Skip to main content

Пальмовая Нядзеля

| Падзеі »
 2026 03 29 verb004

У нядзелю 29 сакавіка паўсюдны Касцёл аб'яднаўся ў сугучным спеве "Гасанна, Сыну Давіда! Гасанна, на вышынях", ва ўзнясенні пальмовых галінак на знак вітання і праслаўлення Хрыста, які прыходзіць, каб даць надзею. Пальмовай нядзеляй распачаўся самы важны і ўрачысты перыяд у літургічным годзе – Вялікі тыдзень, які ўводзіў нас у настрой пасхальных святаў.

 2026 03 29 verb005

У нашай парафіі святыя Імшы а 10-й і 12-й гадзіне распачыналіся на вуліцы. Напачатку адбылося благаслаўленне вербаў, потым было зачытана Евангелле паводле Мацвея (Мц. 21, 1-11) і прагучала гамілія.

Бр. Уладзіслаў зрабіў акцэнт на трох элементах з Евангелля.

1️ Ерузалем
Езус уязджае ў Ерузалем - месца, упадабанае Панам, месца пілігрымак, месца святасці і Божай прысутнасці. Калі ўспрымаць Ерузалем як канкрэтнае месца на мапе, то можна не адчуць сваёй датычнасці. Але чым ёсць Ерузалем у рэчаіснасці кожнага чалавека? Гэта вобраз сэрца чалавека. Калі замяніць слова "Ерузалем" на слова "сэрца", то словы Евангелля становяцца больш блізкімі для мяне, намацальнымі. Бо тады разумею, што Езус уязджае ў самае нутро чалавека, Ён прагне не проста наведаць мяне, але быць запрошаным сябрам. Можна зразумець, чаму габрэі таго часу віталі Хрыста. Яны бачылі ў ім Месію, чакалі, што Ён вызваліць іх ад рымскіх акупантаў, ад няволі, безнадзейнасці. А чаго чакае мае сэрца? Якое ўяўленне аб Месіі маю я?

 2026 03 29 verb013

2️ Вослік
Ад Езуса чакалі, што Ён прыйдзе і вызваліць Ізраіль. Чакалі Хрыста-пераможцу, які ўедзе на кані, які сімвалізуе моц і магутнасць. Але Месія едзе на восліку, які ёсць сімвалам штодзённай працы, адданасці, пакоры і лагоднасці.
У сваёй штодзённасці я думаю, што "ведаю" Месію, і маю свае чаканні таго, што Ён павінен зрабіць, якія справы майго жыцця і якім чынам маюць быць Ім упарадкаваныя. Я чакаю Бога, які будзе дапамагаць на маіх умовах. А Езус ўваходзіць у Ерузалем (у сэрца чалавека) не так. Ці гатоў я прыняць Бога не такога, якога я хачу, а такога, якім Ён ёсць?

3️ Пальма (вярба)
Для хрысціян пальма мае некалькі значэнняў.
- Сімвал несмяротнасці, надзеі. У Палестыне клімат няпросты, а гэта дрэва расце, не баючыся ні спёкі, ні засухі.
- Сімвал перамогі. У Хрысце ніякія цяжкасці не здолеюць мяне перамагчы.
- Сімвал мукі і праліцця крыві. На абразах пальма ў руках святых сімвалізуе тое, што іх забілі за веру, што яны - мучанікі, якія вытрывалі такія выпрабаванні з-за любові да Бога.

 2026 03 29 verb018

Вітаючы Хрыста пальмай, габрэі нібыта казалі: "Ты Месія. Мы давяраем Табе. Мы ўскладаем на Цябе надзею". Сёння і я далучаюся да іх. Езус дазваляе на гэта, бо Ён сапраўды такі ёсць. Але што гэта пальма будзе значыць далей? Ці не будзе пэўным атрыбутам, на які забудуся да наступнага году, наступнай Пальмовай надзелі? Без Бога, без Яго слова, без ахвяры Хрыста, сама пальма не мае моцы. Сэнс не ў пальме, але ў тым, што за ёй стаіць. Яна мае прыгадваць, што я запрасіў Езуса ў свой Ерузалем, каб Ён прыйшоў у мае жыццё такі, які ёсць, без умоў. Калі за ёй ёсць вера ў Хрыста, які прыходзіць і перамагае грэх, то няхай яна будзе бачным знакам ў маім доме.

 2026 03 29 verb060

У гаміліі падчас наступнай св. Імшы  бр. Сяргей звярнуў увагу на тое, што многія людзі ў Ерузалеме не ведалі Хрыста, не хадзілі з Ім, таму пыталіся, хто гэта едзе на асляняці. Тыя, хто зрэдку прыходзіць у касцёл, таксама могуць мець пытанні: "А навошта гэтыя галінкі, пры чым тут асёл? Навошта тут усе сабраліся?" Каб адказаць сабе на гэтыя пытанні, варта нейкі час правесці з Хрыстом, прайсці з Ім шлях.  

 2026 03 29 verb011

Усе свае 33 гады Езус жыцця, усе 3 гады прапаведвання і цудаў, нарэшце добраахвотная смерць здзейсніліся дзеля кожнага з нас, дзеля цябе, дзеля мяне. Якой вялікай любові я варты! 

Усім вядома, што асёл - упартая жывёліна. Ён і кроку не зробіць, калі не захоча. Чаму вучні змаглі адвязаць асла і прывесці да Езуса? Таму што ён сам быў для гэтага даступны, ён на гэта дазволіў. Брат Сяргей заахвоціў кожнага прыгледзецца да сябе. Ці  з паслухмянага восліка я бяру прыклад? Ці дазваляю Езусу мяне любіць і перамяняць маё сэрца?

Вось ужо другі год уваход у касцёл адбываецца інакш. Каб больш пранікнуцца духам вобразаў, пра якія ўзгадвалі, кожны прысутны стаў сведкам працэсіі, наперадзе якой ішоў сапраўдны жывы вослік.

Далей літургія мела свой працяг у касцёле. Цікава, што ў гэты дзень чуем два Евангелля, якія маюць кантрастны характар. Ад перажывання радаснай падзеі - уезду Хрыста ў Ерузалем - да чытання Мукі Хрыстовай. Такім чынам, Касцёл падкрэслівае, што перамога Хрыста і Яго ахвяра непарыўна звязаныя паміж сабой.

Прымаючы ўдзел у Літургіі гэтага тыдня, мы не проста ўзгадваем падзеі мінулага, а становімся іх саўдзельнікамі і сведкамі. У Пальмовую нядзелю мы вітаем Езуса,  у Вялікі чацвер прымаем удзел у апошняй вячэры, у Вялікую пятніцу разам з Хрыстом ідзём да Галгофы, у Велікодную нядзелю становімся сведкамі пустой грабніцы. Гэта рэчаіснасць, якая здзяйсняецца ў нашым жыцці і патрабуе прыняцця яе як праўды, каб мы маглі стаць удзельнікамі Яго ўваскрасення.

***

Пасля літургіі вослік Сямён паслухмяна дазволіў дзеткам на ім пракаціцца, а дарослым - яго пагладзіць.

 2026 03 29 verb069

Тэкст: Марыя Туровіч

Фота: Эрык Савянок

Можна спампаваць фота ў добрай якасці тут.