Skip to main content

Адвэнтавыя рэкалекцыі ў нашай парафіі правёў бр. Андрэй Буко OFMConv.

| Падзеі »

У гэтым годзе адвэнтавыя рэкалекцыі ў нашай парафіі адбыліся 12-14 снежня. Іх правёў францішканін з Санкт-Пецярбургу бр. Андрэй Буко OFMConv.

 12.12.2025 recal ABuko01

Выклікала здзіўленне чыстая беларуская мова брата Андрэя. Аказалася, што ён мае беларускія карані: “Мае бацькі паходзяць з Беларусі, з Глыбоччыны, з в. Мосар. У 70-я гады яны пераехалі ў Вільню, і я нарадзіўся ўжо там. У сям’і па-беларуску размаўляў толькі з бабуляй і дзядуляй, бо на Глыбоччыне размаўляюць менавіта па-беларуску. Дома з бацькамі размаўляў па-руску, у школе – па-літоўску, у касцёле - па-польску. Да таго ж я вучыўся 3 гады ў Мінску: у 16 гадоў паступіў у мастацкі на спецыяльнасць станкавы жывапіс, а потым - у мастацкую акадэмію. Але не давучыўся. Пасля першага курса захацелася да закону. Пасля таго, як прыйшоў у кляштар, мяне адправілі ў праваслаўны інстытут вучыцца іканапісу”. У Беларусі можна пабачыць абразы, якія пісаў бр. Андрэй. Напрыклад, шэраг абразоў у Івянецкім францішканскім касцёле (бл. Герман і Ахілес, св. Антоні, св. Францішак, св. Максімільян, св. Юзаф, Маці Божая). Ёсць таксама абразы і ў кляштары сясцёр Місіянерак Святой Сям’і ў Баранавічах. З нашым горадам у святара таксама існуе сувязь: “Цяперашні мой візіт у Маладзечна ўжо другі. Першы быў у 1997 годзе, і той час аказаўся важным для распазнання майго паклікання”.

Рэкалекцыйная навука была вельмі насычаная. Але няшмат знойдзецца чалавек, якія наведалі касцёл у пятніцу і суботу як раніцай, так і ўвечары. Таму ёсць сэнс пазнаёміцца з асноўнымі тэзісамі, змешчанымі ніжэй.

 

Дзень 1. Пятніца, 12 снежня 2025.

Раніца. Урокі Марыі.

У гэты дзень Касцёл дае магчымасць успомніць Маці Божую падчас яе аб’яўленняў у Гвадэлупе.
Святар нагадаў гісторыю індзейца Хуана Дыега, якому ў 1531 г. аб’явілася Маці Божая і загадала перадаць мясцоваму біскупу, каб ён пабудаваў на гэтым месцы касцёл. Паколькі біскуп запатрабаваў знак ад Маці Божай, для пацвярджэнне Яе слоў яна сказала перадаць яму іспанскія ружы, якія у снежні, калі ім не быў час расці, нечакана расквітнелі на месцы аб’яўлення. На плашчы, у які Хуан Дыега склаў ружы, біскуп убачыў цудоўным чынам з’явіўшыся вобраз Марыі, цяпер добра вядомы. Пасля таго, як быў збудаваны невялічкі касцёл, а ў ім змешчаны цудоўны абраз, пачаліся цуды.

2019 03 28 allatravesticom

Тое, што не ўдавалася шматлікім прапаведнікам, лёгка ўдалося Божай Маці. За некалькі гадоў было ахрышчана каля 8 мільёнаў чалавек. “Для Маці Божай няма перашкодаў і межаў. Яна шукае толькі хаця б адну такую душу, якая даверыцца Ёй з усёй прастатой і поўным адданнем. Каб атрымаць удзел у збаўленні, нам патрэбна Марыя, як маці нашай веры,” зазначыў бр. Андрэй і прапанаваў некалькі высноў, якія мы можам прыняць да сябе ад Марыі.

• Вера ветхага чалавека такая, што нам здаецца, што Бога можа спаткаць толькі вельмі святы чалавек ў нейкім святым месцы. Захарыя, святар і праведны чалавек, атрымаў звеставанне аб нараджэнні Яна Хрысціцеля ў самым святым для габрэя месцы: у самай святой частцы храма ў святым горадзе на святой гары. І … засумняваўся. А Божая Маці прыняла вестку Анёла Габрыэля ў Галілеі, якую называлі паганскай, у мястэчку Назарэт, пра які некалі ап. Натанаіл сказаў “Што можа быць добрага з Назарэту?”, у звычайнай хатцы. Падобна, як у згаданай гісторыі беднага і простага індзейца, які паверыў, і біскупа, які сумняваўся. Праз гэта Бог хоча паказаць, што можна жыць у доме Божым і быць далёкім ад Бога, а можна быць у свецкім месцы і быць ахопленым Божай ласкай. Божая ласка можа агарнуць нас у любым месцы, у любы момант, асабліва калі мы ў роспачы і не ведаем, што рабіць.

• Калі Захарыя дае Богу адказ, ён запатрабуе знак, гарантыі: “Па чым я пазнаю гэта?” А Марыя пытаецца: “Як гэта адбудзецца?” Яна не мела сумнення, што гэта адбудзецца, але хацела ведаць, як ёй гэта лепш выканаць. Яе сэрца гатовае прыняць і споўніць Божую волю.

• Марыя пачула ад Анёла пра цяжарнасць Альжбеты і паспяшыла з дапамогай. Яна вучыць нас з клопатам ставіцца да бліжніх, умець заўважыць патрэбу і дапамагчы, не чакаючы, калі папросяць. Калі любіш, то не трэба шмат слоў, бо ты бачыш патрэбу.

• Марыя хоча паслужыць менавіта справай, не проста падтрымаць словам.

• Марыя заўсёды прыносіць надзею і радасць з таго, што ў нашых патрэбах з намі Бог.

• Яе пяшчотная любоў не робіць дыстанцыі.

• Марыя складала словы Пана ў сваім сэрцы, разважала і імкнулася уважліва распазнаваць дзеянне Бога ў штодзённасці.

Будзем прасіць Яе, каб яна дапамагала нам ў нашых патрэбах, каб і мы змаглі распазнаць, прыняць і выканаць Божую волю.

 

Вечар. У чым наш пост?

“Вучні Янавы прыйшлі да Яго і сказалі: «Чаму мы і фарысеі посцім шмат, а Твае вучні не посцяць?»“ (Мц 9, 14).
Мы ў каталіцкім Касцёле не так аж моцна посцім, асабліва ў час Адвенту. У чым наш пост?

Пост: звычай ці новая моц?

Ніхто не прышывае латы з нябеленага палатна да старой вопраткі, бо прышытае рве вопратку, і дзіра робіцца яшчэ горшай. Не ўліваюць таксама маладое віно ў старыя мяхі. Інакш разрываюцца мяхі, і віно выліваецца, і мяхі прападаюць. Але маладое віно ўліваюць у новыя мяхі, тады захоўваецца і тое, і другое” (Мц 9, 16-17).

Час рэкалекцый – гэта час, каб сапаставіць сябе з маладым віном, новай вопраткай, з навізной і моцай.

У нас ёсць упартыя звычкі. Некаторыя мы называем традыцыямі і стараемся захоўваць. Аднак некалі Папа Грыгорый Вялікі падкрэсліў, што Езус не казаў “Імя мне Звычай”, але “Я Праўда”.

У кожным з нас жыве ветхі чалавек - чалавек Старога Запавету. І ён у нас ужо такі патрапаны і разадраны, як гэтая старая вопратка. Галоўнае, што нас заўсёды раздзірае – гэта грэх. Ён надае ветхасць. Калі мы хочам зноў стаць нечым цэлым, адзіным, нам недастаткова ўзяць толькі нейкую частку вучэння Хрыста, тое, што больш пасуе, і прыляпіць да сябе як заплатку. Нам трэба стаць новым стварэннем.

vino

Мы ведаем, што калі маладое віно замкнуць у бутэльцы, яно можа яе разарваць. Такое маладое віно, моц, якую дае нам Езус, – гэта Эўхарыстыя, у якой Езус прысутны сярод нас. А ў прысутнасці Жаніха мы не можам пасціцца: “Ці могуць быць у жалобе госці на вяселлі, пакуль з імі жаніх? Але прыйдуць дні, калі будзе забраны ад іх жаніх, і тады будуць пасціць” (Мц 9, 15). 

Пост у нашым свеце.

У кожнага з нас ёсць патрэбы: ежа, сон, адчуванне шчасця... І мы маем права на тое, каб іх задавальняць. І часам мы так падыходзім і да Эўхарыстыі – як да таго, што нам належыць, на што маем права. Прымаем яе, як гамбургер. У сучасным свеце цяжка гаварыць аб аскезе, складана даць адчуць яе сціпласць. Найчасцей альбо зусім яе адкідаем, альбо яна зыходзіць да якойсьці дыеты. Папа Бенедыкт XVI некалі заўважыў, што мы згубілі духоўнае значэнне посту. Сэнс яго ў тым свяце, да якога імкнемся. Цяпер мы хочам перажыць таямніцу ўцелаўлення Бога на зямлі. Адзін з сэнсаў посту фарысеяў быў у тым, каб прыспешыць прыйсце Хрыста. Аднак далёка не ўсе яны заўважылі тое, што гэта споўнілася. Таму мы павінны так перажыць гэты час, каб не прапусціць момант, калі Ён прыйдзе адведаць нашу душу.

Яшчэ адна задача посту – выхаваць пачуццё супольнасці, салідарнасці, калі мы яднаемся ў пакутнай практыцы дзеля якойсьці адзінай інтэнцыі (напрыклад, у інтэнцыі міру па просьбе Папы), а не толькі перажываць пост як экспіяцыю (кампенсацыю) за свой уласны грэх. Можа ўзнікнуць пытанне: “Чаму я мушу браць адказнасць за чыйсьці грэх?” Але такая логіка супярэчыць логіцы збаўлення, бо Хрыстус захацеў быць салідарным з намі і прыняў нашыя грахі на Сябе. Мы складаем адзінае Цела Хрыстова. Як грэх аднаго чалавека ўплывае на ўсю супольнасць, раніць усё Цела, так і наша еднасць аздараўляе ўсё Цела.

Нам патрэбны такі час, калі мы маглі б нанова адкрыць, што у нашым жыцці самае галоўнае. Нават любоў маці да дзяцей, любоў да жыцця не павінна быць вышэй любові да Бога. Калі ў сваім жыцці мы правільна расстаўляем прыярытэты – гэта азначае, што мы хвалім Бога. У габрэйскай мове “хваліць” мае таксама значэнне “надаваць вагу, важнасць”. Бог – гэта той, хто мае для мяне найбольшую вагу.

Важны момант посту – міласціна. Гэта не штосьці факультатыўнае, але гэта наш доўг, які павінны аддаць – штосьці, чым можам падзяліцца. Кожны павінен знайсці ў сябе гэтую міласэрнасць. Таксама міласцінай з’яўляецца прабачэнне граху. Я сам, як жабрак, прашу ў Бога прабачэння. І той, хто дасведчыў у жыцці прабачэння, таксама можа падзяліцца гэтым.

Мы павінны падчас посту аддаць хвалу Богу і асвяціць гэты час такім чынам, якім вырашым.

 

Дзень 2. Субота, 13 снежня 2025 г.

Рараты. Алей веры.

У гэты дзень Касцёл успамінае св. Люцыю, дзеву і мучаніцу 5 ст. з Італіі, з Сіракузаў. Яна хацела аддаць сваё жыццё Богу і адмовілася выходзіць замуж. Адкінуты жаніх напісаў на яе данос як на хрысціянку. Пасля таго, як яна не згадзілася адрачыся ад веры і скласці ахвяру язычніцкім багам, яе падвергнулі жорсткім катаванням і забілі. На абразах св. Люцыю часта малююць з ліхтарыкам ці свечкай, бо яе імя перакладаецца з лацінскай мовы, як “святло”. Але таксама ліхтар - сімвал яе моцнай веры.

Светачы, якія прыносім на Рараты, або запальваем дома, таксама сімвалізуюць нашу веру.

 12.12.2025 recal ABuko03

Як агонь асвятляе цемру, абагравае, выпальвае бруд і ачышчае, так і агенчык нашай веры мусіць мець падобныя ўласцівасці. Дзякуючы нашай веры, павінна станавіцца святлей і ясней усім, хто побач. Тым, хто мае сумненні, наша вера можа дапамагчы знайсці святло Хрыста. Агенчык веры дапамагае нам станавіцца лепшымі, дапамагае ачышчаць ад граху. Таксама каля нашага агенчыка веры іншым не будзе так сцюдзёна ад недахопу любові.

 12.12.2025 recal ABuko09

Яшчэ адна цікавая ўласцівасць агню ў тым, што калі ім дзяліцца, ён памнажаецца. Калі ад свечкі запаліць іншыя свечкі, агню становіцца не менш, а больш. Гэтак і агонь веры дапамагае нам ўзаемна нашу веру перадаваць, памнажаць і захоўваць.

Святар нагадаў, што пламенчык можа існаваць наогул толькі тады, калі будзе для яго паліва (напрыклад, алей або воск) і кісларод. А агеньчыку нашай веры для існавання патрэбны Дух Святы. Таму важна прасіць Бога, каб падтрымліваў і ўзмацняў нашу веру і дапамог захаваць гэты пламень аж да свайго прыйсця.

 12.12.2025recal ABuko15

Многія ў гэтую раніцу прынеслі ў свае дамы, школы і на працу папяровыя агенчыкі, якія раздаў а. Андрэй як напамін і бачны знак нябачнага агню нашых сэрцаў.

 12.12.2025recal ABuko16

 

Вечар. Як маліцца лепш?

Малітва – гэта заўсёды сустрэча асобаў: я з Ім, а яшчэ больш Ён са мной. Для сапраўднай малітвы нам патрэбна вера, бо мы не бачым Бога. Вера - гэта не светапогляд, не этычная сістэма, не сацыяльная прыналежнасць, не культурная і не палітычная з’ява. Вера – гэта спатканне з Асобай. Калі няма спаткання, гэта будзе размова з самім сабой. Тады чалавек канцэнтруецца на сабе і ў сваёй свядомасці. Мы круцімся вакол уласных думак і праблемаў. А малітва як раз павінна стаць пераадоленнем турмы, якой мы самі для сябе з’яўляемся.

Памеры ў малітве, якія надаюць ёй глыбіню і спрыяюць спатканню з Богам:

Усведамленне прысутнасці Бога. Няма такога месца і моманту жыцця, дзе не было б Бога, у якім бы Ён мяне не бачыў. Часам нам бывае няёмка ад гэтага ўсведамлення, асабліва ў якіясьці інтымныя моманты, калі мы і самі сябе не да канца прымаем.

Давер да Бога. Як давяраць Богу, калі столькі маіх просьбаў не было пачута? Часам мы хочам таго, што можа быць для нас згубным. Але і ў добрых справах сутыкаемся з цішай. Часам мы думаем, што тое, аб чым просім, не вельмі падабаецца Богу, а тое, што хоча Ён (як нам здаецца), не вельмі падабаецца нам. Мы можам лічыць, што воля Божая ў тым, каб чалавек цярпеў, нёс свой крыж, пакутаваў. Гэта не так. Адзіная воля Божая, у якой мы можам быць упэўнены, ёсць у тым, што Ён хоча нас збавіць. Калі Яму сапраўды давяраем, то ўсё, што нас спасылаецца, зможа прывесці да збаўлення.

Час на малітву, настойлівасць. Варта не шкадаваць час для Бога, як для найлепшага сябра. Калі мы паразмаўлялі з кімсьці дарагім, няхай нават аб розных глупствах за гарбатай, то мы не лічым час змарнаваным. А Бог хоча стаць для нас дарагім. Увесь час, які мы не пашкадавалі для Бога, -- не страчаны. Ён падораны найлепшаму Сябру. Добра пабыць з Богам у цішы, хвілін 15. Богу падабаецца настойлівасць у малітве, нават нагласць. Бог не баіцца параўнаць сябе ні з неправедным суддзёй (Лк 18, 1-8), ні з сябрам, які не хоча адклікнуцца (Лк 11, 5-8). Ён хоча дабіцца такой глыбіні веры, калі чалавек будзе ўпэўнены, што Бог не адмовіць, бо Ён Сябра.

Пастава дзіцяці. Дзіця ведае, што ўсё, што ў яго ёсць, яму дадзена. І тое, што яму патрэбна, дадуць бацькі. Пастава дзіцяці ў адносінах да Бога – гэта ўспрымаць Бога як Айца, які хоча даць тое, што нам патрэбна, хоча нас адорваць, ён успрымае нас як сваіх дзяцей. Пастава дарослага чалавека іншая. Ён прывык, што на ўсё трэба запрацаваць, а калі пазычыш, то трэба вярнуць з працэнтамі. Такі ўзаемаразлік дарослы пераносіць і на адносіны з Богам. Я табе ружанец, а Ты мне ласку. Я буду штодня ў касцёл прыходзіць увесь Адвэнт, а Ты мне тое ці іншае.

Міласэрнасць. Бог чакае, каб дапоўнілася лічба тых, хто пераменіць сваю малітву са скаргі на міласэрнасць, каб з’явіліся тыя, якія будуць прасіць не столькі аб справядлівасці, колькі аб прабачэнні. “Кроў Хрыста ўзывае лепш, чым кроў Авеля”, бо Кроў Авеля ўсклікала да Бога аб помсце, а Хрыстос – аб прабачэнні.

 

Дзень 3. Нядзеля, 14 снежня 2025 г. Як жыць, каб быць больш радасным і шчаслівым.

Напэўна, няма такога чалавека, які б не задаваў сабе пытанні наконт свайго жыцця. І сапраўды, іх варта сабе задаваць.

Чаго я жадаю ад жыцця? Ці хачу зрабіць штосьці вартаснае?

Я займаюся пэўнай справай таму, што абавязаны, ці таму, што хачу?

Ці ўмею радавацца сённяшняму дню? Ці ўмею цешыцца з прыгажосці зорак, кветак?

Ці здольны спачуваць?

 12.12.2025recal ABuko24

У кожнага з нас ёсць звычкі – добрыя (зрабіць знак крыжа перад ежай, маліцца штодня, чысціць зубы, г.д.) і дрэнныя (курыць, забываць памаліцца, забываць падзякаваць). Падчас посту варта звяртаць увагу не толькі на барацьбу са сваімі дрэннымі прызвычаеннямі, але на тое, каб выпрацаваць у сабе добрыя звычкі на далейшае жыццё. Адна жанчына пастанавіла на час посту, што будзе штодня знаходзіць добрую рысу ў сваім мужу. Яе хапіла на 3 дні. На чацвёрты яна думала, што ўжо не знойдзе, але нечакана заўважыла. На пяты дзень яна ўбачыла, што ўжо прызвычаілася глядзець на мужа, шукаючы добрыя рысы. З цягам часу яе стаўленне да мужа змянілася і нават адносіны ў сям’і сталі лягчэйшымі.

Напрыканцы рэкалекцый святар падзяліўся парадамі, якімі варта карыстацца не толькі ў Адвэнт, але праз усё жыццё:

1) Будзь сабе сябрам, а не крытыкам. Крытык судзіць, і гэта прыгнятае. А сябра прымае такім, які я ёсць, стараецца зразумець мае абмежаванні. Варта клапаціцца аб тым, каб усё тое добрае, што ўва мне ёсць, можна рэалізаваць у межах дазволенага. Заданне: зрабіць спіс сваіх добрых якасцяў, спіс абмежаванняў і спіс патрэбаў (ці дастаткова сплю, ем, адпачываю, ці ёсць час на цішыню, малітву).

 12.12.2025recal ABuko23

2) Будзь сабе гаспадаром, а не абвінаваўцам. Гаспадар бярэ адказнасць за свае справы. Ён бачыць патрэбу і згодна з ёй робіць. Чын, а не рэакцыя. Тыя, хто вінавацяць, заўсёды перакладваюць віну на іншых.

3) Не затрымлівай у сабе, а дзяліся. Мы хворыя настолькі, наколькі мы скрытныя.

4) Прабачай крыўды. Найвярнейшы шлях стаць нявольнікам – крыўда. Прабачэнне вызваляе мяне самога.

5) Радуйся жыццю, а не толькі цярпі яго. Заданне: зрабіць спіс рэчаў, якія сёння прынеслі мне радасць (гукі музыкі, смех дзіцяці, кветка, г.д.). Калі нічога не парадавала, значыць я не быў пільным і не заўважыў. Мы часта настолькі скупленыя на няшчасцях, што не бачым той прыгажосці вакол нас, якую стварыў Бог.

6) Памясці малітву ў цэнтральнае месца нашага жыцця. Цяжэй за ўсё перажываць жыццё ў самотнасці. А калі ва ўсе справы ўплецена малітва, то ўжо не скажам “я”, але “мы”: “Мы з Богам гэта пераадолеем”.
“Благаслаўлёны той, хто не будзе сумнявацца ўва мне” (Лк 7, 23). “Я прыйшоў, каб мелі жыццё і мелі ў дастатку” (Ян 10, 10).

“Да такога жыцця паклікаў нас Бог, - падагульніў бр. Андрэй. - Будзем Яму за гэта ўдзячныя. Амэн”.

 12.12.2025recal ABuko29

Шчыра дзякуем брату Андрэю Буко за час, праведзены ў нашай парафіі, за рэкалекцыйную навуку і сустрэчы з супольнасцямі. Няхай Пан Бог узгадуе пасеянае зерне і дапаможа крочыць гэтым шляхам “шчаслівага хрысціянства”.

 Тэкст, фота: Кацярына Савянок