Skip to main content

“Шануй чужое аж да пакланення, сваё любі да самазабыцця”: пілігрымка па святынях Налібоцкага краю і Смаргоншчыны

| Падзеі »

“Шукайце Госпада і магутнасці Яго,
аблічча Яго шукайце заўсёды”.
(Псальм 104:4)

Гэты біблейскі заклік стаў дэвізам нашай чарговай паломніцкай паездкі. Кожная такая вандроўка – гэта не толькі перамяшчэнне ў прасторы, але і падарожжа ў глыбіню часу, да каранёў уласнай ідэнтычнасці, пошук Бога ў гісторыі нашай зямлі.

 29.11.2025Valozyn28

29 лістапада 2025 г. адбылася чарговая, ужо чацвертая, вандроўка-пілігрымка па цудоўнейшых мясцінах Налібоцкага краю і Смаргоншчыны: Валожын – Вішнева – Багданава – Гальшаны – Баруны – Крэва – Смаргонь.
Гэта падарожжа, якое ўжо стала добрай традыцыяй для парафіі святога Казіміра, аказалася асаблівым – яно было поўнае кантрастаў: ад асяроддзя духоўнай вучонасці да містычных руін, ад велічных барочных храмаў да сціпых крынічак, дзе вера б’ецца жывым струменем.

Валожын: гісторыя гаворыць шэпатам вуліц

Вандроўка пачалася з наведвання Валожына, горада са статусам “гістарычнага месца”. Яго цэнтральная плошча – гэта адкрыты падручнік архітэктуры. З якога з боку ні пад’язджаеш да Валожына перш за ўсё бачыш на гары пануючы ў панараме горада прамавугольны будынак касцёла св. Юзафа, які нагадвае антычны храм. 

 29.11.2025Valozyn01

Вядомы польска-беларускі паэт і краязнавец Уладзіслаў Сыракомля, характарызуючы валожынскі касцёл, пісаў: “Над прысадзістым мястэчкам, якое, здаецца, ўпала на калені перад веліччу касцёла, свецяць цудоўныя “муры” храма. Гэтая святыня ў гусце ХVІІІ стагоддзя, калі алоўкам архітэктара кіравала не пабожнасць, а захапленне грэцкай прыгажосцю”.

Касцёл святога Юзафа, пабудаваны ў 1803-1816 гадах у стылі позняга класіцызму, сурова і вытанчана ўзвышаецца над плошчай. Яго строгія формы і шэсць магутных калон з Усёбачным вокам на франтоне сімвалізуюць тую эпоху. А брама-званіца дапаўняе архітэктурную кампазіцыю ансамбля, дублюючы рысы касцёла. Само памяшканне храма вельмі прасторнае і цікавае. Вельмі ўразіў кожнага з прысутных незвычайны алтар Пана Езуса церпячага, які ўкаранаваны цярновай каронай і знаходзіцца за кратамі. Па словах пробашча ксяндза Валянціна Станкевіча, такая выява, практычна адзіная, аналаг ёй ёсць толькі яшчэ ў адным касцёле Беларусі.

 29.11.2025Valozyn02

Пазнаёміўшыся з гісторыяй храма і яго алтарамі, абразамі, мы спусціліся ў крыпту – родавую пахавальню Тышкевічаў, дзе першым быў пахаваны Юзаф Тышкевіч – першы ўладальнік Валожына з гэтага роду і фундатар гэтага касцёла.

Побач з касёлам, у стане самотнай прыгажосці, знаходзяцца рэшткі палаца Тышкевічаў. У XIX стагоддзі гэты палацава-паркавы ансамбль быў цэнтрам культурнага жыцця. Цяпер, гледзячы на гэтыя сцены, можна толькі ўяўляць, якія балы і інтэлектуальныя дыспуты яны бачылі…

Сапраўдным духоўным асяродкам, які праславіў Валожын у свой час на ўсю Еўропу, была іешыва – вышэйшая яўрэйская духоўная вучэльня. Яе часта называлі “літоўскім Ешыботам” і лічылі “кузняй” вядучых рабінаў. Тут вучыліся больш за 400 студэнтаў з Расіі, Англіі, Сірыі, ЗША, Ізраіля, Аўстраліі і іншых краін. З іх 37 у розны час і ў розных краінах займалі пасады галоўных рабінаў.

 29.11.2025Valozyn03

А мы падчас экскурсіі па цяперашнім музеі, змаглі пачуць яшчэ шмат цікавага з жыцця яўрэйскага насельніцтва Валожыншчыны і не толькі.

 29.11.2025Valozyn04
 29.11.2025Valozyn05

Стоячы на гэтай зямлі, адчуваеш, што паветра тут напоўнена эхам старажытных малітваў і інтэлектуальных пошукаў, і адразу прыходзяць на памяць словы з Кнігі Прыпавесцей: “Ушаноўвай Госпада ад усёй маёмасці тваёй і ад пачаткаў усіх пладоў тваіх” (Прыпавесці 3:9). Менавіта ўшаноўванне Бога праз веды і мудрасць было фундаментам гэтага месца. Гэта – магутны прыклад талерантнасці і багацця культурнай разнастайнасці Беларусі.

Вось такі незвычайны пачатак нашага дня! А мы едзем далей.

 

Вішнева: скарбонка беларускага духу

Атмасфера Вішнева – гэта суцэльная паэма. Тут кожны каменьчак прасякнуты гісторыяй. А якія імёны?! Вы толькі задумайцеся: кс. Станіслаў Міхальскі, кс. Уладзіслаў Чарняўскі МІС, Канстанцыя Буйло, Пятро Бітэль… І толькі нешматлікія ведаюць, што з гісторыяй гэтага мястэчка звязаны таксама імёны Сымона Буднага, кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага, жонкі Янкі Купалы – Уладзіславы Луцэвіч (Станкевіч). А яшчэ вёска Вішнева – малая радзіма дзявятага прэзідэнта Ізраіля, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Шымона Перэса. Як жа пашанцавала жыхарам вішнеўскай зямлі мець такіх цудоўных людзей?!

Найвялікшым адкрыццём стаў для нас музей ксяндза Уладзіслава Чарняўскага, які ўзнік, дзякуючы ініцыятыве, намаганням і альтруізму настаўніцы мясцовай школы Тарэсы Бітэль. Лічу, што імя ксяндза Чарняўскага павінен ведаць кожны сапраўдны католік. Гэты святар-патрыёт зрабіў тое, што многім здавалася немагчымым: з дабраслаўлення Папы Рымскага Паўла VI пераклаў на жывую беларускую мову Біблію і Катэхізіс. Яго праца – гэта не проста пераклад, а духоўны ўчынак. Ён увасобіў у жыццё словы Апостала Паўла: “...Чытаючы тое, можаце зразумець маё разуменне таямніцы Хрыста” (Эфесцаў 3:4). Чарняўскі дапамог беларусам зразумець Слова Божае на роднай мове, зрабіўшы яго сапраўды блізкім і даступным сэрцу.

 29.11.2025Valozyn06

Амаль 50 гадоў свайго жыцця святар аддаў служэнню мясцовым вернікам. І так важна, што памяць пра такіх людзей не памірае, а працягвае жыць у сэрцах людзей і надалей. І важна, што на свеце ёсць такія неабыякавыя людзі, як паважаная спадарыня Тарэса! Бачна, наколькі дарагі ёй кс. Уладзіслаў і наколькі важна, што памяць пра яго жыве і распаўсюджваецца сярод беларусаў. Заахвочваем усіх, хто яшчэ не бываў у гэтым музеі, наведаць яго і ўшанаваць памяць вішнеўскага Святара.

 29.11.2025Valozyn07
 29.11.2025Valozyn08
 29.11.2025Valozyn09

А мы працягнем свой шлях у касцёл Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, пабудаваны яшчэ ў 1637 годзе, які сам па сабе з’яўляецца сведчаннем складанай гісторыі рэгіёна. Пілігрымы таксама дакрануліся да гэтай гісторыі, пачулі пра жыццё святыні, яе святароў і фундатараў, даведаліся пра таямніцы і загадкі храма, а таксама сумесна з мясцовым профашчам ксяндзом Юзафам Мельдзюком узнеслі свае просьбы-малітвы да Маці Божай Вішнеўскай, якая здаўна славіцца сваімі цудамі…

 29.11.2025Valozyn10

Але сэрцам Вішнева, на маю думку, з’яўляецца невялічкі ўзгорак з Крыжовым шляхах і святой крынічкай і Божай Маці, Якая чакае кожнага з нас... Ля крынічкі, паводле падання, і з’явілася Божая Маці. Мы, як і тысячы паломнікаў да нас, набралі тут вады, якая лічыцца цудатворнай, адчуваючы асаблівую ласкавасць і цішу гэтага месца. Успомніліся словы Збавіцеля: “…а хто нап’ецца вады, якую Я яму дам, ужо не будзе смагнуць навекі, але вада, якую Я яму дам, станецца ў ім крыніцай вады, што бруіцца ў жыццё вечнае” (Яна 4:14). Гэтая крынічка – фізічнае ўвасабленне жывой веры.

Накіроўваемся да брамы-званіцы, якая каля сябе прытуліла святароў і фундатараў вішнеўскага касцёла.
Пяць помнікаў і пахаванняў… У старажытнасці помнікі над магіламі мучанікаў называлі грэчаскім словам “трафей”. Яны нагадвалі пра духоўную перамогу хрысціян, якія засталіся вернымі вучнямі Хрыста нават перад абліччам смерці. Трафеі часта станавіліся мэтай пілігрымак. Вернікі прыходзілі да іх са сваімі малітвамі.
Ля касцёла ў Вішнева таксама ёсць надмагільныя помнікі, якія можна назваць трафеем. Адзін з іх узвышаецца над магілай ксяндза Станіслава Міхальскага SJ. Адразу перад вачамі пранеслася ўся гісторыя жыцця і служэння ксяндза Станіслава, езуіта, добрага пастыра, які аддаў жыццё за сваіх авечак.

 29.11.2025Valozyn11

З гэтым месцам звязана адна вельмі прыгожая традыцыя. Як першыя хрысціяне прыходзілі да магіл мучанікаў за сваімі просьбамі, так і сёння ля магілы ксяндза Міхальскага збіраюцца людзі і моляцца аб новых пакліканнях – аб мужных, самаахвярных пастырах для нашай краіны, такіх якім быў ксёндз Станіслаў Міхальскі. Мы таксама не засталіся ў баку ад гэтай традыцыі, узгадаўшы напачатку неверагодную гісторыю святарскага паклікання ксяндза Артура Ляшнеўскага SDB са Смаргоні, памаліліся за спачылых і ўзнеслі свае просьбы аб новых святарскіх і манаскіх пакліканнях. Малітва заўсёды творыць цуды! Галоўнае маліцца з верай і надзеяй! Такія неверагодныя эмоцыі і пачуцці ўзніклі… Я ўпэўнена, што гісторыя жыцця ксяндзоў Станіслава і Уладзіслава не пакінала абыякавым ні аднаго з нашых пілігрымаў!

Люблю наш край, старонку гэту…
Люблю народ наш беларускі…
І песню родную люблю я…
Мне тут усё для сэрца міла… (К. Буйло)

 

Багданава: архітэктурная загадка

Далей дарога прывяла нас у вёску Багданава, дзе нас чакала сапраўднае архітэктурнае дзіва – касцёл святога Арханёла Міхала. Яго архітэктура стварае ўражанне казачнага замка. Гэта не храм-крэпасць, а храм-мроя. Яго чароўная веліч сведчыць аб тым, што шлях да Бога можа быць індывідуальным і творчым. Ён нагадвае пра іншы храм, нерукатворны: “Бо мы ў Ім жывём, рухаемся ды існуем…” (Дзеі Апосталаў 17:28). Гэты касцёл – смелы чалавечы адказ на Боскую інакшасць, спроба ўвасобіць у камені і цэгле неверагодную шматграннасць Творцы.
Аднак гісторыя гэтага касцёла набывае асаблівую глыбіню, калі мы згадваем імя выбітнага беларускага і польскага мастака Фердынанда Рушчыца (1870-1936), вядомага сваімі пейзажамі і меладраматычным настроем. Маёнтак Багданава належаў яго сям’і, і для маладога мастака гэтыя мясціны сталі радзімай душы, а для яго роду касцёл стаў сямейнай каштоўнасцю і апорай.

 29.11.2025Valozyn12

Але, напэўна, самая важная роля сям’і Рушчыцаў у лёсе святыні разгарнулася ў нашы дні. Пасля доўгіх дзясяцігоддзяў занядбання, калі храм быў спачатку знішчаны, потым адроджаны, зноў зачынены, але, нарэшце, выратаваны ад поўнага знікнення. Сёння ён стаіць не проста як помнік архітэктуры, але і як увасабленне жывой сямейнай пераемнасці і вернасці малой радзіме. Гэта сведчанне таго, што храм – гэта не толькі муры, але і “…жывыя камяні…” (1 Пётр 2:5) – лёсы і ахвяры людзей, якія яго будавалі, маліліся ў ім і адраджалі яго з руін. Сям’я Рушчыцаў, неабыякавыя вернікі і святары прынеслі Багданаву свой найвялікшы дар: вярнулі яму яго духоўнае сэрца, ператварыўшы касцёл у своеасаблівы мемарыял – мастацкую і духоўную спадчыну. І так прыемна назіраць, што касцёл жыве і развіваецца, а таксама мае добрых пастыраў. Вельмі радасна было сустрэць ксяндза Андрэя Яркаўца, які ведае гісторыю сваёй святыню і з любоўю распавядае пра яе гасцям.

 29.11.2025Valozyn13

Сёння Багданава – невялікі населены пункт – з’яўляецца месцам прыцягнення не толькі турыстаў, але і паломнікаў з усіх куткоў Беларусі. Пабудаваны на гэтай зямлі ў 1996 і адрэстаўраваны ў 2016-2017 гг. храм называюць сапраўдным творам мастацтва. А чаго варты словы на вежы-званіцы: “Заўтра здарыцца цуд!”; і помнік славутаму мастаку?! Гэта варта бачыць! Мы ўсе ў чаканні чудаў… І яны будуць! Абавязкова! У кожнага!

 29.11.2025Valozyn14

 

Гальшаны: царства ценяў і легенд

А мы пераносімся ў свет фантастычнага апавядання Уладзіміра Караткевіча “Чорны замак Альшанскі”! Гальшаны – адно з самых містычных месцаў Беларусі. Руіны замка Сапегаў зачароўваюць сваёй прыгажосцю. Гэтыя паўразбураныя сцены, авеяныя прывідамі легендаў, прымушаюць задумацца пра часовасць усяго зямнога. “Бо мы прах і попел” (Кніга Быцця 18:27), – гавораць яны, – але нават у руінах застаецца водбліск былой велічы, напамін пра чалавечую душу, якая імкнецца да вечнасці…

 29.11.2025Valozyn15
 29.11.2025Valozyn16

Ад нябеснага вяртаемся да зямнога – нас чакае смачны абед у кафэ з адпаведнай назвай “Замак”. А далей – чароўны комплекс францысканскага манастыра і касцёла Святога Яна Хрысціцеля. Сумесь святла і ценяў сярод старажытных муроў выклікае дзіўнае адчуванне: нібы трапляеш у прастору паміж сном і явай, дзе малітва “Божа, дай мне супакой” набывае асаблівую, глыбінную моц.

 29.11.2025Valozyn17
 29.11.2025Valozyn18

Але ўсе містычныя ўражанні былі перакрыты цёплай сустрэчай. У касцёле нас з неймавернай шчырасцю і ўздымам сустрэў мясцовы ксёндз – айцец Багуслаў Вуйтовіч OFMConv. Гэты чалавек не проста служыць у гэтым храме – ён ім жыве і гарыць сапраўднай любоўю, запальваючы ўсіх навакольных. Аповяд святара ператварыўся ў зачаравальную экскурсію, дзе кожны абраз, кожная скульптура, кожная фрэска на сценах храма набывалі асабістую гісторыю. Апроч містычнай аўры месца, мы адкрылі для сябе жывое сэрца Святара – поўнае веры, надзеі, дабрыні і міласэрнасці.

Айцец Багуслаў не толькі распавядаў, але і навучыў нас некалькім прыгожым духоўных спевам.

“Ubi Caritas et Amor, Deus ibi est!..”

“Там дзе ёсць любоў і дабрыня, там ёсць і Бог!..”

У выкананні айца Багуслава гэтыя мелодыі станавіліся малітвай, якая ішла ад самага сэрца. Нашы галасы зліваліся з голасам святара і, здаецца, хоры анёлаў нам падпявалі!.. Гэта было неверагодна!
Раставацца са святаром і з гэтым аазісам жывой веры сярод руін зусім не хацелася. Мы паабяцалі, што яшчэ не раз вернемся ў госці да айца ў гэтае намоленае месца, каб зноў адчуць гэтую ўнікальную сумесь гісторыі, таямніцы і непакорнай, радаснай пабожнасці, якую ён так дбайна захоўвае.

Там где есть любовь и доброта, там есть Бог!..

 

Баруны: суцяшэнне і надзея

Поўныя містычных уражанняў, мы знайшлі суцяшэнне і цеплыню ў мястэчку Баруны. Не, ў касцёле было вельмі холадна, але цеплыня ішла ад намоленасці гэтага месца. Мясцовы касцёл Святых Пятра і Паўла – сапраўдная духоўная крэпасць. Але галоўная яго пярліна – Цудатворны абраз Божай Маці Барунскай, Суцяшальніцы ўсіх засмучаных. Шматлікія сведчанні пра яго цудатворную сілу прыцягваюць сюды вялікую колькасць паломнікаў. Тут у поўнай меры спраўджваюцца запрашальныя словы Хрыста: “Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас” (Мацвея 11:28). Перад гэтым абразом тысячы сэрцаў знаходзілі гэты спакой і суцяшэнне. Асаблівыя пачуцці выклікае і невялікая капліца, дзе ў даўнія часы існавання базыльянскай школы маліліся студэнты. У гэтым храме мы сталі ўдзельнікамі святой Імшы. Малітва пад старажытнымі скляпеннямі храма, якому давялося служыць уніятам, праваслаўным і католікам, перад лікам Суцяшальніцы, аб’яднала ўсе нашы перажыванні за дзень у адну моцную, цёплую хвалю пабожнасці.

Дык чувайце ўвесь час і маліцеся, каб вы маглі пазбегнуць усяго таго, што павінна адбыцца, і стаць перад Сынам Чалавечым” (Лукі 21:36), – менавіта на гэтых словах засяродзіў увагу пілігрымаў наш святар – брат Андрэй Жылевіч OFMCap. Стоячы перад Маці Божай, мы асабліва востра адчулі глыбіню гэтага закліку. Бо гэты абраз – і ёсць адказ на запавет пільнаваць і маліцца. Як Марыя захавала ўсялякае слова ў сэрцы сваім (“І Ён пайшоў з імі, і прыйшоў у Назарэт, і быў паслухмяны ім. А Маці Яго захавала ўсе гэтыя словы ў сэрцы сваім”. Лк. 2:51), так і гэты абраз, захаваны на працягу стагоддзяў сярод віхураў гісторыі, стаў маўклівым, але магутным сведчаннем трывалай веры.

 29.11.2025Valozyn19

“Пазбегнуць” – гэта не азначае фізічна схавацца ад выпрабаванняў, гэта значыць знайсці такую ўнутраную крэпасць у Богу, такую духоўную цвярозасць, каб ніякія штормы свету не маглі пахіснуць спакой і надзею душы. І дзе, як не тут, у Барунах, перад Маці, якая ведае ўсе нашы смуткі, нам адкрываецца гэты шлях? Кожны храм на нашай дарозе быў як бы такім “пунктам пільнасці”, а Баруны сталі тым месцам, дзе ўсе гэтыя ніткі спляліся ў адну – у просты, дзіцячы пошук суцяшэння і абароны ў Божай Маці.

 29.11.2025Valozyn20
 29.11.2025Valozyn21

Пропаведзь у гэты момант дала адказ на пытанне, навошта мы едзем гэтымі шляхамі. Мы едзем, каб навучыцца гэтай пастаяннай малітве. Каб наш погляд, прызвычаены да штодзённасці, навучыўся бачыць Божы след у старажытным камені, у гісторыях людзей, у мастацтве і нават у руінах. Каб наша сэрца, якое часта бывае трывожным, навучылася знаходзіць спакой у пяшчотным позірку Суцяшальніцы. Мы едзем, каб не проста фізічна прысутнічаць, але духоўна ўзвысіцца, каб здабыць годнасць стаць перад Сынам Чалавечым…

 29.11.2025Valozyn22

Літанія да Маці Божай Барунскай разам з пробашчам ксяндзом Паўлам Паўлюкевічам пакінула цудоўныя ўражанні.

Ну, і як жа без святой вадзічкі з барунскай крынічкі? Мы і яе паспрабавалі! Мы ўсе верым у цуды!

 

Крэва: старонкі ажыўшай гісторыі

Да Крэва мы ехалі ўжо прыцемкам, але гэтая змена асвятлення надала нашаму спатканню з гісторыяй асаблівую, аллегарычную глыбіню. У сумерках гіганцкія муры XIV стагоддзя здаваліся яшчэ больш масіўнымі і велічнымі. Вось яны, сведкі чалавечых імкненняў да велічы, да ўлады, да самасцвярджэня і самаўпэўненасці... Аднак Бог піша сваю гісторыю не толькі на камені ўладарных замкаў, але, перш за ўсё, у сэрцах веруючых людзей.

 29.11.2025Valozyn23

Мы падышлі да касцёла Перамянення Гасподняга, які стаіць тут жа на ўзвышшы. Кантраст відавочны: руіны ўлады і жывы, дзейсны храм. У гэты момант словы, пачутыя раней, – “чувайце і маліцеся” – набылі новы сэнс. Крэўскі замак быў поўнай процілегласцю пільнасці: магутны, але спячы, славуты, але забыты, сведка вялікай улады, але сам апынуўся без абаронцаў. А маленькі храм побач працягвае жыць, святкаваць, маліцца. Касцёл Перамянення Гасподняга стаў жывым адказам на пытанне: што застаецца, калі веліч розуму, мужнасці і нават веры, не заснавана на пільнасці сэрца перад Богам?

 29.11.2025Valozyn24

Калі мы вярталіся да аўтобуса, ужо ў поўнай цемры, запаленныя ліхтарыкі тэлефонаў асвятлялі наш шлях. І гэта быў добра знаёмы вобраз, бо мы самі былі ў гэты момант гэтымі маленькімі, але жывымі агеньчыкамі, якія маглі асвятліць нават глыбокія цені гісторыі, каб убачыць у іх не толькі руіны, але і папярэджанне, і параду.

 

Смаргонь: фінал вандроўкі праз вякі

Фінальным і неверагодна прыгожым акордам нашай пілігрымкі стала наведванне храма ў Смаргоні. Касцёл святога Арханёла Міхала – не проста храм, а сапраўдная духоўная крэпасць, якая сурова і годна ўзвышаецца на фоне зусім ужо цёмнага неба.

На парозе Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра ордэна салезіянаў імя Дона Боска нас шчырай усмешкай сустрэў мясцовы святар – ксёндз Артур Ляшнеўскі SDB. Ён быў падобны да добрага гаспадара, які чакае стомленых, але зацікаўленых падарожнікаў.

 29.11.2025Valozyn25

Калі мы зайшлі ўнутр святыні, нас ахапіла асаблівае адчуванне. Нягледзячы на бачную маналітнасць і суровы вонкавы выгляд, інтэр’ер дыхаў цёплай прыгажосцю. Разам з мясцовымі вернікамі мы прынялі ўдзел у малітве, прысвечанай першаму дню Навэнны да Беззаганнага Зачацця Дзевы Марыі, якая тут выконваецца зусім асаблівым чынам. Струмені святла ад ліхтароў вырывалі з цемры лініі старажытных скляпенняў, алтара, скульптур.

 29.11.2025Valozyn26

У гэтым храме-крэпасці, пад яго тоўстымі скляпеннямі (таўшчыня сцен даходзіцть да 3 м), якія захоўвалі цішыню стагоддзяў, мы аб’ядналіся ў фінальнай, шчырай малітве. Гэта не была ўрачыстая Імша, але простая, згуртаваная малітва падзякі за дзень, за ўбачанае, за дарогу. Нашы голасы, зліўшыся, гучалі ціха, але гэта гучанне, здавалася, напаўняла гэтую каменную прастору нейкім жывым цяплом.

Ксёндз Артур распавёў нам пра тое, што гэты будынак узнік у XVI стагоддзі, як кальвінскі збор – цэнтр духоўнасці і асветы магутнага роду Зяновічаў. Тады гэтыя сцены чулі не лацінскія малітвы, а прамовы на роднай мове. Потым храм перажыў пераўтварэнні, перадачу праваслаўным, вяртанне да каталіцкай традыцыі, стагоддзі служэння, пажары, войны і гады атэізму. Гэтыя сцены памятаюць усё! Яны – лепшыя летапісцы.. А святыня стаіць і нібы прамаўляе да нас словамі з Першага паслання Пятра: “… і вы самі, як жывыя камяні, будуйцеся ў дом духоўны…” (1 Пётр 2:5). Адчувалася, што для святара кожная дэталь, кожны вобраз у гэтым касцёле – гэта не прадмет, а сведка, чые гісторыі трэба перадаваць далей. З якой жа любоўю ён нам пра ўсё распавядаў?!

 29.11.2025Valozyn27

Развітваючыся, мы глядзелі на асветленую касцёльную тэрыторыю і разумелі, Смаргонь – не проста фінальная кропка на карце нашага маршрута. Гэта яшчэ адзін моцны, нязломлены слуп нашай духоўнай спадчыны. У сэрцы засталося адчуванне, што мы не развітваемся з гэтымі месцамі. Мы знайшлі яшчэ адзін дом – дом гісторыі, веры і непераможнага духу, да якога заўсёды можна вярнуцца.

Мы сапраўды яшчэ вернемся. І ў Баруны – да Суцяшальніцы, і ў Гальшаны – да айца Багуслава, і на кожную новую дарогу, якая адкрывае яшчэ адну старонку няспыннай малітвы нашай зямлі. Бо пілігрымка ніколі не сканчаецца. Яна толькі ставіць кропкі, каб мы маглі зноў і зноў перачытваць Кнігу Веры, напісаную жывым словам камення, гісторыі і чалавечых сэрцаў.

Вяртаемся дадому стомленыя, але багатыя новымі ведамі, мацнейшай верай, яркімі ўражаннямі і ціхай радасцю ў душы. І ўжо прагнем новага шляху, бо кожная такая вандроўка – гэта яшчэ адзін крок да разумення сябе і зямлі, на якой мы жывём. “На Цябе, Госпадзе, спадзяюся…” (Псальм 31:2).

Хвала, хвала, хвала Табе, вялікі Бог.
Днём і ноччу, Божа, слаўлю я Цябе.
І шчаслівы я, што Ты жывеш ў-ва мне.
І спяваю для Цябе я гімн хвалы,
Са мною, Божа, Ты заўжды.

Шчырыя словы падзякі выказваем нашаму дарагому брату Андрэю Жылевічу за арганізацыю пілігрымкі і яе духоўнае суправаджэнне.

Брат Андрэй, вялікі дзякуй за вашу шчырую падтрымку, душэўную адкрытасць і тое натхненне, якое вы ў нас запалілі. Яно не толькі ўмацавала нашу веру, але і па-сапраўднаму згуртавала нас у адну сям’ю.

Вялікі дзякуй усім удзельнікам пілігрымкі за вашу неабыякавасць, любоў да нашай гісторыі і святыняў. Дзякуй за ваш добры настрой, цярпенне і шчырае жаданне дакрануцца да святасці!

І так хочацца заахвоціць кожнага нашага парафіяніна ды і не толькі нашага хадзіць-ездзіць у пілігрымкі і берагчы, шанаваць і любіць нашу гісторыю і Святыні словамі беларускага педагога, перакладчыка, пісьменніка Пятра Бітэля:

Любіць сваё – зусім не значыць
Чужое ганіць, адмаўляць.
Вось за чужым свайго не бачыць,
Не вывучаць, не шанаваць –
Злачынствам будзе без сумлення,
Бо ёсць такі закон жыцця:
Шануй чужое аж да пакланення,
Сваё любі да самазабыцця.

Тэкст: Таццяна Шумель

Фота: Таццяна Шумель, бр. Андрэй Жылевіч,
Таццяна Сакалоўская, Ксенія Зенчык