Skip to main content

Святая Імша "Пастэрка"

| Падзеі »

Цар нарадзіўся, цар усіх стварэнняў,

Прыйдзіце пакланіцца Госпаду.

 24 12 2025 002

Святкаванне ўрачыстасці Божага Нараджэння ў нашай парафіі распачалося ў Вігілію. Перад Імшой, якая называецца "Пастэрка" (ад лацінскага слова pastor (пастух)), тэатральная група пад кіраўніцтвам с. Кацярыны Грынчык прадставіла калядны спектакль па матывах казкі “Маленькі прынц” Антуана дэ Сэнт-Экзюперы з апрацоўкай нашага парафіяніна Сяргея Дасюкевіча.

 24 12 2025 007
 24 12 2025 012

Асноўная думка гэтай тэатральнай пастаноўкі ў тым, што “сяброўства – гэта дар, які трэба шанаваць, але аб гэтым часта забываюць” і ставяць вышэй за сяброўскія адносіны свае ўласныя жаданні і справы, якія часта аказваюцца пустымі, марнымі і не жывяць душу. Галоўны герой - Маленькі прынц – уцёк са свай планеты, бо стаміўся ад свавольнай Ружы, і блукаў па планетах у пошуках сапраўднага сяброўства, але не знаходзіў аж пакуль не трапіў на планету Зямля. Там ён сустрэў Ліса, які патлумачыў яму, што пасябраваць - значыць прыручыць: “Прыручыць – гэта значыць зрабіць повязі”. Тады сярод ста тысяч хлопчыкаў і ста тысяч лісаў, якія адзін аднаму не патрэбны, будзе Ліс, для якога быццам існуе толькі адзін хлопчык, а для хлопчыка – толькі адзін Ліс. “Сумна мне жывецца, але калі ты мяне прыручыш, - казаў Ліс, - маё сэрца запяе. Твае крокі я буду распазнаваць сярод ста тысяч іншых крокаў”. 

 24 12 2025 019

А потым зусім нечакана Маленькі прынц і Ліс сталі сведкамі сустрэчы Марыі і Юзафа, нараджэння Святой Сям’і і  Божага нараджэння, а таксама сведкамі іх узаемнай любові нават у няўтульных і вельмі сціслых умовах хлева:

Прабач, гэта ўсё, што я змог даць табе і Дзіцяці…” - “Без цябе мы не прайшлі б і двух кіламетраў. Праз твае рукі мы адчуваем любоў Бога. Рукі мужа – гэта рукі Бога, поўныя любові і клопату”.

 24 12 2025 026

Маленькі прынц зразумеў, што “шукаў сяброў, а знайшоў любоў”, і што яму прыйшоў час вяртацца дадому да сваёй свавольнай Ружы.

 24 12 2025 029

Пасля спектакля распачалася святая Імша Пастэрка. У поўнай цішы праз касцёл прайшла ўрачыстая працэсія з фігуркай Дзіцяткі на руках у брата Уладзіслава, якую ён пяшчотна паклаў у яслі сімвалічнага хлева. І тады заспяваў тоненькі дзіцячы галасок:  “Цар нарадзіўся, цар усіх стварэнняў, …, Прыйдзіце пакланіцца Госпаду”, спеў падхапіў хор, а потым і ўсе прысутныя ўжо голасна славілі Нованароджанага Езуса.

 24 12 2025 037

Радасна было вітаць сярод прысутных на прэзбітэрыі бр. Андрэя Квяцінскага, які раздзяліў з намі радасць гэтай ночы.

 24 12 2025 044

На пачатку цэлебрацыі пробашч заўважыў: “Бог збірае нас разам, каб адзначыць нараджэнне Ягонага Сына, які нарадзіўся ў год 194-х Алімпійскіх гульняў, у 752-м годзе ад заснавання Рыма, у 44-м годзе панавання імператара Аўгуста. У канкрэтны гістарычны момант. Але … мы добра ведаем, што падчас літургіі Хрыстос сёння нараджаецца і прыходзіць у нашае жыццё — жыццё кожнага з нас”.

 24 12 2025 059

У гаміліі бр. Уладзіслаў звярнуў увагу на тое, што можна па-рознаму пражыць час святаў. Можна перажыць і не заўважыць: было і прайшло, і нічога не пакінула ў сэрцы. А можна перажыць так, каб да самай глыбіні адчуць, што ўнутры штосьці перамянілася. Як перажыць гэтыя святочныя дні з глыбінёй?

 24 12 2025 063

У нас быў вельмі смачны стол, але сярод усіх страў я найбольш люблю “сялёдку пад шубай”. Калі ясі гэтую страву, спачатку ідзе смачнае -  маянэз з бурачкамі. Потым морква з бульбай – нейтральная сітуацыя, а самы пасля смачны слой, пік смаку  - сялёдка”, - падзяліўся брат. І патлумачыў, што падобна як гэты салат, свята мае свае слаі.

Першы слой, вельмі важны і любімы,–  гэта сентыментальны слой, слой чуласці, настрою. У гэтыя дні сэрцу хочацца верыць, што немагчымае магчыма, чакаць, што сустрэнемся з кімсьці, каго любім, што нас абдымуць, што атрымаем падарунак, што адыйдуць цяжкасці. І вельмі важна, каб мы, дарослыя, гледзячы на стаенку, а таксама праз абрады і традыцыі, дазволілі сабе на гэту чуласць, каб наша сэрца вярнулася ў дзяцінства, дзе было проста чакаць цудаў. Гэта дапамагае Богу прыйсці ў нашае жыццё.

 24 12 2025 067

Другі слой – слой “вачэй і розуму”. Перажываючы гэты слой, нам варта быць шчодрымі на час і высілак, каб паглядзець і ўбачыць, хто прыйшоў, як прыйшоў і чаму прыйшоў. Можна заўважыць, што разам з фігуркай Езуса ў працэсіі неслі Святое Пісанне і змясцілі побач з імправізаванай стаенкай: Слова Божае нараджаецца ў целе. У мой канкрэтны свет прыйшоў Божы Сын – сапраўдны вобраз Айца, праўда, прыгажосць,  моц, вечнасць, Слова Божае. Прыйшоў вельмі ціха і пакорна.

 24 12 2025 045

У нас не прынята вымяраць любоў грашыма, - заўважыў святар, -  таму стараемся ў падарунку не пакідаць цэннік. Гэта не значыць, што любоў не каштуе.  Яна каштуе вельмі шмат. Бог сёння дае кожнаму з нас самы вялікі падарунак – Сына Божага. Ён прыходзіць, не парушаючы цішыні ночы, у правінцыі, далёка ад Рыма, але ад гэтага вартасць падарунку не змяншаецца. Гледзячы на алтар, на 12ю стацыю крыжовага шляху, мы можам зразумець, колькі Езусу каштавала Яго прыйсце. Ён не хоча, каб мы цяпер адчувалі сябе вінаватымі, але каб убачылі, які гэта вялікі Дар, як Бог не лічыцца, таму што любіць. І гэта адказ на пытанне: “Чаму Ён прыйшоў?” Але запрашаю знайсці час і пабыць каля стаенкі, паразважаць. Можа менавіта ў гэтае Божае нараджэнне стаенка  прамовіць”…

 24 12 2025 051

Трэці слой – гэта воля: нашыя выбары, нашыя рашэнні. Калі паглядзець на Марыю і Юзафа, іх жыццё – гэта выклік за выклікам: цяжарнасць Марыі і сумненні Юзафа, перапіс і доўгае падарожжа, няздольнасць знайсці прытулак за шматлюднасцю і нараджэнне Езуса ў хляве, пагроза жыццю Дзіцяці і ўцёкі ў Егіпет. Гэта быў жыццёвы шлях, поўны складаных рашэнняў. І Юзаф, і Марыя штодня выбіралі быць з Езусам, клапаціцца аб Ім. І гэты выбар быў няпросты.

Трэці слой вельмі важны. Ён непарыўна звязаны з той прыгажосцю і моцаю, якую атрымліваем ў першых двух слаях. “Калі я дазволю майму сэрцу быць дзіцячым, калі дазволю сабе ўглядзецца ў тое, хто да мяне прыйшоў і чаму, то гэта дапаможа сапраўды перажыць свята так, каб Бог нарадзіўся ў маім жыцці, каб я перамог свой страх узяць адказнасць за сваё жыццё і тых, каго люблю. Тады я здолею адкрыць тое, што адкрыў сёння Маленькі Прынц: многае з таго, што мы называем шчасцем, і да чаго імкнёмся, ім не з’яўляецца. А шчасце, збаўленне, аздараўленне – гэта здольнасць будаваць глыбокія сувязі даверу, поўнага адвагі. Езус безабаронны уваходзіць у гэты халодны і небяспечны свет, бо давярае нам, такім недасканалым. Можа я, углядаючыся ў стаенку і яслі, адважуся, нягледзячы на свае раны і боль, даверыцца тым, хто перада мной, адважуся знайсці сябра, быць сябрам, быць тым, хто давярае. Быць Сынам Божым, – заахвоціў пробашч. - Калі будзеце есці сялёдку пад шубай, можа быць, успомніце аб тым, што варта знайсці час для Хрыста, бо Ён - сэнс гэтых святаў. Без Яго гэта ўсё антураж. І ў Ім адказ на пытанні, на ўсё тое, што сёння перажываем.”

 24 12 2025 081

Пасля святой Імшы ўсе прысутныя традыцыйна падзяліліся аплаткам, а разам з ім - шчырымі словамі віншаванняў і падзякі, радасным бляскам вачэй і цеплынёй абдымкаў.

 24 12 2025 086

Тэкст: Кацярына Савянок

Фота: Эрык Савянок

Фота можна знайсці па спасылцы.

 Віншаванні ад братоў капуцынаў: