Апостальскі нунцый Іньяцыё Чэфалія удзяліў сакрамэнт канфірмацыі

У нядзелю Спаслання Святога Духа Апостальскі нунцый Іньяцыё Чэфалія ўзначаліў урачыстую эўхарыстычную цэлебрацыю а 18-00, падчас якой удзяліў сакрамэнт канфірмацыі 63 вернікам нашай парафіі, моладзі і старэйшым. У цэлебрацыі таксама прынялі ўдзел святары суседняй маладзечанскай парафіі святога Юзафа: дэкан Маладзечанскі кс. прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі і кс. Андрэй Фёдараў.

Падчас гаміліі Яго Эксцэленцыя адзначыў, што свята Пяцідзесятніцы “вяртае нас да самага сэрца нашай веры”, бо гэта дзень, калі “Дух Святы сыходзіць на Апосталаў і адкрывае перад імі новае жыццё. Гэта … падзея, якая працягвае аднаўляцца, бо Дух не належыць мінуламу: Ён – жывая прысутнасць, дыханне, сіла, якая падтрымлівае і перамяняе”, напаўняе супакоем. “Гэта супакой, які не забірае цяжкасцяў, - падкрэсліў Уладыка, - але дае сілу іх пераадольваць”.

На падставе першага чытання, у якім апавядаецца пра людзей з розных краін, якія слухаюць Апосталаў і разумеюць іх кожны на сваёй мове, Яго Эксцэленцыя нагадаў, што Дух Святы “робіць магчымай глыбокую сустрэчу паміж рознымі людзьмі і адкрывае сэрцы на ўзаемнае разуменне, што не нараджаецца з чалавечых намаганняў, але з Божага дару. Адрозненні не становяцца прычынай падзелу, бо Дух стварае адзінства, не сціраючы разнастайнасці абліччаў і гісторый. Ён схіляе сэрцы да слухання і даверу. З гэтага ўнутранага дзеяння нараджаецца братэрства, якое аб’яўляе прысутнасць Бога ў супольнасці. Касцёл, калі ён верны Духу Святому, не баіцца разнастайнасці, а прымае яе як дар”.

Уладыка Іньяцыё падкрэсліў, што “Дух Святы раздае розныя дары, але заўсёды дзеля агульнага дабра. Не для стварэння эліт, не для распальвання суперніцтва, а для пабудовы жывой супольнасці, дзе кожны ўносіць тое, што атрымаў. Гэта вельмі актуальнае пасланне, бо мы жывём у свеце, які часта вымярае вартасць праз спаборніцтва, знешні выгляд, валоданне, асабісты поспех. Дух Святы ж нагадвае нам, што сапраўдная веліч заключаецца ў дары з сябе, у здольнасці служыць, у гатоўнасці будаваць разам. Касцёл – гэта цела, і кожны яго член неабходны. Ніхто не з’яўляецца непатрэбным, лішнім ці занадта малым. І сёння праз Канфірмацыю гэтае цела ўзбагачаецца новымі сіламі, новымі харызмамі, новай адказнасцю”.


Потым Яго Эксцэленцыя звярнуўся да кандыдатаў да бежмавання: “Сёння вы прымаеце дар, які ўваходзіць у вашае жыццё ціхім, але і магутным чынам. Дух Святы прыходзіць, каб быць з вамі, каб ісці побач з кожным з вас, падтрымліваць вашыя крокі і ўзрошчваць усё самае прыгожае, што вы носіце ў сабе. Гэта дар, які не вычэрпваецца, але расце разам з вамі, пераплятаючыся з вашымі выбарамі і асвятляючы вашы найглыбейшыя жаданні.
Дух Святы дорыць вам мужнасць. Не гучную мужнасць таго, хто хоча прыцягнуць увагу, але ціхую і праўдзівую мужнасць таго, хто ўмее выбіраць дабро, нават калі гэта каштуе; хто здольны казаць праўду, нават калі яна нязручная; хто застаецца верным, нават калі ўсё здаецца крохкім. Ён дорыць вам здольнасць жыць не як гледачы, а як пратаганісты дабра, будаўнікі супакою, як людзі, што не дазваляюць сябе панесці вятрам хвіліны, але ўмеюць распазнаваць тое, што сапраўды важна.
Дух Святы дае вам праўду. Мы жывём у свеце, поўным галасоў, інфармацыі, меркаванняў, шуму. Часам цяжка зразумець, што ёсць праўдай, што правільнае, што добрае, што сапраўднае. Дух Святы – гэта Той, хто асвятляе розум і сэрца і дапамагае вам адрозніць тое, што будуе, ад таго, што разбурае; тое, што вызваляе, ад таго, што знявольвае. Дазвольце Яму весці вас у вашых вялікіх і малых выбарах, у марах, якія вы носіце ў сабе, у адносінах, якія будуеце, у абавязках, якія вас чакаюць.
Дух Святы дае вам сведчанне. Свет не патрабуе фасадных хрысціян, але людзей, здольных па-сапраўднаму любіць, прабачаць, падымацца пасля падзенняў, будаваць масты і спрыяць міру. Ваша парафія, ваш горад, гэта ўмілаваная краіна мае патрэбу ў вашым святле. Не бойцеся быць хрысціянамі з прастатой і радасцю. Не бойцеся несці ў свет прыгажосць Евангелля. Не бойцеся быць знакамі надзеі ў час, калі нярэдка здаецца, што страчваецца сэнс жыцця і будучыні”.

Канфірмаваных асобаў Яго Эксцэленцыя даручыў Божай Маці як Той, што прыняла Духа Святога ў сваё жыццё і падзяліла з Касцёлам дзень Пяцідзясятніцы, каб “Яна ахоўвала іх сваёй пяшчотай і падтрымлівала на шляху, які адкрываецца перад імі. Няхай Яе заступніцтва дапаможа ім распазнаваць голас Духа Святога, захоўваць атрыманы дар, узрастаць у радасці веры і быць вернымі і сапраўднымі сведкамі Божай любові”.
Усіх вернікаў Уладыка заахвоціў суправаджаць канфірмаваных малітвай, прыкладам, даверам, быць для іх “Касцёлам, які слухае, прымае, падтрымлівае, натхняе. Касцёлам, які не гасіць агонь Духа Святога, але захоўвае яго, узмацняе і сведчыць пра яго”.

Пасля гаміліі Яго Эксцэленцыя ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі. Хоць Імша цэлебравалася на лацінскай мове, а гамілія перакладалася з італьянскай, кранальна было тое, што падчас намашчэння ён звяртаўся да кожнага кандыдата па-беларуску.



Напрыканцы літургіі перадаў Апостальскі нунцый удзяліў прысутным Апостальскае благаслаўленне з адпустам ад імя Папы Льва XIV.
У сваім развітальным слове Яго Эксцэленцыя сказаў, што адчувае тут сябе як дома і пакідае нашу парафію з пачуццём цеплыні, любові. А паколькі сёння ён упершыню ўдзяліў сакрамэнт Канфірмацыі, наша парафія назаўсёды застанецца ў яго сэрцы.

Дзякуем шаноўнаму Уладыку Іьяцыё за малітву, а таксама за адкрытасць, шчырую ўсмешку, простасць і гумар. Упэўнена, што ён таксама застанецца ў сэрцах і малітве тых шматлікіх вернікаў, якім сёння ўдзяліў сакрамэнт.



Пераклад гаміліі: бр. Вадзім Войцік OFMCap
Тэкст: Кацярына Савянок
Фота: Эрык Савянок
Фота ў лепшай якасці па спасылцы.