Змены ў літургічнай службе нашай парафіі

Ва ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, падчас Імшы а 18 гадзіне ў літургічнай службе нашай парафіі адбыліся шматлікія змены: 16 хлапцоў перайшлі на новы этап міністранцкага служэння. Канстанцін Каваленка, Міхаіл Роўда, Антон Савянок былі ўстаноўлены Міністрантамі Кнігі; Андрэй Стрэж, Кірыл Касяк, Яўген Апанэль, Улад Астраушка, Сямен Бараноўскі, Канстанцін Губко, Арцём Гурштыновіч — Міністрантамі Алтара; Сцяпан Туровіч, Валянцін Губко, Станіслаў Трыпуцька, Цімафей Станкевіч, Даніла Іода, Мацвей Рудкевіч — Міністрантамі Святла.

Вельмі сімвалічна, што менавіта ў гэтае свята хлопцы падцвердзілі сваё жаданне быць вернымі Хрысту і годна спаўняць сваю літургічную паслугу.

Пробашч парафіі бр. Уладзіслаў падчас гаміліі падкрэсліў, што ўрачыстасць, якую перажываем, ставіць перад кожным з нас пытанні: “Хто такі валадар?” і “Хто валадар майго жыцця?”
У першым чытанні ізраільскі народ прасіў Давіда стаць валадаром, каб ён прымаў мудрыя, карысныя для ўсяго народу рашэнні. Часам мы не хочам, каб над намі хтосьці стаяў, - заўважыў бр. Уладзіслаў. - Але калі прыгледзецца да нашай прыроды, то можна ўбачыць, што ў нас унутры жыве цэлы “народ” – нашыя часткі. Ёсць у нас такія элементы, якія найбольш уплываюць на нашыя рашэнні. Часам чалавек думае: “Што мной кіравала, што я столькі нарабіў? Што нада мной валадарыла, калі я прыняў такое рашэнне?”. Гэта цудоўнае пытанне: “Што мной у жыцці кіруе?””

Добра, калі намі кіруюць каштоўнасці. Мала хто з прысутных у касцёле не хацеў бы быць чалавекам мудрым, добрым, любячым, такім, які бачыць у іншых жывога Хрыста. Але дома, на працы або ў чарзе ў паліклініцы мы можам зразумець, што не гэтыя каштоўнасці намі кіруюць. Часам мы першыя, хто можа упікнуць, асудзіць, зняважыць, абурыцца, затрымаць у сабе крыўду, адмовіць у дапамозе. Апостал Павел казаў: “Дабро, якое хачу, не раблю, а зло, якога не хачу, раблю» (Рым 7, 19). Ёсць такая падвоенасць у чалавеку, унутраная барацьба. Хачу любіць, а раблю тое, што любоў забівае. Хачу быць любімым, а ад любові ўцякаю. У нашым сэрцы улада Хрыста можа быць намінальнай, падобна, як улада караля ў Велікабрытаніі. Гэта заўважаецца па учынках.
Што ж сапраўды кіруе? У другім чытанні чуем, што Бог Айцец праз Хрыста “вызваліў нас з-пад улады цемры” (Клс 1, 13). Улада цемры. Цемрай апостал Павел называе ўсё, што незаўважна ўплывае на нас. Гэта можа быць страх страціць, быць адкінутым, застацца незаўважаным, недалюбленым, самотным, таксама горыч, адчай, абурэнне, многія іншыя скрытыя перажыванні, якія мы не назвалі ў Божым святле.
Евангелле, якое Касцёл прапануе на гэтую урачыстасць, можа падацца дзіўным. Можна было б чакаць, што ў ім Езуса, які нас з гэтай цемры вызваляе, мы ўбачым як магутнага Валадара, поўнага велічы і моцы, які можа суцішваць буру, хадзіць па вадзе, аздараўляць, уваскрашаць. Але мы бачым Яго … укрыжаваным. І Яго не ўшаноўваюць - з Яго насміхаюцца і народ, і кіраўнікі, і нават укрыжаваны побач злачынец. Трон гэтага Валадара – крыж. Бо Яго валадарства - іншае, не з гэтага свету. Ён Валадар, які не клапоціцца пра сябе, але поўнасцю аддае самога сябе іншым. І ў гэтым крыецца Яго моц, якая адна толькі і можа ўчыніць тое, што падаецца найцяжэйшым, больш цяжкім, чым заваяваць тэрыторыі і народы, - заваяваць і перамяніць сэрца злачынцы, закрытага чалавека, упёртага ў сваёй цемры, у сваёй праваце. Вось у гэтым Яго ўлада і слава Князя супакою.

Магчыма, ты сёння адкрываеш, падобна як злачынец, што ў тваім жыцці ёсць нейкая цемра. Можаш сказаць: “Езус, я хачу, каб Ты рэальна быў валадаром майго сэрца і кіраваў маім жыццём”. Хай Божае Валадарства ў тваім сэрцы пачнецца з гэтага “хачу”, бо Хрыстос не той, хто будзе насілу ламаць тваё сэрца. Ён будзе побач ціха канаць на крыжы, пакуль ты не ўбачыш Яго і не скажаш, як той злачынец: “Езус, Ты ж нічога дрэннага не зрабіў... Успомні мяне, калі прыйдзеш у сваё валадарства”. І тады ты можаш пачуць Езуса, які, магчыма, маўчаў увесь час. Для злачынцы Яго словы пранеслі збаўленне: “Сёння ты будзеш са мной у раі”.

“Дарагія міністранты, я хачу, каб вы яшчэ раз паглядзелі на крыж, - заахвоціў пробашч. - Вось валадар літургічнай службы Касцёла. Вось Той, каму вы павінны сказаць прысягу на служэнне. Вы добра ведаеце, што ў тым асяроддзі, дзе вы ёсць, найхутчэй Езуса не лічаць Валадаром. З вас могуць насміхацца, могуць імкнуцца звесці з гэтага шляху ў штосьці іншае, каб падцвердзіць уласную правату. Але толькі Ён сапраўдны Валадар, Ён ведае кожнага з вас па імені і ведае вашыя сэрцы. І хоча, каб вашая сіла і здольнасць служыць максімальна развілася і споўнілася. На першы погляд, гледзячы на укрыжаванага Хрыста, можна падумаць, што Ён вельмі слабы, Ён не выглядае пераможцам. Але няхай ваш погляд будзе даўжэйшым, каб вы ўбачылі такую сілу, такую любоў, якая здольная поўнасцю аддаць сябе. Няма большай любові, як аддаць сваё жыццё за сяброў сваіх. І ў гэтым ёсць спаўненне мужчынскасці і чалавечнасці”.

Пасля гаміліі перад парафіяльнай супольнасцю прагучалі словы прысягі, у якіх міністранты абяцалі верна і з пашанай спаўняць сваё служэнне Госпаду і людзям.
Дзякуем Богу за такія шматлікія пакліканні маладых людзей да міністранцкага служэння, за іх вернасць выбранаму шляху і разам са святаром узносім сваю малітву за гэтых хлопцаў, якія з’яўляюцца гонарам і радасцю нашай парафіі і нашых семъяў, каб не шкадавалі часу і высілкаў для ўзрастання і былі годнымі сваёй літургічнай паслугі, а іх чыстыя сэрцы і адкрытыя рукі каб былі прыкладам для малодшых пакаленняў.

Тэкст: Кацярына Савянок
Фота: Эрык Савянок