Skip to main content

Дзяліцца тым, што ўмееш: брат Войцех Врублеўскі

| Падзеі »

Ніхто не прыдатны для Валадарства Божага, хто
ўскладае руку сваю на плуг і азіраецца назад
Лк. 9:62

Адна з галоўных запаведзяў заключаецца ў тым, каб любіць бліжняга, як самога сябе. І адным са спосабаў праявіць гэту любоў з’яўляецца дзяленне сваімі ведамі, ўменнямі і талентамі. Сам Езус вучыў, каб не закопвалі дадзеныя таленты ў зямлю, а выкарыстоўвалі іх на дабро іншых. Менавіта такую форму служэння абраў для сябе брат Войцех Врублеўскі, якога шматлікія нашы парафіяне ўжо даўно ведаюць. Служыць ў нашу парафію св.Казіміра брат Войцех прыехаў менш года назад.

 Voiteh05

Каму давялося пагутарыць з братам, то, напэўна, заўважылі яго “замежны” акцэнт. Сапраўды, брат Войцех родам з суседняй дзяржавы Польшчы. І пра сябе вельмі цікава ён расказаў ў інтэрв’ю.

- Адкуль Вы родам? У якой сям’і нарадзіліся?

- Па нацыянальнасці я паляк. Нарадзіўся і вырас у Польшчы ў горадзе Апочна, які ўваходзіць у Лодзенскае ваяводства. Знаходзіцца паміж Чэнстахова (138 км) і Варшавай (127 км). Насельніцтва больш за 20 тыс. чалавек. У горадзе ёсць чыгуначная станцыя. Жыву ў Беларусі ўжо 23 гады. Адчуваю сябе проста капуцынам, а не палякам ці беларусам. Гэта мне вельмі дапамагае кантактаваць з людзьмі другой нацыянальнасці. Але дзесьці ўнутры маю свае карані, традыцыі з дзяцінства.

 Voiteh17

Вырас я ў веруючай сям’і. Маім бацькам Эдварду і Зоф’е ўжо за 70 гадоў. Мама каля 30 гадоў працавала на чыгунцы, тата – качагарам на плітачным заводзе, але яшчэ дадаткова працаваў плотнікам ў індывідуальным парадку. Маю дзвюх малодшых сясцёр. Яны абедзве замужам і жывуць ў адным горадзе з бацькамі.

- Раскажыце пра Ваша дзяцінства? Чым захапляліся? Кім марылі стаць?

- Памятаю, што на пачатку дзяцінства быў трохі закрытым, але сяброў меў, любіў гуляць. Быў звычайным хлопчыкам. Больш за ўсё любіў катацца на ровары. У мяне была настаўніца, якая арганізоўвала розныя цікавыя паездкі на раварах ад школы і заўсёды брала нас з сабою. Збіраў таксама маркі, меў нават спецыяльны альбом. Яшчэ цікавіўся даўнімі манетамі, меў вялікую калекцыю, якая і цяпер дзесьці дома захавалася. У школе вучыўся слабавата. Цяжка мне было з матэматыкай і граматыкай, а вось гісторыю і геаграфію вельмі любіў.

 Voiteh07

Наконт мары пра прафесію, то я вельмі хацеў працаваць на чыгунцы. Бывала, што прыходзіў на перон, проста стаяў і назіраў за цягнікамі. А як скончыў восем класаў, паступіў у чыгуначны каледж.

- Як развівалася Ваша духоўнае жыццё? Як нарадзілася жаданне стаць капуцынам?

- Калі мне было 8-9 год (1984г.), я прыступіў да першай камуніі. Быў толькі адзін касцёл у горадзе, а дзяцей вельмі шмат. Толькі з маёй школы каля 250 чалавек. А яшчэ было тры школы. Я быў самы высокі, таму яшчэ з адным хлопцам стаялі ў самым канцы касцёла (смяецца). Падрыхтоўваў нас ксёнз Андрэй – вельмі суровы, яго баяліся і паважалі. У яго былі вельмі цікавыя дзве манеры навучання. Першая: ён пісаў на дошцы, потым хвіліну чакаў і адразу выціраў. З намі бацькі хадзілі на заняткі, каб дапамагаць перапісваць, бо мы проста не паспявалі. А другая - у яго былі толькі дзве адзнакі: адзін і пяць, ніякіх іншых. Ксенз Андрэй сёння ўжо адпачывае, але на Імшу прыязджае ў тую самую парафію.

Першы раз у пілігрымку да Маці Божай Чэнстахоўскай пайшоў разам з мамай і сёстрамі, калі яшчэ быў школьнікам. Ішлі 9 дзён з Варшавы. І гэта ўжо тады быў пошук. Мне вельмі падабалася Божае Слова, малітва, перажыванне сваёй веры, не як у штодзённасці. Затым ужо хадзіў самастойна больш за дваццаць разоў. Дарэчы, калі параўноўваць пілігрымкі ў Польшчы і Беларусі, то мне здаецца, хоць тут ідуць групы і значна меншыя, але больш дружныя. У Будславе адчуваецца сяброўскі дух.

Падчас вучобы ў каледжы пачаў адчуваць патрэбу ў супольнасці, у якой будуць мае аднадумцы. І аднойчы на аб’явах у касцёле пачуў пра супольнасць моладзі - рух “Святло-Жыццё”. Пайшоў на сустрэчу і мне вельмі спадабалася, што там ёсць разважанне Божага Слова, нетрадыцыйная малітва, кропля чагосьці новага. Хадзіў я на сустрэчы год. Затым пасля вучобы пайшоў на працу і далучыўся таксама да руху “Святло-Жыццё”, але ўжо ў Варшаве.

Спачатку, як я трапіў у рух, мне здавалася, што гэта ўсё, чаго мне хацелася, да чаго я імкнуўся. Але праз некаторы час, я зразумеў, што мне гэтага мала.

Аднойчы ў наш горад Апочна прыехаў брат-капуцын, каб адведаць сваю сям’ю (капуцынаў у Апочна ўвогуле няма), і завітаў на сустэчу нашай моладзі са сваёй сястрой, дзе як раз быў і я, бо прыехаў на выходныя дадому. Я падышоў да яго і падзяліўся сваімі думкамі, і ён мяне запрасіў на сустэчу для хлопцаў у кляштар братоў-капуцынаў. Я з’ездзіў адзін раз, потым другі, трэці… Так ездзіў цэлы год кожны месяц. Паціху пачаў разумець, што магчыма гэта ёсць тое, чаго я шукаю, штосьці глыбейшае - мой шлях.

- Як бацькі прынялі Ваша рашэнне?

- Калі я канчаткова вырашыў для сябе, што хачу быць капуцынам, пайшоў да бацькоў. Спытаў, што яны пра гэта думаюць. Тата неяк разгубіўся, яму было крыўдна, што я іду ў манастыр. А мама, ці то ад радасці, ці то ад іншых пачуццяў, проста плакала. З аднаго боку для яе гэта ўзнагарода, а з другога – яна яшчэ не ўсвядоміла да канца, што адбываецца. Мая цёця расказвала, што ў весцы (адкуль нашы карані) ў магазіне ў таты спыталі: “Эдвард, а дзе цяпер твой сын, чым займаецца?” А ён толькі плача і праз слёзы кажа: “Ён пайшоў да капуцынаў” (смяецца).

Вядома, бацькі ўжо раней заўважылі цягу свайго сына Войцеха да братэрскай супольнасці, ужо тады, калі ён пачаў ездзіць да капуцынаў на сустрэчы ў кляштар. Але не пыталі, чаго сын там шукае, проста чакалі, бо бачылі ў ім змены.

- Як распачалося Ваша манаскае жыццё?

- Пастулат мой прайшоў у Ломжы (1 год), потым навіцыят у Новэ-Място-над-Піліцай (1 год). Пасля навіцыяту злажыў першыя абяцанні.

(Мястэчка Новэ-Място-над-Піліцай знаходзіцца на адлегласці 40 кіламетраў ад роднага горада брата Войцеха Апочна).

А потым перавялі мяне ў Люблін. І там я ўжо перажываў фармацыю амаль тры гады для братоў, якія не ідуць далей у семінарыю.

Пасля я быў накіраваны на працу ў кляштар тут на месцы ў Любліне. Меў заданне быць так званым фуртыянам, гэта значыць прымаць гасцей у кляштары. Меў такую паслугу амаль год.

(Фуртыян (furtian) у законе – гэта брат, які адказвае за кантроль уваходу і выхаду з кляштару (ключнік)).

Наступны мой кляштар быў ужо ў Варшаве. Першы год таксама меў паслугу фуртыяна і адначасова сакрыстыяна. Але была ў мяне дадатковая, вельмі адказная праца арганізацыі харчавання для бедных. Штодзённа прыходзіла каля 250 чалавек на абед. Іх трэба было ўсіх накарміць. І гэта вельмі цяжка, таму нам дапамагалі валанцёры. Так я жыў і працаваў у кляштары чатыры гады. Падчас служэння тут у 2002 годзе злажыў вечныя абяцанні.

- Чаму Беларусь? Як Вы сюды трапілі?

- Пасля некалькіх годоў жыцця ў супольнасці капуцынаў я задумаўся пра пакліканне да місіі, таму, злажыўшы вечныя абяцанні, я сказаў пра гэта брату правінцыялу. Асноўная прычына майго рашэння – гэта жаданне дапамагчы братам там, дзе іх меншая колькасць, і дзе ім цяжэй. І ў мяне нават быў выбар: паехаць ці ў Швецыю, ці ў Беларусь. Швецыя дзяржава багатая, там усё у парадку, а Беларусь толькі аднаўлялася і для мяне здалася эмацыйна бліжэй. Можа з-за агульнай гісторыі. Можа таму, што са мной на курсе былі два браты з Беларусі. І пасля размоў з імі, у мяне з’явілася жаданне паехаць менавіта ў Беларусь.

Voiteh20

Так я трапіў у Беларусь. Была зіма. Страшны мароз (-30⁰С). Першыя паўгода маёй пляцоўкай была вёска Параф’янава з братам Тадэвушам. Затым мяне перавялі ў Докшыцы, дзе я праслужыў 19 год. Сярод гэтых гадоў служэння яшчэ тры гады служыў у Слоніме. Выконваў розныя паслугі: і на кухні, і ў касцёле, і ў агародзе.

- На беларускай зямлі раскрыўся Ваш талент – смачна гатаваць і выпякаць. Раскажыце, як гэта адбывалася.

- Менавіта ў Докшыцах я першы раз стаў займацца кухняй у сэнсе не арганізацыі, а непасрэдна гатавання. Быў такі цікавы час, што ад нас пайшла кухарка. І тады брат Андрэй Раманоўскі, які быў нашым гвардыянам, кажа мне: “Слухай, Войцех, паспрабуй ты”. Ну, я і паспрабаваў.

Першы год можа браты і цярпелі (смяецца). Але потым з кожным разам стала атрымоўвацца лепш і лепш. Першыя спробы майго кухарства выглядалі так: альбо я на тэлефоне са сваімі сёстрамі, альбо дзясяткі кніг на стале з рэцэптамі. Першая мая кніга сястры Леанілы пра супы (падарыла мне парафіянка), а затым ужо пра пірагі. Я палюбіў гэтыя кнігі, бо ў іх былі вельмі простыя рэцэпты, якраз для пачаткоўца. А затым ўжо стаў сам купляць розныя кулінарныя кнігі. Цяпер ужо маю цэлую калекцыю, большую колькасць якой (12 кніг) складаюць кнігі сястры Анастасіі.

Voiteh06

Брат Войцех у Докшыцах выконваў розныя працы, але асноўная паслуга – гэта кухня, дзе ён быў шэф-кухарам. Гэтая здольнасць была адкрыццём для іншых братоў, парафіян, а асабліва для самаго брата Войцеха, які гатаваў вельмі смачна розныя стравы, “з душой”, як кажуць. Нават, калі брат ездзіў дадому (амаль заўсёды аўтаспынам), то кіроўцы здзіўляліся і станавіліся больш гаваркімі, даведаўшыся, што вязуць капуцына-кухара.

- А якая Ваша асабліва любімая страва?

- Нават не ведаю. Напэўна, курыны булён (на польскай мове rosul), але не просты, а спецыяльна прыгатаваны з хатнімі макаронамі. У маёй сям’і па традыцыі святочны абед – гэта курыны булён. Спачатку трэба было схадзіць на св.Імшу, а потым дома з’есці rosul. Хатнія макароны да булёну рабіў у асноўным тата. Таму любоў да гэтай стравы ідзе з дзяцінства.

Сярод усіх страў ёсць тое, што мае свой асаблівы водар, свае традыцыі прыгатавання, свой непаўторны сэнс для кожнага чалавека і для бр. Войцеха – гэта хлеб.

- Брат Войцех, чаму менавіта хлеб?

- З цягам часу ў мяне з’явілася жаданне навучыцца пячы хлеб. Доўга спрабаваў знайсці сярод старэйшых людзей рэцэпты сапраўднага дамашняга хлеба, але неяк не атрымалася. Аднойчы, калі быў у Польшчы, проста выпадкова знайшоў у кнігарні кнігу пра выпечку хлеба. Доўга не думаючы, я, канешне, яе купіў. Вельмі шаную гэту кнігу, бо з таго часу пачаў пячы хлеб сам.

З дзяцінства маю такі вобраз перад вачыма, як бабуліна суседка пякла хлеб. У хаце на дошцы ў нагрэтым памяшканні ляжалі сфармаваныя вялікія боханы хлеба, якія яна благаслаўляла перад тым, як пакласці на лапаце ў печ. Водар сапраўднага хатняга хлеба пры гэтым расплываўся па ўсёй кухні. А які прыгожы колер мае такі хлеб! А вось гэта падгарэлая ніжняя частка. Смаката.

У нас было заведзена так, што ўсё рабілі на сваім полі і сваімі рукамі. Каб з’есці свой хлеб, то трэба было цэлы год папрацаваць. У першы дзень жатвы людзі нават выходзілі ў святочным адзенні. У такіх працах удзельнічала ўся сям’я. Для мяне было важным знакам тое, што мае бацькі, перад тым, як пачыналі новы бохан хлеба, то заўсёды яго благаслаўлялі.

Voiteh30

Культура хлеба вельмі багатая, але, нажаль, у нас ўжо забытая. І мне падабаецца, што можна хоць крышку аднавіць гэту культуру выпечкі і спажывання хлеба. Прыемна, што ёсць людзі, якія гэтым цікавяцца, якія таксама любяць духмяны водар хлеба ў сваёй хаце.

Хлеб мае глыбокае духоўнае значэнне. Пра яго многа раз напісана ў бібліі, ён успамінаецца ў малітвах. Гэта дар Божы.

- Вось мы загаварылі пра Біблію. Можа ёсць любімы вобраз альбо момант?

- Мне асабліва бліжэй словы Езуса, калі Ён прамаўляе да сваіх вучняў:Ніхто не прыдатны для Валадарства Божага, хто ўскладае руку сваю на плуг і азіраецца назад” (Лк. 9:62).

Я заўсёды разважаю над гэтымі словамі. Гэта, можна сказаць, асабісты дэвіз майго жыцця. Варта жыць, не аглядаючыся ўвесь час назад. Гісторыя майго жыцця не павінна перашкаджаць ісці да святасці. Нават свае слабасці я ўжо аддаў Пану Богу. Яны мяне больш не прыгнятаюць. Я іду далей.

- Кухня – гэта таксама не толькі пра ежу?

- Гэта сапраўды так. Кухня – гэта яшчэ адно месца для працы духоўнай. Аказалася, што праз кухню можна кантактаваць з другім чалавекам у штодзённасці. Бачыў, што людзі больш адкрываюцца, і сам я адкрываўся на другіх людзей. Так, пры добрых размовах і дзяленнях з парафіянамі на кухні, мы выпякалі вельмі шмат пасхальных баранкаў для ўсёй парафіі на свята. Я зразумеў, што добра, калі дзелішся тым, што сам умееш. Менавіта з гэтай прычыны ў мяне нарадзілася яшчэ адна ініцыятыва.

 Voiteh18

Кожную нядзелю пасля Імшы прыходзілі да нас дзеці, каб нечым смачным пачаставацца. Часцей за ўсё я іх частаваў салодкім жытнім хлебам з сухафруктамі. А аднойчы прапанаваў ім спячы са мною разам такі хлеб. Яны з задавальненнем згадзіліся. І ў адну з субот мы ўжо разам працавалі на кухні. Я дзецям усё паказваў, тлумачыў. Атрымалася. Занеслі пакаштаваць дадому. На другі тыдзень ўжо ў два разы больш прыйшло дзяцей вучыцца разам выпякаць (смяецца). Так і з’явіўся кулінарны гурток для дзяцей, які пакрыху разрастаўся. Было каля 20 дзяцей. Разам мы выпякалі рознае печыва, хлеб. Гурток дзейнічаў 15 год аж да майго ад’езду.

 Voiteh19

- Не сакрэт, што вас называюць “брат-цукерачка”. Калі і чаму пачалася гэта Ваша асабістая звычка альбо нават традыцыя дзяліцца цукеркамі?

- “Брат-цукерачка” – гэта вобраз маёй асабовасці, майго характару. Класна людзям прыносіць радасць, нават калі яна зусім маленькая, як цукерачка. Калі я дзялюся з дарослым чалавекам (тым больш, што не ўсе ведаюць, як я гэта раблю), то бачу яго здзіўленне, ў ім як бы “лопаецца” даросласць, бо ён не чакаў такога жэсту, думаў, што гэта толькі для дзяцей. І менавіта ў такі момант пачынаецца нейкая перамена ў адносінах з гэтым чалавекам. Праз такі спосаб можна паказваць, што трэба чэрпаць радасць жыцця з простых рэчаў.

- Раскажыце пра свае незвычайныя галаўныя ўборы.

- Я маю чатыры асаблівыя капелюшы.

Першы звязаны з фальклёрам майго рэгіёна і ездзіць са мною амаль ўжо 25 год як памятка пра радзіму. Гэты капялюш ад нацыянальнага касцюма майго рэгіёна. І такія касцюмы яшчэ можна убачыць на дажынках, напрыклад, альбо на працэсіі Божага Цела.

 Voiteh04
 Voiteh23

Другі капялюш прывезены ў 2019 годзе з гор з вёскі Кросьценка на рацэ Дунаец. Пасля пілігрымкі ў Чэнстахова мы з хлопцамі вырашылі паехаць у горы, каб сплавіцца па рацэ. А ў гарах вельмі захоўваюцца народныя традыцыі, у тым ліку гэта датычыцца і нацыянальных касцюмаў. У іх нават жаніх з нявестай на вяселлі апранаюць касцюмы рэгіёна. Мяне гэта ўразіла, і я набыў сабе на памяць іх нацыянальны капялюш.

 Voiteh03

Трэці капялюш з Ліхеня. Калі горача, то ён заўсёды са мной ужо 20 гадоў, у тым ліку і ў пілігрымках.

 Voiteh01

Ну, а чацвёрты – гэта кухарскі каўпак, які я пакінуў у Докшыцах.

 Voiteh02

- Пасля столькіх гадоў служэння – пераезд у Маладечна на новае месца. Як Вам у нас?

- Прыехаў я ў Маладзечна ў лютым гэтага года. Пачаў у нейкім сэнсе жыць ад нуля. Гэта звязана з шуканнем свайго месца ў новым асяроддзі. Думаю для мяне гэта карысна (усміхаецца). Тут у кляштары канкрэтнай паслугі не маю. Дапамагаю братам, чым магу і ўмею.

Voiteh09

Увогуле ў Маладзечне адчуваю сябе, як дома, бо тут побач мае браты. Сам факт, што маю супольнасць братоў, мяне вельмі узмацняе і радуе ў жыцці. Гэта мой дом. Калі я еду да бацькоў на радзіму, адведаць месца свайго дзяцінства, то таксама маю радасць у сэрцы. Але прыходзіць момант, калі мне гэтага ўжо дастаткова, і я хачу вярнуцца дадому, дзе мая сапраўдная сям’я. Я нават трошкі пажартую: калі вяртаюся сюды ў Беларусь і ўвечары кладуся спаць, то пішу сваім бацькам, што няма лепшага месца, чым мой ложак (смяецца).

Адаптаваўся я дастаткова хутка, бо для мяне няма праблемы наладзіць кантакт з людзьмі.

Ужо і тут (па просьбе нашых прыхажанак) мне давялося арганізаваць майстар-клас па выпечцы хлеба. Гэта добрая справа, якую я працягваю далей на новым месцы.

Voiteh22
 Voiteh31

- Якія словы Вы хацелі б скіраваць да нашых парафіян?

- Будзьце, як цукеркі!

Хутка свята Божага Нараджэння. Сваіх родных і блізкіх хочацца пачаставаць нечым незвычайным, таму брат Войцех з задавальненнем падзяліўся рэцэптам смачнага кекса.

Voiteh14

Дзякуем брату Войцеху за размову, за адкрытае сэрца, за пазітыўны погляд на жыццё. Магчыма, новае месца служэння тут, у нашай парафіі, стане для брата фундаментам для адкрыцця сваіх новых здольнасцей. Жадаем, каб Дух Святы натхняў і надалей несці людзям дабро і радасць, і дзяліцца тым, што брат умее сам.

Тэкст і апрацоўка: Алёна Арлоўская
Фота: з асабістага архіва бр.Войцеха Врублеўскага,
Алёна Арлоўская