў брат Ян, важна памятаць пра прысутнасць Бога ў нашым жыцці. Бо часта нам здаецца падчас складаных момантаў, што Бог нас у іх пакідае або карае, што няпросты перыяд – гэта знак Яго адсутнасці ў нашым жыцці. І гэта няпраўда.

На Імшы прысутнічала шмат міністрантаў і удзельнікі хору нашай парафіі. У малітве былі ўзгаданыя парафіяне і святары былога касцёла.

 ERC 3212

Тэрыторыя, на якой адбывалася ўрачыстасць, нагледзячы на тое, што знаходзіцца ў лесе, выглядае вельмі дагледжанай: перыметр даўняга храма выкладзены прыгожа камянямі, да магілаў былога пробашча і фундатараў храма вядуць дарожкі з пліткі, газон з кветкамі старанна пакошаны. Палявы алтар зроблены з вялізнага валуна, а за ім стаіць незвычайнай формы новы крыж.

 ERC 3233

Але яшчэ год таму тут былі толькі зараснікі с дрэваў і кустоў. Пачынаючы з мая 2025 года нашы парафіяне збіраліся тут на талаку дзевяць разоў, а ў верасні адбылося асвячэнне новых крыжа і палявого алтара з удзелам біскупа Юрыя Касабуцкага. Валанцёры і надалей клапоцяцца пра тэрыторыю былога касцёла Яна Хрысціцеля ў Гарадку.

Гісторыя драўлянага храма з вежай-званніцай і неабарочным алтаром кароткая: у 1914 годзе быў атрыманы дазвол на яго будаўніцтва, у 1929 годзе адбылося яго асвячэнне, а падчас Другой сусветнай вайны ён быў ужо знішчаны. Нягледзячы на гэта, тут паспела паслужыць пяць святароў. Пазней парафіяне Гарадка наведвалі касцёлы ў Красным, Валожыне і Пяршаях.

Пачатак новага жыцця парафіі быў пакладзены ў 1995 годзе па ініцыятыве кс. Эдмунда Даўгіловіча-Навіцкага, калі на месцы старога касцёла ўсталявалі крыж. З 2004 года пра гэтае месца клапоцяцца браты-капуцыны. У Гарадку ёсць капліца, дзе штотыдзень адбываецца Святая Імша.

Наша парафіянка Ядвіга Грынь, якая ўпершыню была на месцы былога касцёла, падзялілася сваімі ўражаннямі: “Мне вельмі спадабалася ўрачыстасць на адкрытым паветры ў такім прыгожым, дагледжаным месцы. Было асаблівае перажыванне Святой Імшы. Вельмі б хацелася вярнуцца сюды яшчэ раз”.

 ERC 3111 1

Тэкст: Вольга Фралова

Фота: Эрык Савянок