Skip to main content

Урачыстасць Цела і Крыві Пана нашага Езуса Хрыста

| Падзеі »

«Сапраўды, сапраўды кажу вам:
калі не будзеце есці цела Сына Чалавечага
і піць крыві Ягонай,
не будзеце мець у сабе жыцця»
Ян 6, 53.

 4 06 2026bozaetela27

У чацвер, 4 чэрвеня, ва ўрачыстасць Найсвяцейшых Цела і Крыві нашага Пана Езуса Хрыста галоўную святую Імшу а 18-00 у нашым касцёле цэлебраваў бр. Уладзіслаў Мінько.

 4 06 2026bozaetela56

Падчас гаміліі ён заўважыў: “Не думаю, што хтосьці з нас разумее прынцып, па якім хлеб становіцца рэальным Целам Хрыста, як не разумелі і апосталы. Гэта таямніца веры. Можна сказаць, што ўрачыстасць Цела і Крыві Хрыста мы святкуем мінімум кожную нядзелю, бо кульмінацыя кожнага святога дня – гэта менавіта Эўхарыстыя, сустрэча і з’яднанне з сапраўдным Целам і Крывёй Хрыста. Праз сённяшнюю ўрачыстасць Касцёл хоча заахвоціць нас яшчэ раз усвядоміць сабе, што мы маем. Бо самай вялікай стратай у нашым жыцці было б гэта не заўважыць, прамінуць. Падобна, як маючы, напрыклад, велізарны капітал, цэлы кантынент з морам, яхтамі і ўсім патрэбным для жыцця, чалавек бы не зразумеў, чым валодае, і ні разу не скарыстаўся”...

 4 06 2026bozaetela51

Брат адзначыў, што нашае жыццё тут, на зямлі, можна параўнаць з прабываннем габрэяў у пустыні, якія то верылі Богу, то сумняваліся, азіраліся назад і шкадавалі, што пакінулі Егіпет. Часта мы таксама не давяраем Богу, шукаем іншых апораў у жыцці, імкнемся за міражамі, наракаем. І Хрыстус дае нам Нябесны Хлеб як манну, толькі ўжо іншую, больш вартасную, бо дае Самога Сябе, каб мы прайшлі праз пустыню нашага жыцця. Бр. Уладзіслаў заклікаў змагацца за тое, каб сілкавацца гэтым Хлебам як мага больш годна і як мага часцей. Бо шкада, калі сам чалавек адмаўляецца ад такога вялікага дару і не імкнецца хутчэй вырашыць неўпарадкаваныя сітуацыі ў жыцці, якія перашкаджаюць прымаць удзел у Эўхарыстыі.

Пробашч падкрэсліў, наколькі важна ўсведамляць, што адбываецца на алтары падчас святой Імшы і каго мы прымаем у сваё сэрца. Бывае, што пры выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнце вернік затрымліваецца памаліцца каля абразоў. Гэта можна параўнаць з сітуацыяй, калі б чалавек зайшоў у дом і звярнуўся з размовай не да гаспадара, а да фотаздымка на сцяне. Вядома, што молячыся перад абразом, мы звяртаемся не да абраза, а да тых, чые выявы на ім бачым. Але ўсё ж дзіўна пры жывой Асобе Езуса Хрыста, змешчанай на алтары, звяртацца не да Яго. Бо напэўна і св. а. Піо, і св. Францішак, і Найсвяцейшая Панна Марыя ў гэты час самі ўкленчваюць перад Ім. У касцёле няма нікога больш важнага, больш жывога і рэальнага, чым Езус у Найсвяцейшым Сакрамэнце.

 4 06 2026bozaetela67

Напрыканцы гаміліі бр. Уладзіслаў задаў пытанне: "Што мы можам даць Богу? Чаго Ён ад нас чакае?"  Варта нагадаць, што Ён стварыў нашыя сэрцы на Сваё падабенства, таму мы можам быць людзьмі ў паўнаце толькі тады, калі будзем падобныя да Яго. А Ён Той, хто заўсёды прысутны, заўсёды служыць. Таму адзінае, што мы можам даць Богу, - сваю прысутнасць, свой час. Пробашч заахвоціў да таго, каб імкнуцца часцей знаходзіць магчымасць патрываць перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Гэтая малітва – адарацыя – з аднаго боку вельмі простая, бо нічога не трэба на ёй рабіць - толькі прыйсці і быць з Езусам. Але, адначасова, гэтым яна і складаная, бо вымагае веры ў жывую прысутнасць Хрыста. Дзякуючы веры чалавек здольны адкінуць мітусню, адкласці справы і не палічыць прысутнасць на адарацыі марным баўленнем часу. Вартасць такой даверлівай малітвы неацэнная, бо яна змяняе сэрца.

 4 06 2026bozaetela29

Пасля эўхарыстычнай літургіі кожны вернік мог засведчыць аб сваёй веры ў жывую прысутнасць Хрыста ў Найсвяцейшым Сакрамэнце сваім ўдзелам ў эўхарыстычнай працэсіі вакол касцёла. Людзі, з'яднаныя спевам праслаўлення, малітвай, уважлівым слуханнем Евангелля каля кожнага з чатырох старанна падрыхтаваных супольнасцямі алтароў, стараліся не страціць з поля зроку Езуса ў манстранцыі і сваёй такой еднасцю стваралі ўражанне адзінага арганізма. Яны і насамрэч былі жывым ўвасабленнем Касцёла-містычнага Цела Хрыста. 

 4 06 2026bozaetela36

Тэкст: Кацярына Савянок

Фота: Эрык Савянок

 Больш фота ў добрай якасці тут.