У нядзелю Рыцары аднавілі свае абяцанні

У нядзелю 23 лістапада ва ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, Касцёл адзначаў Сусветны дзень моладзі. У гэты дзень па ўсім свеце Рыцары св. Францішка аднаўляюць сваё абяцанне верна ісці за Езусам Хрыстом. У нашым касцёле маленькія Рыцары сабраліся на Імшу а 12 гадзіне.

Брат Сяргей, які цэлебраваў святую Імшу, падчас гаміліі з дапамогай актораў-Рыцараў праз невялічкую імправізаваную інсцэніроўку нагадаў прысутным дзецям і дарослым некаторыя эпізоды з жыцця св. Францішка.
Перад намі юнак, які марыў стаць рыцарам, таму пажадаў удзельнічаць у вайне Ассізі з суседнім горадам - Перуджай. Там Францішак на цэлы год трапіў у палон, дзе сярод нястачы ён пранікнуўся спачуваннем да церпячых.

Праз некаторы час ён зноў вырашыў ісці ваяваць, ужо ў Апулію. Купіў дарагое адзенне і зброю і выправіўся ў дарогу. Але сустрэў збяднелага рыцара і аддаў яму сваю зброю і рыцарскае адзенне. Гэтымі ж днямі, заначаваўшы ў Спалета, Францішак прысніў вялікі раскошны палац з рыцарскімі даспехамі і выдатнай зброяй, які ў сне належаў менавіта яму. На яго думку, сон прадказваў яму будучыню вялікага і слаўнага рыцара і князя. Натхнёны, ён вырашыў працягнуць свой шлях у Апулію.

Але ў наступным сне ён пачуў голас Бога:
- Францішак, хто можа быць для цябе больш карысны: слуга ці Гаспадар?
- Гаспадар, - адказаў Францішак.
- Тады навошта ты пакідаеш Гаспадара, каб ісці за слугой?
- Што Ты хочаш, каб я зрабіў, Пане?
- Вяртайся ў свой горад, там Я табе скажу. Бо абъяўленне, якое ты атрымаў, трэба тлумачыць інакш.

Францішак вярнуўся дамоў у Ассізі. Цяпер ён ужо прагнуў толькі ведаць Божую волю і ёй адпавядаць. Пасля візій малады чалавек зразумеў, што ён змарнуе жыццё, калі будзе ганяцца за славай гэтага свету і служыць князям, і знайшоў сэнс і радасць у тым, каб служыць самаму вялікаму Валадару.
І ў нашыя часы, каб лічыцца паспяховым, чалавек імкнецца адпавядаць чаканням гэтага свету: шмат зарабляць, мець адпаведную знешнасць, адзежу, харчаванне, машыну, г.д. Ён укладае ў змаганне за “сваё” шмат высілкаў і сродкаў. Гэта нараджае эгаізм, індывідуалізм, чалавек пачынае лічыць сябе лепшым ад іншых. Але нават калі ён здолее апынуцца на вяршыні гэтага свету, ці знойдзе ён там сапраўдную любоў, спакой і радасць? Свята Езуса Хрыста, Валадара сусвету, паказвае, што мы можам знайсці для сябе сапраўднае шчасце, а для свайго жыцця – сэнс, калі будзем ісці супраць ментальнасці гэтага свету і ставіць на першае месца сапраўднага Валадара – Бога.

Пасля гаміліі бр. Сяргей запрасіў да алтара супольнасць маленькіх францішканаў, якія жадалі аднавіць сваё абяцанне Рыцара або ўпершыню скласці яго.

Перад усёй парафіяльнай супольнасцю дзеці выказалі сваё жаданне ўсё больш пазнаваць Хрыста і Яго навучанне, быць добрымі, радаснымі і паслухмянымі на ўзор св. Францішка і Клары, сваёй супольнасцю сведчыць свету пра прыгажосць братэрства, а таксама аднавілі свае абяцанні святога хросту.

Дух Святы, які прывёў маленькіх францішканаў у гэтую супольнасць, распаліўшы ў іх сэрцах жаданне ісці за Хрыстом у духу св. Францішка, няхай падтрымлівае і ўзмацняе яго. Няхай нашыя дзеці – надзея і радасць – заўсёды адчуваюць падтрымку з боку бацькоў і парафіяльнай супольнасці.
Тэкст, фота: Кацярына Савянок