Skip to main content

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўстанавіў новых лектараў

| Падзеі »
 26 04 2026lectary030

У Нядзелю Добрага Пастыра 26 красавіка ў Мінску ў катэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі падчас святой Імшы а 13-00 Яго Эксцэленцыя арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўдзяліў адмысловае блаславенне на паслугу лектарату 17 юнакам і мужчынам з Мінска, Магілёва і Маладзечна. Сярод іх 9 чалавек былі з нашай парафіі: Дзмітрый Роўда, Дзмітрый Капцюг, Іван Карпец, Аўгустын Адамовіч, Кастусь Каваленка, Дамінік Гаранін, Міхаіл Роўда, Антон Савянок, Аляксандр Піліпчук. Гэтай значнай падзее папярэднічалі падрыхтоўчыя заняткі, якія яны наведвалі на працягу некалькіх месяцаў, адкрыўшы ў сабе пакліканне да служэння ў якасці лектара (служэння ў каталіцкім Касцёле, звязанага з чытаннем падчас св. Імшы і набажэнстваў урыўкаў са Святога Пісання, акрамя Евангелля).

 26 04 2026lectary019

Падчас гаміліі арцыбіскуп Юзаф нагадаў, што “кожная нядзеля дае нам магчымасць асабістай сустрэчы з Езусам праз слова, якое нам апавядаюць апосталы і евангелісты - тыя, хто сустрэліся з Уваскрослым. І сёння перад намі паўстае постаць Хрыста як Добрага Пастыра. Мы ўзіраемся ў Яго, каб глыбей зразумець, якой  бязмежнай любоўю Ён палюбіў нас. Мы слухаем Яго голас, які для нас не чужы, бо Ён кліча нас па імені. Мы хочам ісці за Ім з вялікім энтузіязмам і радасцю, калі адчуваем блізкасць Пана, Яго дотык да нашага сэрца, асабліва ў Велікодны перыяд. Аднак часта бывае, што вузкай брамай для сустрэчы з Хрыстом аказваюцца нашыя ўласныя слабасці, грахі - тая цёмная даліна, апісаная ў 23 (22) псальме. Усе мы ведаем, што значыць заблукаць, як авечка, і з тугой звярнуцца да нашага пастыра, ахоўніка нашых душ. Божае слова заклікае нас даверыцца шляху, па якім хоча весці нас Добры Пастыр, які сам стаў Ягнём Божым і адкупіў нас сваёй крывёй, каб мымелі жыццё і мелі ў дастатку (Ян 10, 1–10)”.

 26 04 2026lectary063

Адказаць на Божы заклік – гэта значыць адкрыць у сабе пакліканне і пайсці за ім. І нездарма нядзеля Добрага Пастыра ў Касцёле распачынае тыдзень малітвы за святароў і кансэкраваных асобаў і аб новых пакліканнях, каб Пан Бог "паслаў работнікаў на сваё жніво" (Лк 10, 2). Божы народ мае патрэбу ў мужчынах і жанчынах, якія б прысвяцілі сябе выключнаму служэнню Богу і чалавеку і якія б будавалі сваім жыццём і служэннем “жывы знак міласэрнасці і любові Бога”. І вельмі важна, каб сем’і былі адкрыты на тое, што іх дзяцей Бог можа паклікаць да такога асаблівага жыцця, і не чынілі перашкодаў, а дапамаглі пайсці за голасам Добрага Пастыра. “Мы як супольнасць веруючых павінны нарадзіць, знайсці, вымаліць гэтыя пакліканні сярод маладых людзей”, - адзначыў Яго Эксцэленцыя і заўважыў, што ў нашым грамадстве дастаткова і настаўнікаў, і дактароў, а з усіх католікаў нашай краіны, якіх каля 1 мільёна, ў гродзенскую семінарыю на першы курс у прошлым годзе паступіла ўсяго некалькі чалавек. Каб пайсці за голасам паклікання, патрэбна не толькі вера, але яшчэ адвага і ахвярнасць, а таксама падтрымка парафіяльнай супольнасці і сям’і. Яго Эксцэленцыя выказаў словы надзеі ў адносінах да будучых лектараў, што “настолькі яны запаляцца Божым словам, што захочуць абвяшчаць яго ад імя Касцёла як святары”.

 26 04 2026lectary047

"Часам мы пачынаем заўважаць, што наша вера зводзіцца да выканання абавязкаў. І мы прагнем зноў адкрыць для сябе зачараванне постаццю Езуса. Будзьце ўпэўнены, што дзякуючы Яму, вы, лектары, можаце марыць пра паўнавартаснае яднанне з Езусам і знайсці сапраўдны сэнс у тым, каб быць паглынутымі Яго любоўю. Як казаў папа Францішак у адгартацыі “Радасць Евангелля”, Езус жыве і Ён хоча, каб і ты жыў. Кожны, хто дазваляе Хрысту дакрануцца да свайго сэрца праз Божае слова і Святую Камунію, той нанова становіцца маладым маладосцю Езуса Хрыста – найпрыгажэйшай маладосцю гэтага свету, - заўважыў арцыбіскуп Юзаф. -  Хачу пажадаць кожнаму з вас не старыцца душой і дазволіць Божаму слову дакранацца да вашага сэрца, а потым падчас святой Імшы праз тое, што адчулі, што зразумелі, чаго дасведчылі,  так прачытаць літургічны тэкст, каб Божае слова было пачута і кранула іншага чалавека. Кожнае слова, якое вы будзеце чытаць падчас Імшы, няхай ідзе ад сэрца, з жывой верай".

Напрыканцы гаміліі Яго Эксцэленцыя нагадаў, што “Касцёл – гэта сям’я сем’яў”, і кожны з нас адказны за яго. Таму ён заклікаў маліцца за новых лектараў і ўдзяліў блаславенне на малітву за святароў, кансэкраваных асобаў і аб новых пакліканнях.

Варта дадаць, што арцыбіскуп заахвоціў усіх таксама на  ўдзел у  штогадовай акцыі “Дар сэрца для парафій у патрэбе”, якая распачалася як раз у Нядзелю Добрага Пастыра.

 26 04 2026lectary047

Пасля гаміліі адбыўся абрад устанаўлення новых лектараў. Яго Эксцэленцыя таксама асвяціў адмысловае літургічнае адзенне  ступені лектарату – альбу, пояс і крыж. Альба – доўгае адзенне белага колеру (лат. аlba – белы) - сімвал чысціні сэрца, неабходнай для служэння Богу. Пояс-вяроўка – знак захавання чысціні сэрца, духоўнай дысцыпліны і ўтаймавання цялесных жаданняў, гатоўнасць выконваць пачутае Божае слова, служыць Богу. На крыжы змешчаны выявы кнігі і грэчаскіх літар ꓮ і Ω, сімвалізуючых Божае Слова.

 26 04 2026lectary007

Віншуем нашых дарагіх лектараў з распачаццем новага этапу служэння. Няхай гэтая паслуга прынясе шчодрыя плёны вам і ўсім, да каго будуць звернуты словы Пісання.

 26 04 2026lectary078

Дзякуем усім, хто заахвоціў да гэтага служэння і хто да яго рыхтаваў, асабліва куратару падрыхтоўчага курса кс. Аляксандру Шыманскаму. Дзякуем Яго Эксцэленцыі за ўдзяленне паслугі лектарату, скіраванае слова і пастырскае блаславенне.

 26 04 2026lectary082

Тэкст: Кацярына Савянок

Фота: Эрык Савянок

Больш фота ў добрай якасці тут.