Па слядах Святой Сям’і: з Бэтлеема у Назарэт праз Егіпет

Час ідзе наперад, ужо мінулі асноўныя святы, калі хрысціяне імкнуліся наноў перажыць падзеі, звязаныя з прыйсцем Збаўцы на зямлю, а некаторыя з падзей Касцёл у хуткім часе будзе ўспамінаць. Канешне, духоўны аспект перажывання гэтых дзён мае прыарытэт, але было б цікава прасачыць, ці пакінулі гэтыя падзеі свае матэрыяльныя сляды на зямлі, якія б захаваліся да нашага часу і маглі б стаць для нас праўдзівымі сведкамі.
Пачнем з Бэтлеема.
“У тыя дні выйшаў загад ад цэзара Аўгуста зрабіць перапіс па ўсёй зямлі. Гэта быў першы перапіс падчас панавання Квірынія ў Сірыі. Усе пайшлі запісвацца, кожны ў свой горад. Пайшоў таксама і Юзаф з Галілеі, з горада Назарэта, у Юдэю, у горад Давіда, званы Бэтлеем, бо ён быў з дому і роду Давіда, каб запісацца з Марыяй, заручанай з ім, якая была цяжарнай. А калі яны былі там, надышоў Ёй час нарадзіць. І нарадзіла Сына свайго першароднага. Спавіла Яго і паклала ў яслі, бо не было ім месца ў заездзе” (Лк 2, 1-7).
Бэтлеем (габр. “дом хлеба”) – адзін з найстарэйшых гарадоў, які быў пабудаваны каля 17-16 ст. да нараджэння Хрыста, размешчаны недалёка ад Ерузалема - менш, чым у 10 км, на поўдзень - у горнай мясцовасці, дзе было шмат пячор. У часы Хрыста (і да 19 ст.) насельнікі горада жылі ў дамах, збудаваных другім паверхам над пячорамі, а ўнізе, на ўзроўні першага паверха ў пячорах гаспадары рабілі загоны для сваіх жывёл: унутры ў каменных сценах былі ўмацаваныя кольцы, каб навязваць скаціну, а таксама каменныя або драўляныя кармушкі-яслі. Верагодна, менавіта ў адной з такіх пячор, пад гасцініцай, у якой не хапіла месца Святой Сям’і, Марыя і нарадзіла.
Пячора, якая ад першых вякоў хрысціянства традыцыйна лічыцца месцам, дзе нарадзіўся Езус, у нашыя часы знаходзіцца ў Бэтлееме ў візантыйскай Базіліцы Нараджэння Хрыста, ва ўсходняй яе частцы. Згадкі менавіта пра гэтую пячору знаходзяць яшчэ ў аўтараў 2 і 3 стагоддзя. Пасля Другой Рымска-юдэйскай вайны, у II стагоддзі, на месцы нараджэння Езуса рымляне паставілі свяцілішча рымскаму богу Адонісу. У 326 годзе на месцы паганскага свяцілішча па загаду імператара Канстанціна быў пабудаваны першы хрысціянскі храм.
У 6 ст. храм пацярпеў ад пажара, але ў тым жа стагоддзі быў адбудаваны і больш ніколі не быў знішчаны.

Базіліка Нараджэння Хрыста на малюнку 1487 года
Апошні раз храм перажываў маштабныя аднаўленчыя працы ў пачатку 21 ст. Базіліка Нараджэння Хрыста сёння – гэта комплекс пабудоў розных эпох і стыляў.

Асноўны (заходні) уваход у базіліку – “Брама пакоры”. Яе вышыня (120 см) змушае чалавека пры ўваходзе схіліць галаву. Раней яна была нашмат вышэй, але ў часы арабскіх і турэцкіх заваяванняў хрысціяне зрабілі ўваход нізкім, каб захопнікі не заязджалі ў святое месца верхам на конях.

Базіліку дзеляць на пяць нефаў сорак чатыры 6-метровыя калоны, увянчаныя капітэлямі з белага мармуру. Калоны выкананы з Бэтлеемскага ружовага каменя, але настолькі па-майстэрску адшліфаванага, што здаюцца мармуровымі.

Цікава, што да нашых дзён захаваліся фрагменты падлогі першага храма.

Каля ўваходу ў Пячору Раства можна ўбачыць дзве шанаваных выява: цудатворны абраз Маці Божай Бэтлеемскай, адзінай з усмешкай на твары, а таксама цудатворную выяву Хрыста на адной з калон.

Варта сказаць, што розныя часткі базілікі належаць розным хрысціянскім Цэрквам, і служыць Імшы на алтарах іншых канфесій не дазваляецца. Галоўны алтар і ўбранства храма належыць пераважна Ерузалемскай праваслаўнай і Армянскай апостальскай Цэрквам, і толькі капліца Ясляў у пячоры Раства, памерам прыкладна 2 м на 2 м, належыць Рыма-каталіцкаму Касцёлу. Усе гэтыя канфесіі збудавалі кляштары непасрэдна каля базілікі, і з іх можна трапіць у пячору Раства і ў іншыя пячоры, якія ёсць побач (пячора Бэтлеемскіх немаўлятаў і пячора св. Гераніма).
Уваход у пячору Раства знаходзіцца пад галоўным алтаром. Сама пячора вузкая і доўгая: 12,3 м × 3,5 м, і 3 м вышынёй. Арыентавана па лініі захад-усход. Месца нараджэння Езуса знаходзіцца ў яе ўсходнім ускрайку і пазначана срэбнай зоркай, якая сімвалізуе Бэтлеемскую і мае 14 прамянёў. Па адной з версій, гэта лічба паказвае на радавод ад Абрагама да Хрыста: 14 пакаленняў ад Абрагама да Давіда, 14 - ад Давіда да вавілонскага палону, і 14 - да Езуса Хрыста (Мц. 1, 1-17), а па другой версіі - на колькасць стацый Віа Далароза (Крыжовага шляху). На зорцы можна разгледзець надпіс на латыні: «Тут Дзева Марыя нарадзіла Езуса Хрыста». У цэнтры зоркі знаходзіцца круглая адтуліна, праз якую можна дацягнуцца да каменя – таго самага, як лічыцца, на якім ляжала Марыя, калі нараджала Езуса. Над месцам нараджэння Хрыста пабудаваны алтар Раства, які належыць Ерузалемскай Царкве разам з Армянскай.

Злева ад уваходу ў пячору, на адлегласці каля 6 м ад алтара Раства, знаходзіцца капліца і алтар Ясляў, якія належаць Рыма-каталіцкаму Касцёлу, а менавіта ордэну францішканаў (з 1347 года). Тут знаходзіліся Яслі – кармушка для жывёл, якую Панна Марыя выкарыстоўвала як калыску.

Праз некалькі гадоў пасля захопу Святой Зямлі мусульманамі, магчыма, для таго, каб не дапусціць знявагі святыні, ў сярэдзіне VII ст. пры папе Тэадоры I Яслі ў выглядзе планак з аліўкавай драўніны былі вывезены як вялікая святыня ў Рым. Дагэтуль яны захоўваюцца ў базіліцы Санта Марыя Маджорэ ў каштоўным куфары ў крыпце пад галоўным алтаром.

У 2019 годзе папа Францыск падараваў супольнасці братоў францішканаў у Бэтлееме кавалачак драўніны Ясляў.

У цяперашні час на месцы, дзе, паводле падання, знаходзіліся Яслі, знаходзіцца абкладзенае мармурам паглыбленне ў падлозе, над якім гараць пяць нязгасных лампад. Менавіта адсюль напярэдадні Раства прыбывае да нас Бэтлеемскі агонь. За гэтымі лампадамі ля сцяны змешчаны невялікі абраз пакланення бэтлеемскіх пастухоў Немаўляці. “Калі анёлы адышлі ад іх на неба, пастухі сказалі адзін аднаму: «Пойдзем у Бэтлеем і паглядзім, што там сталася і пра што абвясціў нам Пан». Яны пайшлі, спяшаючыся, і знайшлі Марыю і Юзафа, і Немаўля, якое ляжала ў яслях” (Лк 2, 15-16).
Дарэчы, у 4 км на захад ад базілікі, на Полі пастушкоў, дзе, згодна з каталіцкай традыцыяй, Анёлы абвясцілі пастушкам вестку аб нараджэнні Збаўцы, у 1953 г. быў пабудаваны францішканскі касцёл Анёлаў.

Але працягнем расповед пра базіліку. Перад уваходам у Пячору Раства знаходзіцца алтар Абразання. На гэтым месцы, «калі мінула восем дзён, каб абрэзаць Дзіця, далі Яму імя Езус, якое было названа анёлам перад Яго зачаццем ва ўлонні" (Лк 2, 21). Алтар належыць Ерузалемскай Царкве.

Згодна з Евангеллем ад Лукі, праз 40 дзён пасля нараджэння Езуса святыя бацькі прынеслі Немаўля ў Ерузалемскую Святыню, каб споўніць абрад ахвяравання Першынца Богу. Гэтую падзею Касцёл будзе ўспамінаць 2 лютага.
Далейшую гісторыю мы ведаем з Евангелля ад Мацвея. Праз некаторы час пасля вяртання з Ерузалема Святую Сям’ю знайшлі мудрацы з Усходу: “Калі ўвайшлі ў дом, убачылі Дзіця з Марыяй, Маці Яго. Упаўшы, пакланіліся Яму і, адчыніўшы скарбніцы свае, ахвяравалі Яму дары: золата, кадзіла і міра” (Мц 2, 11). Урачыстасць Аб’яўлення Пана, звязаную з іх візітам, Касцёл адзначаў 6 студзеня.
Злева ад увахода ў каталіцкую капліцу зроблены алтар у гонар гэтых мудрацоў. У ім змешчаны абраз “Пакланенне мудрацоў”, напісаны італьянскім мастаком Маэлла.

Колькі было мудрацоў і кім яны былі – дакладна не вядома. Армяне і сірыйцы трымаюцца версіі, што іх было 12, Арыген меркавай, што іх было 3 – па колькасці дароў. У першакрыніцы – Евангеллі на грэцкай мове – мудрацы названыя словам μάγοι (маг, чараўнік), якім называлі жрацоў-астролагаў Персіі. І раннія хрысціянскія аўтары так іх і ўспрымалі. Існуе паданне, што персы, якія захапілі Віфлеем ў 614 годзе, устрымаліся ад прычынення якой-небудзь шкоды базіліцы Нараджэння Хрыста, паколькі ўбачылі ў ёй выявы астролагаў у персідскіх вопратках. З надыходам эпохі Вялікіх геаграфічных адкрыццяў мудрацы становяцца ўвасабленнем чалавечых рас — белай, чорнай і жоўтай. Адно дакладна: мудрацы заўсёды вобразна прадстаўлялі паганскае чалавецтва.
Паводле падання, мудрацы, вярнуўшыся з Бэтлеема ў свае родныя мясціны, пазней прынялі хрост, а апостал Тамаш пасвяціў іх у біскупы. Усе яны скончылі зямное жыццё прыблізна ў адзін і той жа час, прыняўшы пакутніцкую смерць, і пахаваныя былі таксама разам. Іх грабніца нібыта знаходзілася ў персідскім горадзе Сава. Мошчы мудрацоў упершыню былі здабыты святой роўнаапостальнай царыцай Аленай і перанесены ў Канстанцінопаль, а ў V стагоддзі – у Медыялан (Мілан). Ёсць сведчанні, што мошчы мудрацоў былі падораны Кёльнскаму арцыбіскупу і канцлеру императарам Фрыдрыхам I Барбаросай. У гербе Кёльна намаляваны тры велічныя кароны ў знак таго, што ў галоўным саборы гэтага нямецкага горада вось ужо некалькі стагоддзяў, ад 12 ст., захоўваецца ўнікальны рэлікварый (каўчэг, рака) з мошчамі трох мудрацов, або святых каралёў, выраблены ў 1181-1220 гадах. Гэта самы вялікі рэлікварый Заходняй Еўропы, агульнапрызнаны шэдэўр сярэднявечнага мастацтва. Яго памеры: шырыня 110 см, вышыня 153 см, даўжыня 220 см. Драўляны корпус ракі аббіты пазалочанымі меднымі і срэбнымі пласцінамі. Мошчы кожнага з трох цароў спачываюць у асобных саркафагах, складзеных у пірамідальную канструкцыю (2 знізу і 1 над імі).

Божая Маці беражліва захоўвала дары мудрацоў і перад сваім Успеннем перадала іх Ерузалемскай Царкве, дзе яны знаходзіліся да IV стагоддзя. Пазней візантыйскі імператар Аркадзь перанёс дары ў Канстанцінопаль. Калі горад захапілі туркі, скарб апынуўся ў руках султана Мурада ІІ. Выратаваць рэліквію змагла яго жонка Марыя, дачка сербскага князя, якая была хрысціянкай. Марыя вывезла святыню на гару Афон, што ў Грэцыі, і перадала ў манастыр Святога Паўла, дзе яны па цяперашні час і захоўваюцца.
Як выглядаюць дары? Гэта мініяцюрныя пласцінкі рознай формы з тонкім філігранным малюнкам – усяго іх захавалася 28 штук рознай формы і памерам каля 5 х 7 см. Ладан і смірну некалі змяшалі, атрыманы склад скруцілі ў семдзесят шарыкаў велічынёй з лясны арэх. Ад іх дагэтуль сыходзіць моцны водар. Дары захоўваюць у некалькіх срэбных куфэрках-каўчэгах.

Пасля адыходу мудрацоў “Ірад, убачыўшы, што мудрацы ашукалі яго, вельмі разгневаўся і паслаў пазабіваць усіх хлопцаў у Бэтлееме ды ва ўсіх ваколіцах яго, ад двух гадоў і менш, паводле часу, які выведаў ад мудрацоў” (Мц 2, 16).
Паводле падання, немаўляты, забітыя Ірадам, былі пахаваны ў пячоры Бэтлеемскіх немаўлятаў, уваход у якую знаходзіцца ў некалькіх метрах ад пячоры Раства ў комплексе будынкаў базілікі. Большую частку дзіцячых парэшткаў калісьці перанеслі ў Канстанцінопаль, а астатнія змешчаны ў каўчэг. У гэтай жа пячоры пахаваны і святыя пакутнікі, забітыя персамі ў 614 годзе.

На паўночнай ускраіне горада размешчана магіла Рахэлі, жонкі праайца Якуба. Таму евангеліст Мацвей пры апісанні забойства немаўлятаў спасылаецца на прароцтва Ераміі: “Рахэль аплаквае дзяцей сваіх і не хоча суцешыцца, бо іх няма” (Мц 2, 18; Ер 31, 15).

Паміж радкоў аповеду варта ўзгадаць св. Гераніма Стрыдонскага, які ў 4 ст. пакінуў раскошу Рыма і пасяліўся больш чым на 30 гадоў (да канца свайго жыцця) у Бэтлееме побач з пячорай Раства, менавіта ў суседняй пячоры, каб, заглыбіўшыся ў мясцовыя ўмовы, падчас працы над лацінскім перакладам Бібліі – Вульгатай - магчы зрабіць больш дакладныя тлмачэнні. У пячоры знаходзіцца яго грабніца. Цяпер яна пустая, бо мошчы ў 7 ст. былі вывезены ў Рым і захоўваюцца ў базіліцы Санта Марыя Маджорэ. Над пячорай св. Гераніма, непасрэдна каля базілікі Нараджэння Хрыста, францішкане збудавалі касцёл у гонар св. Кацярыны Александрыйскай, якую вельмі шанаваў св. Геранім. Гэты касцёл вядомы тым, што ў ім захоўваецца фігурка Немаўляці, якую падчас Імшы на свята Божага Нараджэння пераносяць у пячору Раства, размешчаную побач, і ўскладаюць яе спачатку на зорку ў месцы нараджэння Збаўцы, а затым кладуць у яслі. Гэтую ўрачыстую цырымонію транслююць у прамым эфіры на ўвесь каталіцкі свет.

Жыццё Святой Сям'і зноў перамяняецца ў працяглае вандраванне.
“Анёл Пана з’явіўся Юзафу ў сне і сказаў: «Устань, вазьмі Дзіця і Маці Яго і ўцякай у Егіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе, бо Ірад будзе шукаць Дзіця, каб загубіць Яго». Падняўшыся, ён узяў Дзіця і Маці Яго ноччу і адправіўся ў Егіпет” (Мц 2, 13-14).
Прайшоўшы па вуліцы каля 300 м ад храма Нараджэння Хрыста, можна апынуцца каля францішканскага храму, збудаванага над пячорай, якая завецца Малочны грот. У гэтым гроце, паводле падання, Святое Сямейства хавалася ад воінаў Ірада ў пачатку сваіх уцёкаў. Калі Божая Маці карміла тут Немаўля, некалькі кропляў малака ўпалі на падлогу - і скляпенні пячоры раптам збялелі. Камень тут сапраўды больш светлага колеру, чым той, які выкарыстоўваюць мясцовыя жыхары пры будаўніцтве. Вапняк часам саскрабаюць са сцен грота, каб выкарыстоўваць як лекі. Кажуць, што бясплодныя жанчыны, пакаштаваўшы яго, нараджаюць доўгачаканых дзяцей, а ў кормячых маці дадаецца малако. Тут можна ўбачыць шматлікія фотаздымкі маці з немаўлятамі - сведчанні цудаў. Сцены ўпрыгожаны надпісамі-падзякамі шчаслівых бацькоў.
Далейшы шлях Святой Сям’і пралягаў праз Газу, мясцовасць уздоўж берага Міжземнага мора, да Егіпецкай мяжы. Копцкія хрысціяне лічаць 1 чэрвеня днём, калі Юзаф і Марыя з Дзіцяткам ступілі на егіпецкую зямлю, і адзначаюць як свята.
Евангелле не паведамляе аб месцах, якія Святое Сямейства наведала на сваім шляху ў Егіпце - яны вядомыя толькі са Святога Падання. Найбольш падрабязна гэтае пытанне разгледжана ў традыцыі коптаў - егіпецкіх хрысціян. Класічнай крыніцай па гэтым пытанні з'яўляюцца сачыненні папы Феафіла, 23-га патрыярха Александрыйскага (384-412 гады).
У коптаў нават складзены паломніцкі маршрут «Шлях Святой Сям’і». Ён праходзіць праз 25 святых месцаў, дзе, паводле падання, пабывала Святое сямейства. Маршрут мае працягласць 3 500 кіламетраў і перасякае 11 правінцый краіны - ад дэльты Ніла на поўначы да Верхняга Егіпта на поўдні. Па сведчаннях гісторыкаў, Святая Сям’я правяла ў Егіпце каля чатырох гадоў. З блаславення папы Францішка "Шлях Святой Сям'і" уключаны ў маршруты каталіцкіх пілігрымак.

Па перакананні коптаў, Святое Сямейства ўвайшло на Егіпецкую зямлю ў раёне старажытнага горада Рафія (сучасны памежны горад Рафах ў Сектары Газа) на беразе Міжземнага мора. Копты мяркуюць, што выходзячы з Рафаха, уцекачы не ўсталі ні на адзін з трох караванных шляхоў, якія ішлі з Рафаха праз Сінай, бо хаваліся ад пагоні, якую мог паслаць ім услед цар Ірад. Таму амаль 100 км яны перамяшчаліся па бездарожжу.
Узгадаем некаторыя месцы, у якіх спынялася Святая Сям'я.
Спачатку яны перамяшчаліся па дэльце Ніла, спыняючыся ў розных месцах. Першы прыпынак - Эль-Фарма (Пелузій). Затым Тэль-Баста. Тут паказваюць крыніцу, якая з'явілася па жаданні маленькага Езуса. Калі Сям'я ўвайшла ў паселішча, усе ідалы ўпалі і разбіліся, што выклікала незадаволенасць і пераслед з боку мясцовых жыхароў. Гэта змусіла перайсці ў іншае месца. Дарэчы, у аповедах пра знаходжанне Святой Сям'і ў Егіпце даволі часта узгадваецца пра з'яўленне крыніцаў вады і падзенне ідалаў у тых месцах, якія наведвалі Юзаф, Марыя і Езус.
Мастарод - горад на поўнач ад Каіра. У гэтым месцы сёння можна ўбачыць рэшткі пячоры, дзе спынялася Святое Сямейства, а побач - калодзеж на тым месцы, дзе, згодна з мясцовай традыцыяй, па жаданні малога Есуса з зямлі забіла крыніца вады. Пасля гэтае месца атрымала назву "Аль-Маамма" - гэта значыць "месца для купання", таму што Найсвяцейшая Дзева выкупала тут Езуса і памыла вопратку.

У 12 ст. тут была збудавана царква.

У Більбейсе Сям'я адпачывала пад дрэвам, якое, як кажуць, захавалася да нашых часоў.
Далей быў Самануд. Сёння там можна бачыць вялікую гранітную купель, якой, як кажуць, карысталася Найсвяцейшая Панна, пакуль жыла тут, і калодзеж вады, які блаславіў Езус.


На месцы пражывання Святой Сям'і ў Саманудзе была пабудавана царква ў гонар Панны Марыі.
Далей па шляху ў пасёлку Сакха ў царкве Панны Марыі паказваюць адбітак ступні Езуса на камені.

Адтуль Сям'я адправілася ў пустыню Вадзі-Натрун. Грэцкае слова "натрун" азначае "шчолач, каўстычная сода": у пустыні былі содавыя азёры. Другая назва пустыні - Скіцкая (ад копт. Ϣⲓϩⲏⲧ, "Шыхет" у лац. вымаўленні "скіт" - "вялікая раўніна"). Скіцкая пустыня служыла прытулкам егіпецкім хрысціянам яшчэ з першых стагоддзяў нашай эры, а ў IV - VII ст. была папулярным месцам у хрысціянскіх пустэльнікаў, там існавала некалькі дзясяткаў манастыроў. Адсюль пайшоў звычай называць скітом манаскія пустэльні і ў іншых мясцовасцях. У гэтай мясцовасці малы Езус адчуваў моцную смагу, і Юзаф стаў шукаць ваду, але не знайшоў нічога, акрамя возера з салёнай вадой. Тады хлопчык апусціў свае ручкі ў салёную ваду - і з цэнтра возера забіла адзіная крыніца прэснай вады.

Матарыя - паўночная ўскраіна сучаснага Каіра. Тут ушаноўваецца дрэва сікамора (або платан), у цені якога схавалася ад спёкі Святое Сямейства, і калодзеж, збудаваны ў рымскую эпоху над крыніцай, якая забіла па загадзе маленькага Езуса. Кранальна, што копты клапоцяцца пра дрэва: калі яно пачынае паміраць, бяруць ад яго парастак і садзяць побач. У цяперашні час расце дрэва, пасаджанае ў 1906 годзе (побач знаходзіцца яго засохлы папярэднік, пасаджаны ў 1672 годзе).

Царква Святых Сергія і Вакха (Абу Серга) у старой частцы Каіра збудавана на месцы меркаванага адпачынку або часовага пражывання Святой сям'і, якое ў сучасным будынку знаходзіцца ў сутарэннях, на глыбіні прыкладна 6,30 метраў. Тут зроблена капліца (6 м х 4,5 м). Сама царква адлічвае сваю гісторыю з 4 ст.


У царкве знаходзіцца абраз (магчыма, 18 ці 19 ст.), на якім паказаны Юзэф, Марыя і Езус падчас іх прабывання ў Егіпце.

Царква Святой Марыі ў Маадзі (паўднёвая ўскраіна Каіра) пабудавана ў IV стагоддзі на месцы, дзе Святая Сям’я паднялася на карабель, каб адправіцца па рацэ Ніл у Верхні Егіпет: на тэрыторыі храма знаходзяцца прыступкі, якія вядуць да вады.

Паруснік прыбыў у гавань Дэйр-эль-Гарноус, дзе Святое Сямейства прабыло кароткі час, а затым адправілася ў Габаль Аль-Тэйр. Там яны знайшлі прытулак у зацененай пячоры, дзе пасля быў пабудаваны манастыр у гонар Панны Марыі.

Юзаф і Марыя з Дзіцяткам працягвалі ісці на поўдзень, не спыняючыся надоўга нідзе, каб іх не маглі знайсці слугі цара Ірада, якія, па чутках, шукалі іх у Егіпце. Наступны вялікі прыпынак быў ля падножжа гары Коскам у Верхнім Егіпце, дзе зараз знаходзіцца манастыр Эль-Мухаррак.

У гэтай мясцовасці Юзаф знайшоў і адрамантаваў закінуты невялікі дом з дахам з пальмовых галінак і калодзежам побач. Святое сямейства пражыло там шэсць месяцаў.
Старажытная царква Найсвяцейшай Панны Марыі - гэта самы стары будынак манастырскага комплексу, датаваны I стагоддзем, у той час як сам манастыр быў узведзены ў IV стагоддзі. Каменны алтар старажытнай царквы знаходзіцца на тым месцы, дзе спынялася Святое сямейства. Царква захавалася ў тым выглядзе, у якім была пабудавана.

Пасля смерці цара Ірада Юзафу зноў з'явіўся Анёл і сказаў: «Устань, вазьмі Дзіця і Маці Яго ды ідзі ў зямлю Ізраэля, бо памерлі тыя, хто хацеў забіць Дзіця» (Мц 2, 21).
Перш, чым вярнуцца ў Палестыну, Юзаф, Марыя і Езус прайшлі 50 км на поўдзень і апынуліся каля горада Дурунк на гары Асьют, дзе правялі некаторы час у пячоры – былой каменаломні фараона. Вакол пячоры потым быў збудаваны знакаміты манастыр, куды ў нашыя часы штогод летам прыбываюць шматлікія пілігрымы на святкаванні ў гонар Панны Марыі.

Дарэчы, копцкія святкаванні ў гонар Святой Сям'і, якія ў Егіпце працягваюцца з мая па жнівень і суправаджаюцца шматтысячнымі крыжовымі шляхамі, асаблівымі песнямі, гатаваннем спецыяльных святочных страваў, у снежні 2022 года былі ўключаны ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва, які складае ЮНЕСКА.
Дурунк стаў самым паўднёвым горадам, які наведала Святая Сям’я. Адсюль пачаўся шлях на радзіму.
Юзаф, “пачуўшы, што ў Юдэі валадарыць Архелай замест яго бацькі Ірада, пабаяўся вяртацца туды. Атрымаўшы ў сне наказ, пайшоў у Галілейскую зямлю. А калі прыйшоў, пасяліўся ў горадзе, які называецца Назарэт” (Мц 2, 22-23).
***
Аб чым нам можа засведчыць уся гэта матэрыяльная спадчына, захаваная для нас праз дзясяткі стагоддзяў? Калі людзі прымаюць рашэнне штосьці захоўваць такі працяглы час, гэта сведчыць аб тым, што яны адчулі, сустрэлі ў сваім жыцці штосьці вельмі важнае - слодыч святасці, “смак Неба”, збаўчую моц Божай любові - тое, што яны хочуць затрымаць у часе, каб гэты матэрыяльны знак стаў сведкам аб’яўлення Пана для наступных пакаленняў, каб іншыя маглі задацца пытаннем “Чаму гэта існуе?”.
Захаванне гэтай спадчыны патрабавала адвагі, высілкаў, грошаў, а нават і ўсяго жыцця, бо былі і тыя, хто хацеў гэтыя матэрыяльныя сведчанні знішчыць.
Услед за думкай, якая прагучала ў гаміліі бр. Уладзіслава ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, можна сказаць, што ў адносінах да Божага прыйсця на Зямлю, чалавек мог належаць да аднаго з 2 тыпаў людзей.
Людзі першага тыпу – гэта тыя, хто меў у сабе богашуканне, імкнуўся ў сваім жыцці ўсцяж шукаць Праўду, а знайшоўшы - здолеў перамяніць сваё жыццё, каб быць бліжэй Бога. Юзаф і Марыя, якія адважна давяралі Божым аб'яўленням і дзейнічалі згодна з імі. Мудрацы, якія былі гатовы паверыць скупым словам прароцтва і бляску таямнічай зоркі, вырушыць у невядомасць і прайсці тысячы кіламетраў, не зняверыўшыся па дарозе, каб сустрэць Цара і пакланіцца Яму. Святы Геранім, які дзеля Божай справы гатовы быў пераехаць у іншую краіну, вывучыць чужую мову і звычаі, каб зрабіць Божае слова больш блізкім для іншых людзей. Гэта мучанікі, якія аддавалі сваё жыццё за Праўду. Гэта і тыя, хто клапаціўся пра захаванне матэрыяльных сведчанняў Божай прысутнасці, Яго аб’яўлення.
Людзі другога тыпу – гэта Ірад і яго слугі - тыя, хто праз Божае прыйсце адчуваў пагрозу ўласнаму ладу жыцця і шукаў спосаб яе знішчыць.
Першым Бог паказваецца, і нават калі яны далёка, Яго знойдуць. А ад другіх – уцякае, і хоць бы былі блізка - Яго не знойдуць.
“У нашыя часы мы маем вельмі блізка вялікі Скарб. І ў гэтым ёсць вялікая прыгажосць і вялікая небяспека, - адзначыў бр. Уладзіслаў. - Многія людзі Старога Запавету сотнямі гадоў пасцілі, жадаючы наблізіць час прыйсця Месіі, убачыць Яго, але падчас жыцця не зведалі. Я ж у 2026 годзе маю Яго на выцягнутую руку. Магу чуць Яго словы, чытаць, разважаць, пазнаваць Яго. Больш за тое, магу прыняць Яго, дакрануцца вуснамі, убачыць вачыма, размаўляць з Ім – спрачацца, дзякаваць, праслаўляць. Магу быць з Ім. Ён мне адкрыў, хто я. Але як часта я гэтага не цаню, гэтым не жыву, шукаю чагосьці іншага. Многія з нас, якія прыходзяць у касцёл, не перажываюць богашукання. А гэта адзіны стан, які можа прывесці да сустрэчы з Богам, да святасці. Ці ёсць ува мне гэтае богашуканне, ці хачу, каб Бог мне аб’явіўся? Магчыма, некаторым здаецца, што яны ўжо сустрэлі Бога і ўсё пра Яго ведаюць, таму больш не трэба шукаць. Але гэта прыкмета таго, што яны Яго як раз яшчэ не спаткалі.”
Ці можа хтосьці праз матэрыяльныя знакі ў маім жыцці пазнаць, што я шукаю , а нават і спаткаў Бога? Ці сведчу пра Бога? Ці змагу я расказаць, па чым я Яго пазнаў і што Ён учыніў у маім жыцці?
Варта маліцца, каб мы ўсцяж шукалі Бога, каб мы не сталі такімі, як Ірад, якія сядзяць на месцы і ўвесь час клапоцяцца пра свет, які самі сабе стварылі, яго аберагаюць і баяцца, каб што не здарылася. Але Ірад не ўбярог свой свет. Важна не будаваць сабе сталіцаў і палацаў, а прайсці, як пілігрымы, гэтае жыццё з Хрыстом, усё больш і больш пазнаючы Ягоную прыгажосць і любоў, якую Ён мае да кожнага з нас, каб мы маглі быць Ягонымі сведкамі.
Тэкст: Кацярына Савянок па матэрыялах адкрытых крыніцаў Інтэрнэт
bbc.com, wikipedia.org, foma.ru, blessedegypt.com, інш.