Велікапосныя рэкалекцыі з паўлінам а. Ануфрыем Альховікам
Хто спажывае Маё Цела і п'е Маю Кроў, мае жыццё вечнае
Ян 6, 54

Велікапосныя рэкалекцыі ў нашай парафіі прайшлі 20-22 сакавіка. Іх праводзіў а. Ануфрый Альховік, святар ордэна Паўлінаў (Ordo Sancti Pauli Primi Eremitae). Гэты каталіцкі манаскі ордэн быў заснаваны ў 1250 годзе ў Венгрыі бласлаўлёным Яўсевіем з Грана і названы ў гонар Святога Паўла Фівейскага, або Егіпецкага, першага пустэльніка, які жыў у 3-4 ст. Паўліны прытрымліваюцца правілаў св. Аўгустына, гістарычна сканцэнтраваны на пустэльніцтве, носяць белы хабіт, а іх найбуйнейшым цэнтрам з'яўляецца манастыр Ясная гара ў Чэнстахове (Польшча), дзе жывуць каля 100 манахаў. На Беларусі 5 святароў - паўлінаў служаць у Карэлічах, Гомелі і Пінску.
Наш рэкалекцыяніст а. Ануфрый паходзіць з Валожыншчыны, з в. Сакавішча. Але каля 50 гадоў таму родныя святара пераехалі ў Маладзечна, таму наш горад ён лічыць сваім таксама. Маючы свецкае імя Дзяніс, айцец узяў сабе манаскае імя ў гонар св. Ануфрыя Вялікага, вядомага егіпецкага пустэльніка 4 ст. Сваё святарскае служэнне а. Ануфрый распачаў ў Карэлічах, потым служыў у Гомелі, а цяпер, і ўжо 1,5 гады, служыць у Пінску ў катэдральным касцёле.

Праз тры дні разам з айцом-рэкалекцыяністам разважалі над ўрыўкамі з Евангелля паводле Яна, 7 і 11 раздзел, у якіх Езус, прыйшоўшы ў Ерузалем на свята Суккот, некаторы час там прапаведаваў, а потым даведаўся, што яго сябар Лазар захварэў і памёр, і пайшоў яго ўваскрасіць.
Дзень 1. Пакаянне.
“Ужо ў сярэдзіне свята Езус увайшоў у святыню і навучаў. А юдэі дзівіліся, кажучы: «Як жа Ён ведае Пісанні, не вучыўшыся?» Езус ім адказаў: «Маё вучэнне — не Маё, а таго, хто паслаў Мяне. Калі хто хоча выконваць волю Яго, той даведаецца, ці ад Бога вучэнне <…> Калі хто прагне, няхай прыйдзе да Мяне і п’е. Хто верыць у Мяне, у таго, як сказана ў Пісанні, з улоння пацякуць рэкі вады жывой» (Ян 7, 14-17, 37-38).
Свята Суккот, або Кушчаў (Шатроў), святкавалася пасля сбору ўраджая ў верасні-кастрычніку на ўспамін Божага клопату на працягу 40 гадоў у пустыні пасля выйсця з Егіпта. Гэта быў таксама час, калі габрэі прыносілі свае дзесяціны і ахвяры ў Храм. На 8 святочных дзён на вуліцы з галінаў дрэў ставілі намёты, або шатры (па-габрэйску “сукка”), і там гэты час жылі, штодня складаючы ахвяру на спаленне. Дарэчы, у нашай краіне габрэі, каб выканаць гэтае прадпісанне, ставілі намёт на балконе і ў ім 8 дзён жылі.
У святочныя дні Езус прыйшоў у Ерузалем і паводле звычая навучаў у святыні: адкрываў світак, чытаў і тлумачыў. Ні ў каго са знакамітых равінаў Езус не вучыўся, таму здзіўляліся веданню пісанняў і Яго мудрасці. На гэта Ён адказваў, што Яго настаўнік большы за равінаў. Гэта найдасканалейшы Айцец Нябесны, які паслаў Яго выканаць Божую волю і абвясціць Яго вучэнне.
Пад воляй Божай нам трэба разумець маральны закон, 10 запаведзяў, якія мы штодня парушаем. Яшчэ толькі расплюшчыўшы вочы раніцай, ужо можам учыніць грэх наракання, што трэба зноў ісці на працу, замест падзякі Богу за дар здароўя і магчымасць працаваць.
Але Езус прыйшоў не для таго, каб нас пакараць за грахі, а каб паклікаць да пакаяння, каб чалавек зразумеў, што ўчыніў грахі, апамятаваўся і сказаў сабе: “Я жыву няправільна”.
А як зацерці ўчыненае намі зло? Вядома, папрасіць прабачэнне. Езус заснаваў Касцёл, які з’яўляецца працягам Яго зямнога жыцця. Ён нябачна прысутнічае ў сакрамэнтах. Святар не бачыць, ці шчыра мы каемся, а Бог бачыць нашыя сэрцы. Чым глыбей мы каемся, тым глыбей нам Бог прабачае нашыя грахі.
У таго, хто не верыць у Хрыста, няма магчымасці пакаяння. Такі чалавек можа мець жаль за ўчыненае, але яму няма куды скінуць гэты цяжар. Грэх у яго душы ўсцяж расце. А свайму Касцёлу Бог даў такую уладу, што хрысціянін падчас споведзі атрымлівае прабачэнне і асвячальную ласку. Гэта скарб, які трэба берагчы, старацца не грашыць.

Ёсць розныя, але роўныя па вартасці шляхі пакаяння. У адной духоўнай гісторыі са старажытнага пацерыка два манахі ўчынілі аднолькавы грэх, але пакаяліся і папрасілі старца прызначыць ім пакуту. Старац на год зачыніў іх у келлях – кожнага ў сваёй. Яны атрымлівалі толькі хлеб і ваду. Праз год яны выйшлі. Хоць раней былі аднолькавыя па выглядзе, адзін выйшаў схуднелы, смутны і бледны, а другі – вясёлы са светлым тварам. Здзіўлены старац запытаўся, аб чым жа яны разважалі гэты год. Смутны брат сказаў: “Я думаў пра тое зло, якое ўчыніў, і ад страху мае косткі прыляпіліся да цела майго”. Вясёлы брат сказаў: “Я дзякаваў Богу за тое, што Ён уратаваў мяне ад нячыстасці гэтага свету і ад будучай мукі і вярнуў мяне да гэтага анёльскага жыцця. Памятаючы пра гэта, я радаваўся”. На гэта старац сказаў: “Пакаянне аднаго і другога роўнае перад Богам”. Можна каяцца са слязамі і шкадаваннем аб учыненым зле, а можна радасна дзякаваць Богу, што Ён уратаваў, вывеў з балота граху.
Уся літургія Вялікага посту натхняе чыніць пакаянне і не адкладаць яго на іншы час. Вялікі майстар у падмане людзей і выкраданні несмяротных душаў добра ведае, як ударыць па нашых найбольш слабых месцах. Нярэдка бывае, што чалавеку не хапае цэлага жыцця, каб прымірыцца з Богам праз пакаянне. Таму карысна ведаць, якім хітрым чынам д’ябал нас можа падманваць, прапануючы фальшывыя аргументы, што з пакаяннем яшчэ можна пачакаць.

Святар заўважыў, што калі мы будзем слухаць падшэпты д’ябла, то змарнуем у нашым жыцці Ахвяру Хрыста. Таму рэкалекцыяніст параіў прасіць Пана Бога аб ласцы бачыць уласныя грахі і мець сілы годна з іх спавядацца, каб нашыя шчырыя высілкі ў гэтым кірунку радавалі Боскае Сэрца Езуса.
Дзень 2. Кім людзі лічаць Езуса?
“Людзі з натоўпу, калі пачулі словы Езуса, казалі: Ён сапраўды прарок. Другія казалі: Гэта Месія. А іншыя казалі: Хіба з Галілеі прыйдзе Месія? <…> І вось адбылася з-за Яго спрэчка ў народзе. <…> Вярнуліся слугі да першасвятароў і фарысеяў, а тыя сказалі ім: Чаму вы не прывялі Яго? Слугі адказалі: Ніколі яшчэ ніхто не гаварыў так, як гэты чалавек. Фарысеі сказалі ім: Няўжо і вас увялі ў зман? Можа, паверыў у Яго хто з кіраўнікоў або з фарысеяў? Але гэты натоўп, які не ведае Закону, пракляты” (Ян 7, 40-49).
Як у часы Хрыста, так і ў нашыя дні да Езуса ставяцца па-рознаму. Адны аддаюць за Яго жыццё, а іншыя сумняваюцца, ці Ён наогул быў, або не лічаць Яго Месіяй і Божым Сынам. А сярод тых, якія лічаць сябе хрысціянамі, многія жывуць, не звяртаючы на Яго ўвагі.
У той час, час рымскай акупацыі, кіруючыя пасады займалі рымляне, а ў храме служылі не нашчадкі Аарона, а садукеі, якіх лічылі здраднікамі. Агулам усе чакалі такога Месію, які зменіць палітычную сітуацыю: выганіць рымлянаў і верне ў храм нашчадкаў Аарона. Перад прыйсцем Езуса сярод габрэяў неаднойчы паўставалі змагары, якія аб’яўлялі сябе месіямі, але усе такія паўстанні былі задушаны. Езуса фарысеі разглядалі таксама як аднаго з такіх ілжэ-месій. Фарысеі, ведаючы Пісанне, чакалі Месію з роду Давіда, з горада Бэтлеема, а Езуса з Назарэта лічылі галілеянінам. Галілея на той час была пераважна язычніцкай, “краінай цемры”. Таму яны не прызнавалі ў Езусе Месію і хацелі Яго схапіць. Тое, што ўдалося забіць Езуса, для фарысеяў было доказам таго, што Ён не сапраўдны Месія. Парадаксальна, але тыя адукаваныя, якія павінны былі б адразу пазнаць Хрыста, адкінулі Яго. А прынялі тыя, хто лічыўся па-за межамі сапраўднай рэлігіі, простыя людзі, якія ўмелі слухаць Яго словы сэрцам і сталі сведкамі цудаў. Гэтыя людзі, вучні Езуса, пасля Яго смерці моцна перашкаджалі фарысеям тым, што абвяшчалі, што Езус уваскрос.

Адным з такіх фарысеяў, прычым вельмі руплівым, быў Павел. Ён не мог паверыць, што якісьці ілжэ-месія мог уваскрэснуць, таму пераследаваў вучняў Езуса як ератыкоў. Але аднойчы па дарозе ў Дамаск, куды ён ішоў схапіць хрысціянаў, яму аб’явіўся Уваскрослы. І руплівы фарысей ператварыўся ў яшчэ больш руплівага паслядоўніка Хрыста, у апостала язычніцкіх народаў. Павел настолькі ўпэўніўся, што Езус – гэта сапраўды Месія, якога чакалі габрэі, што шмат цярпеў дзеля Хрыста і памёр мучаніцкай смерцю.
У 1 ст., калі яшчэ былі жывыя сведкі жыцця, смерці і ўваскрасення Езуса, якія за сваю веру былі гатовыя памерці, былі напісаны кнігі Новага Запавету. І не было ніводнай кнігі, якая б абвяргала хрысціянскую веру.
"Ці мы сёння можам набыць такую веру? - запытаўся святар і пажадаў прысутным ў гэты час святога посту ўмацавацца ў веры. - Варта ведаць, у што мы верым, у Каго мы верым, што нас чакае ў будучыні, і не баяцца веру распаўсюджваць, дзяліцца з бліжнімі – суседзямі, калегамі, з тымі, хто патрабуе нашага сведчання”.
Дзень 3. "Я – уваскрасенне і жыццё".
Ад язычніцкіх часоў людзі марылі пра неўміручасць, каб жыць вечна. У адным з найстаражытнейшых тэкстаў чалавецтва, “Эпасе пра Гільгамеша”, галоўнаму герою ўдаецца знайсці кветку, якая, калі яе спажыць, дае вечную маладосць. Але Гільгамеш вырашыў крыху пачакаць і спачатку пайсці акунуцца ў мора. А пакуль ён купаўся, змяя падпаўзла і з’ела тую кветку.
Ці Гільгамеш не падобны да не вельмі руплівых хрысціянаў? Мы, хрысціяне, знайшлі кветку неўміручасці – Езуса Хрыста. Але замест таго, каб прыйсці і яе з’есці, мы выбіраем купацца ў асалодах гэтага свету. Дзякуючы нашым грахам змей працягвае жыць, дзейнічаць і амалоджвацца на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва.
Тэма вечнага жыцця і несмяротнасці была прысутная і ў веры габрэйскага народа. Яны лічылі, што ў апошнія часы ўсе уваскрэснуць: адны для вечнага жыцця, другія для вечнай кары. Праз перамогу над смерцю будзе аб’яўлена слава Божая і слава Хрыста.
“Прыйшоўшы, Езус даведаўся, што Лазар ужо чатыры дні ў магіле. <…> Тады Марта сказала Езусу: Пане, калі б ты быў тут, не памёр бы брат мой. <…> Езус сказаў ёй: Уваскрэсне брат твой. Марта сказала Яму: Я ведаю, што ўваскрэсне падчас уваскрасення ў апошні дзень. Езус сказаў ёй: Я – уваскрасенне і жыццё. <...> А кожны, хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі. Ці верыш у гэта?” (Ян 11, 17. 21. 23-26)
Вучням, якія пакуль не маглі уявіць сабе ўваскрасенне Езуса, цуд ўваскрашэння Лазара, быццам своеасаблівая “трэніроўка”, павінен быў дапамагчы паглыбіць іх веру. “Я - уваскрасенне і жыццё” – гэта значыць, што тое, што адносілася да апошніх часоў, ужо ёсць тут і цяпер, там, дзе прысутнічае Езус. Валадарства Божае ўжо тут. На Імшы мы дакранаемся да вечнага жыцця.
“Жыццё з Богам – вось тое, што даступна ўсім жадаючым і гарантуе нам шчасце душы пасля смерці і ўваскрасенне да вечнага жыцця, - падкрэсліў а. Ануфрый. - Праз два тыдні мы будзем радавацца і святкаваць найважнейшую таямніцу нашай веры – уваскрасенне Хрыста. Я жадаю ўсім вам, каб знайшоўшы Езуса Хрыста – “кветку неўміручасці”, мы Яго не страцілі”.

Вечарам у апошні дзень рэкалекцый ад імя парафіі прагучала падзяка а. Ануфрыю за праведзены з намі час, за паслугу споведзі і скіраванае слова. У сваю чаргу святар пажадаў кожнай сям'і любові, радасці і веры. Шчыра будзем імкнуцца не змарнаваць атрыманыя ласкі.


Тэкст, фота: Кацярына Савянок