Skip to main content

Выходныя з Францішкам прайшлі ў Менску

| Падзеі »
26 12 2025VyhodnFr002

Чарговыя, ужо пятыя, Выходныя з Францішкам прайшлі 26-28 снежня ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры ў Менску. У гэтым годзе цыкл рэкалекцый браты прысвяцілі тром евангелічным радам: убоству, паслухмянасці і чыстасці, якія, як вядома, у манаскім жыцці прымаюцца як абеты. Але яны не толькі для манахаў. Яшчэ ў першыя вякі хрысціянства айцы Касцёла заахвочвалі ўсіх жыць гэтымі каштоўнасцямі. Усё тое, што змяшчаецца ў трох радах, мы можам ўгледзець у чынах, словах, эмоцыях Хрыста, які аб’явіў нам, кім ёсць чалавек у паўнаце жыцця. 

Святы Францішак меў адвагу даслоўна ўспрыняць тэксты Евангелля і змог весці лад жыцця, у якім увасобіліся евангельскія рады настолькі, што святога пачалі называць "другім Хрыстом". Таму ён і яго разуменне радаў - для нас узор, на які можна абапірацца.

 26 12 2025VyhodnFr003

На снежаньскіх Выходных разважалі пра паслухмянасць. Як ні дзіўна, па словах братоў, з гэтай радай у кансэкраваным жыцці бывае найцяжэй. Што такое сапраўдная паслухмянасць? Каму варта быць паслухмяным? Што перашкаджае выбіраць паслухмянасць? Як св. Францішак з Ассізі разумеў паслухмянасць? Адказы на гэтыя пытанні шукалі, слухаючы канферэнцыі і каментары братоў капуцынаў Уладзіслава Мінько, Вадзіма Войціка, Андрэя Багдановіча, Аляксандра Астраушкі, Арцёма Кейзіка, а. Яўгена Голуба OFMConv, а таксама ў сведчаннях удзельнікаў.

 26 12 2025VyhodnFr009 3

Варта пачаць з таго, што чалавек ад моманту стварэння надзелены Богам уласнай воляй. У Раі воля чалавека і воля Бога былі ў еднасці: іх жаданні супадалі. Але калі Адам і Ева захацелі з'есці забаронены плод, іх воля аддзялілася ад Божай. Сумненне ў Божай любові і дабрыні прывяло да таго, што чалавек праявіў непаслухмянасць і, як наступства, пачаў пазнаваць свет толькі сваім халодным розумам без любячага розуму Айца. Аб гэтым зле аддзялення ўласнай волі св. Францішак напісаў у другім настаўленні, змешчаным ў зборніку кароткіх павучанняў - "Напаміны" ("Увещевания").

У выніку мы часта хочам не таго, чаго хоча для нас Бог, выбіраем не слухаць Бога, казаць Яму "не". Калі дзеля паслухмянасці Богу, дзеля найбольшага дабра, якое Ён для нас падрыхтаваў, чалавеку трэба адкінуць штосьці, што ўяўляецца яму добрым і прыемным, а прыняць тое, што ўяўляецца цяжкім і непрыемным, то ўзнікае сумніў: "А можа Богу насамрэч не да мяне, і дабра сабе хачу толькі я, таму і павінен сам сябе забяспечыць?"  Калі ідзём за гэтым голасам недаверу, то паўтараем памылку Адама і Евы, якія паслухаліся д'ябла.

Няўжо вы не ведаеце, што каму вы аддаецеся ў няволю дзеля паслухмянасці і каго слухаеце, таго вы і нявольнікі: або граху дзеля смерці, або паслухмянасці дзеля справядлівасці?" (Рым 6,16).

 26 12 2025VyhodnFr025 5

А што, калі я свядома хачу давяраць Айцу, хачу быць Яму паслухмяным і ісці за дабром? Найперш, ёсць сэнс удакладніць само паняцце паслухмянасці. 

У часы Францішка да паслухмянасці ставіліся як да абсалютнай: у бенедыктынскіх ордэнах манах павінен быў зрабіць менавіта так, як яму сказаў абат - не лепш і не горш. Патрабавалася сляпая паслухмянасць. 

Францішак разумеў паслухмянасць  як творчую, ініцыятыўную, якая задае пытанні, усцяж штосьці для сябе адкрывае. У гэтым было наватарства. Яго паслухмянасць не вынік знешняга прымусу, яна ідзе з  ўнутранай паставы згоды, уласнага жадання. Святы не дамагаўся паслухмянасці ад братоў, а найперш сам хацеў быць паслухмяным. 

Трэці са складзеных святым Францішкам кароткіх павучанняў зборніка "Напаміны" паказвае яго разуменне паслухмянасці. У аднясенні да свецкага жыцця, сапраўднай паслухмянасцю будзе маё імкненне зрабіць пэўнае дабро для чалавека, якому я хачу быць паслухмяным (у супольнасці, сям'і), нават яшчэ перш, чым ён гэта выразіў у словах. Калі да мяне скіравана просьба, а я бачу лепшы спосаб яе выканаць, то магу зрабіць і лепш, але тое, аб чым прасілі, патрэбна абавязкова імкнуцца споўніць. Гэта паслухмянасць з любові. Паслухмянасцю, прычым дасканалай, таксама будзе і маё права не паслухацца бліжняга, калі ён кажа тое, што супярэчыць майму сумленню, таму што “больш трэба слухацца Бога, чым людзей” (Дз 5, 29). Але пры гэтым варта імкнуцца не пакідаць чалавека, нават калі з-за невыканання просьбы буду цярпець пераслед. 

 26 12 2025VyhodnFr011

Сапраўдная пастава паслухмянасці ў тым, каб адкрываць Божую волю для сябе праз іншага чалавека, а не проста каб слухацца. Зразумела, што трываць у такой паслухмянасці можна толькі тады, калі маеш жаданне слухаць і пачуць: Бога, сябе, бліжняга (дарэчы, "паслухмянасць" - тое, што ідзе пасля слухання, рэакцыя на слуханне). Іншай неад'емнай рысай паслухмянасці ёсць жаданне служыць, споўніць пачутае.  

З пункту гледжання Францішка, тым, хто пастаўлены над кімсьці і мае уладу (у супольнасці, сям’і), варта памятаць, што яны першыя пакліканы да служэння на карысць супольнасці, і што іх падуладныя могуць мець пэўную аўтаномнасць і самастойнасць для рэалізацыі задумаў Святога Духа, які дзейнічае ў іх. А падуладным варта верыць, што праз таго, хто над імі пастаўлены, можа транслявацца Божая воля. Тады, па словах бр. Андрэя, не трэба будзе "кіравацца запаведдзю “не пападайся”".

 26 12 2025VyhodnFr077

Такое разуменне паслухмянасці Францішак "падгледзеў" у Хрыста: "Не клапаціцеся кожны толькі пра сваё, але і пра іншых. Няхай вашыя думкі будуць такімі, як у Хрысце Езусе. Ён, будучы ў постаці Бога, не скарыстаў з таго, каб быць нароўні з Богам, але выракся самога сябе, прыняўшы постаць слугі, прыпадобніўшыся да людзей. І з выгляду стаўшы як чалавек, прынізіў сябе, будучы паслухмяным ажно да смерці, смерці крыжовай" (Флп 2, 4-8). Хрыстос паказаў магчымасць, як вярнуцца ў Рай праз паслухмянасць, злучанасць з Айцом.

Цяпер, калі перажываем святы, звязаныя з Божым нараджэннем, цікава ўзгадаць некаторыя знакі, звязаныя з гэтымі падзеямі. Вядома, што назва горада, у якім нарадзіўся Езус - Бэтлеем - з габрэйскага (Бэт лэхэм) перакладаецца як "дом хлеба". Але да габрэяў там жылі хананэйцы, якія ўшаноўвалі шумерскіх багоў і сярод іх -бога Лахама, які лічыўся богам пладароддзя. У іх часы горад называўся Бэт-Лахама. Нават ёсць узгадкі, што на тым пагорку, дзе Езус нарадзіўся, быў храм гэтага бажка. У шумерскага бога пладароддзя можна было выменяць усё, што ты захочаш, ён ішоў за любым жаданнем. І вось у гэтае месца свавольства і прагнасці чалавечай волі прыходзіць сапраўдны Бог. Замест зямных багаццяў - убогасць. Замест храма - хлеў. Замест улады - бездапаможнасць, давер і паслухмянасць Айцу і зямным бацькам. Ён Той, хто аддаў усё, што меў - сваё жыццё, сябе. Той, хто стаў хлебам. "Калі ідзе гаворка, што павінен Бэтлеем быць унутры нас, - заўважыў а. Яўген, -то гэта аб тым, што на месцы храма богу пладароддзя, які ўсё хоча і ўсё можа, мусіць быць стайня, у якой нараджаецца Езус".

 26 12 2025VyhodnFr083

Яшчэ адным знакавым момантам, які многія перажываюць падчас святаў, ёсць дзяленне аплаткам. Аплатак - гэта знака Хлеба, які ламаецца на Эўхарыстыі. Гэты час важны тым, што я заўважаю іншага чалавека і выходжу да яго,  адкрываюся на супольнасць і вучуся паслухмянасці.   Паслухмянасць – гэта свядомасць таго, што ёсць хтосьці іншы і штосьці іншае, чым тое, што хачу бачыць я. Ламанне аплатка азначае: “Я цябе люблю такім, як ты ёсць і хачу пераламаць сваё жыццё для цябе і падзяліцца сваёй верай у Хрыста”. Гэта сімвал таго, што мы хочам быць паслухмянымі і, як Хрыстос, аддаваць жыццё.

 26 12 2025VyhodnFr047

Вяршыня паслухмянасці - гэта пакорнасць Бога: Бог-Троіца ёсць супольнасць, дзе ў паўнаце любові жывуць адзін для аднаго. Калісьці чалавек быў створаны, каб мець удзел у гэтай любові. Дзякуючы Ахвяры Хрыста, адзінае, што можа нас вярнуць у супольнасць з Богам, - гэта наша паслухмянасць Яму.

Бог даверыў Сябе чалавеку. Ці я знайду адвагу даверыць сябе і сваё жыццё Богу? Ці дазволю Яму быць рэжысёрам майго жыцця, а ў складаныя моманты, як Марыя пад крыжам, адкіну сумненні і буду верыць, што Бог хоча для мяне дабра?  

Калі хачу практыкаваць паслухмянасць і выбіраю давер Богу, то ці значыць гэта, што магу, прымаючы розныя рашэнні ў сваім жыцці, ўспрымаць уласныя памкненні і словы другога чалавека адразу як Божую волю? Тут не ўсё проста. Чалавеку часта не ўдаецца рабіць добрыя выбары, бо мае абмежаванае, а нават скажонае ўяўленне пра Бога, пра сябе і іншага чалавека, пра тое, што ёсць дабром, а што - не. Да таго ж, нягледзячы на наяўнасць уласнай волі, ён яе, насамрэч, не заўсёды ўмее выкарыстаць, бо незаўважна для сябе жыве "на аўтапілоце", калі за яго прымаюць рашэнні ягоныя пажадлівасці, голады, страхі, комплексы. Ён можа ўвесь час казаць, што аддае Богу сваё жыццё і сваю волю, а па сутнасці, так ніколі і не аддаць... Пазнанне Бога, распазнанне Божай волі і патрэбаў сваіх і бліжняга  - гэта шлях, на якім трэба трываць усё жыццё.  Няхай Пан Бог нам у гэтым дапаможа.  

26 12 2025VyhodnFr100

Тэкст: Кацярына Савянок

Фота: Яна Фалежынская, Надзея Мажуць, Кацярына Савянок